Фраза, кінутая больш за сто год таму, Жюль‐Полям Тардывэлям (Jules-Paul Tardivel), кансэрватыўным каталіцкім квэбэкскім журналістам і змагаром за квэбэкскую незалежнасьць, набывае і ў 21‐ым стагодзьдзі новыя гучаньні і сілу ня толькі для франкафонаў, у цэлым ужо добра ўзброенных супраць засьмечваньня мовы барбарызмамі, ксэнізмамі, а перадусім для такіх нацыяў, як беларусы.

“L’anglicisme, voilà l’ennemi”.

Jules-Paul Tardivel, 1879 год.

Фраза, кінутая больш за сто год таму, Жюль‐Полям Тардывэлям (Jules-Paul Tardivel), кансэрватыўным каталіцкім квэбэкскім журналістам і змагаром за квэбэкскую незалежнасьць, набывае і ў 21‐ым стагодзьдзі новыя гучаньні і сілу ня толькі для франкафонаў, у цэлым ужо добра ўзброенных супраць засьмечваньня мовы барбарызмамі, ксэнізмамі, а перадусім для такіх нацыяў, як беларусы. Вядома, афіцыйна беларускія дзяржаўныя інстытуцыі ніяк не займаюцца фільтраваньнем і абераганьнем мовы ад вонкавых уплываў і засьмечваньняў, рэдкія рупліўцы‐альтруісты як унутры інстытуцыяў, так і вонкі канстатуюць, што небясьпека для беларускай мовы цяпер ідзе ня з боку Расеі, а якраз з боку англамоўнага сьвету, які вядзе тэхналягічны, эканамічны, а таму і сымбалічны, моўны рэй у сьвеце. Калі за апошнія гады ў цэлым сучасная беларуская мова адаптавала, інтэгравала і зкарэктавала шматлікія русізмы, то дасюль яна амаль цалкам ігнаруе праблему лішніх, бясконцых і істотна зьмянялых эстэтыку мовы англіцызмаў ці амэрыканізмаў. Тут варта прыгадаць вельмі лоўкі і ўдалы Слоўнік новых словаў беларускай мовыВ. Уласевіч і Н. Даўгулевіч, які цудоўна ілюструе памеры неінтэграванасьці сотні і сотні англіцызмаў, у меньшай ступені галіцызмаў, русізмаў і палянізмаў, у беларускую маўленчую практыку. Гэты слоўнік ‐ якраз адна зь вельмі рэдкіх афіцыйных спробаў скіраваць увагу ў бок дадзенай праблемы і паказаць грамадзтву новыя пагрозы і новыя палі змаганьняў ці проста новыя гарызонты для рэфлексыяў.

З‐за надтай тэарэтычнасьці і адцягнутасьці беларускай мовы ад рэчаіснасьці, ад маўленьня, праблема лішніх англіцызмаў не ўспрымаецца, ані бачыцца, як сур’ёзная, яна наагул не ахопліваецца, ані ўяўляецца бальшынёю беларусафонаў. Тэхнафільскіх, тэхнакратычных, зачастую англадумных беларусафонаў, якія жывуць у іншамоўным асяродку і паступова губляюць пачуцьцё роднай мовы на карысьць іншай мовы.

І, канечне, англіцызм ‐ ня вораг, як пісаў квэбэкскі інтэлектуал‐пурыста. Гэта ўсяго толькі такое літаратурнае, слоўнае па. Ангельская мова зусім тут ні пры чым, калі сам беларускі сьвет не дае рады зрэагаваць на выклікі сучаснасьці, ангельская мова не вінаватая ў тым, што геній беларускай мовы сьпіць і не шчыруе, як то робіць, напрыклад, геній францускай ці ісьляндзкай мовы ў дачыненьні да (лішніх) англіцызмаў у мове.

Што такое лішні англіцызм? Ну, скажам, гот‐док, качсёрфінг, sms, Іp-адрас, Іp-тэлефанія, Іt‐кампанія, WC, лайт‐постар, фітнэс, прайс‐ліст, біт, кілабіт, драйвер і сотні іншых. Гэта словы, якія нават знакава, літаральна ня ўпісваюцца ў мясцовую моўную сыстэму. Гэта словы, якія парушаюць лякальную эстэтыку. Гэта, нарэшце, словы, якія б пры нармальным і актыўным функцыянаваньні мовы, былі б сьмела ці паступова замененыя ўласнымі нaватворамі, архаізмамі ці дыялектызмамі. Пакуль Акадэмія навук сьпіць і займаецца нутраным рэфармаваньнем, пакуль люд усё больш і больш размаўляе на расейскай ці ангельскай мовах, англіцызмы невыкаранальна, безкантрольна прапісваюцца ў мове беларускай на ўсіх роўнях.

