Восем гадоў таму, 22 чэрвеня 2003 года, ня стала Васіля Быкава. Прапануем вашай увазе артыкул, надрукаваны ў «ARCHE» №4 за 2003 год, які пабачыў свет неўзабаве пасьля смерці Пісьменніка.

У Беларусі яшчэ захавалася тая архаічная і адначасна рамантычная павага да пісьменьніка. Нездарма так часта ў нас зьяўляюцца наіўныя дзяўчаткі і хлопчыкі, якія пішуць вершы. Ім здаецца, што пісьменьнік — крыху прарок.

І цяпер — памёр наш Вялікі Паэт. Анэкдот пра “вершы Быкава” не такі ўжо абсурдны, калі слова паэт разумець у вышэйшым сэнсе, ведучы адлік ад Гамэра. Такая іронія праўды! Амаль сто гадоў таму сьмерць Талстоя для нашых суседзяў мела блізкую вагу. Надоўга гэтая сьмерць стане вяхою, якой мы чакалі і баяліся. Бо ня скора будзем мець, і ці будзем, такога заступніка перад сьветам. Фэномэн Быкава народжаны савецкаю эпохай, але насуперак саветам. Махіну каляніяльнае культуры пісьменьнік volens nolens скарыстаў для “раскручваньня” свайго таленту, для таго, каб сказаць сьвету, што “Жыве Беларусь!”.

Ён, як ніхто іншы, нідзе не пахібіў, не адхіліўся ад няпісанага кодэксу Вялікага Паэта. Сёньня можна колькі заўгодна капацца ў прыватным жыцьці пісьменьніка, шукаць дробныя, “пабытовыя” абмылкі, але не знайсьці ў ім абмылаў быцьцёвых. Як ні спакушалі вакол, як ні даводзілі то расейскасьць, то савецкасьць Быкава — памёр ён беларускім нацыяналістам. І памёр, як шчыры беларус, сэнсоўна, можна сказаць, “рупліва”. Патрапіў вярнуцца на родную зямельку.

Пры нагодзе хочацца ўспомніць адну дэталь, якая ў свой час моцна мяне ўразіла. У сярэдзіне васьмідзясятых гадоў я недзе пачуў ці прачытаў, што Быкаў дзеля творчае свабоды адмовіўся ад нейкае высокае пасады. Так гэта было ці не зусім, але я доўга разважаў гэты факт. Ён ператварыўся для мяне ў прыпавесьць. Тады я не сумняваўся ў рацыі Ніцшэ, што ўсё жывое імкнецца да ўлады. Але якой? Во пытаньне! І што значыць улада Бісмарка супраць улады Гегеля! Улада Аляксандра Македонскага — супраць улады Плятона, Дыягена! Ад першых у найлепшым разе засталося імя, а другія і да гэтае пары валодаюць нашымі думкамі.

Улада ж звычайнага чыноўніка ў гэтым сэнсе нішто. Тое самае, што ўлада вахцёра на прахадной. Можна мець чын — чаму не! — але ганарыцца ім — гэта прыніжаць самога сябе. Асабліва ганебны такі гонар для пісьменьніка, гэтаксама як і захапленьне ўзнагародамі, славаю. У апошнія гады жыцьця, кажуць, Быкаву прапаноўвалі стаць кандыдатам у прэзыдэнты. Чаму ж ён адмовіўся, калі гэта было так патрэбна не самому Быкаву, а нам, беларусам? Гавал жа не пагрэбаваў зямною ўладаю. Асьцярожнасьць Быкава, як індыкатар, паказвае, што мы маем шулерскі і бутафорскі палітычны бамонд. І ў гэтым таксама яго папярэджаньне сучасным палітыкам.

Імя Быкава даўно стала жывым аргумэнтам. Адзін гарадзенскі змагар з адраджэньнем яшчэ гадоў пятнаццаць таму назваў яго “буйной артылерыяй беларускага нацыяналізму”. І зь якой палёгкаю ўспрынялі гэтую сьмерць ворагі! Цікава было назіраць розьніцу: як пахаваньне апісвалі сьведкі і як яго падавала тутэйшая тэлевізія. Апошняя надта моцна ціснула на савецкія заслугі Быкава, на тое, што ён герой сацыялістычнай працы. Нібы хацела ўпхнуць Паэта ў рамкі чыноўніцкае велічы і наагул нэўтралізаваць — нарэшце! — яго беларускасьць. Як тут ня ўспомніць “Легенды пра Вялікага Інквізытара” Дастаеўскага. Мёртвы паэт зручнейшы за паэта жывога!

Гэты артыкул быў надрукаваны ў «ARCHE» №4 за 2003 год.

Чытайце таксама:

Славамір Адамовіч. Варты самога сябе

Валянцін Акудовіч. Чаму Васілю Быкаву не далі Нобэлеўскай прэміі?

Алесь Анціпенка. Не народны пісьменьнік.

Вера Рыч. У вянок Пісьменьніку.

Яўген Сьвярсьцюк. Нас зь беларусамі дзяліў досьвед 60-х.

Максім Шчур. Усенародны, беларуска-савецкі.

Сяргей Шыдлоўскі. Тры целы беларускага караля.