Даслаў наіўна-тэмпераментны ліст у роднае Міністэрства. Праграма-мінімум — прыцягнуць увагу.

Міністру культуры Рэспублікі Беларусь
Латушку П. П.
Русецкі Сяргей Васільевіч
220100 г. Мінск
……………………………
……………………………
rusiecki.s@gmail.com
Асоба – галоўны скарб беларускай культуры.
П.П. Латушка, 30.09.09
(бенефіс Г.Гарбука)

 

Аб сітуацыі ў Нацыянальным акадэмічным
Вялікім тэатры оперы і балета Рэспублікі Беларусь

 

Паважаны Павел Паўлавіч!

 

З’яўляюся даўнім і адданым наведвальнікам Беларускай Оперы. Па прыкладных падліках за апошнія 10 год колькасць маіх наведванняў оперных спектакляў дасягнула 300 разоў. Пры гэтым неадменным прынцыпам майго наведвання тэатра была плата за білеты. Паводле роду сваёй дзейнасці і з прычыны асабістых перакананняў, я ўвесь час прапагандую опернае мастацтва. Уласнымі намаганнямі я некалькі дзесяткаў чалавек зрабіў адданымі Оперы людзьмі, многія з якіх стала наведваюць тэатр. Добра ведаю тэатр збоку, працу кожнага, каго я бачу на сцэне і ў аркестровай яме, шчыра любячы музыку і тэатр, будучы прафесійным гісторыкам, я магу рабіць некаторыя ацэнкі існуючай сітацыі і працэсаў. Ні ў кога, хто працуе ці стала наведвае тэатр, сёння няма бачання яго перспектывы. Пасля рамонту ў тэатр ходзяць пераважна “турысты”, каб пацікавіцца выглядам будынка. Пастаянныя гледачы абражаныя новымі парадкамі ў тэатры, якасцю спектакляў, новай акустыкай. Сітуацыя ў тэатры патрабуе сама мала прыцягнення ўвагі да праблем. У адваротным выпадку мы будзем мець паўтарэнне гісторыі, якая назіраецца ў Музычным тэатры, які на сёння з’яўляецца нізкамастацкім, небеларускім, камерцыйным, малапрафесійным.
Ва ўсім свеце Оперны тэатр – гэта першы тэатр краіны, гэта сімвал, гэта сцяг Мастацтва, гэта Незалежнасць. Мы павінны бараніць Оперу як мы баронім мову, нашую адметнасць, нашую дзяржаўнасць. Беларуская Опера мае вялікія і даўнія традыцыі, слаўную гісторыю і заўсёды вызначалася высокім мастацкім узроўнем пастановак, высокай прафесійнай культурай выканаўцаў. У будынку тэатра па традыцыі адбываліся многія гістарычна значныя падзеі.

 

Прапаную пераказ праблемаў з пункту гледжання гледача. Азначаныя праблемы хвалююць не толькі мяне — пад маім лістом магло стаяць сотні подпісаў. І яны могуць там з’явіцца. Мае думкі падзяляе абсалютная большасць з вядомай мне тэатральнай грамадскасці, а таксама і неабыякавыя людзі ў тэатры.

 

Праблема № 1, асабовая – Віктар Пласкіна.

 

Глядач доўга назіраў за эксперыментамі новага дырыжора, на пачатку нават з цікавасцю. З цягам часу стала зразумела, што дырыжор з непавагай ставіцца да публікі, дазваляе сабе вялікія спазненні, затрымлівае антракты. Адначасова з асваеннем В.Пласкінам новых для сябе спектакляў глядач паставіў пад сумненне прафесійную кампетэнтнасць галоўнага дырыжора. Якасць спектакляў, якімі дырыжыруе В.Пласкіна не адрозніваецца стабільнасцю. Абсалютная большасць яго спектакляў няўдалыя ў дырыжорскім плане. Дырыжор не толькі “своеасабліва”, нязвыкла для нашага тэатра прачытвае партытуры, але і выяўляе значнае няўменне працаваць з салістамі і хорамі падчас спектакля. Чаго варта хаця б тое, што рэгулярна “правальваецца” спектакль “Багема”, у якім самааддана працуюць салісты, якія ставяцца ў залежнасць ад непрафесійнасці дырыжора і ягонай прагі эксперыментаў. 13 кастрычніка 2009 г., пры выкананні спектакля “Баль-маскарад”, напоўненага цэлым сузор’ем выдатных спевакоў, якія не першы сезон працуюць у гэтым спектаклі, можна было назіраць унікальную карціну, калі салісты відавочна для гледача, пасля ўсемагчымых разыходжанняў і нетрапленняў, прынялі рашэнне даверыцца сваёй музычнасці і прафесіяналізму і спяваць спектакль, не звяртаючы ўвагі на дырыжора. Здзівіла, што ў дырыжора хапіла сумлення і самакрытыкі не выходзіць на паклон у гэты вечар.

