Значная колькасьць тых, хто падтрымлівае ідэю ўваходу ў ЭЗ (гэтаксама як і іх апанэнтаў) ня мела магчымасьці скласьці ўласнае ўражаньне пра будзённае, побытавае жыцьцё Эўропы, асаблівасьці якога выразна згадваюцца, калі на вочы трапляе жоўтазоркавая налепка ці чарговая палітычная праграма.
Памятаю, мая выкладчыца геаграфіі, кабета гадоў пяцідзесяці, з захапленьнем распавядала пра эўрапейскія гіпэрмаркеты, дзе ў торбачках прадаецца абмытая й палупленая бульба, пра сельскагаспадарчыя супэрпрылады, што аўтаматызавана ўздымаюць мех з накапанай гароднінай на плечы працаўнікоў. Аднаклясьнікі ахвотна верылі і ў думках мройна ўздыхалі. Сама ж я за некалькі вандровак у Эўропу ніколі ня бачыла ані цудоўнай хутка-бульбы, ані гэткіх зручных прыстасаваньняў.
Міт пра шчасьлівую, багатую, камфортную Эўропу зь мінімумам побытавых праблемаў і максымумам жыцьцёвых задавальненьняў распаўсюджваецца ня толькі праэўрапейскімі палітычнымі лідэрамі, але й шараговымі насельнікамі роднай краіны – краіны, у якой толькі 26% жыхароў наведвалі ЭЗ. Магчыма, што і значная колькасьць тых, хто падтрымлівае ідэю ўваходу ў ЭЗ (гэтаксама як і іх апанэнтаў) ня мела магчымасьці скласьці ўласнае ўражаньне пра будзённае, побытавае жыцьцё Эўропы, асаблівасьці якога выразна згадваюцца, калі на вочы трапляе жоўтазоркавая налепка ці чарговая палітычная праграма.
Нельга спрачацца з тым, што на Захадзе жывуць лепш. Але гэтае “лепш” ня валіцца на галовы маннай нябеснай і далёка ня ёсьць зямным раем, яно мае свой грунт і свае выдаткі, яго зарабляюць, і дасягнуць жаданага “лепшага” нашаму народу замінае ня толькі аўтарытарны рэжым, але й спэцыфічныя рысы сучаснай мэнтальнасьці, перамагчы якія значна складаней. Варта зьвярнуць увагу на ўсе гэтыя аспэкты, часам абмалёўваючы своеасаблівае ці неабходнае альбо зьвяртаючыся да статыстыкі, і, па магчымасьці, устрымліваючыся ад звыклых турыстычных заўваг ці надта абагуленых разважаньняў. Зрэшты, хацелася б , каб чытач атрымаў пэўнае ўяўленьне пра лад жыцьця, сьветапогляд і характар думак “сярэдняга” эўрапейца, а таксама пра некаторыя неадназначныя моманты існаваньня сучаснай Эўропы.
UN TIPO SOLARE
Напачатку трэба зазначыць, што пры ўсёй рознасьці традыцыяў і звычак асобных эўрапейскіх краін, у палітычных разважаньнях Эўропа дзеля зручнасьці падаецца як штосьці агульнае й аднароднае ў сэньсе разьвіцьця культуры, эканомікі і палітычнай сыстэмы. У рэчаіснасьці ж гэта не зусім так. Прыкладам, жыхары паўночнай Італіі (а менавіта на гэтую частку Эўропы будзе зьвернутая галоўная ўвага) даволі непрыхільна ставяцца да сваіх паўднёвых суграмадзянаў: мафія, бруд, галеча і ажно да Другой сусьветнай вайны на поўдні нібыта не варылі сочыва, бо ня мелі шкляных слоікаў. Больш сур’ёзнымі зьяўляюцца абвінавачваньні ў заўсёдным кленчаньні пры сталым гультайстве, у выпампоўваньні грошаў прамыслова разьвітых паўночных раёнаў – у выніку чаго некаторыя партыі (палітычная групоўка Ліга Поўначы) нават прапагандуюць ідэю падзелу краіны. Прычыны такой сытуацыі – традыцыйная аграрная спэцыялізацыя поўдня і ў выніку высокае беспрацоўе і адносна нізкі ўзровень жыцьця сёньня, калі ў “першым садзе Эўропы” працуе адно 4% насельніцтва (у Беларусі ў сельскай гаспадарцы па стану на 2002 г. было занята 12% эканамічна актыўных жыхароў) .
Зь недаверам ставяцца добрапрыстойныя італьянцы да сваёй заходняй суседкі Гішпаніі, адкладаючы турыстычныя вандроўкі на 5–6 гадоў, “пакуль усё канчаткова не супакоіцца”. Італьянцы насамрэч даволі абачлівыя: да пачастункаў зь Беларусі часьцяком ставяцца грэбліва, баючыся радыяцыі, і жахлівае зьдзіўленьне выклікаюць у іх дзіцячыя дамы, што месьцяцца ля забруджанага Гомелю – факт зь ліку тых абсурдных праяваў, над якімі мы нават не задумваемся. Што да Гішпаніі, то дазвол аднаполых шлюбаў стаўся, бадай, сапраўды надта рэзкім захадам у традыцыйна вельмі рэлігійнай краіне. Памкненьне ж Каталёніі, Валенсіі, Андалусіі – найбольш багатых рэгіёнаў Гішпаніі – да аўтаноміі маюць вынікам ня толькі канфрантацыю ў грамадзтве, але й сур’ёзныя пагрозы вайскоўцаў, якія выклікаюць значную насьцярогу ў краіне, што за мінулае стагодзьдзе 43 гады жыла пры ваеннай дыктатуры.
Зрэшты, пераканацца ў тым, што кожная эўрапейская краіна мае свае эканамічныя, палітычныя і сацыяльныя праблемы, зусім нескладана. Праўда, калі айчыннае тэлебачаньне да нядаўніх часоў выкрывала іх з рэзкай злараднасьцю, то незалежныя СМІ звычайна рэдка закранаюць гэтыя тэмы, нягледзячы на тое, што добрая аналітыка і карэктная, адэкватная інфармацыя пра эўрапейскае жыцьцё прываблівала б ня менш, чым старая байка пра чароўны ЭЗ.
З суседскіх узаемаадносінаў цікава яшчэ згадаць стрыманую ветлівасьць італьянца й француза пры выпадковай сустрэчы дзе-небудзь у альпійскім бары – што тлумачыцца традыцыйным суперніцтвам абедзьвюх краін у пытаньнях лепшага сыру, віна і футболу. Натуральна, гэтая напружанасьць не выбухае эмацыйнымі канфліктамі, – зрэшты, слынная імпульсіўнасьць італьянцаў на сёньня ёсьць такой самай састарэлай характарыстыкай, як гасьціннасьць і выключная працавітасьць беларусаў. Пасьля нэрвовых, раздражнёных, вечна незадаволеных пасажыраў менскіх аўтобусаў жыхары італьянскіх мястэчак уражваюць добразычлівасьцю, тактоўнасьцю, сьветлым настроем. “Perche siamo un tipo solare” (бо мы – сонечны тып людзей), – з усьмешкай тлумачаць яны. У крамах, кавярнях, падчас размовы са знаёмымі тут пануюць ветлівасьць ды павага; залішняя эмацыйнасьць, здараецца, выяўляецца ў стасунках зь сябрамі альбо сямейнікамі – але, як на мой уласны досьвед, сварак і боек у Італіі ня больш, чымся ў нашай ціхмянай краіне, дзе надта часта “куляюць чарку”.
