Святой памяці Ўладзіміра Фурса.

 

 

Гэта была першая навіна, якая сустрэла мяне пасля вяртання з грэка-каталіцкага манастыра. “Фурс памёр. Вось так-та”. Таня Елавая, на скайпе якой фігураваў гэты надпіс, пацвердзіла: так, маецца на ўвазе наш Фурс.

 

Падчас побыту ў манастыры смерць была адной з тэмаў маіх рэфлексій. Вельмі ўразілі мяне словы з кнігі Герберта МакКэйба, англійскага дамініканца: “Смерць чалавека з’яўляецца для нас своеасаблівай абразай. (…) Кожная смерць прарывае апавяданне, якое мела прад сабой бясконцыя магчымасці. (…) Маем права быць абуранымі на смерць, а гэтае абурэнне ёсць сутнаснай часткай жалобы па памерлым. Маем таксама права гневацца на Бога”. Смерць Уладзіміра Фурса асабліва яскрава дае адчуць гэту “прарванасць апавядання з бясконцымі магчымасцямі”.

 

Мне дадзена было толькі аказіянальна сутыкнуцца з Уладзімірам Мікалаевічам. У 2007 годзе ён запрасіў мяне да ўдзелу ў арганізаваных ім семінарах на тэму “Накірункі палітычнай філасофіі”. Памятаю, падчас першага – арганізацыйнага – спаткання, калі я пачаў нешта казаць па-расейску, ён прарваў мяне і заахвоціў гаварыць па-беларуску, выразіўшы пры гэтым шкадобу, што ён сам пакуль недастаткова валодае мовай. Дабразычлівая адкрытасць адносна ідэйнай разнастайнасці спалучалася ў ім з суровай патрабавальнасцю адносна змястоўнасці выказванняў.

 

Гэты аказіянальны, амаль мімаходны, кантакт з Уладзімірам Мікалаевічам меў (і мае) трывалае значэнне для майго інтэлектуальнага жыцця. Арганізатар “Накірункаў” запрапанаваў мне выступіць на тэму спецыфікі рэлігійнага досведу ў постсекулярным свеце. Гэтая ідэя сталася для мяне, як ніводная іншая, натхняльная і плодная. Пачаткова яна ўцелавілася ў 45-хвілінны выступ, потым у даволі ёмісты артыкул, а зараз яна ўжо з’яўляецца амбіцыёзным даследніцкім праектам. Калі б не Фурс, не было б гэтага праекту.

 

Уладзімір Фурс гарэў і запальваў іншых. І як тут не прыгадаць старое, але ўсцяж вельмі актуальнае параўнанне жыцця чалавека да свечкі, якая аддае сваё быццё вогненнаму полымю. У гэтым гарэнні-згаранні рэалізавалася яго пакліканне як філосафа, як грамадзяніна і як педагога. Смуткуючы з-за прадчаснага згарэння філосафа, нам нельга забыцца пра полымя, якое ён пакінуў у розумах, сэрцах і працах шматлікіх вучняў, чытачоў, супрацоўнікаў.

 

Мы маем права быць абуранымі на смерць. Але не маем права ёй паддавацца. Цытаваная вышэй кніга МакКэйба мае тытул: Hope. Прызнаюся, што я не чытаў гэтай кнігі, а цытату прывёў услед за іншым багасловам-дамініканцам, Цімаці Рэдкліфам. Аднак, сама назва кнігі падаецца вельмі інфарматыўнай і значэннай. Я перакананы, што МакКэйб у сваёй “Надзеі” ўказвае на абмежаванасць моцы смерці. На тое, што яна, смерць, капітулюе перад надзеяй. “Смерць – гэта толькі гарызонт, а гарызонт – гэта толькі мяжа нашага бачання” (аўтар невядомы). Я глыбока перакананы, што філосаф Фурс не знік, а ўсяго толькі пераступіў мяжу гарызонта нашага цяперашняга бачання.

 


 

Пётра Рудкоўскі — філёзаф, ляўрэат прэміі “ARCHE” “За сумленнае слова”.

 

http://belintellectuals.eu