Сёння прапаную некалькі штырхоў да партрэта сучаснага кніганошы, а дакладней – дысканошы.

У свой час Уладзімір Караткевіч сваёй навэлай “Кніганошы” рамантызаваў небяспечную працу тых, каго сёння называюць “распаўсюднікамі непадцэнзурнай беларускамоўнай кніжнай прадукцыі”. І ў наш час сучасным кніганошам знайшалася праца. Толькі ў асноўным цяпер яны заняты распаўсюджваннем беларускіх дыскаў, кніг, у тым ліку, і па музычнай тэматыцы, адпаведнай атрыбутыкі (значкоў, постэраў і саколак) нашых выканаўцаў. Менавіта дзякуючы гэтым сціплым героям музычнага рынка беларускамоўная прадукцыя ўсё часцей знаходзяць сваіх удзячных спажыўцоў. На захадзе гэтая з’ява набыла назву “дыстро” (ад англ. distro: disk + bistro) – так называюцца некамерцыйная сетка распаўсюджвання музыкі, друкаваных выданняў і атрыбутыкі на тую ці іншую музычную тэматыку.

Працуюць беларускія дыстро ў асноўным у інтэрнэце, але існуе актыўная сетка распаўсюднікаў, якія вядуць гандаль беларускамоўнай прадукцыяй наўпрост, у кантакце са спажыўцамі. Сёння прапаную некалькі штырхоў да партрэта сучаснага кніганошы, а дакладней – дысканошы. У гэтым мне дапаможа пачынальнік і легенда беларускамоўнага дыстро, вядомы беларускі літаратар і музычны крытык Вітаўт Мартыненка.

 

Хто ён, сучаны беларускі кніганоша?

Колькасць распаўсюднікаў беларускамоўнай прадукцыі ў нашай краіне пакуль не такая вялікая, каб ставарыць сацыяльны партрэт гэтай культурніцкай з’явы. Тым не менш, сярод гандляроў беларускімі дыскамі ёсць людзі рознага ўзросту і сацыяльнага становічша. Быць распаўсюднікам такой важнай прадукцыі выказваюць ахвоту і студэнты, і прадпрымальнікі сярэдняга ўзросту, і пенсіянеры…

 

Да таго ж, ёсць адна рыса, якая аб’дноўвае беларускіх дысканошаў і якая вельмі неабходна ўсім, каб стаць паспяховым распаўсюднікам – любоў да беларушчыны, да беларускай музыкі ўсіх накірункаў.

 

Гэтая якасць дапамагае весці з патэнцыяльнымі спажыўцамі бесперапынны дыялог, пад час якога выяўляюцца яго музычныя прыхільнасці, рэкламуюцца навінкі беларускага музычнага рынка, прапануецца прадукцыя, якая найбольш адпавядяае густу пакупніка. Галоўнае – любіць тую музыку, якая прапануецца пакупніку. У рэшце рэшт, такія ўзаемадносіны вядуць да таго, што беларуская прадукцыя ўсё часцей знаходзіць свайго спажыўца.

 

Заўважу, што сярод тых, хто звяртае сваю ўвагу на “меню” беларускага дыстро, сустракаюцца не толькі ўжо вопытныя знаўцы айчынных музычных навінак, але і неафіты, якія ў сваім жыцці ніколі не сутыкаліся з нацыянальным мастацкім прадуктам. Для іх у распаўсюджвальнікаў беларускамоўнай прадукцыі назапашана вялікая колькась класічных і найноўшых альбомаў (іх можна паслухаць “жыўцом” на CD-прайгравальніку), якія могуць перавярнуць іх уяўленне пра сучасную беларускую музыку, а таксама моцная агрументацыя, каб стаць спажыўцом нацыянальнага музычнага прадукта. Па-першае, тлумачаць ім дысканошы, набываць беларускія дыскі – гэта модна ці па-сучаснаму “крута”, па-другое, такога прадукта няма ў іх сяброў, а таму яны будуць валодаць эксклюзіўным музычным таварам!