Яшчэ адзін стэрэатып – гэта зьнешнасьць італьянцаў, нібыта абавязкова цёмнаскурых, з чорнымі кучаравымі валасамі. Трэба адзначыць, што жыхары паўночных раёнаў маюць пераважна сьветлую скуру і зьяўляюцца бляндынамі, – праўда, у эпоху разнастайных экспэрыментаў з фрызурамі колер валасоў ня так ужо і кідаецца ў вочы. Карацей, насельнікі П’емонту, Лігурыі ці Тасканы, маючы штосьці своеасаблівае ў рысах твараў, больш падобныя да пінчукоў у ліпені, чым да мулатаў. І, натуральна, каб разважаць пра краіну, варта апісаць ня толькі ейных жыхароў, але й мястэчкі, гарады, прыроду.
КУРЫЦЫ Ў ЗАГОНАХ, КАМЯНІЦЫ ДЫ ПЫЛАСОСЫ
Адразу ж варта нагадаць, што местачковасьць у Эўропе зусім ня тоесная занядбанасьці, неразьвітасьці й гаротнасьці. Ступень цывілізаванасьці на поўначы Італіі не вызначаецца тыпам населенага пункту. Да таго ж для Эўропы ўласьцівая поліцэнтрычнасьць: шмат буйных гарадоў гістарычна зьяўляліся, дый застаюцца і да сёньня значнымі культурнымі, гандлёвымі, прамысловымі, адукацыйнымі цэнтрамі, і пры ўсёй вабнасьці ды гонару Рыму жыхары Міляну, Неапалю ці Турыну ня маюць комплексаў правінцыйнасьці. У Беларусі ж ненармальны сёньняшні статус сталіцы ёсьць, бадай, вынікам шматгадовага існаваньня савецкай сістэмы з жорсткай гіерархіяй усіх структураў, калі ўлады катэгарычна не былі зацікаўленыя ў наяўнасьці гарадоў аднолькавага значэньня – надта клапатліва, дый кантраляваць трэба.
Калі ў Італіі жыхарамі вялікіх гарадоў (вышэйзгаданых з Рымам уключна) зьяўляецца 12% насельніцтва, то ў нашай дзяржаве адзін Менск ёсьць месцам пражываньня 19% беларусаў. Для поўначы Італіі ўласьцівая густая сетка невялікіх гарадоў (10–30 тысяч жыхароў), а шчыльнасьць насельніцтва, напрыклад, у Лігурыі – 300 жыхароў на 1 км2 . Наагул па Італіі гэты паказчык роўны 196 чал./км², што ў чатыры разы больш за адпаведнае значэньне для Беларусі (49 чал./км²). Гэтыя лічбы яскрава выяўляюць розьніцу ва ўзроўні разьвіцьця абедзьвюх краін. Акрамя таго, яны даюць падставу абмаляваць тое самае тыповае мястэчка Лігурыі ці П’емонту, якое ўражвае беларуса своеасаблівым спалучэньнем старажытнасьці (традыцыйнасьці) і мадэрновасьці.
Вандроўку па італьянскім мястэчку цікава распачаць з цэнтральных плошчаў, дзе месьцяцца два-тры стогадовыя касьцёлы, аточаныя старымі вулкамі, а ў камяніцах працуюць сучасныя рэстарацыі, крамкі, памяшканьні аптэкі ці пошты. Новыя дамы пераважна маюць чырвоныя чарапічныя дахі і белыя тынкаваныя сьцены з цэглы, якія дзеля памяньшэньня цеплаправоднасьці ладзяцца паводле сыстэмы “паветранага празору”. Пліты зь мінаваты, гэтаксама як шыфэр, ДСП й ДВП ня маюць тут распаўсюджанасьці з-за ня лепшых экалягічных характарыстык. Няма ў Італіі і родных шэрых панэлек (у гарадох галоўным будаўнічым матэрыялам таксама зьяўляецца цэгла, што робіць магчымым значную разнастайнасьць праектаў) – таму, гасьцюючы ў эўрапейскіх дзяржавах з багатай архітэктурай, сакавітай народнай мовай і ўсюдыіснымі напамінамі пра тамтэйшую гісторыю, непазьбежна думаеш, што менавіта Беларусь з уніфікаванай забудовай і ўніфікацыйнай расейскай мовай ёсьць найлепшым прыкладам маскультавай краіны.
Вяртаючыся ж у нашае мястэчка, зазначым, што, нягледзячы на расповеды пра хутка-бульбу з супэрмаркетаў, шмат дзе яе, звычайную, клапатліва вырошчваюць у гародчыках разам з памідорамі, кабачкамі, фасоляй, салатай. Вядома, грады з бляшанак не паліваюць і коньмі не аруць – тыя, хто займаюцца сельскай гаспадаркай, звычайна маюць міні-трактары. Да таго ж месьцічы гадуюць трусоў ды курэй (якія, праўда, не шпацыруюць па гародчыку, а сядзяць у загонах), вырошчваюць розныя ягады й садавіну. Бо, як для некага не было б дзіўным, нават у Эўропе дабрабыт дасягальны толькі пры ўмове прадпрымальнасьці й працы.
Дарэчы, едучы аўтастрадай, амаль немагчыма пабачыць закінуты палетак ці лес: раўнінная тэрыторыя – гэта неабсяжныя палі сланечнікаў ды аліваў. Ля дарогі часьцей, чымся ў нас, трапляюцца пляцоўкі з арэлямі, мангаламі й драўлянымі столікамі – каб тыя, хто едзе здалёк, маглі папалуднаваць і даць пабавіцца дзецям. Гэткія пляцоўкі гаспадары часам ладзяць на ўласных надзелах – і, аглядаючы вялізны палетак, адчуваеш, што ўрачыстае “questa e la nostra terra” (“гэта – наша зямля”) гучыць у краіне з прыватнай уласнасьцю значна больш важка, чым на кампактным бацькоўскім лецішчы. А мо справа ня ў важкасьці, а ў сапраўдным пачуцьці адказнасьці за надзел, што атрыманы ад бацькоў і будзе перададзены дзецям, а пакуль мае даваць рэальны прыбытак.