На жаль, эпоха вялікіх майстроў слова мінае, калі пісьменьнікі ўдала і квяціста стваралі нэалягізмы (напрыклад, хмарачос, зорнасьць, прастакутнік, красьленьне, сумоўе, крыжаванка, шапік, плястыкоўка і г.д.) і часткова вырашалі пытаньне інтэграцыі барбарызмаў. Сяньня, калі катастрафічна губляецца мова, кампэтэнцыя мовы вялікай часткай насельніцтва, няма рэальнай сілы, рэальных сацыяльных агентаў, якія б харызмай, аўтарытэтам ці проста ведай, прафэсыяналізмам маглі выправіць сытуацыю. На жаль, толькі ў сеціве беларусы і могуць пагуляцца, пабавіцца са словам, пафантазыяваць і прапанаваць трапныя наватворы. І толькі ў сеціве некаторым асабліва рамантычным і, магчыма,  пурысцкім рупліўцам крыўскага слова ўдаецца затыкаць агромністую брэш мізэрнымі анучкамі.

Так, менавіта праз індывідуальны, альтруістычны распачын магчыма пачаць пазбаўляцца ў беларускай мове перадусім ксэнізмаў, а таксама барбарызмаў.

З дапамогаю нэалягізмаў, архаізмаў і дыялектызмаў магчыма значна гарманізаваць мову і інтэграваць у ейны масыў шматлікія гвалтоўныя запазычаньні (і, дарэчы, ня толькі з ангельскай).

Па‐першае, зварот да архаізмаў і дыялектызмаў. Напрыклад, удалы, на маю думку, віцебска‐аршанскі дыялектызм «кантактоўка» складае добрую канкурэнцыю літаратурнай норме «лінза». А «лятучка» ў віцебска‐аршанскіх гаворках гэта яшчэ і «электрычка», «дызель‐цягнік». Зрэдчас гэтае слова ўжываецца для азначэньня слова «шатл», то бок, аўтобус ці цягнік, які зьвязвае аэрапорт з вакзалам ці іншым аэрапортам. Такім чынам, сотні ўдалых дыялектызмаў, насамрэч, могуць стацца надзвычай карыснымі падчас пошуку трапных новых адпаведнікаў больш папулярным пакуль англіцызмам. Так, чамусьці млява і без асаблівага посьпеху слова «шмаравідла» канкуруе з больш папулярным «лубрыкантам». Вядомае віцебскае слова «шлых» адпавядае літаратурнай норме «сэкс». Безумоўна, няма патрэбы адмаўляцца ад старога запазычаньня «сэкс», проста існаваньне альтэрнатывы ў дыялектах сьведчыць аб актыўнасьці і жвавасьці генія беларускай мовы. Навошта нам «пампэрсы», калі маем «пялюшкі», «пялёхі», «ратавалкі» ці «чысьцёхі»? Навошта «офіс», калі ё «кантора»? Навошта «паркінг», калі была «стаянка»? Навошта «кавэр» і «кавэр‐вэрсыя», калі гэта можна проста патлумачыць словам «перапеў»? Навошта «дыгітальны», калі гэта тое ж, што і «лічбавы»? Чым адрозьніваецца англіцызм «драйв» ад нашых «парываньне», «натхненьне»?

Акрамя дыялектызмаў можна чэрпаць у архаізмах. Так, «вісьлена» са старабеларускай цудоўна заменяе заходняе слова «прастытутка». Наагул, на сутычцы архаізмаў і нэалягізмаў можна стварыць непаўторныя натуральныя замены. Мовазнаўцы здаўна кажуць пра гэты шлях ‐ актывацыю састарэлай лексыкі як эфэктыўны спосаб папаўненьня нашых слоўнікаў (хаўрус замест саюз, радца ці дарадца замест саветнік, бізнэсовец замест бізнэсмэна, паганец замест язычнік, рада замест савет і г.д.).

