“Дождж”, “Апалён і Марсій”, “Мона Ліза”, “Чаму клясыкі”, “Пан Когіта пра Магію”, “Акелдама”, “Гульня Пана Когіта”, “Што я бачыў”, “Фатаздымак”, “Што я магу зрабіць для вас яшчэ”.

ДОЖДЖ

Калі мой старэйшы брат

вярнуўся з вайны

на лобе ў яго была

срэбная зорачка

а пад зорачкай бездань

гэта аскепак шрапнэлі

знайшоў яго пад Вэрдэнам

а можа быць пад Грунвальдам

падрабязнасьцяў ён ня помніў

ён гаварыў падоўгу

на шматлікіх мовах

але больш за ўсё любіў

мову гісторыі

ён з апошніх сілаў зь зямлі

падымаў палеглых сяброў

Фэліксяка Ганібала Ралянда

ён крычаў

што гэта апошні крыжовы паход

што хутка падзе Картаген

а потым усхліпваючы прызнаваўся

што Напалеон яго ня любіць

мы бачылі

як палатнеў ён

пачуцьці яго пакідалі

ён паволі рабіўся помнікам

музычныя ракавінкі вушэй

зарасталі каменным лесам

скура твару

была зашпілена

на нябачныя і сухія

гузікі вачэй

яму застаўся

толькі дотык

што за гісторыі

апавядаў ён рукамі

у правай былі раманы

у левай салдацкія згадкі

брата забралі

і зьвезьлі за горад

ён вяртаецца кожную восень

худзенькі і ціхі

ня хоча ўваходзіць стукае

у акно каб я выйшаў

мы разам ходзім па вуліцах

і ён мне апавядае

нявыдуманыя гісторыі

кранаючы твар

сьляпымі пальцамі плачу

<!** Title> <!** EndTitle>

АПАЛЁН І МАРСІЙ

напраўду двубой Апалёна

з Марсіем

(абсалютнага слыху

супраць вялікага дыяпазону)