Яшчэ адно падарожніцкае ўражаньне – гэта падсьвядомае адчуваньне недарэчнасьці, нязвыкласьці ў даволі буйных гарадох. Калі прыглядаесься і імкнесься зразумець прычыны гэтага, то зьвяртаеш увагу на тое, што ўздоўж вуліц няма аніводнага дрэўца. Ёсьць толькі дамы, асфальт, брукаванка плошчаў, кветкі на вокнах, тумбападобнае кустоўе, – а вось дрэвы толькі ў прысадах ці парках. Мажліва, гэта тлумачыцца гістарычнай спэцыфікай забудовы: мала вольнага месца, таму дамы ціснуцца адзін да аднаго і стаяць ля самай дарогі, якую, бадай, прыходзілася й пашыраць… Так ці інакш, але тут сьледам за шматлікімі падарожнікамі ставіш плюсік зялёнай беларускай сталіцы. Што да прыгажосьці Італіі, улюбёнай краіны мастакоў, то, як на мой густ, ейная галоўная адметнасьць у разнастайнасьці краявідаў. Італьянскае ж неба, хаця й мае сваё асаблівае адценьне, улетку падаецца надта млявым; у гэты сэзон увогуле бракуе сьвежасьці й вільгаці, ссыхае трава, грубай робіцца лістота дрэваў.
ПРЫЯРЫТЭТЫ
Зіма ж у паўночнай Італіі прыкладна такая, як цяпер у Беларусі – адно што рэзка халодныя дні здараюцца там радзей. Уласны дом ацяпляць усё ж такі трэба, і некаторыя замест таго, каб плаціць за газ (камунальныя паслугі і так цягнуць вельмі шмат), выкарыстоўваюць як паліва для паравых катлоў дровы. Хтосьці мае для гэтага спэцыяльныя аўтаматызаваныя прылады, хтосьці па-ранейшаму працуе пілой ды сякерай. Натуральна, гаворка ідзе пра людзей зь сярэднім прыбыткам, якім заробак у 18.324 эўра/год (зьвесткі 2006 году) не дазваляе жыць “па-панску”.
Нават гэткія грошы пры тамтэйшых коштах робяць непазьбежным пытаньне выбару і прыярытэтаў: набыць новую машыну ці адзінаццаты год езьдзіць на старэнькім “фіяце”, але павандраваць разам зь дзецьмі па Грэцыі ці Галяндыі?.. Апранацца ў фірмовых крамах – ці набываць адзеньне на рынку і некалькі месяцаў наведваць курсы перакваліфікацыі, каб уладкавацца на цікавую новую працу?.. Пры больш высокай пакупніцкай здольнасьці эўрапейцаў, пры магчымасьці пакінуць у спадчыну штосьці больш значнае за прыдбаную працай усяго жыцьця жылплошчу, заробкі жыхароў ЭЗ усё ж такі не выключаюць старэнькага камоду, мыцьця посуду ўручную ці зношанай кашулі для працы ў гародчыку. У дадатак да сельскагаспадарчых справаў італьянцы дзеля эканоміі самі выконваюць розныя будаўнічыя работы, кабеты ж займаюцца інтэр’еравым крэатывам, захапляюцца вязаньнем швэдараў ды камізэлек. Асобная размова – кулінарныя традыцыі. Менавіта ў Італіі мне выпала пакаштаваць самаробнага маянэзу, уласнаручна печанага хлеба і локшынаў хатняга вырабу.
Што ж тычыцца працы як прафэсійнае дзейнасьці і сродку атрыманьня грошай, то наіўна ўяўляць, быццам эўрапейцаў яна не стамляе і ім не надакучвае, быццам тут не патрабуецца стосаў дакумэнтацыі і няма рознага кшталту праблемаў. Пры гэтым ставяцца да працы італьянцы са значна большым энтузіязмам, чым нашыя суайчыньнікі, а ныцьцё ды нараканьні ўвогуле ім не ўласьцівыя. Між тым сумленнасьць, дбайнасьць, імпэт працаўніка, відавочна, вызначаюцца ня толькі памерам заробку, але й асабістымі рысамі чалавека. Наўрад ці магчыма сьцьвярджаць, быццам тыя, хто атрымоўвае прыстойны беларускі заробак, менш карыстаюцца зь бясьпечных магчымасьцяў скрасьці, загнаць, схібіць ці раней сысьці з офісу, чым тыя, хто працуе за паўтара пражытковыя мінімумы. Ня ведаю, наколькі гэта можна застасаваць да Італіі (кампанія “Чыстыя рукі”, што мела месца на пачатку 90-х, выявіла безьліч злоўжываньняў на высокіх пасадах), але бясспрэчна, што забясьпечанасьць Эўропы ў значнай ступені тлумачыцца рупным, несаўковым стаўленьнем да працы.
Так, слухаючы расповеды пра беларускую вёску, італьянцы зьдзіўлена пытаюцца: хіба немагчыма стварыць прыстойныя ўмовы для жыцьця, правесьці ў хату ваду, усталяваць кацёл паравога ацяпленьня?.. Няўжо й гэтаму замінаюць мясцовыя ўлады?.. Для нас усё зразумела: адвечнае кола – галеча, таму гарэлка, таму зьніжэньне дзеяздольнасьці, таму немагчымасьць дадатковага прыбытку, таму прагнілая прыбіральня за хлеўчуком. Плюс апісаны яшчэ Іванам Мележам парадаксальны кансэрватызм старых беларусаў: “як ёсьць, так і добра”… Безумоўна, аблічча італьянскага мястэчка, дзе маецца ўсё для культурнага жыцьця, зусім не стасуецца зь беларускімі ўяўленьнямі пра сельскую мясцовасьць. Зь іншага боку, калі ўжо зараз некаторы дом зь зямельным надзелам на адлегласьці ў 20 км ад Менску каштуе даражэй за гарадзкую кватэру – значыць, зямля паціху пераходзіць у рукі сем’яў з добрым прыбыткам, спраўных і прадпрымальных. А зь цягам часу, можа, вернуцца і блудныя ўнукі… Сёньняшняя вёска мае й вартых гаспадароў, але будучыня сяла хутчэй за катэджавымі забудовамі, чым за аграгарадкамі – і натуральным чынам абмежаваныя сьпітыя вяскоўцы павыміраюць, саступяць месца дбайным катэджаўцам, якія ня толькі косяць газоны, але й часам прафэсійна займаюцца ягадамі ды гародчыкам.
У сфэры абслугоўваньня на Захадзе пануе такая ж добразычлівасьць і тактоўнасьць, як і ў міжасабовых стасунках. Павага, ветлівасьць, прыветнасьць і ўвага да кліента ці пакупніка зьяўляюцца адметнымі рысамі Эўропы – там амаль немагчыма пачуць раздражнёна-стомленага тону прадавачак нашых дзяржаўных унівэрмагаў, у непрыхільным поглядзе якіх адбіваецца нярынкавая думка “лепш бы вы ўсе паздыхалі”. Тое ж тычыцца й мэдыцыны ці адукацыі – пры тым, што працаваць у Эўропе зноў жа не прасьцей, чымся ў нас. Тыя ж абавязковыя 8 гадзін прыёму пацыентаў, часам доўгія чэргі ў крамах, яшчэ больш рухавыя й разьняволеныя вучні.