 

Вядзецца дыялог і з нешматлікімі беларусафобамі, якія для задавальнення сваёй цікаўнасці бывае заглядваюць на паліцы з беларускамоўным таварам (“А, это ваши беларусские дела!”). Галоўны аргумент у спрэчцы з імі – факт шырокага стылістычнага спектра беларускамоўнай музычнай прадукцыі. Як і адносіны да любой з’явы, так і іх цікаўнасць да айчыннай музычнай прадукцыі праходзіць праз тры этапы: першы – “поўная лухта!” потым – “у гэтым нешта ёсць”, трэці – “беларуская музыка выдатная!” Вось чаму трэба адзначыць вялікую заслугу беларускіх распаўсюджвальнікаў у тым, што недабразычліўцаў беларушчыныстановіцца менш.

Як зрабіць гандль беларускім музычным таварам выгадным?

 

Яшчэ адна асаблівасць распаўсюджвання беларускамоўнай музычнай прадукцыі – мабільнасць гандлёвых кропак, якія ладзяцца дысканошамі на канцэртах і фестывалях, культурніцкіх імпрэзах нацыянальнай скіраванасці. Такой развароцістасці не дачакаешся ад дзяржаўнага гандлю. Як і прымальнага для масавага пакупніка кошта на прадукцыю. А як фарміруецца цэны на беларускамоўную прадукцыю ў сучасных дысканошаў? Пра гэта распавядае Вітаўт Мартыненка: “У свой час я паматаўся па свеце і паглядзеў, як, напрыклад, у Канадзе фарміруюцца кошты на музычную прадукцыю. Кожны гандляр там імкнецца быць прывабным для пакупніка: забяспечвае якасць тавара і аптымальнасць яго кошта. Але ў беларускім дзяржаўным гандлі ўсё знаходзіцца ў полі адміністрацыйнага кіравання. Напрыклад, кніга “222 альбомы беларускага року і ня толькі…” (В. Мартыненкі і аўтара гэтых радкоў А. Мяльгуя) у краме “Акадэмкніга” каштуе 22 тысячы рублёў. У краме “Падземка” – 29 тысяч, у галерэі “Ў” – 24 тысячы 800 рублёў. І цэннікі на яе не меняюцца гадамі…

 

Я ж, перад тым як выставіць кошт дыска ці кнігі, высвятляю ў выдаўца яе сабекошт і колькі грошаў я павінен яму здаць, пасля таго як увесь тавар распрадасца. Дадаю да гэтай сумы свае пару тысяч рублёў і фармірую кошт тавара, які ў выніку атрымліваецца даволі прывабным для пакупніка. Для параўнання: у дзяржаўных крамах, калі тыя бяруць на распродаж беларускія дыскі ці кнігі, “накруткі” дасягаюць два с паловай разы! Зразмела, ім трэба плаціць заробкі гандлярам, плаціць арэнду… Мы ад гэтага не залежым, таму і можам прапанаваць зусім іншыя, больш нізкія кошты. Тую ж энцыклапедыю “222 альбомы беларускага року і ня толькі…” у мяне можна купіць па 17-20 тысяч рублёў у залежнасці ад якасці выдання. Але я магу прадаць яе і за 15 тысяч, калі бачу, што чалавек вельмі цікавіцца, а грошай на поўны кошт не хапае.

 

У маркетынгу ёсць такое паняцце як “імгненны попыт”: чалавек, магчыма, пад уздзеяннем дыялогу з гандляром ці ад разумення грашовай выгады, выказвае жаданне тэрмінова зрабіць пакупку таго ці іншага выдання. І калі гэты попыт не задаволіць у гэтую ж хвіліну, то гэтая жаданне можа згаснуць назаўсёды. Мы маем магчымасць задавальняць “імгненны попыт”, бо ўвесь час мы знаходзімся ў кантакце з пакупнікамі, мы аператыўна інфармуем пра тую музыку, пра тую культуру, якую мы самі любім і шануем!”

