Адмоўная рэклама нібыта і рэклама.

Для іншых мо і дзіва, для нас дык — не. Едзеш пагутарыць з людзьмі ў дзіцячы садок, школу, універсітэт. Ды куды заўгодна. На паўдарозе заспявае навіна. Тэлефануе дырэктарка школкі – ажно па тэлефоне адчуваецца – рукі заломвае, самой няёмка. Але працаваць хочацца: “Выбачайце, у нас тут… карантын!” Карантын – яно яшчэ нічога. А бывае — трубы прарвала, памёр хтосьці…

Адмоўная рэклама нібыта і рэклама. А ў Беларусі і больш за тое: адсутнасць выніку – ужо вынік, пазіцыя. Не пусцілі – значыць маюць на твой конт сумнеў. А калі сумняюцца – значыць адчуваюць небяспеку. А самае небяспечнае на сённяшні дзень для іх – гэта змены. У Беларусі стабільнасць ужо стала мантрай, якая насуперак усяму, насуперак нармальнаму жыццю і здароваму сэнсу колькі год, як заведзеная, паўтараецца з экранаў тэлевізараў і хваляў радыёпрымачоў. Уся краіна, што карантынная зона. Толькі не ясна, ці нас ад чагосьці (праўды?) хочуць уратаваць, ці ад нас – кагосьці.

 

niakliaeu.livejournal.com