Даўно планаваў выбрацца на радзіму дзядзькі Язэпа — легендарнага мастака Язэпа Драздовіча. Разглядаў у альбомах ягоныя маляваныя дываны, малюнкі і карціны, чытаў ягоны дзённік, адзначаў шляхі ягоных вандровак на картах 1930-х гадоў.

Юбілей мастака падштурхнуў да дзеянняў. Нарадзіўся Язэп Драздовіч 13 кастрычніка 1888 года ў засценку Пунькі, на ўскрайку Галубіцкай пушчы, у Глыбоцкім раёне.

Каб дабрацца ў Пунькі, сядаю на цягнік і еду да станцыі Падсвілле. Мястэчка Падсвілле дужа ладнае. Разлеглася на беразе маляўнічага возера Алоізберг (па-мясцоваму Люзбэрак), у якое ўкліньваецца паўвостраў. Зграбныя домікі міжваеннага часу стаяць пры галоўнай вуліцы. Размешчанае пры чыгунцы і недалёка ад Галубіцкай пушчы, Падсвілле можа стаць адной з ключавых кропак у турыстычнай інфраструктуры Паазер’я.

Самы блізкі шлях у Пунькі ляжыць праз вёску Кішы. Адзіны тутэйшы помнік даўніны — Галодны магільнік — бачны проста з дарогі. На ўскрайку магільніка стаіць каменны крыж — падобны на тыя, што Драздовіч маляваў на карціне «Пагоня Ярылы».

Некалькі яблынь пры дарозе — апошні знак па вёсцы Праабражэнка. Перадолы вітаюць рускамоўным указальнікам, на выездзе — «прэзідэнцкія домікі», вакол якіх ні платоў, ні баразны.

Парадны ўезд у вёску Ліпляні, дзе Драздовіч знайшоў свой апошні прыпынак, праходзіць міма руінаў калгасных пабудоў ды фермы, дзе вокны зацягнутыя плёнкай. За Ліплянамі з пагорка бачная Галубіцкая пушча — вялізны лес засцілае сабой далягляд: ён і наперадзе, і справа, і злева.

Тут лёгка зблытацца і заехаць у засценак з філасофскай назвай Вечнасць ці ў паселішча з рамантычным назовам Любава. Вяртаюся ў Ліпляні, каб спытаць дарогу. «Паедзеце проста, у лесе канава і шлагбаум, там направа — кажа бабулька. — А як вы пазнаеце тыя Пунькі, там ужо нічога няма!»

Краязнаўца Уладзімір Скрабатун тлумачыў мне, што злева пры лясной дарозе будзе стаяць крыж, а справа метраў за трыста расце высокая ліпа. Падыходжу да крыжа, бачу ліпу. Гэта Пунькі. На сярэдзіне крыжа прыбіта металічнае распяцце, а пад ім растуць кветкі. Побач — яблыня, пад ёй ляжаць на зямлі смачныя антонаўкі.

Пустку на месцы Пунек займае някошаная, пасохлая трава. Сцежкі ў траве: людскія ці звярыныя? З хмызнякоў тырчыць кавалак страхі, крыты дранкай: разваліны нейкага хлява. Старыя яблыні. Сям-там павырасталі маладыя бярозкі і сосны. Раскіданае гняздо Драздовічаў.