 

Да того ж, ніводная дзяржаўная крама не можа прапанаваць музычныя дыскі ці кнігі з аўтографамі выканаўцаў ці аўтараў тэкстаў. У выпадку з прадукцыяй ад Вітаўта, то разам з многімі музычнымі альбомамі ў яго можна атрымаць і аўтограф. Як аўтара вершаў (для гурта P.L.A.N., напрыклад), аўтара прадмовы да новыха дыскаў БМАgroup ці той жа кнігі “222 альбомы беларускага року і ня толькі…”. Тады тавар, які куплены ў беларускім дыстро, набывае для ўладальніка падвойную коштоўнасць!

Накарміце карову айчыннага шоў-бізнеса!

 

Праблема, якая ўвесь час пераследуе гандляроў беларускамоўнай музычнай прадукцыяй, — узаемадносіны з дзяржаўнымі кантралюючымі органамі і інстанцыямі. Таму ў сучаснага дысканошы павінна быць “алібі” на той выпадак, калі ўзнікне пытанне аб законнасці гандлю музычнай прадукцыяй. І кожны з іх шукае найбольш абрунтаванае выйсце: хто ўзаконьвае сваю дзейнасць, як прыватны прадпрымальнік, хто мае пасведчанне ад грамадскіх структур, якія раней аформілі права на гандль. Вітаўт Мартыненка праводзіць свае гандлёвыя “вылазкі” як аўтограф-сесіі, што дазваляюцца заканадаўствам. Нагадаю, што Вітаўт браў удзел у стварэнні вялікай кольскасці альбомаў і кніг, якія можна набыць у ягоным дыстро. Таму, калі міліцыя ці прадстаўнікі адміністрацыі канцэртных залаў бачаць перад сабой аднаго з аўтараў некалькіх беларускіх дыскаў і шыкоўна выдадзенай кнігі “222 альбомы беларускага року і ня толькі…”, усе пытанні адпадаюць самі сабой…

 

Чаму ж не пайсці найбольш лёгкім шляхам, не аформіць пасведчанне прыватнага прадпрымальніка? На гэта ў Вітаўта свае аргументы: “Цяпер у краіне адносіны да прыватнай ініцыятывы можна ахарактарызаваць наступным чынам: “Даіць карову пачынаюць да таго, як яна паела”. Іншымі словамі, у гэтую справу можна ўбухаць не адну тысячу даляраў, каб потым зразумець, што яна стратная. Сама сістэма падаткаабкладання не спрыяе развіццю некамерцыйнай культурніцкай дзейнасці. На захадзе, калі гандляр займаецца распаўсюджваннем некамерцыйных накладаў кніг ці дыскаў (да 1 тысячы экзэмпляраў), то ён атрымлівае ільготы ад дзяржавы. Бо там разумеюць, што гэта спрыяе творчаму росту выканаўцаў, якія потым папаўняюць шэрагі зорак шоў-бізнесу. Вось гэтыя зоркі, а таксама лэйблы, якія выдаюць камерцыйныя тыражы дыскаў, і з’яўляюцца асноўнымі падаткаплацельшчыкамі. У нас некамерцыяныя тыражы абкладаюцца татальнымі падаткамі і дыскі становяцца больш дарагімі, чым, напрыклад у ЗША.

Вось чаму незалежныя распаўсюджвальнікі беларускамоўнай музычнай прадукцыі, якія працуюць з некамерцыйнымі тыражамі, з’ўляюцца пачынальнікамі сапраўднага шоў-бізнеса ў краіне. Альтэрнатыва заўсёды на карысцць слухачам і выканаўцам”.

 

Прыйдзе час і гісторыя ацэніць тую ролю, якую выканалі незалежныя распаўсюджвальнікі ў дачыненні да сучаснай беларускай культуры. Як гэта адбылося з асэнсаваннем ролі кніганошаў у гісторыі культуры Літвы і Беларусі, так маляўніча расказанай Уладзімірам Караткевічам.

 

Але цяперака ёсць значныя адрозненні ад сітуацыі XIX стагоддзя. І галоўная з іх: вопыт беларускіх дыстро – рэальны доказ таго, што нават і ва ўмовах нечуванага прэсінгу ўсяго нацыянальнага ў краіне, можна пашыраць веды пра канкурэнтаздольную нацыянальную культуру на роднай мове і, адначасова, атрымліваць матэрыяльны прыбытак ад працы на беларушчыну.

 

mialguj.livejournal.com