адбываецца ўвечары

калі як мы ведаем

судзьдзі

аддалі перамогу богу

прывязаны моцна да дрэва

ачышчаны дбайна ад скуры

Марсій

крычыць

і крык ляціць у высокія вушы

а Марсій адпачывае ў ценю

свайго папярэдняга крыку

пакуль у дрыжыках агіды

кіфару чысьціць Апалён

толькі здаецца што голас

Марсія аднастайны

што ён складаецца з аднаго

галоснага

А

насамрэч

Марсій

паказвае

незьлічоныя скарбы

ўласнага цела

печані лысыя горы

белы ручай страваводу

шумных лёгкіх лясы

салодкія ўзгоркі цягліцаў

трымценьне крыві і жоўчы

зімовы вецер касьцей

над памяці сольлю

пакуль у дрыжыках агіды

кіфару чысьціць Апалён

цяпер далучаецца хор

Марсія пазваночнік

той самы гук А ды толькі

глыбейшы й са смакам іржы

і гэтага — ужо зашмат

для штучных нэрваў Апалёна

прысадамі пасыпанымі жвірам

абсаджанымі самшытам

сыходзіць бог-пераможца

мяркуючы ці не паўстане

некалі з крыкаў Марсія

новага віду мастацтва

скажам

канкрэтнай музыкі

раптам яму пад ногі

падае скамянелы

салавей

Апалён паварочвае голаў

і бачыць

што дрэва да якога быў прывязаны Марсій

сівое

цалкам сівое

<!** Title> <!** EndTitle>

МОНА ЛІЗА

празь сем памежных гор

калючым дротам рэк

расстралянымі лясамі

павешанымі мастамі

я ішоў —

вадаспадамі сходаў

вірамі падводных крылаў

цераз барочнае неба

усё ў пузырах анёлаў —

ішоў да цябе

Ерусалім у раме

і вось стаю

у густой крапіве

турыстаў

на беразе пурпуровага шнура

й тваіх вачэй

ну вось і я

бачыш прыйшоў

ня меў надзеі

але прыйшоў

яна з усьмешкай прафэсійнай

нямая выпуклая быццам

пабудаваная ўся зь лінзаў

на ўгнутым фоне краявіду

між чорнай сьпінаю яе

што зьзяе месяцам у хмарах

і першым дрэвам — паражнеча

ў яскравай пене сьветліні

ну вось і я

часам было

часам здавалася

ды ня варта пра гэта

цік-так усьмешка-мэтраном

а галава ківач застылы

пагляд занураны ў бясконцасьць

але ў вачах сьпяць сьлімакі

ну вось і я

мусілі прыйсьці ўсе

а прыйшоў толькі я

калі ён

ужо ня мог павярнуць галавы

ён сказаў

як толькі ўсё гэта скончыцца

паеду ў Парыж

між другім і трэцім пальцам

правае рукі

прагал

і я ўкладаю туды

пустыя шкарлупіны лёсаў

ну вось і я

гэта я

стаю ўпершыся ў паркет

жывымі пяткамі

досыць тоўстая і не красуня

на скалах распусьціла косы

адрубленая ад жыцьця

па-за гісторыяй і домам

з вушамі з вусьцішнага воску

задушаная ў тоўшчах ляку

пусты шматтомнік яе цела

зіхціць апраўлены ў брыльянты

між сьпінаю яе —

і першым дрэвам майго жыцьця

паклалі меч

і зьзяе бездань

<!** Title> <!** EndTitle>

ЧАМУ КЛЯСЫКІ

1.

у чацьвертай кнізе «Пэляпанэскай вайны»

Фукідыд расказвае пра свой няўдалы паход

сярод доўгіх прамоваў правадыроў

бітваў аблогаў паморкаў

густое сеткі інтрыгаў

дыпляматычных манэўраў

гэты фрагмэнт нібы голка

у стозе сена

афінская калёнія Амфіполь

трапіла ў рукі спартанцаў

бо Фукідыд не пасьпеў ёй на дапамогу

роднаму гораду ён заплаціў за гэта

пажыцьцёвым выгнаньнем

выгнаньнікі ўсіх часоў

ведаюць гэту цану

2.

генэралы апошніх войнаў

калі здарыцца зь імі такое

на каленях скуголяць перад нашчадкамі

апяваюць свае геройствы

і невінаватасьць

звальваюць на падначаленых

скардзяцца на зайздросьнікаў

вінавацяць надвор’е

Фукідыд кажа толькі

што меў ён сем караблёў

што была зіма

і што ён сьпяшаўся

 

3.

калі прадметам мастацтва

будзе збанок разьбіты

вялікія крыўды і сьлёзы

маленькай разьбітай душы

то ўсё што ад нас застанецца

будзе як плач каханкаў

у брудным маленькім гатэлі

зь першым сьвятлом на шпалерах

<!** Title> <!** EndTitle>

ПАН КОГІТА ПРА МАГІЮ

1.

Мірча Эліядэ мае рацыю

мы — нягледзячы ні на што

грамадзтва разьвітае

магія і гнастыцызм

квітнеюць як ніколі

штучны рай

і штучнае пекла

прадаюцца на кожным кроку

у Амстэрдаме адкрылі

плястыкавыя прылады катаваньняў

дзяўчынку з Масачусэтсу

ахрысьцілі крывёй

кататонікі сёмага дня

гатовыя да палёту

зараз іх праглыне чацьвертае вымярэньне

з ахрыплай сырэнаю хуткае дапамогі

па Тэлеграф-стрыт

касякамі плывуць барадачы

у салодкім водары нірваны

Ясь Голамб прысьніў

што ён — бог

а бог — нішто

спакойна і паволі нібы пёрка

ляцеў ён з Эйфэлевай вежы

непаўнагадовы філёзаф

вучань дэ Сада

па-майстэрску рэжа

жывот цяжарнай жанчыны

і крывёй на сьцяне піша вершы

масавага зьнішчэньня

плюс яшчэ ўсходнія оргіі

вымучаныя й трохі нудныя

2.