І ўсьмешкі, і бадзёры настрой у Італіі ня маюць “амэрыканскай” няшчырасьці й штучнасьці. Праўда, варта адзначыць, што і ў нашай сталіцы касіркі з “Рублёўскіх”, супрацоўнікі турыстычных фірмаў ды мэдыцынскіх цэнтраў, мэнэджэры пасьпяховых фірмаў, а таксама некаторыя прадстаўнікі дзяржустановаў пераймаюць – ці арганічна прымаюць – эўрапейскую гуманістычнасьць. Прыемна, што найчасьцей сустракаецца не “мэханічная” ветлівасьць, а тая добразычлівасьць, якая нібыта была ўласьцівая беларусам у дасавецкі час. Верагодна, гэтая тэндэнцыя будзе пашырацца і нарэшце пераможа гастраномную грубасьць ды апатычнасьць. Прычым істотна, што пашырэньне “цывілізаванасьці” ў гэтым сэнсе для нашай больш-менш адкрытай краіны не залежыць наўпрост ад палітыкі ўладаў ці інтэнсіўнасьці прапаганды эўрапейскіх каштоўнасьцяў, а адбываецца натуральна, пад уплывам натуральных стасункаў зь іншымі дзяржавамі і знаёмства з заходнім ладам жыцьця праз тую ж масавую культуру.
ТРАДЫЦЫІ І МАРАЛЬ
Розьніца паміж Італіяй і Беларусьсю ня толькі ў стаўленьні да працы, але і ў характары адпачынку. Працягваючы апісваць паўночнаітальянскія мястэчкі, трэба заўважыць, што адпачываюць тут значна больш разнастайна і жыцьцярадасна, чым у нашых вёсках ды гарадох. І справа ня столькі ў магчымасьці матэрыяльных выдаткаў, колькі ў здольнасьці прыдумаць і зарганізаваць штосьці своеасаблівае і, як на тамтэйшы густ, цікавае (хтосьці зь беларусаў паставіўся б да тых сьвяточных забаваў скептычна і згадаў бы школьнае 8 сакавіка ў 7-ай клясе).
Адна з адметных італьянскіх традыцыяў – гэта працяглы фэст у гонар сьвятога патрона пэўнага мястэчка. Акрамя вечаровых выступаў вядомых поп-гуртоў, працы вандроўных атракцыёнаў і часовай рэстарацыі, дзе весела, хаця й задарма, працуе тутэйшая моладзь, да сьвята можа быць прымеркаваная выстава з фотаздымкамі і мастацкімі вырабамі старэйшых ці нават памерлых насельнікаў мястэчка – каб добрым словам згадаць іхнія справы ды звычкі, – альбо абвешчаны конкурс на лепшы дзіцячы малюнак, выкананы крэйдай на тратуары каля касьцёла. Маюць пашырэньне і відовішчы накшталт пантамімаў ці танцаў, сярэднявечныя шэсьці з музыкай і ў адпаведных строях, а таксама лятарэі, сродкі зь якіх ідуць, прыкладам, на рамонт дзіцячага садка.
Пасьля італьянскіх сьвятаў з захапленьнем на тварах як у дзяцей, так і ў дарослых, пачынаеш жахацца беларускіх “Днёў…” з аднастайнымі ўрачыстымі мерапрыемствамі, што не выклікаюць асаблівага імпэту ці хаця б рэдкіх усьмешак у будзённа-панылых гледачоў. І калі ў большасьці менчукоў – з тых, хто не скарыстаў магчымасьці зьехаць на лецішча ці на вёску, – сьвяткаваньню абавязкова спадарожнічае бутэлька, то ці варта згадваць тут мястэчкі.
Аднак адпачынак – ня толькі сьвяты, але й вакацыі ды разнастайныя захапленьні, на якія ў эўрапейцаў хапае часу і якія ня дзівяць сяброў ды сямейнікаў. Геаграфічнае становішча Італіі дае магчымасьць займацца рознымі відамі як горнага, так і воднага спорту; значнай пашанай і прыхільнасьцю местачкоўцаў можа карыстацца гурт школьнага выкладчыка, што грае стары блюз, альбо вершы тутэйшай паэткі, дзе апяваюцца супольныя шпацыры ды кавуны мясцовай зяленшчыцы… У Італіі, як і ў Беларусі, моладзь апантана грае, сьпявае ды гуртуецца – зрэшты, музыку можна лічыць найпапулярным відам сусьветнай творчасьці апошніх дзесяцігодзьдзяў. Шмат хлопцаў ды дзяўчат далучаныя да руху скаўтаў, дзе ідэі здарова-спартовага ладу жыцьця рэалізуюцца значна больш прынцыпова, чым у шэрагу нашых летнікаў. Да таго ж, італьянская моладзь менш гуляе ў комп – пэўна, тут справа ў лепшых умовах для самарэалізацыі, у задаволенасьці рэчаіснасьцю, у сэнсоўнасьці ўласнай мэтанакіраванасьці альбо ў эўрапейскіх спраўнасьці ды энтузіязме.
Між тым, войска беларускіх геймераў, якія штодня аддаюць 5–6 гадзін кампутару, замест таго каб прысьвяціць іх вучобе, ўзаемаадносінам, спорту ці хобі – сьведчыць пра значныя сацыяльныя праблемы краіны. Дзяржаўны лад, паралізаванасьць дэмакратычных мэханізмаў, зьдзеклівае стаўленьне моладзі да ўзроўню разьвіцьця краіны і ўсьведамленьне сваёй няздольнасьці на штосьці паўплываць мае вынікам ня толькі ігнараваньне палітычных праблемаў, але й усеагульную апатыю грамадства. Плюс тыпова-родная “млявасьць і абыякавасьць да жыцьця” – папулярнае моладзевае выслоўе з шэрагу беларускамоўных, якое згадае кожны другі мянчук. Прычыны кампутарнай залежнасьці – гэта й асабістыя комплексы, праблемы выхаваньня й сацыялізацыі, спэцыфіка сьвядомасьці чалавека пераходнай эпохі. Наступствамі ж мае быць ня толькі самазамкнёнасьць, нізкая сацыяльная актыўнасьць, не-разьвіцьцё і інш. – найапантанейшыя аматары “фэнтэзі” ды “стралялак” наўрад ці зробяцца ў будучыні ўзорнымі мужамі ды бацькамі.
Ажыцьцяўленьню ж цікавых задумаў спрыяюць у Італіі як мясцовыя ўлады, так і Царква, роля якой у грамадскім жыцьці застаецца па-ранейшаму значнай: гэта ня толькі арганізацыя адпачынку, але й выдавецкая дзейнасьць ды адукацыйныя праграмы. Італьянцы чынна прымаюць удзел у сустрэчах Папы Рымскага з моладзьдзю, якія ладзяцца штогод у розных каталіцкіх дзяржавах – ад Нямеччыны да Аўстраліі. Гэткія вандроўкі дапамагаюць пазнаёміцца з ладам жыцьця ў іншых краінах, бо калі іх удзельнікі на некалькі дзён спыняюцца ў пэўным мястэчку, жыхары прытульваюць па некалькі чалавек у сваіх дамох.