Па‐другое, нэалягізмы стыхійныя і аўтарскія. Калі дыялектная мова ці мова ўчорашняга бездапаможныя ў справе ўдалых заменаў замежных словаў на словы ўласныя, тады магчымы яшчэ адзін шлях ‐ стварэньне наватвораў ці нэалягізмаў. Зачастую гэта адзіны эфэктыўны шлях, асабліва, калі размова йдзе пра ахоп сфэры тэхнічнай, тэхналягічнай. Досьвед францускай (асабліва квэбэкскай ці бэльгійскай) мовы, а таксама досьвед ісьляндзкай мовы мусяць толькі натхняць творчых беларусаў у гэтым кірунку. Прыгадаем, што француская мова, пачынаючы з 60‐70‐ых гадоў мінулага стагодзьдзя, актыўна і масава ўводзіць наватворы, каб заблякаваць распаўсюд ангельскіх і амэрыканскіх словаў у сваім лексыконе. Раней глябальна былі галіцызаваныя эканамічныя, фінансавыя, аўтамабільныя пласты мовы, сяньня ўдарна галіцызуюцца такія сфэры, як нанатэхналёгія, касманаўтыка, інфарматыка, генэтыка. Геній францускай мовы, падаецца, не спыніць, на дадзены момант ён узяўся за прынцыповую францызацыю такіх паняткаў, як каўчсёрфінг, спам, айпод, wi-fi, чартар, афшор, уэн і мініўэн, роўмінг і г.д. І, падаецца, засьцярога клясыка наконт таго, што пурызм зьнішча мову ‐ усяго толькі перабольшаны страх. Пурызм у Францыі зусім ня шкодзіць нацыянальнай мове, а толькі, наадварот, спрыяе ейнаму росквіту. Таму і беларусам ня трэба асьцярожнічаць, стрымліваць свае творчыя памкненьні, што да распрацоўкі, прапановы і інэграцыі наватвораў у маўленчую практыку.

У беларускай мове ўжо вымалёўваюцца пэўныя стыхійныя натуральныя наватворы, якія безбалюча ўвайшлі ў мову. Так, такім лёгкім наватворам у 1989 годзе стала слова «крыжаванка» замест «красворду». Затым «каляны дыск» ці «калянік» часта ўжываюцца нароўні з «уінчэстырам», а «уэб‐аглядальнік» ці «сецівааглядальнік» часта канкуруе з «браўзэрам». «Зьніжка» усё часьцей зьяўляецца як найлепшая замена «дысконту», а «аўтаналад» ці «аўтаналадка» заменяе «тунінг».  Ды і непахісны «інтэрнэт» мае сынонім «сеціва».
Часам аўтары, пісьменьнікі ў сваіх творах уводзяць ці проста легітымізуюць некаторыя хісткія ці няпэўныя наватворы: у Л. Дранько-Майсюкa знаходзім «далькажык» як замена слову «мабільнік», «асьветар» замест «кампутар», «выход» замест «прынтар», «словасьвет» як замена слову «інтэрнэт». Ці прыгадаем тут слова «шапік», прапанаванае С. Харэўскім, якое цяпер ужываецца часьцей за слова «кіёск», слова «плястыкоўка» замест «шклянка з плястыку», прапанаванае С. Квяткоўскім. У сеціве таксама можна знайсьці іншыя сьмелыя, а часам і кур’ёзныя нэалягізмы: «курвіч», «шлюхціч» як сынонім «сутэнэра», «крылатае» ці «лёгкае сеціва» замест «wifi», «прайгрэц» нароўні з «аутсайдарам» і г.д.

Ужо заўважалася вышэй, што ў розныя пэрыяды мовазнаўцы і інтэлігенцыя наагул змагаюцца з пэўнымі не зусім станоўчымі ўплывамі на мову: раней гэта былі змаганьні супраць ўплываў з боку расейскай, польскай і францускай (прыгадаем з нагоды апошняй бурлівую пурысцкую дзейнасьць плённага і радыкальнага новатворцы В. Ластоўскага і ягоную амаль крыжовую вайну супраць галіцызмаў і лацінізмаў: «жадаедзь» замест «апэтыту», «аблук» ці «выгба» замест «аркі», «вылажка» замест «вітрыны», «наквець» замест «бутона», «касалёт» замест «рэкашэту» і г.д.

Насамрэч, старыя запазычаньні, хоць і маюць права быць замененыя, але, на маю думку, не выклікаюць гэткай эстэтычнай сумятні, як сучасныя гвалтоўныя запазычаньні-англіцызмы. А таму генію беларускай мовы неабходна скіраваць увагу і сілы якраз на хаос у той сфэры, дзе мова сутыкаецца са сьветам тэхналёгіяў, фінансаў, касманаўтыкі, хіміі ці мэдыцыны. Бо, зразумела, у эпоху віртуальшчыны асноўныя моўныя выклікі паходзяць цяпер ад мовы ангельскай. І беларусам, як бы станоўча і аддана яны ні ставіліся да прагрэсу і натуральнасьці дамінаваньня англіцызмаў, рана ці позна трэба зразумець, што наватворчая дзейнасьць хоць і штучная, але цалкам неабходная і вітальная, каб даць раскрыцца генію беларускай мовы, каб выкарыстаць уласны творчы і эстэтычны патэнцыял, прынамсі, паспрабаваць пагуляцца з моўнымі рэсурсамі, якія пакуль застаюцца малавыкарыстанымі.