на гэтым робяцца грошы

новыя галіны прамысловасьці

новыя галіны злачынства

руплівыя караблікі плывуць

па ўсё новыя карэньчыкі

альхімікі візуальнай распусты

працуюць безь перадыху

галюцынагенная інжынэрыя

запыхалася вынаходзячы

новыя дрыжыкі

новыя колеры

новыя стогны

і вось нараджаецца мастацтва

агрэсіўнай эпілепсіі

з часам

гвалтаўнікі пасівеюць

і задумаюцца пра вечнае

тады паўстануць

новыя турмы

новыя прытулкі

новыя могілкі

аднак гэта карціна

лепшай будучыні

покуль жа

магія

квітнее

як ніколі

<!** Title> <!** EndTitle>

АКЕЛДАМА

Першасьвятары вырашаюць праблему

на мяжы этыкі і бухгальтэрыі

што рабіць са срэбранікамі

якія кінуў ім пад ногі Юда

сума запісаная

у графу выдаткаў

гісторыкі запішуць яе

у графу легендаў

не дазваляецца ўпісаць яе

у рубрыку непрадбачаныя прыбыткі

небясьпечна класьці ў скарбніцу

можа заразіць усё срэбра

не выпадае

купіць на яе сьвяцільню для храму

альбо раздаць жабракам

пасьля другой нарады

вырашаюць купіць поле ганчара

і зрабіць там

могілкі для чужынцаў

як бы аддаць

грошы за сьмерць —

сьмерці

выйсьце

было далікатнае

дык чаму ж

цягам стагодзьдзяў гудзе

назва гэтага месца

акелдамa

акелдамa

то бок — зямля крыві

<!** Title> <!** EndTitle>

ГУЛЬНЯ ПАНА КОГІТА

1.

Улюбёная забава

Пана Когіта

гульня Крапоткін

гульня Крапоткін

мае шмат вартасьцяў

яна разьвівае гістарычнае ўяўленьне

пачуцьцё салідарнасьці

адбываецца на вольным паветры

яна багатая на драматычныя эпізоды

яе правілы шляхетныя

заўсёды прайграе дэспатызм

Пан Когіта расстаўляе фігуры

на вялікай дошцы фантазіі

кароль — гэта Пётар Крапоткін

у Петрапаўлаўскай крэпасьці

сланы — тры салдаты на варце

ладзьдзя — выратавальная карэта

Пан Когіта мае на выбар

шмат роляў

ён можа граць

чароўную Соф’ю Мікалаеўну

якая праносіць плян уцёкаў

у футарале гадзіньніка

а можа быць скрыпачом

у шэрым доме

які спэцыяльна зьнялі

насупраць турмы

і граць «Выкраданьне з сэралю»

што азначае вуліца свабодная

але найболей

Пан Когіта любіць

ролю доктара Арэста Вэймара

у самы драматычны момант

ён загаворвае зубы салдату ў браме

— ці бачыў ты Ваня мікроба?

— ня бачыў

— а ён гад па табе поўзае

— не кажыце ваша мосьць

— кажу табе поўзае і нават мае хвост

— вялікі?

— вярсты дзьве ці тры

тады футровая шапка

спадае на авечыя вочы

цяпер

гульня Крапоткін

рухаецца хутка

кароль-вязень імчыцца вялікімі скачкамі

на хвілінку заблытаўся ў флянэлевым халаце

скрыпач у шэрым доме

грае «Выкраданьне з сэралю»

чуваць крык «лаві»

доктар Арэст вярзе пра мікробаў

стук сэрца

падкаваныя боты па бруку

нарэшце выратавальная карэта

у сланоў няма ходу

Пан Когіта

цешыцца як дзіця

зноў выйграў гульню Крапоткін

 

2.