Гуманістычная скіраванасьць Каталіцкай царквы, падтрымка асьветы й культуры таксама значна адбіліся на эўрапейскай сьвядомасьці і ў значнай ступені вызначылі саму магчымасьць разьвіцьця заходняга сьвету. Традыцыйная рэлігійнасьць і актыўная дзейнасьць касьцёлу мае вынікам больш пазытыву, духоўнасьці й добразычлівасьці ў асяродзьдзі моладзі – зноў жа, у параўнаньні з постсавецкай Беларусьсю. Таму значнае зьдзіўленьне выклікаюць меркаваньні кшталту “Эўропа прамяняла Слова Божае на хлеб надзённы … За прыгожымі дамамі схаваная найвялікшая праблема – маральныя і этычныя каштоўнасьці” . Тут, хаця й ступаеш на зыбкую глебу суб’ектыўнага і параўноўваеш найперш погляды, учынкі сваіх тутэйшых і тамтэйшых знаёмых (кола якіх утвараецца часам адвольна), але ў пытаньні маральнасьці ўласна я ніколі не аддала б перавагаі Беларусі. Надта сур’ёзна паўплывала на стан нашага грамадзтва культура “блатных браткоў” (ня толькі шансон, але й стыль паводзінаў ды сьветапогляд – цынізм, пагарда да агульначалавечага, аўтарытэт грубай сілы) – што ў спалучэньні зь нівэляваньнем савецкіх каштоўнасьцяў мела вынікам рэзкае зьмяншэньне павагі да навукі, рэлігіі, элітарнай культуры, зрабіла неабавязковым, нават ганебным кіраваньне маральна-этычнымі нормамі. Адсюль усенароднае пацьвельваньне з ботанаў, цэлак, “трезвенников и язвенников”, даверлівых “рагатых” мужоў і іншых герояў сёньняшніх анекдотаў… Вызначальнай у пытаньні маральнасьці можа быць сямейная статыстыка: італьянскія лічбы пастаянна выглядаюць больш аптымістычнымі за адпаведныя паказчыкі па Беларусі. Да таго ж шмат хто з эўрапейцаў вырашае пытаньне “фіят”/адукацыя/адпачынак у бок іншага, альтруістычнага “альбо” – падтрымкі і дапамогі тым, хто мае ў гэтым патрэбу. Тут і фінансаваньне асобнымі сем’ямі навучаньня жыхароў афрыканскіх і азіяцкіх краінаў у школах ды ўнівэрсытэтах, і запрашэньне на вакацыі беларускіх дзяцей зь дзіцячых дамоў ды малазабясьпечаных сем’яў (тут Італія зьяўляецца самай гасьціннай краінай у Эўропе). І хаця праваслаўныя сьвятары часам кажуць пра малаістотнасьць зьнешняй дабрачыннасьці, гэтыя справы найчасьцей робяцца шчыра, хай нават для ўласнага задавальненьня і самазаспакаеньня, і адмаўляць аб’ектыўную карысьць ад іх нельга.
ВОВАЧКА І САРБОНА
У развагах пра моладзь Эўропы/Беларусі нельга не спыніцца на адукацыі. “Сярэднія” эўрапейцы аднолькава паважліва ставяцца як да тых, хто навучаецца ва ўнівэрсытэтах, так і да тых, хто працуе, маючы адно дыплём прафтэхвучэльні. Лічыцца нармалёвым, што калі адзін любіць вучыцца, то другі можа быць больш схільным да практычнай дзейнасьці, да таго ж улічваецца эканамічнае становішча сям’і, жыцьцёвыя абставіны, патрэбы самой асобы. Правілы залічэньня ў эўрапейскія ВНУ адрозьніваюцца ад нашых, зрабіцца студэнтам у Італіі прасьцей, чым у нас, – магчыма, з гэтай нагоды паступленьне дзіцяці ва ўнівэрсытэт не разглядаецца як вызначальнае для прэстыжу сям’і і лёсу былога школьніка, а хваравітае трымценьне за посьпех абітурыента больш распаўсюджанае паміж інтэлігентнымі беларускімі бацькамі, чым паміж разумнымі італьянскімі татамі-мамамі. Праўда, эўрапейскія працаўнікі, бадай, у сто, у тысячу разоў больш цікаўныя, удумлівыя і абазнаныя, чым іх беларускія калегі. На поўначы макароннай краіны у стасунках часьцяком не адчуваецца розьніцы паміж аўтасьлесарам і мэдыкам ці выкладчыкам. Няма той прорвы ў ладзе жыцьця, памкненьнях і інтэлектуальным узроўні, якая пакуль характэрная для Беларусі, – што таксама вызначае піетычнае стаўленьне да “вышкі”.
Пры тым, што разьвіцьцё асобы насамрэч у значнай ступені зьвязанае з адукацыяй, беларуская прэса час ад часу пераможна нагадвае: паводле колькасьці студэнтаў нашая краіна набліжаецца да эўрапейскіх паказчыкаў . Калі колькасьць працоўных эўрапейцаў з вышэйшай адукацыяй на 2006 г. была роўная 29% , то колькасьць працоўных беларусаў з вышэйшай і сярэдняй спэцыяльнай адукацыяй у 2008 г. складала 45,5% – лічбы ўвогуле суадносныя, тым больш, што значная колькасьць выпускнікоў ССНУ працягвае адукацыю на завочных аддзяленьнях унівэрсытэтаў. Праўда, пра рознасьць у характары навучаньня ў ВНУ Эўропы/СНД яскрава сьведчыць, прыкладам, той факт, што 40% студэнтаў з краін былога СССР, якія паступаюць на першы курс францускіх унівэрсытэтаў, не вытрымліваюць навучальнай нагрузкі і пакідаюць навучальную ўстанову.
Што тычыцца праблемаў беларускай адукацыі, то можна прынамсі сьцьвярджаць, што эўрапейскія студэнты ня маюць праблемаў з узростам падручнікаў. Бо ў нашых ВНУ большасьць дапаможнікаў зьяўляюцца пагодкамі студэнтаў і незалежна ад дысцыпліны распачынаюцца цытатамі зь Леніна-Маркса. Яшчэ горш, што падручнікі па нетэхнічных (дакладней, па нестатычных) прадметах кшталту гісторыі музыкі (даты, вядома, не зьмяняюцца, але маюць успрымацца ў сучасным навуковым кантэксьце) часьцяком выдадзеныя болей за паўстагодзьдзя таму і праз колькі гадоў маглі б зрабіцца музэйнымі экспанатамі – калі б па-ранейшаму не выдаваліся карыстальнікам унівэраўскіх бібліятэк.
