Літаратуразнаўца Ганна Кісліцына дзеліцца ўражаннямі ад кантактаў з замежнымі калегамі на Кангрэсе даследчыкаў Беларусі ў Коўне.

Нягледзячы на ўсім вядомае «вялікае бачыцца на адлегласці», з вялікім сумневам стаўлюся да спробы апісаць і зразумець чужую літаратуру. Гэта тое ж, што спробы апісаць чужую ментальнасць падчас турыстычнай вандроўкі – заўсёды ўзнікае рызыка ўпасці ў стэрэатыпы.

Менавіта з гэтай прычыны я не мела вялікіх чаканняў адносна працы секцыі «Беларуская літаратура: пераклад, выданні, даследаванні», якая ладзілася на Кангрэсе даследчыкаў Беларусі. Тым больш, як высветлілася, я была адзінай даследчыцай (зразумела, у межах згаданай секцыі), што даследуе беларускую літаратуру на беларускай тэрыторыі, а значыць практычна адзіным чалавекам, які напружваецца, калі чуе, як з трыбуны нехта прамаўляе – хай нават сабе і ў складзе цытаты! – што «беларусы генетычна не здатныя да свабоды».

Гэта наогул цяжка вытлумачыць нават мне самой: чаму за мяжой пачынаю адчуваць адказнасць за ўсіх беларусаў разам і – асобна – за нацыянальную літаратуру?

Але факт ёсць факт – я ўжо неаднаразова ўвязвалася ў перманентныя нанаканфлікты, звязаныя з тым, што нехта зацягвае спрадвечнае «а беларусы нічога не маюць…». Акурат апошні такі канфлікт адбыўся ў мяне год таму з нямецкай даследчыцай Гун-Брыт Колер на глебе яе заявы, што ў беларусаў не было багемы ў бурд’ёўскім разуменні слова… Ужо тады зразумеўшы, што даволі складана пераконваць чалавека, чый погляд на гісторыю белліту вельмі нагадвае мне школьныя савецкія падручнікі, дзе ўсе пісьменнікі падаваліся калі не сялянамі, дык пралетарыямі, гэтым разам я загадзя вырашыла не рэагаваць на яе выступ і… ухітрылася ўступіць з ёю ў дыскусію пра тую ж багему яшчэ да пачатку даклада!

Трэба прызнаць, што асабіста я вельмі радая з’яўленню ў нашым літаратуразнаўстве Гун-Брыт Колер, бо на сённяшні дзень яна – адзін з нешматлікіх каталізатараў дыскусій пра беларускую літаратуру, ці не адзіны чалавек, чые прамовы выклікаюць столькі эмоцый і пярэчанняў, прычым з самых розных бакоў, што пра іх згадваюць і па-за межамі навуковых мерапрыемстваў. Тут складана сказаць, у чым справа… Можа, у тым, што яна нешта «не даганяе» ў нашай гісторыі, можа, у тым, што айчыннае літаратуразнаўства наогул не карыстаецца бурд’ёўскай сацыялогіяй, можа, у тым, што беларусы вельмі не любяць, калі іх практыку вымяраюць чужой тэарэтычнай лінейкай.

Але факт ёсць факт – Гун-Брыт Колер, пры ўсёй яе любові да нашай літаратуры, кожнага разу ўхітраецца зачапіць нейкі нацыянальна-гістарычны комплекс і абсалютна не разумець, чаму калегі крыўдуюць на яе «бястактнасць».

Гэтым разам у дакладзе «Спецыфіка беларускай літаратурнай сістэмы ў першай траціне ХХ ст.» яна вызначыла беларускую літаратуру як «малую» і спрабавала растлумачыць, што гэта не яе ацэнка, а проста класіфікацыя, пад якую наша літаратура падыходзіць ідэальна. І што той, хто крыўдуе на такое вызначэнне, проста не разумее, што яно значыць. Праблема ўспрыняцца яе даклада была ў тым, што, з аднаго боку, у зале практычна не было людзей, якія б сапраўды любілі і чыталі Бурд’ё (хаця б тое ж «Поле літаратуры»), таму тэрміналогія была для іх пустым гукам; з другога – у тым, што выкладзеныя Колер тэорыі зноў не былі аргументаваны або праілюстраваны беларускім матэрыялам, таму дыскусія ператварылася ў чарговы лікбез на тэму «наша-літаратура-больш-разнастайная», які гэтым разам правёў гісторык літаратуры Ул. Кароткі.

Чытаць болей