Пералічым толькі некаторыя англіцызмы, якія арганічна ўвайшлі ў нашу мову, і, якія, тым ня менш, карабацяць слых, вока многіх суайчыньнікаў (старыя генэрацыі, пісьменьнікі, мовазнаўцы). Пачнем з duty free. Крамы duty free зьявіліся і ў Беларусі. Як лацінкавы,  так і  кірылічны варыянт напісаньня слова не пакідае абыякавым, прыцягвае ўвагу. Чаму не паспрабаваць надаць панятку беларускую вобразнасьць? І назваць зьяву, напрыклад, нізкакаштовік, выгоднакаштовік, безнацэнная крама ці безнацэньніца?

Далей папулярнае wifi, якое амаль не праглынуць, ані састрававаць беларускай мове. Можа, аддацца рамантызму і прапанаваць што‐небудзь накшталт лёгкае ці крылатае сеціва? Ці проста безправадное сеціва?

А як быць з букрыдарам? Пакінуць электронная кніга? Ці пашукаць у нэтрах роднай мовы? Чытавіца? Чытальніца? Бачына?

Па‐беларуску магчыма агучыць і такую зьяву, як аўтсайдарства, аўтсайдара. Гэта і прайгрэц, і стратнік, і проста маргінал.

Словы плэер і айпод, як прыстасаваньне, а не марка, можна паспрабаваць назваць слушніцай, музыкальняй ці слухавам.

Звыклае слова банкамат мае беларускіх канкурэнтаў: грошакід, карткадзёр, глынач, карткаглын, глынар ці грошавыкідач.

Ці патрэбна нам слова дылінг, калі гэта тое самае, што і зьдзелка, зробка?

Можа варта замяніць слова картрыдж? На атрамантню ці атрамантную пушачку? А лэптоп на пераносьнік, пераноску, пэрсанальнік ці партатыўнік? Няўжо лэйбл ня можа быць замененым нечым больш беларускім ‐ якасьня, знака, якасьніца ці ўжо існай у мове этыкетай ці этыкэткай?

Навошта ўводзіць англіцызм замест ужо адаптаванага здаўна галіцызма: молдынг замест муляжу?

Моднае і, дадушы, папулярнае слова офіс тлумачыцца ягонымі фанатамі, як больш сучаснае за слова кантора. Хаця, канечне, гэта не аргумэнт, слова кантора ‐ вельмі ёмістае слова і застаецца актуальным для многіх счасных пісьменьнікаў. Магчыма, ёсьць сэнс увесьці такія дапаўняльнікі, як канторня ці працоўня, як сынонімы офісу?

На радыё часта чуць пра нейкі плэй‐ліст. Канечне, пра ліста там гаворкі не вядзецца, гэта просты сьпіс песьняў. Можа, адмовіцца ад блытаніны і лепей сказаць песьняслуп ці слухасьпіс?

А ці ўсе разумеюць панятак плэй‐оф? Можа, прасьцей, няхай сабе і апісальна, будзе сказаць дадатковая гульня, канчатковая гульня, гульня на выдаленьне ці  дадатковік, апошні шанец?

Тое самае са словам прайс‐ліст. Можа сьпісакошт? Ці каштавік?

Можа, нароўні з рымэйкам варта ўвесьці словы кшталту перароб, пераробка, паўторня ці кінапаўторня? А побач з англіцызмам рэмікс паставіць сьціплыя пакуль беларускія вэрсыі зыначка, апрацоўка, асучаска ці атанцоўка?

Беларусы даведаліся пра такую зьяву, як бэкрум, дакрум, хоць у самой краіне такога блізка няма. Тым ня менш, мова апісавае ўсё, у тым ліку зьявы чужаземныя: смактарня, шлыхарня, шлыхоўня?

Стрыптыз жа ё і ў нас. Ці варта абеларусіць яго, каб зрабіць зьяву яшчэ больш жаданай? Можа, целярства? Галярства ці агалярства?

Яшчэ адно слова не падаецца страўніку беларускай мовы ‐ iCloud. Проста айклаўд? Ці ўсё ж‐такі пайсьці далей: захмар’е, захмарыца, паднябесіца? А як быць з каўчсёрфінгам? Ці ня надта грувастка і па‐барбарску яно гучыць? Словатворцы мусяць прапанаваць што‐кольвек цікавага накшталт паўсюльдом, вандрасьвет, канапалёт, простасьвет, дармасьвет, дармаспын, дарманоч ці кібэрветласьць.

Сьпіс можна працягваць бясконца, бо англіцызмы, хоць і ня ворагі,  але штодня атакуюць, правакуюць і заклікаюць беларускую мову да годнага адказу, калі не да адказнага ўдару.