 

Практычна кожны спектакль В.Пласкіны наводзіць мяне на думку, што я маю поўнае маральнае права ставіць пытанне аб няякасным прадастаўленні паслуг тэатральна-відовішчнай установай.

 

Праблема № 2, творчая, ідэалагічная – рэпертуар.

 

Паколькі наш тэатр цалкам будуецца на прынцыпе рэпертуарнага тэатру, то ў мяне як у гледача, узнікае шэраг пытанняў.

 

Па-першае, дзе беларускі рэпертуар?

 

Па-другое, дзе рэпертуар увогуле? Адрапартавалі ў пачатку сезона, што ў рэпертуары 36 оперных спектакляў. Але іх ідзе не больш за 10-15. Астатнія папросту не выконваюцца. Па незразумелых для гледачоў прычынах не ідуць оперы М.Мусаргскага, значыцца ў рэпертуары і гадоў 10, а то і болей не ідзе славуты спектакль “Лэдзі Макбэт Мцэнскага павета”, знікла “Пікавая дама”, яшчэ раней зніклі “Паяцы” і інш. І калі ў некаторых спектаклях ёсць кадравы крызіс (праблема тэнара і г.д.), то знікненне тых жа “Паяцаў” невытлумачальна. Зразумела, што ў час рамонту не ўсё можна было паказаць, выбіралі самыя хітовыя, эксперыментавалі з пастаноўкамі новых – ставілі аднаактоўкі, збольшага безгустоўна і танна. Часам нават пахабна.

 

Умацавалася тэндэнцыя – спяваюць адно і тое ж і адныя і тыя ж. Глядач аддана цярпеў гэта, спадзеючыся, што ў новым будынку сітуацыя выправіцца. Але пакуль гэтая надзея не апраўдалася. Больш таго, у лістападаўскай афішы ўсяго з пяток опер(!) замест 15, з якіх дзве “Травіяты”… У чым праблема? Не радуе і снежаньская афіша, у якой пераважна тыя ж спектаклі, што і ў верасні-кастрычніку. Палітыка планавання оперных спектакляў выклікае незадавальненне.

 

Тэатр не звяртае ўвагі на важныя памятныя даты, юбілеі. Дзякаваць Богу, што нейкім чынам адзначаецца памяць беларускіх спевакоў мінулага – да іх юбілеяў прымяркоўваюцца спектаклі. Але выклікае здзіўленне, напрыклад, такі факт як поўнае ігнараванне 150-гадовага юбілею Джакама Пучыні, які тэатральная грамадскасць свету адзначала ў снежні 2008 г. Пры гэтым у рэпертуары нашага тэатра маецца шмат яго опер.

 

Ніхто нават і не заўважыў 8 сакавіка 2009 г. пры адкрыцці тэатра пасля рамонту, што акурат 10 сакавіка 1939 г. (70 год таму) адбыўся першы спектакль у будынку тэатра.

 

Усё гэта сведчыць не пра часовыя складанасці, выкліканыя рамонтам і аднаўленнем спектакляў пасля яго, а пра адсутнасць стратэгіі развіцця, перспектыўнага планавання, канцэптуальнага бачання, працы з публікай.

 

Праблема № 3, прававая, маральная, канцэптуальная – цэны.

 

Падаецца неабгрунтаванай мінімальная цана на білет у 8.000 руб.

 

Яшчэ меней абгрунтаваная цана ў малую залу ў 25.000 руб.

