Трэба верыць, што хаця б тарашкевіца застанецца вернай цяжкай, дваістай, але багатай спадчыне 20-га стагодзьдзя. Трэба верыць, што сучасныя граматысты-прыхільнкі тарашкевіцы, нарэшце, напішуць хаця б сьціслую граматыку і тэарэтызуюць шматлікія, асабліва спрэчныя пытаньні.

 

У мове, тым больш афіцыйнай зпалітызаванай і зыдэалягізаванай беларускай мове, выразна адбіваюцца ўсе зьявы грамадзкія і перадусім аўтарытарныя тэндэнцыі нашага разьвіцьця (чына- і богапаклонства перадусім). Неафіцыйная тарашкевіца таксама, канечне, адлюстроўвае гэтыя зьявы, але ў меньшай ступені, бо мае сваю традыцыю супрацьстаяньня дыктату – сьпярша разьвіцьцё па-за межамі БССР, а цяпер віртуальшчыну. Так, менавіта віртуальнаму сяньня яна застаецца дэмакратычнай і захоўвае традыцыю самастойнасьці, а галоўнае разнастайнасьці і сьвецкасьці. Як ні дзіўна тарашкевіца, якая і не думала сумысьля быць абаронцай сьвецкіх каштоўнасьцяў, становіцца ёю цяпер у век вяртаньня рэлігійнага, вяртаньня чынапаклоніцтва. Менавіта гэтыя дзьве тэндэнцыі, зьявы, афіцыйна ўведзеныя зь верасьня 2010 году ва ўжытак, апісваюцца як дасягненьне беларускай мовы (А. Трусаў у пытаньні правапісу рэлігійных найменьняў, В. Іўчанкаў наагул). Тады як, падаецца, гэта вяртаньне да сапраўднага цемрашальства.

 

Канечне, гэта натуральна, што загнаныя і зацюканыя за саветамі рэлігійнікі цяпер рэваншуюць разам з аўтарытарнай дзяржавай, адваёўваюць публічную прастору і мову. Але ж такім чынам паўтараюцца аднабаковасьць і гвалт, якія так крытыкаваліся раней гэтым ж рэлігійнікамі. Традыцыя сьвецкай мовы і мовы рэлігійнай, замацаваная падзелам Царквы ад Дзяржавы, выглядала натуральнай. У сьвецкіх тэктах усе рэлігійныя найменьні пісаліся з малой літары, а ў рэлігійных зь вялікай. Цяпер жа ўся рэлігійшчына, якой бы скіраванасьці ні быў тэкст, пішацца зь вялікай літары і гэта трактуецца як прагрэс. Паралельна ўводзіцца напісаньне многіх пасадаў, асабліва такіх значных, як прэзідэнт, зь вялікай літары. Няма сумневу, гэты паралелізм у беларускай мове – не простае супадзеньне. Мова – прадукт аўтарытарнай дзяржавы, аўтарытарнай Акадэміі навук, а таму няма дзіва, што яна мяняецца і ўхваляе бога (ці багоў), прэзідэнтаў, якія выдаткоўваюць ласку ці грошы на яе разьвіцьцё, альбо дакладней утрыманьне.

 

У тарашкевіцы, якая ня мае сучаснай граматыкі, усё яшчэ ў сіле гэты падзел на рэлігійныя тэксты і тэксты сьвецкія, у адпаведнасьці з чым і вызначаецца правапіс рэлігійных найменьнікаў. То бок, тарашкевіца – адзіны стандарт мовы, які прытрымліваецца прынцыпу сьвецкасьці і паважае інтарэсы, каштоўнасьці ўсіх беларусаў: вернікаў і атэістаў. Гэта адзіны стандарт беларускай мовы, які паважае перадусім чалавека, аўтара, паважае ягоныя пазыцыю і ідэалёгію. Гэта канкрэтны і гуманістычны стандарт, а не стандарт адцягнуты, прыцягнуты за валасы і зацьверджаны расейскамоўнымі і трасянкамоўнымі дэпутамі, якія раптам зацікавіліся пытаньнямі і праблемамі беларускай мовы. Чаму ж жадны дэпутат тады не паставіў лягічнага пытаньня: “А як жа прынцып сьвецкасьці, замацаваны Канстытуцыяй?” Ніхто не зьдзівіўся ў парлямэнце, што рэлігійным найменьням так лёгка і безальтэрнатыўна вярнулі вялікую літару, быццам гэта і не супярэчыць канстытуцыйнаму прынцыпу.

 

І як заўсёды ў падобных дэбатах чуецца тлумачэньне накшталт таго, што ў суседніх мовах — расейскай і польскай – бог і падобнае пішуцца зь вялікай літары. Як заўсёды беларусам – гэтым вечным дзецям – неабходны нейкія аўтарытэты бацькоў. У 20-ым стагодзьдзі мы выпрацавалі сваю дваістую традыцыю, аб якой узгадвалася вышэй: традыцыя сьвецкая побач з традыцыяй рэлігійнай у мове. Дык чаму ж так лёгка мы адмовіліся ад яе? Няўжо ўсе дасягненьні беларускай культуры 20-га стагодзьдзя нагэтулькі адмоўныя?

 

Сучасныя рэфарматары-наркамаўцы часта спасылаюцца ў сваіх развагах на практыку, на рэчаіснасьць, на актуальнасьць зьменаў: маўляў, сяньня народ павярнуўся да бога, адбудоўаюцца цэрквы, таму натуральным выглядае і вяртаньне вялікай літары ў словы рэлігійнага пляну. Непаслядоўнасьць наркамаўцаў зьдзіўляе: ня ўсюль яны карыстаюцца гэтым прынцыпам актуальнасьці. Напрыклад, сяньня кабеты ўва многіх краінах сталі прэзыдэнткамі, прэм’еркамі і нават япіскапкамі, гэта вядомы факт, актульнасьць, тым ня менш, наркамаўка застаецца сьляпой і працягвае называць іх прэзыдэнтамі, прэм’ерамі, япіскапамі, а не прэзыдэнткамі, прэм’еркамі ці япіскапкамі. Карацей, усё як і ў расейскай традыцыі, ад якой часта ня можа адыйсьці наркамаўка.

 

Трэба верыць, што хаця б тарашкевіца застанецца вернай цяжкай, дваістай, але багатай спадчыне 20-га стагодзьдзя. Трэба верыць, што сучасныя граматысты-прыхільнкі тарашкевіцы, нарэшце, напішуць хаця б сьціслую граматыку і тэарэтызуюць шматлікія, асабліва спрэчныя пытаньні. Хочацца верыць, што тарашкевіца, якая дасюль застаецца рэвалюцыянэркай і сапраўднай альтэрнатыўнай культурна-моўнай лябараторыяй беларусаў, застанецца прыгэтым і сьвецкай. Бо мова належыць ня толькі беларусам-вернікам, але і беларусам, якія зусім ня вераць у бога, ані багоў, ані багіняў.