Біць ці ня біць? Хадзіць ці не хадзіць? Вось два асноўных пытаньні, якія пастаянна ўзьнікаюць напярэдадні беларускіх выбараў ва ўладных калідорах і на апазіцыйных кухнях.
І калі (для ўлады) адказ на першае пытаньне адназначны —“біць!”, хоць брутальна, як 19.12.2010, хоць больш акуратна ці прэвентыўна-па-махлярску, як ў папярэдніх палітычных кампаніях, то для апазіцыі адказ (на другое пытаньне) даецца ўсё цяжэй і цяжэй. “Хадзіць!”— амаль аднагалосна выгуквалі розныя партыі і рухі 15 год. Ці не настаў час задумацца — да чаго ж мы “дахадзіліся” за гэты час?
1). Адбылася легалізацыя і ўмацаваньне існага рэжыма. У вочных, закулісных і іншых амаральных змаганьнях з апазіцыяй выкавалася яе ідэялагічная “зброя”, выпрасталася ўладная вертыкаль і загартаваліся карныя ворганы.
2). Спынілася эканамічная трансфармацыя і разьвіцьцё краіны, для чаго былі даволі спрыяльныя ўмовы ў сярэдзіне і канцы 2000-х. Цяпер гэта будзе рабіць і больш балюча, і менш эфектыўна.
3). Наступствам удзелу у выбарах стаў і дзяржаўны пераварот 19.12.10, які ўсё ж такі адбыўся насуперак волі большасьці людзей, жадаючых перамен. Плады “сьнежаньскай контррэвалюцыі” мы спажываем і сёньня.
Яшчэ адным вынікам “хаджэньня ў выбары” мог бы стаць юбілей беларускай дэмакратыі. Калі пачаткам лічыць 1994 год, то сёлета ў нас будзе “паўналецьце” народаўладдзя. Але нешта не адчуваецца сьвята і радасьці ад таго, што “нам ужо 18”. І справа відаць у тым, што тутэйшая дэмакратыя крыху “ня тая”, ці то “скрыўленая” ці, наадварот, “очань прамая”. Незвычайнасьць яе праяўляецца, напрыклад, у тым , што занятак амаль усёй нашай апазіцыі ў апошнія гады, можна сьмела назваць “палітычным ананізмам”. Візуальны “ўдзел” у палітыцы без доступу да “цела” (парламента і ўлады) з кожным разам усё больш нагадвае падлеткавую мастурбацыю пры падглядваньні за “дарослымі цёцямі”. Гэта ўжо стала беларускім палітычным рытуалам: асобным апазіцыянерам раздаюцца “абяцанкі-цацанкі” ў выглядзе рэгістрацыі ў ЦВК— наце, хлопцы,спрабуйце, мо зараз і атрымаецца … Прычым усе ведаюць, што атрымаецца зноў тое ж самае, бо да “цела” дапускаюцца толькі “правільныя і правераныя члены”. Калі беларуская дэмакратыя сапраўды ўжо выйшла з падлеткавага ўзросту, то трэба канчаць з гэтым псеўдавыбарным “ананізмам”. На маю думку, пакуль не адбудзецца зьмены выбарчага закону і самога механізму выбараў, удзельнічаць сур’ёзным, дарослым людзям у такіх ганебных актах ня мае сэнсу. Лепш устрыманьне ад сэксу, чым хлапечае руказблудства, ад якога, як вядома, не бывае ні дзяцей, ні ідэй, ні грошай, а адны фрустрацыі і комплексы непаўнавартасьці …
Каментары