 

Для пенсіянераў і студэнтаў, якія стала наведваюць тэатр, маюць жаданне часта хадзіць туды — гэта вялікія грошы. Простая матэматыка: калі дапусціць, што тэатр “выб’ецца” на ранейшы ўзровень – 3-4 оперныя спектаклі ў тыдзень, то гэта 13-14 у месяц у сярэднім, мінус тыя, на якія сам не хочаш і не любіш, гэта 9-10. Менавіта так некаторыя людзі і хадзілі ў тэатр, у тым ліку я. 10*8000=80000. Не лічачы грошай на кветкі любімым спевакам. Для пенсіянера ці студэнта гэта вялікія грошы. Але ёсць такая катэгорыя студэнтаў, якія павінны хадзіць у тэатр у прафесійных мэтах. Іх праблема не вырашана. Ведаю ад студэнтаў, што многія студэнты лічаць цэны на білеты вялікімі.

 

Пытанне выклікае і тое, што білеты на нязручныя месцы прадаюцца па такіх жа цэнах, як і на зручныя.
Усё гэта кантрастуе з арт. 51 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, у якім сказана, што “кожны мае права на ўдзел у культурным жыццi. Гэта права забяспечваецца агульнадаступнасцю каштоўнасцей айчыннай i сусветнай культуры, якiя знаходзяцца ў дзяржаўных i грамадскiх фондах, развiццём сеткi культурна-асветных устаноў.”

 

Наколькі мне вядома такіх форм рэалізацыі даступнасці, як бясплатныя дні ў музеях, у тэатрах няма.
Разам з тым, на працягу ледзь не дзесятка год назіраю штораз карціну, калі пры непрададзенай зале, зала запаўняецца аднымі і тымі ж “дзяжурнымі” бабулькамі з малазразумелых адных і тых жа грамадскіх аб’яднанняў.

 

Праблема № 4, творчая, стратэгічная – канцэпцыя.

 

Кожны буйны тэатр свету мае канцэпцыю творчага развіцця, аддзелы, якія сочаць за яе выкананнем, за традыцыямі тэатра, плануюць стратэгію, у тым ліку творчую, фарміраванне рэпертуару на гады наперад. Канцэпцыя – сціслы дакумент, у якім сфарміраваны прынцыпы тэатра, парушэнне якіх непажадана і псуе традыцыю ці імідж. У канцэпцыі тэатр раскрывае сваю пазіцыю, свой погляд на бачанне сябе ў свеце, у мастацтве, сваю сацыяльную місію і місію ў Мастацтве. У канцэпцыі тэатр мог бы ўзяць на сябе абавязкі ў дачыненні да нацыянальнага мастацтва, растлумачыць прынцыпы ўзаемаадносін з публікай. Канцэпцыя творчага развіцця магла б быць створана тэатрам сумесна з яго аматарамі – тэатральнай грамадскасцю, крытыкай і стаць своеасаблівым нефармальным нарматыўна-прававым актам, які б рэгуляваў асновы існавання, замацоўваў традыцыі, вызначаў абмяжоўваў магчымасці канструктыўнага творчага абнаўлення, засцерагаў ад памылак амбітных часовых людзей.

 

Праблема № 5, культурная, дзяржаўна значная – выхаванне публікі, прапаганда класічнага мастацтва, піяр, праца з гледачом, інфармацыйная праца.

 

На сённяшні момант (сітуацыя апошніх пяці год) у тэатры не вядзецца праца з гледачом. Або вядзецца самымі кандовымі спосабамі. Адсутнічае і акрэсленая палітыка ў галіне рэкламы. Адсутнічае нават сайт тэатра. “Жывыя” толькі старыя сайты балета і оперы асобна, абодва маргінальныя і малаінфарматыўныя, у іх адсутнічаюць беларускія версіі. За апошнія гады мы страцілі такі адметны, яркі і развіты жанр беларускага мастацтва як тэатральны плакат.

 

