Люблю Альгерда Бахарэвіча за яго правакацыйна гіпэрбалізаванае апавяданьне “Беларусы на крыштальных шарах”. У інтэрвію часопісу “Дзеяслоў” пісьменьнік так растлумачыў свой твор: ”Беларускамоўныя людзі ў сучасным горадзе выглядаюць і пачуваюцца клоунамі: горад для нас ператварыўся ў цырк. Мы ўсё жыцьцё – або на сцэне, або ў клетцы за кулісамі”. Адзначу, што гэта праблема не толькі беларускамоўных, але ўсёй беларускасьці, якая засталася жыць у асобных рэзэрвацыях.

“Усё было так, як у рэкляме, толькі ў мільён разоў больш цудоўна. Як іншаплянэтнікі, беларусы йшлі па рассыпчатай серабрыстай дарозе, якая зьнікала ў космасе. Іх грацыёзнасьць зачароўвала. У поўнай цішыні беларусы рухаліся, як міражы, у паветры. Нейкая дзяўчынка ўскрыкнула ад захапленьня. Як гэта было казачна!”

У чатырнаццаць год маці мне выпісала часопіс “National Geographic”. Цэнтральнай тэмай першага нумару былі індзейскія рэзэрвацыі ў ЗША. Да часопісу прыкладалася вялікая мапа (яна вісела ў маім пакоі больш за год). Не навіна, што эўрапейцы ogniem i meczem практычна зьнішчылі карэннае насельніцтва Амэрыкі. Так, хтосьці з індзейцаў нават мовы сваёй не памятае: яны, у дзелавым касьцюме, працуюць дзесьці на саракавым паверсе лас-анджэлеўскага хмарачосу й пачуваюць сябе амэрыканцамі. Зьлева ад клявіятуры – біг-маг, каля прынтэру – маленькі сьцяжок ЗША, а над маніторам — партрэт Барака Абамы. Але тыя, хто лічаць сябе індзейцамі, размаўляюць на сваёй мове — жувуць у дзясятках рэзэрвацыях, раскіданых ад Атлянтычнага да Ціхага акіяну. Яны дамагаюцца права на суверэнітэт і насамрэч, іх голас з кожным годам усё грамчэй. Дарэчы, на індзейскія рэзэрвацыі ў апошні час сталі глядзець па-іншаму. Неафіцыйна яны пераўтварыліся ў этнаграфічныя музэі пад адкрытым небам. Людзі наведваюць іх з фотаапаратамі, прыязджаюць зь іншых кантынэнтаў. Ёсьць аналёгія з беларусамі ў цырку з апавяданьня Бахарэвіча?

Я трапіў у такую рэзэрвацыю-музэй пад адкрытым небам, вядомую як Строчыцы. У Беларускую карчму, мейсца, дзе апанавалі сумныя думкі пра гаротны стан беларушчыны, завітаў упершыню. “Падымі мяне па-над зямлёю. Падымі мяне, паветраны шар!”, — мілая сэрцу песьня лілася і з прайгравальніка, і з вуснаў дзяўчыны-афіцыянткі ў нацыянальным строі, якая прыбірала са столі пустыя філіжанкі й напявала знаёмыя радкі. За праведзеную ў кавярні гадзіну, толькі беларуская музыка. Ежу падалі ў гліняным посудзе, смачную, без цукру салодкую родную ежу. Спадабалася ўсё на сто адсоткаў. Сюды, за пяць кілямэтраў ад Менску прыязжаюць людзі. Не тое каб паесьці – хіба ў сталіцы бракуе розных кавярняў? А каб трапіць у Беларусь. Хоць на гадзіну.

Шмат эпізодаў успомнілася з жыцьця. Яны – цудоўны адказ тым, хто шчыра зьдзіўляецца “и чего ж нас так в мире не любят?”. Горш. Мы сьвету абыякавыя! Хто будзе паважаць таго, хто не паважае сам сябе?! У маім дзяцічым садку гітом быў наступны вершык: “Трус-трус-белорус на коне катался…”. Далей даслоўна не памятаю… па тэксьце потым беларус з каня зваліўся і наклаў у штаны. Больш за тое, варыяцыяў гэтага вершыка досыць шмат, калі цікава – go to google. З тых часоў памятаю анекдот: “Приходит белорус на работу. В руках держит кучку (понятно чего). И говорит – смотрите, во что я чуть не наступил”. Памятаю гэты анэкдот і бурную рэакцыю слухачоў – яны заліваліся ад сьмеху. Год у пятнаццаць я ехаў у тралейбусе з прывакзальнага пляцу. Каля мяне стаялі малы хлочык і, па ўсім відаць, яго дзядуля. Хлопчык прыехаў з Расеі: “Уау, я наконец в Европе! Как тут красиво!» Дзядуля не паглядзеў у яго бок, адказаў ціха, амаль шэптам: “Это Россия, дурак!». З аднаго боку, што там хто кажа – павінна быць да лямпачкі. Не Расея гэта і размовы скончаныя! Зь іншага – хіба шмат чым Менск адрозьніваецца ад шараговага расейскага горада? Архітэктура такая ж, мова такая ж, цэрквы такія ж, ракляма такая ж, назвы вуліц такія ж.

