У гэтай краіне, у адрозьненьні ад Беларусі, ёсьць грамадзка-палітычныя часопісы, якія спрыяюць найперш развіцьцю нацыянальнай літаратуры, і глянцавыя часопісы, што ня толькі папулярызуюць добрую замежную літаратуру.

Прывезены з Крыму ўкраінскі каньяк скончыўся — прыйшоў час пісаць нататкі пра ўкраінскія літаратурныя справы, да якіх я крыху далучыўся праз чытаньне на берагох Чорнага мора тамтэйшых выданьняў.

 

У гэтай краіне, у адрозьненьні ад Беларусі, ёсьць грамадзка-палітычныя часопісы, якія спрыяюць найперш развіцьцю нацыянальнай літаратуры, і глянцавыя часопісы, што ня толькі папулярызуюць добрую замежную літаратуру.

 

Так, расейскамоўны штотыднёвік Корреспондент (наклад 50 тыс. асобнікаў, кошт нумара — 12—15 грн.) у № 25 ад 02.07.2010 падвёў вынікі свайго чарговага літаратурнага конкурса Лучшая украинская книга.

 

У намінацыі Дакументалістыка перамог Алесь Ільчанка (у ягоным біяграфічным рамане Месца з хімэрамі распавядаецца пра жыцьцё кіеўскага архітэктара пачатку 20 ст. Уладзіслава Гарадзецкага), у намінацыі Белетрыстыка найлепшай кнігай быў прызнаны 832-старонкавы раман Аксаны Забужка Музэй пакінутых таямніцаў (над гэтай сямейнай сагай трох пакаленьняў украінцаў і адначасова — крывавай гісторыяй краіны 20 ст. аўтарка працавала 7 гадоў).

Як бачна, украінскія літаратары — пераможцы конкурса, выкарыстоўваючы рэсурсы вялікай эпічнай формы (раману), твораць у рэчышчы рэалістычнай літаратуры, асэнсоўваючы пры гэтым падзеі мінулага стагодьдзя менавіта ў роднай краіне. Нацыянальная гісторыя па-ранейшаму прыцягвае ўкраінскіх літаратараў — яны жывуць у мінулым дні, каб лепш разумець сёньняшні. Адначасова нацыянальная літаратура пашырае свае межы: прыкладам, 26-гадовы Максім Кідрук (2-е месца ў намінацыі Дакументалістыка) у кнізе Мэксыканскія кронікі. Гісторыя адной мроі распавёў пра ўласнае падарожжа ў Мэксыку. (Дарэчы, у нас у жанры падарожнай прозы прафесійна працуе адзін Адам Глобус — астатнія нашыя пісьменьнікі хіба што ў сваіх блогах нешта распавядуць караценька пра тое, як бавілі лета, фотаздымкаў накідаюць, і досыць.

 

Сапраўды — летам адпачываць трэба, а не матэрыял для кніг зьбіраць!).

Пра ўплыў і папулярнасьць згаданых вышэй твораў сьведчаць такія вось факты: прачытаўшы Месца з хімэрамі А. Ільчанкі, сьвятары з Івана-Франкоўска прыехалі ў сталіцу і падаравалі Кіеўскай Сафіі абраз, які дапаможа абараніць храм ад дэманаў; кніга А. Забужка, выдадзеная 20-тысячным (!) накладам, разыйшлася імгненна; М. Кідрук — жаданы госьць на розных тэлевізійных каналах — на ўласныя вочы бачыў.

 

Корреспондент задаў усім пераможцам (а іх 6 чалавек, сярэдні ўзрост 45,1 гадоў) 7 пытаньняў. Небанальна на пытаньне “Якую кнігу ў дадзены момант чытаеце?” адказаў Юры Іздрык: “Зараз я чытаю ту кнігу, якую пішу. Чытаньне — таксама элемент пісьменьніцкай працы”.

 

Застаецца дадаць, што пераможцы конкурса трапілі на вокладку часопіса, а палову стар. 33 № 25 займае рэклямны модуль: падпісчыкі Корреспондента атрымліваюць у падарунак кампакт-дыск Аксана Забужка чытае свае вершы. У Беларусі такую інфармацыйную падтрымку немагчыма ўявіць — свабодных і ўплывовых нацыянальных выданьняў бракуе.

 

Цяпер пагаворым пра ўкраінскі Playboy (наклад 34 тыс. асобнікаў, кошт нумара — 16—36 грн.). Я, канешне, батан поўны, таму што свой першы расейскамоўны Playboy набыў з-за… пасьмяротнага інтэрв’ю з Уладзімерам Набокавым, а не з-за голай дупы Памелы Андарсан (у тым жа нумары). Гэтаму выданьню, набытаму ў Місхоры ў найновым, 2010-м годзе, я абавязаны знаёмствам з пісьменьнікам Рычардам Броціганам (№ 5). Цытата: “Миссис Драгу всегда читает Библию — да и чего б не читать, она богатая вдова, чего еще ей делать? Я-то лично Библию терпеть не могу. Слишком сухая. Мне Микки Спилейн нравится”.