На маю думку, нічога не трэба рабіць тэатру, каб завабіць у тэатр гледача, акрамя як ствараць пра сябе пазітыўны вобраз. Пазіцыянавацца як даступная, дэмакратычная і разам з тым элітарная ўстанова. Прысутнічаць у прывабным выглядзе ў віртуальнай прасторы. Сёння не трэба бегаць па студэнцкіх аўдыторыях і інтэрнатах – трэба ствараць шмат розных прывабнасцяў у Сеціве. Працаваць з кожнай мэтавай групай. Сродкамі псіхалогіі, дызайну і інш. Сайт тэатра павінен быць не толькі прыгожым, салідным, мастацкім, але і ў высокай ступені інфарматыўным – пастаянныя змены актуальнай інфармацыі і максімальная колькасць інфармацыі пра пастаноўкі і іх стваральнікаў, гісторыю тэатра.
Праграмкі спектакляў, якія сёння існуюць – гэта насмешка супраць маскоўскіх, варшаўскіх ці нават кіеўскіх. Апошнія дзесяць год праграмкі амаль заўсёды выкананы на рускай мове. Прыемным выключэннем ці тэндэнцыяй стала праграмка прэм’ернага спектакля “Трубадур”, выкананая па-беларуску.
Асобны напрамак працы тэатра павінна скласці мемарыяльная праца. Праца па ўвекавечанні гісторыі тэатра, яго лепшых дзеячаў. Добра і танна было б, каб гэтая праца рэалізоўвалася ў кантэнце сайта тэатра. Каб кожны жадаючы мог паглядзець ці паслухаць Балоціна, Александроўскую, Бабія і г.д. разумна было б наладзіць супрацоўніцтва з даследчыкамі – ІМЭФ НАНБ, кансерваторыяй, гістфакамі, Музеем тэатральнай і музычнай культуры і г.д. Такі праект павінен быць.

 

Абсалютна не зразумела, чаму не выдаюцца запісы легендарных спевакоў ці беларускіх опер. Вялікая колькасць запісаў маецца на Беларускім радыё. Гэта павінен быць дзяржаўны праект. Такое ёсць ва ўсіх краінах свету, дзе шануюць сваю культуру. Я павінен зайсці ў кнігарню і там заўсёды павінна быць для мяне “Новая зямля” ці томік Багдановіча, гэтак жа ў кожнай музычнай краме павінен быць дыск, умоўна кажучы, Святланы Данілюк ці хаця б нейкі зборнік-хрэстаматыя.

 

Адсутнічае і прапаганда класічнага мастацва ў дзяржаўным маштабе. Па тэлебачанні перасталі не толькі паказваць запісы оперных і балетных спектакляў, але і няма належнага ўзроўню ўвагі ў асвятленні музычна-тэатральнага жыцця ў цэлым. Практычна адсутнічаюць перадачы пра акадэмічную музыку, хаця ў мінулым беларускае тэлебачанне славілася падобнымі перадачамі. Чаго варты толькі цыкл У.Шаліхіна “Пра музыку ад А да Я”.

 

Праблема № 6, справа гонару – званні.

 

Па тым як прысвойваюцца ганаровыя званні салістам оперы, калі параўноўваць з іншымі тэатрамі і, самае галоўнае, эстраднікамі, можна меркаваць, што званні і палітыка дзяржавы па гэтым пытанні сябе дыскрэдытавалі. Або званні трэба адмяніць увогуле, або прысуджаць іх справядліва. Прынамсі, у адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам. Спадзяюся, Вы ўяўляеце сабе тытанічную працу опернага спевака. Каласальнае напружанне цела, розуму, энергіі ў час спектакля. Залежнасць поспеху ад тысячы фактараў. Ад суб’ектыўных і дробязных аб’ектыўных – ад дырыжора, ад аркестра, ат партнёраў, ад тэмпарытму, секундная дакладнасць гукаў, рухаў, мінімум імправізацыі. Толькі твой стан, досвед і прафесіяналізм.
Салістам оперы званні за апошнія 10 год прысваіваліся гады ў рады. Між іншым, многія заслужылі іх даўно. Некаторым ужо сорамна іх прысвойваць зараз. Напрыклад, Мікалай Майсеенка, засл. арт. Расіі – паважаны барытон, беларус, гадаванец нашай кансерваторыі, працуе ў тэатры з 1981 г. (!). У сваім даволі прыстойным узросце апошнія пяць-сем год выходзіў ледзь не ў кожным другім спектаклі! Асабліва ў часы рамонту. Званне засл. арт. РФ атрымаў за пяць год працы ў Расіі ў самым пачатку творчага шляху. Родная дзяржава яшчэ 10-15 год таму павінна была яго ўшанаваць, бо рэальна ён ужо даўно нар. арт. Беларусі.
Або прыклад Алены Бундзелевай – лірычнага сапрана, чалавека унікальнай працаздольнасці і асабістай сціпласці, на якой трымаецца паўрэпертуара тэатра. Алена Бундзелева ў апошнія гады абсалютны рэкардсмен па выхадах у цэнтральных партыях. Працуе з 1994 года. За плячыма дзесяткі буйнейшых партый сапранавага рэпертуару, у тым ліку і такія складаныя як Чыо-Чыо-сан, Віялета, Мімі і г.д. Акрамя гэтага Алена шмат увагі надае і працы з беларускім рэпертуарам, супрацоўніцтву з “Беларускай капэлай” В. Скорабагатава. З’яўлялася першай выканальніцай партыі Грэтхен у славутай пастаноўцы оп. А. Радзівіла “Фаўст” (1999). За падобныя творчыя “паводзіны” ў савецкія часы давалі Дзяржаўную прэмію. Ведаю, што А. Бундзелева ўжо некалькі год абмяркоўваецца як адна з першых кандыдатур на атрыманне звання, але, як мы ведаем, яго дасюль няма.