Скажу адназначна – рэзэрвацыі індзейцаў мне вельмі цікавыя. Можа з прычыны таго, што ўлюбёнай кніжкай у дзяцінстве была менавіта пра “чырвонаскурых”, “Маленькія дзікуны” Эрнэста Сэтан-Томпсана. А можа з прычыны непераадольнай прагі спазнаць штосьці новае, асабліва рэдкае, зьнікаючае, што можна пабачыць далёка ня ў кожным куце сьвету. Але як ставіцца да сытуацыі, калі ў рэзэрвацыі твая асабістая культура? Раз на тыдзень наведваць гэтыя рэзэрвацыі? І сумна адзначаць, што іх колькасьць не расьце.

Месяц таму быў у Львове. Раніцай выйшаў з гатэлю і пайшоў шпацыраваць па Старым горадзе. Каля кожнай царквы натоўп. Людзей было так шмат, што ім не хапала залі храма. Але я зьвярнуў увагу на іншае. Не большасьць, можа палова, і дзеці, нават зусім немаўляткі, і дарослыя, і бабулі-дзядулі – у вышыванках – кашулях з нацыянальным арнамэнтам. Куды больш вышыванак, чым каля цэркваў было на прашпэкце Волі, каля знакамітга пляцу Рынак. Там то гучна грала украінская музыка, то з трыбуны гучалі палітычныя прамовы. Гэтае мерапрыемства не было мітынгам, бо цягнулася некалькі дзён, не было й рэвалюцыяй, а больш нагадвала сьвята. Ніякага АМАПу, міліцыі. Шмат дзяцей. Мне сказалі, што тут часта зьбіраюцца людзі. Проста так, не дзеля пратэсту, а каб напомніць самім сабе і гараджанам, што яны, украінцы, ні ў якім разе не дазволяць сваёй культуры апынуцца ў рэзэрвацыі. Пакуль на вуліцы мірна – яны сьвяткуюць, калі прыйдзе небясьпека — не разьбегнуцца, а будуць да канца бараніць сваё. Мяне нэрвуюць выказваньні на форумах турыстаў зь Беларусі й Расеі, што пасьля Юшчанка Украіна зукраінізавалася, ім не падабаецца, што рускай мовы няма ні ў газэтах, ні па ТБ, ні ў рэкляме, ні ў мэню рэстарацыяў, нідзе. Іх раздражняе, што на іх пытаньне па-руску, ім адказваюць па-украінску. Для мяне ўсё гэта станоўча. Я злавіў сябе на думцы, што гэты горад больш блізкі мне за Менск. Я пачуваю сябе ў ім больш утульна. Як і ў Вільні.У вакенцы карчмы зьявілася сонейка. За думкамі я й не заўважыў, як падсілкаваўся. Зноў Бахарэвіч: “Музыка абарвалася, беларусы замерлі й вельмі лёгка, як пухіры, апусьціліся на арэну. Запалілі сьвятло, выйшаў дзядзька ў чорным і павёў беларусаў за кулісы, груба торгаючы за павадкі. Заля выбухнула аплядысмэнтамі. Хлопчык, карыстаючыся тым, што маці й бацька ўсё яшчэ глядзелі ўніз, ціхенька споўз са свайго крэсла. Ён хутка дагнаў дзядзьку ў чорным, які вёў беларусаў да клетак. Беларусы былі ўсе мокрыя і зблізку не такія прыгожыя. Хлопчык падыйшоў да іх. “Можна пагладзіць?”— запытаў ён, дрыжучы ад нецярпеньня. “Ты як сюды прапоўз?”— вохнуў дзядзька. Але насамрэч ён быў добрым і чулым чалавекам, які любіў ня толькі жывёлаў, але і дзяцей. Хлопчыку нават дазволілі пакарміць беларусаў праз клетку”.

P.S. У гэты дзень, 19 верасьня 1991 г., была прынятая новая назва нашай краіны — Рэспубліка Беларусь і зацьверджаная дзяржаўная сымболіка — герб «Пагоня» й Бел‑Чырвона‑Белы сьцяг. Празь 10 год Васіль Быкаў так распавёў пра гэта: «Нацыянальная сымболіка – атрыбут нацыі. Але яе ў нас скралі, нахабна абрабавалі нацыю, што страшней за эканамічны рабунак і аналягічна нацыянальнаму генацыду. Ужо адно тое, ня кажучы пра рабунак свабоды, робіць рабаўнікоў злачынцамі – злачынцамі перад нацыяй. Нават калі яны спрабуюць падмяніць, падкласьці замест сьвятыні фальшыўку і патрабаваць да яе павагі як да сьвятыні. Гэта ўжо падвоенае злачынства”.

(© Васіль Быкаў, 19 верасьня 2001 г.)