 

Украінскі Playboy у ліпеньскім нумары сумесна з выдавецтвам Фолио абвесьціў літаратурны конкурс Дух свабоды. Склад журы конкурса ня менш уплывовы, чым у часопіса Корреспондент. Умовы: 8 найлепшых твораў — а гэта апавяданьні памерам 10.000 — 20.000 знакаў з прабеламі, якія прапаноўваюцца да публікацыі ўпершыню і вылучаюцца “нестандартнасьцю, сьмеласьцю, арыгінальнасьцю сюжэту і пазытыўным успрыняцьцем жыцьця” — будуць надрукаваныя ў часопісе ў 2010 годзе, а таксама выдадзеныя выдавецтвам Фолио асобнай кнігай. Ну і яшчэ ўсялякія бонусы ад кампаніі МТС. Як вам такія заахвочваньні дэбютантаў?

 

У тым жа № 7 у рамках Духа свабоды надрукаваныя апавяданьні двух аўтараў-пачаткоўцаў. Але я засяродзіўся на шыкоўных формах мадэлькі Ліны Самбрыш, таму што творы тыя выявіліся нецікавымі, да таго ж яны не адпавядалі ўмовам конкурса. Так, Мікалай Кадэнскі ў херова зробленым апавяданьні Роспачны расказаў гісторыю маладога баксёра, які выходзіць на рынг дзеля грошай, патрэбных яго цяжарнай жанчыне. Здаецца, усё ў яго атрымаецца, але напрыканцы тая жонка робіць аборт. “Это был удар в спину. Я выключил телефон. Стал на колени. <…>” — дзе тут, скажыце, “пазытыўнае ўспрыняцьце жыцьця»?

 

А Яўген Лакінскі ў Зайцах распавёў пра групу моладзі, якая сутыкаецца з зайцамі-людажэрамі. Тэкст добра арганізаваны, псіхадэлічны акцэнт зроблены, але ж у тэксьце рэклямы мужскога парфюму ў тым жа нумары больш сэнсу і інтрыгі, чым у Зайцах. Шкада, але ўкраінскі Playboy замест бліна даў чытачам ком цеста. Куды глядзелі рэдактары часопіса? Вядома, на бюст Ліны Самбрыш. Спадзяюся, да наступных дэбютантаў часопіс будзе ставіцца больш жорстка, адсейваючы “нефармат” і графаманаў.

 

Як бы там ні было, Playboy — гэта моц. Надрукаць свой тэкст у гэтым часопісе — гэта cool з часоў ягоных першых аўтараў Рэя Брэдбэры і Курта Ваненгута, таму для маладога ўкраінскага літаратара-пачаткоўца ўласная публікацыя сярод знакамітых брэндаў і шыкоўных цыцак можа стаць першым і ўпэўненым крокам на творчым шляху. Сваім конкурсам Playboy спрыяе далучэньню да літаратуры моладзі, якую гэты часопіс кожны месяц пераконвае: чытаць добрую літаратуру — модна і актуальна.

 

Дадам напрыканцы, што ўкраінскі Playboy — ня менш нацыяналістычнае выданьне, чым Корреспондент.

 

Прыкладам, Аню Дабрыднёву (№ 6) здымалі ў Бартніцкім замку, а апавяданьне Я. Лакінскага (№ 7) надрукавана на ўкраінскай мове.

 

Такім чынам, папяровыя выданьні Ўкраіны пазытыўна ўплываюць на літпрацэс. Прафесійна ладзячы літаратурныя конкурсы, такія часопісы як Корреспондент і Playboy, абуджаюць у чытачоў цікавасьць у першую чаргу да нацыянальнай мовы і літаратуры, падтрымліваюць прэстыж працы пісьменьніка. Пры гэтым друкаваныя СМІ Ўкраіны напоўніцу выкарыстоўваюць магчымасьці рэклямы. Сапраўды, у нашай краіне таксама ёсьць літаратурныя прэміі, заснаваныя Алесем Аркушам, Адамам Глобусам, Барысам Пятровічам і інш., але яны ня маюць, прабачце, рэзанансу, застаюцца гульнёй у пацеркі, зачыненымі праектамі, аб якіх ведаюць толькі самі пісьменьнікі і літаратурныя крытыкі. Магчыма, не ў апошнююю чаргу з-за таго, што ў Беларусі нямашка прафесійных мас-медыя, найновая беларуская літаратура ня можа адчуць сваё месца і ролю ў сучасным грамадзтве.