Да таго ж “адзін зь лепшых паказчыкаў эўрапейскіх краін”, напэўна, улічвае студэнтаў-завочнікаў з часьцяком ліпавымі дыплёмамі: натуральна, людзі, якія працуюць і пераважна ўжо маюць сямью, купляюць кантрольныя і курсавыя, а стаўленьне выкладчыкаў да ведаў студэнта часьцяком вельмі ляяльнае. Дый трох лекцыяў па прадмеце не зусім дастаткова, каб належна здаць іспыт… Па-другое, у нашым студэнцкім асяродзьдзі парыцца над падручнікамі лічыцца больш ганебным, чым лавіць халяву, і хаця прага да ведаў не вызначаецца грамадзянствам, агульная апатыя й скептыцызм да тэзаў савецкіх лёзунгаў уплываюць і на стаўленьне да навукі. Пры безьлічы анэкдотаў на школьную й сацыяльную тэмы сучасны італьянскі фальклёр ня ведае вобразаў даўбанутай Марыванны і тупога, але прадуманага Вовачкі. А менавіта пры супастаўленьні анэкдотаў ды баек розных краінаў найлепш выяўляюцца адметнасьці сучаснага стану народнай сьвядомасьці. Праўда, гэта тэма ўжо для іншых дасьледваньняў.
ПРАБЛЕМЫ
Крыху губляесься, калі жыхары Італіі, зьнешне ўтульнай і ўладкаванай краіны, з сумам зазначаюць: “Гэх, Эўропа ўжо страчвае лідэрскія пазыцыі, будучыня за вамі, а тут з кожным годам жывецца ўсё горш…”. Гэткія пэсімістычныя настроі даволі распаўсюджаныя сярод тамтэйшых жыхароў. Паводле меркаваньняў італьянцаў, найбольш істотныя праблемы краіны – наркотыкі і крызіс сям’і.
Што тычыцца наркотыкаў, то, паводле статыстыкі, як мінімум 2 млн. (3,3%) жыхароў краіны ўжываюць какаін, а 0,5% насельніцтва зьяўляюцца наркаманамі, што значна вышэй за сярэдні для Эўропы паказчык у 0,11% (для Беларусі ж рэальна – 0,6%) . Як ні дзіўна, для Захаду застаецца актуальнай і праблема алькагалізму: першае месца па колькасьці алькаголю на душу насельніцтва займае Францыя (14,8 літра), шостае й дваццаць трэцяе месца належаць адпаведна Іспаніі й Італіі – краінам, дзе любоў да віна зьяўляецца даўняй нацыянальнай рысай. Калі сёньня ў Італіі абсалютна цьвяроза жыве 53% насельніцтва , то ў 1950 г. на кожнага чалавека, старэйшага за 20 гадоў, прыходзілася 12,96 літраў чыстага алькаголю . Для Беларусі 2007 г. гэты паказчык быў роўны 11,6 літраў , але, магчыма, у нашай краіне прыхільнасьць да алькаголю таксама будзе пераадоленая – іншым варыянтам ёсьць поўная дэградацыя грамадзтва, якая, паводле меркаваньня экспэртаў Сусьветнай арганізацыі здароўя, надыходзіць пры 8 літрах алькагольных напояў на жыхара за год.
Трэба адзначыць, што для турыста зь Беларусі ці Расеі Італія аніяк не нагадвае краіну, якая мае “алькагольныя” праблемы: вядома, тут не пабачыш мужыкоў, што скідваюцца “пад крамай” на бутэльку ці ванітуюць паміж пад’ездам і аўтастаянкай. Тлумачэньне гэтаму – больш мяккі характар працяканьня першай і другой стадыяў віннага алькагалізму ў параўнаньні з гарэлачным, а таксама іхная розная працягласьць: першая стадыя віннага алькагалізму, адзінай прыкметай якой зьяўляецца практычна штодзённае ўжываньне вялікіх дозаў без адчуваньня насычанасьці і агіды, цягнецца 9–15 гадоў (гарэлачнага – 1–4 гады). Вялікую заклапочанасьць італьянскіх дасьледчыкаў выклікае той факт, што традыцыйная форма алькагалізму ў Італіі (сталае ўжываньне, але без запою) мае вынікам значнае пашырэньне цырозу пячонкі .
Што ж тычыцца дэмаграфічнага становішча, то лічбы статыстыкі па прыросту насельніцтва, колькасьці разводаў, шлюбаў і няпоўных сем’яў зьяўляюцца для Эўропы суадноснымі з адпаведнымі дадзенымі па нашай краіне. Варта адзначыць, што ў Італіі зарэгістраваны адносна нізкі ўзровень разводаў – 0,8 на 1000 жыхароў (увогуле ж у Эўропе, прыкладна як і ў нас, разводам скончваецца кожны другі шлюб) і адзін з найменшых для Эўропы паказчыкаў па колькасьці дзяцей, народжаных адзінокімі маці – 15% (сярэдні для Эўропы – 33% , для Беларусі – 21%). Аднак, паводле Інтэрнэт-апытаньня, праведзенага кампаніяй ACNielsen, толькі 61% эўрапейцаў лічыць шлюб небходным этапам у разьвіцьці нармалёвых стасункаў.
Зрэшты, кожная краіна мае свае традыцыі асабістых адносінаў. У Італіі позна ствараюць сям’ю, позна нараджаюць дзяцей і доўга сустракаюцца да вясельля як заручоныя. Натуральна, здараюцца і расстаньні, але пасьля глябальнай высновы “быць разам” узаемаадносіны звычайна зьяўляюцца працяглымі і амаль афіцыйнымі. Але добрапрыстойнай схемы найбольш прытрымліваюцца ў мястэчках – зрэшты, і ў Беларусі разводы паміж гараджанамі здараюцца ўдвая часьцей, чым паміж вяскоўцамі.
Шлюбы заможных суграмадзянаў зь беларускімі дзяўчатамі не выклікаюць у італьянцаў асаблівага захапленьня: маўляў, чаму нармалёвы мужчына ня можа абраць жонку сярод сваіх знаёмых?.. Некалькі разоў выпадала кантактаваць з сэньёрамі славянскай крыві – бачна, што кабеты сумуюць, прагна слухаюць родную гаворку, бянтэжацца, бо ня могуць згадаць патрэбнае слова. Давялося сустрэць у Італіі і дзьвюх украінак-імігрантак – адна, саракагадовая кабета, жыла нелегальна ды працавала кампаньёнкай і адначасна хатняй гаспадыняй у хворай старой – каб зарабіць на навучаньне дачкі ва ўнівэрсытэце. Другая, маладзенькая, парадкавала бялізну ў гатэлі і ўсхліпвала, што праца цяжкая, і як добра вам вяртацца дахаты.