 

І нарэшце, Ніна Шарубіна – спявачка, якая спявае найскладанейшыя партыі драмсапрана. Артыстка, якой ганарыцца наша Беларусь. У савецкія часы, а зараз на Украіне, у Расіі званне заслужанага прысвойваюць ужо толькі за выдатна створаны вобраз у адной са складаных партый. Напрыклад, Абігайль (“Набука” Вэрдзі). Ніна бліскуча спявае Абігайль ва ўсім свеце, а ў родным тэатры яшчэ і Аіду, Амелію, Тоску, Чыо-сан, Лізу і інш. І не ўганаранава роднай дзяржавай. Маўляў, не хапае стажу ці яшчэ чаго.

 

Прыклады можна множыць. Я прывёў самыя красамоўныя. Шчыра кажучы, публіка чакала прысваення званняў падчас адкрыцця тэатру пасля рамонту – адным махам. Гэта нармальная практыка і нармальная нагода.

 

Прапаную прысвоіць наступныя званні наступным салістам: 1) засл. арт. РБ — Бундзелева Алена, Гур’ева Ганна, Журко Ірэна, Трацяк Таццяна, Ціўнова Таццяна, Шарубіна Ніна, Шведава Алена, Аксёнцава Марына; 2) нар. арт. Бел. — Галеева Нагіма, Майсеенка Мікалай. Безумоўна, пра ўсё гэта павінна было дбаць кіраўніцтва тэатра, але…

 

Прысвоіць званні не складана, гэта канкрэтны крок, канкрэтная рэпутацыя. Пры гэтым трэба раіцца з гледачом, а не з чыноўнікамі. Больш таго, у тэатры адчувальны фаварытызм. І ў такой сітуацыі не выключаю, што званне атрымае хто-небудзь з маладых фаварытаў, чым з прызнаных і даўно любімых публікай майстроў. Будзе ганьба.

 

Праблема № 7, адміністрацыйная

 

Новыя парадкі. Тэатр пачынаецца вядома з чаго… Касіры, білецёры, гардэробшчыкі – тое, што фарміруе ў гледача ўражанне пра якасць абслугоўвання. Пасля аб’яднання і рамонту з тэатра звольнілі масу адданых яму людзей. Па зразумелых узроставых прычынах. Многія, прапрацаваўшы дзесяцігоддзямі пайшлі адтуль з крыўдамі на родны тэатр. Не за тое, што іх звольнілі, а затое як звольнілі, што не ўшанавалі і г.д. Новыя людзі, якія не цікавяцца мастацтвам, якому служаць, наўрад ці хутка змогуць замяніць Раісу Шаеўну Рубіну, Марыэту Захараўну Розман, Барыса Ізраілевіча Ісраэляна і многіх іншых.

 

Пасаду галоўнага адміністратара на сёння займае А.Я. Пятровіч– чалавек, з якім заўсёды можна было знайсці агульную мову, які даволі ахвотна ішоў і ідзе насустрач, з цікавасцю ставіцца да прапаноў з боку гледача. Разам з тым, Аляксандр Яўгенавіч займае сёння не самую высокую пасаду. Сённяшні намеснік дырэктара па гледачы не выяўляе належнай яе пасадзе зацікаўленасці ў размовах з гледачамі, пытанні вырашаюцца з ёй складана, пастаянна спасылаецца на несамастойнасць у прыняцці рашэнняў, размаўляе з людзьмі з характэрнай пагардай. Тэатральная грамадскасць неаднаразова спрабавала наладзіць з ёй кантакт з мэтай выказвання пажаданняў па ўдасканаленні абслугоўвання з улікам пэўных тэатральных традыцый.

