А пасьля грымелі сьвяты усясьветнага размаху. Лік сьвяткуючых зьмяншаўся ж, як шагрэневая скура. Лік гуляючых ўзрастае. Тых, хто лёс пагнаў на плаху, мы шануем перагарам, перапівам, перакурам.

Бесьсьмяротныя героі, на вайне паклаўшы жыцьці
Сталі сёньня вы ахвярай палітычных спэкуляцый.
Вы ж, мільёны безыменных, у магілах братніх сьпіце,
Вас пабудзіць грукат танкаў па шырокім гулкім пляцы.

Вас пабудзяць сэрп і молат, і барвовыя знамёны,
Крык «За Сталіна, наперад!» будзе вам крыніцай моцы.
Вас пабудзіць жорсткі голад, генэральскія імёны,
Сьнег руінаў Сталінграда, дождж атрутны, быццам воцат.

Мясярубку кулямётаў вамі шчодра напаўнялі
За сьвятую перамогу гналі вас на амбразуры,
I зьнявечаных, забітых, людзі вас абагаўлялі,
I у памяці народнай, і ў скупой намэнклятуры.

Усе савецкія народы партыя на бойню гнала:
«Нас мільёны! Нас мільярды, нашы масы незьлічымы!»
Не кідацца ж драбязою перад страшнаю навалай,
I, праводзячы герояў, ціха плакала Радзіма.

А пасьля грымелі сьвяты усясьветнага размаху.
Лік сьвяткуючых зьмяншаўся ж, як шагрэневая скура.
Лік гуляючых ўзрастае. Тых, хто лёс пагнаў на плаху
Мы шануем перагарам, перапівам, перакурам.

Зранку горад затапілі піва пеннага разьлівы.
Ўсе нажраліся шчасьліва і брыдуць, ледзь цягнуць ногі.
Хто ж вам даў такое права, што папойку прыплялі вы
Да сьвятой, як нас вучылі, і вялікай перамогі?

Хто нажыву зь іхняй славы атрымае, зразумела:
Хто закупіцца аптова і прадасьць сабе з наварам,
А за клопат паказушны аб сьвятым і набалелым
Будзе той найперш ў выгодзе, хто з крыштальна чэсным тварам

Ім з блакітнага экрану адрасуе дыфірамбы:
«Вы Радзімай не забыты, вы людзьмі ушанаваны!»
Ды лухце такой дурацкай не паверыў і баран бы…
Мы ня ўмеем шанаваць вас, вы даруйце, вэтэраны.

А дынамікі у парку, што з натужнасьцю асьлінай
Мне равуць: «Дзень перамогі пахне порахам і стальлю!»
Я ўяўляю 45-ы зруйнаванага Бэрліна…
Чую водар незабыўны — пах напояў ад «Крышталю».

Кастрычнік-сьнежань 2004

franak.livejournal.com