У ЧАКАНЬНІ ДАБРАБЫТУ
Калі мары пра ўласны дабрабыт часам вядуць непасрэдна ў заходнія краіны, то мары пра дабрабыт агульны абуджаюць жаданьне калектыўнага далучэньня да ЭЗ – каб той дабрабыт аўтаматычна сышоў на родны край і раўнамерна разьмеркаваўся па ягонай тэрыторыі. Прычым за прагай эўрапейскага дабрабыту дзіўным чынам забываюцца бліскучыя аўтамабілі пад вакном, пасьпяховыя сябры, зь якіх хто распачаў уласную справу, хто працуе ў добрай фірме, хто займаецца навуковай дзейнасьцю і падрабляе рэпэтытарствам. Згадваючы сваіх знаёмых, бадай кожны пагодзіцца, што прадпрымальныя, працавітыя, камунікабельныя людзі, здатныя да аб’ектыўнага аналізу рэчаіснасьці і засваеньня неабходных ведаў, могуць прыстойна жыць нават у нашай краіне. А матэрыяльныя праблемы маюць ці абсалютныя недарэкі, ці тыя, хто злоўжывае алькаголем, банальна “кепска вучыўся ў школе”, пакутуе на нейкія хваробы альбо ня здатны хутка прыстасавацца да зьменаў. Людзі гэтых катэгорыяў і ў Эўропе скардзяцца на розныя складанасьці, для Беларусі ж народны прынцып “хочаш жыць – умей круціцца” зьяўляецца яшчэ ў большай ступені абавязковым. Праўда, гэты прынцып ёсьць лёзунгам усіх правых палітычных партый, тым часам як мара атрымаць умовы й магчымасьці – тыпова левая і сацыялістычная.
Магчыма, тут на чытача крыху патыхнула БТ-шным, але любыя клішэ (з шэрагу якіх “да Эўропы дзеля дабрабыту”) зь цягам часу пачынаюць раздражняць і выклікаюць скептычнае стаўленьне. Лейтматывам апазыцыйнай публіцыстыкі паўсюль і спрадвеку зьяўляецца штосьці накшталт “зірніце, як сёньня ўсё кепска, але прыйдзем мы і распачнецца шчасьце” – аднак разумны грамадзянін прасякае гэтую фішку і імкнецца альбо скласьці ўражаньне пра сытуацыю ў сьвеце і роднай краіне паводле традыцыйных крыніц, адсейваючы інфармацыю, якая не выклікае даверу, альбо зьвяртаецца да адносна аб’ектыўных і ляяльных СМІ кшталту незалежных расейскіх тэлеканалаў ці некаторых беларускіх сайтаў. Бо, прыкладам, незалежна-дэмакратычная прэса пераважна засяроджваецца на хібах і амаль не аналізуе тое станоўчае й прагрэсіўнае, што заўжды існуе альбо нараджаецца ў грамадзтве – хаця ўдалае й пасьпяховае сваё мае больш шанцаў зрабіцца ўзорам ці стымулам, чым нават найдасканалейшае чужое. Таму часам карціць выправіцца па сьлядах якога-небудзь карэспандэнта “Советской Белоруссии”, які здаў цудоўны артыкул пра заможных і дбайных фермераў, каб, магчыма, сапраўды пераканацца ў рэальнасьці апісанага і адчуць, зразумець тое асабістае, што рухае, трымае, натхняе таго самага добрага фермера і робіць яго адрозным ад іншых братоў-вяскоўцаў…
Дарэчы, цікава, што памкненьне да эўрапейскага дабрабыту як адна з галоўных ідэяў апазыцыі часьцяком зусім не стасуецца з творамі незалежніцкай літаратуры. Ня так проста згадаць аўтараў, якія рабілі б сваіх пасьпяховых і заможных герояў прывабнымі ды станоўчымі (тут прыходзіць на думку адно Наталка Бабіна), бо найчасьцей забясьпечаны тып зьяўляецца ці тупым “новым рускім”, ці махляром альбо злодзеем, ці разбэшчанай амаральнай асобай. Натуральна, літаратура не павінна па замове прапагандаваць пэўныя сацыяльныя ідэі, але тлумачэньне гэтай тэндэнцыі альбо ў асабістай непрыхільнасьці творцаў да людзей забясьпечаных (паэты багацеямі не бываюць), альбо ў жыцьцяздольнасьці камуністычна-варожых поглядаў на буржуазію, якія падсьвядома пераймаюцца прадстаўнікамі сярэдняй класы насельніцтва.
Натуральна, зарабляць добрыя грошы ў Эўропе прасьцей, чым у Беларусі – у нас дзеля дабрабыту свайго і сваёй сям’і трэба “круціцца” больш. Але эўрапейская цывілізацыя – вытворчасьць, спажываньне, сфэра абслугоўваньня – у значнай ступені трымаецца на кульце моды, кульце камфорту і кульце эратычнасьці, слугаваньне якім, з пункту гледжаньня строга-рэлігійнага, зусім не зьяўляецца абавязковым і ўхвальным. Да таго ж, як зазначалася вышэй, дабрабыт наагул ЭЗ ды асобных эўрапейскіх сем’яў зьяўляецца заробленым і тлумачыцца высокімі дзелавымі якасьцямі эўрапейцаў.
СЬЦЯГІ
Для беларусаў-нацыяналістаў ня менш прывабным за эўрапейскі дабрабыт зьяўляецца эўрапейскі дэмакратызм. Але зноў жа, наіўна думаць, быццам улада дэмакратычнай краіны зьяўляецца ідэальнай і ва ўсім задавальняе насельніцтва – проста ёсьць больш рэальных і дзейсных магчымасьцяў для выяўленьня свайго незадавальненьня ці нязгоды. Да таго ж, калі беларусы гістарычна падзяляюць удзельнікаў палітычнай гульні на “добры” і “кепскі” лягер, а апазыцыя па-ранейшаму змагаецца за магчымасьць уплываць на дзейсную ўладу і ўваходзіць у склад заканадаўчых і выканаўчых органаў, то ў Італіі, дзе гэтая магчымасьць даўно дасягнутая і палітычныя бойкі ідуць ня толькі вакол выбараў, але й вакол канкрэтных законапраектаў, ужо зразумела, што ўсеагульнага “добрага” быць ня можа, патрэбы розных групаў насельніцтва не супадаюць, і тое, што зручна для адных, псуе справы іншым. Шматлікія палітычныя партыі Італіі імкнуцца ўзьдзейнічаць на стан рэчаў і даводзіць слушнасьць сваіх мэтаў праз аб’яднаньне ў кааліцыі і актыўную разумную агітацыю. Дарэчы, італьянскі дзьвюхпалатны парлямэнт, які складаецца з 630 дэпутатаў ды 315 членаў сэнату, зьяўляецца адным з самых вялікіх у Эўропе, што не выклікае асаблівага захапленьня ў грамадзян-падаткаплацельшчыкаў, нягледзячы на дэмакратычнасьць гэткага шырокага народапрадстаўніцтва.