 

Самым адыёзным ноў-хаў з’яўляецца тое, што гледачоў, якія спазніліся, упускаюць у партэр (!!!), праводзяць на яго месца, чым неверагодна псуюць спектакль і замінаюць іншым, у тым ліку выканаўцам. І гэта на кожным спектаклі! Апошні прыклад — 3 лістапада 2009 г. падчас спектакля “Травіята”, амаль напрыканцы (!) першага акта, падчас складанай арыі Віялеты (!) у партэр уваходзіць білецёр, пачынае нешта тлумачыць дзвюм жанчынам паважанага ўзросту, падымае іх і выводзіць. І садзіць на гэтыя месцы… тых, хто спазніўся. Большай ганьбы цяжка сабе ўявіць. Ва ўсіх тэатрах свету не прынята ўваходзіць у партэр пасля трэцяга званка. Прапаную ўвогуле не даваць званкоў. Людзі прыходзяць адпачыць, буфет таксама адпачынак. Буфет, дарэчы, пакідае асаблівае расчараванне. Самае незразумелае – чаму ён не належыць тэатру? На гэтым жа таксама можна зарабляць.

 

У сувязі з вышэйапісаным, у адпаведнасцю з артарт. 32, 34, 40, 51, 60 Канстытуцыі Рэспулікі Беларусь, Законам Рэспублікі Беларусь “Аб зваротах грамадзян” прашу:

 

І. Максімальна канкрэтна адказаць на наступныя пытанні:

 

1) У чым абгрунтаванасць знаходжання на пасадзе галоўнага дырыжора тэатра сп. В. Пласкіны? Ці звяртае ўвагу Міністэрства культуры, кіраўніцтва тэатра на думку гледачоў, супрацоўнікаў тэатра, прафесіяналаў пра кампетэнтнасць В.Пласкіны як кіраўніка і дырыжора?

 

2) Ці існуе пэўная палітыка фарміравання рэпертуару і планавання спектакляў? На якіх прынцыпах яна грунтуецца?

 

3) Ці існуе, на думку тэатра, неабходнасць мець у рэпертуары беларускія оперы на нацыянальную тэматыку? Оперы на беларускай мове? Ці робіцца нешта ў гэтым напрамку? Чаму нельга паставіць, напрыклад, любую оперу С. Манюшкі ці “Сівую легенду” Д. Смольскага? Адказ пра “Чужое багацце” не прымаецца. Пастаноўка не вытрымлівае ніякай крытыкі.

 

4) Калі глядач зможа ўбачыць (пачуць) такія оперы як “Паяцы”, “Лэдзі Макбэт Мцэнскага павета”, “Пікавая дама”, “Барыс Гадуноў”, “Рыгалета”, “Лючыя дзі Ламермур”? Чаму так рэдка апошнім часам выконваецца опера “Тоска”? Чаму на працягу шэрагу гадоў практычна раз у год выконваюцца такія папулярныя оперы як “Дзікае паляванне караля Стаха”, “Турандот”?

 

5) У апошнія 20 год замацавалася выдатная і натуральная традыцыя выконваць оперы на мове арыгіналу за выключэннем камічных, што, магчыма, і апраўдана. Але чаму тыя ж камічныя оперы ідуць толькі ў рускім перакладзе? Пераклады многіх опер на беларускую былі зроблены яшчэ ў 1920-я гг. Ю.Дрэйзіным, падрэдагаваўшы можна іх смела выкарыстоўваць. Можна замовіць і новыя – ёсць каму. Упэўнены, што беларуская мова істотна ўзбагаціла б у мастацкім сэнсе любую камічную оперу. Чаму трэба плаціць аўтарскія Марыне Мішук, а не, умоўна кажучы, Васілю Сёмуху? Чыю культуру мы такім чынам падтрымліваем і ўзбагачаем? (Гэта не рытарычнае пытанне, яно патрабуе адказу).