колькі год

колькі ўжо год

гуляе Пан Когіта

але ніколі

не спакушала яго

роля героя ўцёкаў

ня дзеля пагарды

да блакітнай крыві

князя анархістаў

і не таму што ня любіць

тэорыі ўзаемадапамогі

і вядома ж не з баязьлівасьці

Соф’я Мікалаеўна

скрыпач з шэрага дому

доктар Арэст

таксама рызыкавалі

зь імі аднак

Пан Когіта

атаясамлівае сябе амаль цалкам

пры неабходнасьці

ён мог бы быць нават канём

у карэце ўцекача

Пан Когіта

хацеў бы быць пасярэднікам свабоды

трымаць ніткі ўцёкаў

праносіць цыдулку ў турму

падаваць знак

даверыцца сэрцу

чыстаму інстынкту сымпатыі

але ён ня хоча адказваць за тое

што напішуць барадачы

з убогай фантазіяй

у часопісе «Freedom»

ён задаволены сьціплай роляй

і ня будзе жыць у вяках

<!** Title> <!** EndTitle>

ШТО Я БАЧЫЎ

Памяці Казімежа Мачарскага

Я бачыў як прарокі рвалі прыклееныя бароды

як фальшываманэтчыкі ўступалі ў сэкту й хвасталі сябе бізунамі

як каты пераапраналіся ў авечыя скуры

і сыходзілі ад народнага гневу

граючы на жалейках

я бачыў бачыў

я бачыў чалавека пасьля катаваньняў

цяпер ён сядзеў у бясьпецы ў сямейным коле

апавядаў анэкдоты еў суп

я глядзеў як ён размыкае вусны

дзясны — дзьве цярновыя галінкі зь якіх садралі скуру

у гэтым было столькі ганьбы

аголенасьці

прыніжэньня

а потым

акадэмічныя ўшанаваньні

шмат публікі кветкі

душна

нехта ўвесь час казаў пра скажэньні

я згадваў яго скажоныя вусны

ці гэта апошняя дзея

у п’есе Ананіма

дубовай нібы труна

поўнай глухіх рыданьняў

і рогату тых

якія ўздыхнулі з палёгкай

бо зноў удалося

ачысьцілі сцэну ад мёртвага рэквізыту

і падымаюць

павольна

акрываўленую заслону

1956

<!** Title> <!** EndTitle>

ФАТАЗДЫМАК

З гэтым хлопчыкам нерухомым нібы страла Зэнона

хлопчыкам у высокай траве што я агульнага маю

хіба што дату народзін і папілярныя лініі

здымаў мой бацька наконадні другой пэрсыдзкай вайны

лістота й аблокі падказваюць што быў жнівень

птушкі зьвінелі цыкады водар збожжа й дастатку

унізе рака што на рымскіх мапах звалася Гіпаніс

вадападзел і блізкая бура казалі хавацца ў грэкаў

прыморскія іх калёніі былі зусім недалёка

хлопчык сьмяецца даверліва сьвятло азмрачаюць толькі

цень саламянага капелюша цень хваіны цень дому

а калі зарыва толькі зарыва захаду

мой дарагі мой Ісак нахілі галаву

гэта толькі хвіліна болю а потым будзеш

чым толькі хочаш — ластаўкаю палявою лілеяй

я павінен праліць тваю кроў мой маленькі

каб ты застаўся нявінны ў спалаху летняй маланкі

ужо назаўсёды ў бясьпецы як муха ў бурштыне

прыўкрасны як захаваны ў вугалі папараці сабор

<!** Title> <!** EndTitle>

ШТО Я МАГУ ЗРАБІЦЬ ДЛЯ ВАС ЯШЧЭ

 

Шмат чаго

адчыніць акно

паправіць падушку

халодную выліць гарбату

— і гэта ўсё

— усё

так мала

і так шмат

бо трэба гэта ўсё

зрабіць старанна

і з сэнсам

каб адчыніць акно на ўсю вясну

каб пухам галаве была падушка

Пераклаў з польскай Андрэй Хадановіч паводле: Zbigniew Herbert. — Wiersze wybrane. — Kraków, 2007.


Зьбігнеў Гэрбэрт (1924 – 1998) – польскі паэт, эсэіст і драматург, адзін з клясыкаў польскае літаратуры.