Даведацца пра складанасьці палітычнага жыцьця Італіі, пакорпаўшыся ў Сеціве, нескладана, з уласных жа ўспамінаў згадваецца 2004 г., калі ледзь не на кожным гаўбцы стракацеў сьцяг з рознакаляровымі паскамі з надпісам PACE/PEACE, выяўляючы нязгоду гаспадароў дому з прысутнасьцю італьянскага кантынгенту ў Іраку. Па словах некаторых палітычных лідэраў, Італія была ўцягнутая ў вайну, на якую італьянскі парлямэнт ніколі не даваў згоды, а Канстытуцыя краіны забараняе вайскоўцам прымаць удзел у наступальных апэрацыях без абвяшчэньня вайны і згоды парлямэнту. Паводле тагачаснага апытаньня, 59% італьянцаў выказаліся за вывядзеньне войска з Іраку – але, нягледзячы на патрабаваньні грамадзтва, яшчэ ўлетку 2006 г. італьянскі кантынгент у Іраку складаў 2600 чалавек, хоць большасьць жыхароў Італіі лічыла ганебным удзел сваёй дзяржавы ў гэтай ваеннай кампаніі.
Адзін гэты факт пераканаўча сьведчыць, што насельніцтва дэмакратычных краін таксама мае падставы наракаць ды абурацца на свае ўлады. Дарэчы, цікава, што для Італіі, як і для Беларусі, спэцыфічнай, нават драматычнай зьяўляецца сытуацыя з мовай. Дакладней, менавіта з мовай, дзяржаўнай, агульнаўжывальнай, разьвітай, у Італіі праблемаў няма – затое ў краіне існуе 14 дыялектаў і больш за сто гаворак, што тлумачыцца гарыстасьцю мясцовасьці (горы займаюць амаль 4/5 усёй тэрыторыі Італіі, адкуль паходзіць ізаляванасьць асобных групаў мястэчак і спрыяльныя ўмовы для захаваньня дыялектаў), а таксама рознасьцю ў культурна-палітычным разьвіцьці асобных раёнаў краіны. Нават сёньня карэнны пьемонцец ніколі не зразумее сіцылійца, які размаўляе на родным дыялекце, нягледзячы на тое, што абодва – грамадзяне адной дзяржавы. Дыялекты значна розьняцца лексікай і фанэтыкай. Праўда, цяпер на поўначы Італіі стала размаўляюць на дыялекце адно прадстаўнікі старэйшага пакаленьня – між сабой ці ў мэтах кансьпірацыі. Італьянцы сярэдняга ўзросту разумеюць дыялект, але ня могуць вольна на ім размаўляць, што ж да моладзі, то большасьць хлопцаў ды дзяўчат здатныя толькі ўхапіць ды зразумець асобныя фразы. Пры гэтым пераважная колькасьць насельніцтва выдатна валодае агульна-італьянскай мовай і для афіцыйнага ўжытку абірае адно яе. З пункту гледжаньня італьянцаў, зьнікненьне дыялектаў – зьява адмоўная, таму ў большасьці местачковых школаў маюцца факультатывы, на якіх вывучаюць асаблівасьці мясцовай гаворкі – дзеля самаўсьведамленьня, пераемнасьці і памяці пра традыцыі, што лічыцца ў Эўропе сапраўды вартым і вызначальным.
Адным з найбольш яскравых “палітычных” уражаньняў ад Італіі быў вечар у моладзевым летніку: агульная размова на нейкую выхаваўчую тэму перапынялася гульнямі й сьпевамі, і некалькі хлопцаў чамусьці ўзяліся граць “Forza, Italia…” – другі неафіцыйны гімн краіны і першы гімн аматараў італьянскага футболу (пра перамогу роднай каманды ў адказным матчы можна даведацца па сьцягах, што бруяцца над вокнамі італьянскіх дамоў). Сьпеў падхапілі, і па два-тры чалавекі пачалі ўздымацца – так што ўсе скончылі песьню стоячы, з захапленьнем на тварах. Прычым, адбывалася гэта цалкам вольна, без падштурхоўваньня ў сьпіну дарослымі, адрухова, але з адчуваньнем натуральнай належнасьці. І хаця галоўным тлумачэньнем дзеі была пашана да нацыянальнага спорту, гонар за сваю краіну, чым бы ён не вызначаўся, – безумоўна, рыса істотная. Вядома, адразу ж прыйшло на думку: ці можа здарыцца штосьці падобнае праз колькі гадоў-дзесяцігодзьдзяў у звычайным беларускім летніку – не на адмысловай экскурсіі Ліцэю ці БПРСМ-аўскай суполкі?..
Падагульняючы, хацелася б зазначыць, што жыцьцё заходніх краін шмат у чым сапраўды падаецца больш нармалёвым. Але захапленьне эўрапейскім шляхам разьвіцьця, пры якім эўрапейскасьць заўсёды ёсьць нечым станоўчым, тым часам як неэўрапейскасьць нібыта выяўляе заганнасьць і прымітыўнасьць, магчыма, ёсьць глябальнай бядой апошняга стагодзьдзя для іншых краінаў сьвету. Неабходнасьць арыентавацца на дасягненьні Захаду пазбавіла нацыянальныя культуры дый цэлыя грамадзтвы магчымасьці ўласнага разьвіцьця – ці разьвіцьця ўласных патэнцыйных магчымасьцяў. Зрэшты, на гэта шматкроць зьвярталася ўвага і даўней – у дадзеным жа артыкуле цікава было паглыбіць, аспрэчыць ці зірнуць крыху зь іншага боку на тыя ідэі, параўнаньні, супастаўленьні, якія ў аднолькавых фармулёўках сустракаюцца ў незалежніцкай публіцыстыцы і ператвараюцца ў догмы дэмакратычна-патрыятычнага руху. Бо сыпаньне агульнавядомымі фразамі, якія хай сабе і ўтрымліваюць сьвятарныя словы Бацькаўшчына, дабрабыт, Захад, дэмакратыя, аўтарытарызм і г. д., хутчэй насьцярожвае, чым выклікае павагу – прынамсі, калі гадоў зь пяць сочыш за разьвіцьцём ці неразьвіцьцём (у залежнасьці ад аўтара пэўнага тэксту) незалежнай грамадзкай думкі. У кагосьці зь лідэраў/публіцыстаў/мысьляроў развагі на грамадзка-палітычныя тэмы сапраўды ідуць у кантэксьце падзеяў ды зьменаў, утрымліваюць аналіз і высновы. Нечыя ж тэксты – клясычна пазачасавыя, са спрадвечнымі думкамі-скаргамі, статычнай Беларусьсю – так што вызначыць час напісаньня тэксту бяз позірку ў правы куток газэтнае старонкі ўвогуле немагчыма. А менавіта здольнасьцю да разьвіцьця, самаўдасканаленьня, пошуку тлумачацца посьпехі Эўропы…
Алеся Лапіцкая — празаік, крытык, публіцыст. Нарадзілася ў Менску ў 1987 г. Студэнтка філялягічнага факультэту БДУ.
Каментары