Здавалася б, на агульным фоне абыякавасці і здрадніцтва мусіць падаўляцца маральны дух, але чамусьці адбылося цалкам адваротнае. Якраз пачуццё надзеі на справядлівасць і захапленне гэтымі людзьмі, у якіх хапіла мужнасці змагацца за свае правы, дае надзею на перамогу.

Учора ўвесь вечар да позняй ночы сачыў за навінамі з Менска. Не магу сказаць, што ўвесь свет назіраў за падзеямі на плошчы і каля Дома ўраду. Хутчэй наадварот, стварылася ўражанне, што нікому няма справы да таго, што там адбываецца, – цынічныя каментары ў ЖЖ і Твітэры ад расійскіх блогераў, зларадныя жарты і адсутнасць хоць якой падтрымкі на заходніх тэлеканалах. І, напаследак, вось такі каментар на сайце чартэра ад чалавека, які быў на плошчы:

Некалькі пытанняў: 1.Таварышы, куды збег Раманчук? 2. Чаму спадар Статкевіч адступіў ад плану і зрабіў усё па-свойму? 3. Чаму, калі мы пайшлі на АМАП, нас раптам аказалася так мала? Каля дзвярэй ЦВК не было больш за 1,5 тыс. чалавек, пасля ішоў прабел 50 метраў, а далей уся плошча стаяла і назірала! 4. Навошта увогуле ішлі, калі сцыце? Дурню ясна, што без АМАПу не абыдзецца… Але вы нават не паспрабавалі ім супрацьстаяць! Супрацьстаялі тыя самыя 1,5 тысячы. Я хрупкая дзяўчына, мне 20 гадоў… Але я была ў першых шэрагах, бо жыць пры фашызме для мяне страшней, чым атрымаць дубінкай па галаве.

Здавалася б, на агульным фоне абыякавасці і здрадніцтва мусіць падаўляцца маральны дух, але чамусьці адбылося цалкам адваротнае. Якраз пачуццё надзеі на справядлівасць і захапленне гэтымі людзьмі, у якіх хапіла мужнасці змагацца за свае правы, дае надзею на перамогу.

У Францыі ў 1968 годзе дакладна гэтак жа ўлада запужвала і жорстка распраўлялася са сваім народам. Дакладна гэтак жа 20-гадовых хлопцаў і дзяўчат паліцэйскія білі дубінкамі, ужывалі супраць іх слезацечны газ, за валасы цягнулі ў фургоны з кратамі, саджалі ў турму. Але ў выніку скончылася зменай ураду і адстаўкай прэзідэнта.

Скончылася перамогай, бо ніякімі лжывымі заявамі не засланіць праўды. Няхай 99% выбаршчыкаў сцвярджаюць, што 2 на 2 – гэта пяць, праўда ад гэтага не зменіцца! І таму я заўсёды застануся менавіта з гэтым 1% разважлівых людзей, якія не баяцца прызнаць, што 2 на 2 – гэта ўсё-ткі чатыры. А калі праўда на тваім баку, не варта баяцца застацца ў меншасці. Урэшце, менавіта гэтая меншасць пераможа, бо праўда і справядлівасць – зброя нашмат мацнейшая і эфектыўнейшая за шумавыя і светлавыя гранаты, паліцэйскія дубінкі ды слезацечны газ.

І тое, што адбылося ў маі 1968 года ў Францыі, абавязкова адбудзецца ў Беларусі – у такой жа цывілізаванай еўрапейскай дзяржаве. У гэтай краіны нашмат болей агульнага ў культуры і гісторыі з Еўропай, чым з суседняй Азіяй. А пасля ўчорашняга вечара ў мяне не засталося ніякіх сумневаў – акрамя еўрапейскага мінулага, Беларусь даволі хутка чакае еўрапейская будучыня. Галоўнае – не губляць надзеі і дзейнічаць.

Фёдар Сумкін, Opera78
20 снежня 2010
Парыж

Невялікая падборка фотаздымкаў з рэвалюцыйнага Парыжу і лозунгі тых дзён:

 

On achète ton bonheur. Vole-le. Тваё шчасце купілі. Скрадзі яго!

Soyons cruels! Будзем жорсткімі!

Il est interdit d’interdire. Забараняць забаронена!

Soyez réalistes, demandez l’impossible. Будзьце рэалістамі, патрабуйце немагчымага!

Ceux qui font les révolutions à moitié ne font que se creuser un tombeau. Тыя, хто робіць рэвалюцыю напалову, рыюць сабе магілу.

On ne revendiquera rien, on ne demandera rien. On prendra, on occupera. Мы не будзем нічога патрабаваць ці прасіць. Мы возьмем і захопім.

Depuis 1936 j’ai lutté pour les augmentations de salaire. Mon père avant moi a lutté pour les augmentations de salaire. Maintenant j’ai une télé, un frigo, une VW. Et cependant j’ai vécu toujours la vie d’un con. Ne négociez pas avec les patrons. Abolissez-les. З 1936 года я змагаўся за павышэнне заробка. Раней за тое самае змагаўся мой бацька. Цяпер у мяне ёсць тэлевізар, лядоўня і “фольксваген”, і ўсё ж я пражыў жыццё, як казёл. Не гандлюйцеся з босамі! Ліквідуйце іх!

Le patron a besoin de toi, tu n’as pas besoin de lui. Ты патрэбны шэфу, а ён табе – не.

Dans une société qui a aboli toute aventure, la seule aventure qui reste est celle d‘abolir la société. У грамадстве, што скасавала ўсе авантуры, адзіная авантура – скасаваць грамадства!

La révolution est incroyable parce que vraie. Рэвалюцыя неверагодная таму, што яна сапраўдная.

Il est douloureux de subir les chefs, il est encore plus bête de les choisir. Цяжка падпарадкоўвацца начальнікам, але яшчэ большае глупства – іх выбіраць.

Un seul week-end non révolutionnaire est infiniment plus sanglant qu‘un mois de révolution permanente. Адзін ўік-энд без рэвалюцыі нашмат больш крывавы, чым месяц перманентнай рэвалюцыі.

Je t‘aime! Oh! dites-le avec des pavés! Я цябе кахаю! О! Скажы гэта з каменем у руцэ!

Mort aux vaches! Смерць мянтам!

Imagine : c’est la guerre et personne n’y va ! Уяві сабе: вайна, а на яе ніхто не пайшоў!

 

 

 

 

 

Болей фота ТУТ.

 


 

 

Фёдар Сумкін нарадзіўся ў Гомелі, у 18 гадоў з’ехаў у Маскву, дзе працаваў дызайнерам для часопісаў і рэкламных агенцтваў. З 2001 года жыве ў Еўропе, у 2005-м, у Парыжы, заснаваў студыю “Opera78”. Супрацоўнічае з міжнароднымі брэндамі, такімі, як “Nike Inc.”, “Burton Snowboars” і “UNIQLO”. Сярод часопісаў і газет – з “New York Times”, “Esquire Magazine” (выданне ў ЗША) і шмат з кім яшчэ. Аўтар вядомага партрэта Лукашэнкі “Europe’s Last Dictator”.

 

34mag.net