 

6) Ці лічыць Міністэрства культуры абгрунтаваным устанаўліваць ніжэйшую планку цаны на спектакль у 8.000 рублёў? Чаму білет на нязручнае месца з пазнакай “агляд сцэны абмежаваны” каштуе столькі сама, колькі і на добрыя месцы? Колькі разоў у месяц студэнт ці пенсіянер можа наведаць тэатр? Ці ён павінен сябе абмяжоўваць? Ці няма тут неадпаведнасці з арт. 51 Канстытуцыі? І нарэшце – чаму студэнты творчых спецыяльнасцяў ссну, вну, асабліва музыканты і тэатралы, павінны плаціць за білеты? Чаму гэта пытанне дзяржавай не вырашана і яму не надаецца ўвагі?

 

7) Чаму пасля рамонту ў зале ўзнікла такая вялікая колькасць нязручных месцаў? Амаль увесь балкон і палова бельэтажа – нязручныя? Ці не ёсць тут памылка архітэктараў і будаўнікоў? Чаму трэцяя частка гледачоў, прыйшоўшы адпачываць, павінна сядзець некамфортна, цярпець нязручнасці? Навошта над парапетамі бельэтажа і балкона устаноўлены ўздоўж поручні, якія замінаюць агляду?

 

8) Калі скончыцца ганебная і нетэатральная практыка запускаць падчас спектакля ў партэр тых, хто спазніўся?

 

9) Чаму адстнічае сайт тэатра? Ці ёсць у ім неабходнасць? Калі ён з’явіцца? Ці будзе там беларускамоўная версія? Ці адэкватна ацэньвае кіраўнітцва тэатра эфектыўнасць працы з гледачом у віртуальным асяроддзі? Ці ёсць у тэатры адпаведныя кадры, якія б займаліся піярам?

 

10) Калі праграмкі тэатра стануць больш інфарматыўнымі і будуць утрыліваць тэкст па-беларуску? Ці не лічыць Міністэрства культуры неабходным не абкладаць падаткам тэатральныя праграмкі? Існуючая сістэма іх рэалізацыі стварае вялікія цяжкасці для тэатра.

 

11) Калі з’явіцца абяцаны бягучы радок? Ці будзе ён па-беларуску?

 

12) Ці збіраецца Міністэрства культуры заняцца пытаннем публікацыі аўдыё- і відэазапісаў лепшых галасоў Беларусі розных эпох, лепшых спектакляў?

 

13) Ці вядзецца ў тэатры праца па знаёмстве ахвотных з гісторыяй тэатра? Якія формы мемарыяльнай працы тэатр лічыць эфектыўнымі?

 

14) Калі Міністэрства культуры і тэатр аптымізуюць працу па прысваенні ганаровых званняў? Калі плануюцца наступныя прысваенні? Калі будуць нададзены званні А.Бундзелевай, Н.Шарубінай, М.Майсеенку і інш.? Чаму па гэтым пытанні не ўлічваецца меркаванне публікі?

 

15) Ці вядзе тэатр працу з гледачом? У чым гэта выражаецца? Якія прынцыпы пакладзены ў аснову такой працы? Што робіцца для яе аптымізацыі?

 

16) У СМІ прагучала інфармацыя пра стварэнне Апякунскай рады пры тэатры? Ці бачыць Міністэрства культуры і тэатр мэтазгодным увядзенне ў яе склад прадстаўнікоў грамадскасці з ліку тэатральнай публікі? Калі не, то чаму? Як публіка можа ўплываць на сітуацыю ў тэатры, акрамя таго, што не хадзіць на дрэнныя спектаклі? А куды тады хадзіць публіцы? У які оперны тэатр?

 

17) Шмат год мусіруецца, у тым ліку і ў СМІ, ідэя стварэння Маладзёвага опернага (музычнага) тэатра? Чаму такі тэатр не створаны дасюль? Неаднаразова паведамлялася, што для гэтых мэтаў гораду перададзены будынак былога дома культуры будтрэста № 1 на вул. Казлова. У 2009 г. Беларуская акадэмія мастацтваў выпусціла яркі, з’яднаны, таленавіты курс артыстаў музычнага тэатра – практычна гатовы калектыў. Але гэты калектыў спыніў сваё існавання разам з заканчэннем навучання і выпускнікі былі размеркаваны хто куды, без уліку іх спецыялізацыі. Навошта тады іх рыхтаваць, калі яны папаўняюць шэрагі драматычных акцёраў?

 

18) Калі ў тэатры з’явіцца галоўны рэжысёр? Чаму міністэрства бачыць на гэтай пасадзе асоб, якія не з’яўляюцца прадстаўнікамі беларускага мастацтва? Няўжо ў тэатры няма годных кандыдатур? Ці разглядаецца кандыдатура Г.Галкоўскай?

 

19) Калі будзе вырашана праблема драматычнага тэнара? У выпадку калі ў штаце ў бліжэйшы год-два не з’явіцца драматычны тэнар, прапаную Сяргею Валянцінавічу Франкоўскаму прысвоіць званне народнага артыста Беларусі. Няўжо нельга запрашаць тэнароў на кантрактнай аснове на пэўную колькасць спектакляў?

 

20) Падчас рамонту тэатр упершыню за доўгія гады шмат гастраляваў у Беларусі. Гледачы розных рэгіёнаў поўнасцю запаўнялі залы і з радасцю чакалі наступных сустрэч з мастацтвам. Ці збіраецца тэатр, маючы званне Нацыянальнага, працягваць актыўныя гастролі ўнутры краіны?

 

21) Калі тэатр запрацуе на ўзроўні хаця б былых магутнасцяў – не менш 12 оперных спектакляў у месяц, з разнастайным рэпертуарам і разнастайнымі выканаўцамі? Дзеля каго і ў імя чаго працуе наш тэатр?

 

ІІ. Правесці праверку якасці выпускаемых В.Пласкінам спектакляў. Да праверкі прыцягнуць камісію з незаангажаваных прадстаўнікоў грамадскасці і музыкантаў-прафесіяналаў. Праверка не павінна мець аднаразовы характар.

 

ІІІ. Па выніках праверкі, з улікам меркавання калектыву, тэатральнай грамадскасці разгледзець пытанне аб адпаведнасці В. Пласкіны займаемай пасадзе.

 

IV. Правесці праверку якасці архітэктурна-будаўнічых работ і высветліць, чаму ўтварылася такая колькасць нязручных месцаў. Вінаватых прыцягнуць да адказнасці. Прыкласці намаганні па выпраўленні сітуацыі.

 

V. Дэмантаваць поручні ўздоўж парапетаў. Яны не маюць ніякай функцыянальнай нагрузкі. Калі іх не было, ніхто не вывальваўся. Хто хоча вываліцца і так гэта зробіць.

 

VI. Прыкласці намаганні па далейшым паляпшэнні акустыкі залы з прыцягненнем вядучых спецыялістаў, у тым ліку замежных. Яна па-ранейшаму пакідае жадаць лепшага. Але, трэба прызнаць, істотна палепшылася ў параўнанні з сакавіком-красавіком 2009 г.

 

VII. Разгледзець пытанне практыкі прысваення ганаровых званняў і аптымізаваць яе. Прысвоіць доўгачаканыя званні вядучым салістам тэатра.

 

VIII. Знізіць цэны на білеты, улічыўшы патрэбу ў сацыяльных білетах. Увесці норму аб бясплатным наведванні спектакляў студэнтамі адпаведных творчых спецыяльнасцяў. Панізіць цэны на білеты на нязручныя месцы. Арганізаваць продаж білетаў праз інтэрнэт, улічыўшы адпаведны вопыт вядучых тэатраў свету.

 

ІХ. Арганізаваць бягучы радок з дэманстрацыяй перакладаў тэкстаў лібрэта оперных спектакляў на беларускую і рускую мовы адначасова.

 

Х. Вырашыць праблему драматычнага тэнара праз заключэнне кантрактаў на разавыя выступленні з спевакамі з суседніх краін.

 

ХI. Я распачаў працу па стварэнні вялікага сайта мемарыяльна-інфармацыйнай скіраванасці, прысвечанага беларускаму опернаму мастацтву. Ці можа Міністэрства культуры аказаць мне дапамогу ў гэтай працы? Калі не матэрыяльную, то хаця б арганізацыйнага плану – доступ да архіваў і г.д.

 

Павел Паўлавіч! Мы рызыкуем многім – рэпутацыяй галоўнага тэатра краіны і людскімі душамі.

 

З павагаю, Сяргей Русецкі.

 

Гатовы да супрацоўніцтва.

 

09.11.09

 

rusiecki.livejournal.com

 

 


 

 

Сяргей Русецкі — гісторык-этноляг, былы выкладчык Беларускага гуманітарнага ліцэю.