Напалеон Орда (1807 — 1883) быў мастаком-падарожнікам. Падчас вандровак рабіў малюнкі архітэктурных краявідаў. Каштоўнасць гэтых малюнкаў цяпер неаспрэчная. Без іх не абходзіцца ні адно сучаснае грунтоўнае даследаванне па гісторыі беларускай (ды і не толькі) архітэктуры.
Аглядаючы творчую спадчыну мастака, можна з упэўненасцю сказаць, што колькасць пакінутых ім малюнкаў незлічоная. Прычым вызначэнне “незлічоная” можа ўспрымацца як ў пераносным, так і ў прамым сэнсе. У першым выпадку будзем уражаны аб’ёмам працы. Увагу мастака прыцягвалі выдатныя помнікі архітэктуры, краявіды старажытных паселішчаў, сядзібы і месцы жыцця знакамітых лю- дзей, якія занатоўваў алоўкам, сангінай, акварэллю або гуашшу на паперы.
У Вільні і Варшаве шмат якія з гэтых малюнкаў мастакамі-графікамі былі пераведзены ў літаграфіі і растыражыраваны, таму сталі шырока вядомы. Свае малюнкі мастак сфармаваў па калекцыях, расклаў па асобных папках. Малюнкі захоўваюцца ў музеях і архівах розных краін. Яны пералічаны і вывучаны, прыцягваюць увагу даследчыкаў гісторыі архітэктуры. Аднак верагодна, што нейкія з іх маглі быць падораны сябрам і знаёмым, аказацца ў прыватных калекцыях і альбомах, таму да гэтага часу і не быць улічанымі ў яго творчай спадчыне.
На Случчыне мастак быў у 1864 годзе, зыходзячы з подпісаў на малюнках, якіх на сёння вядома чатыры. З іх больш знакаміты — малюнак з відам на Трайчанскі манастыр, які захоўваецца у Нацыянальным музеі Польшчы ў Кракаве. Надпіс на ім паказвае даты 1864—1876 гады. Хутчэй за ўсё, што ў 1864 годзе была зроблена пуцявая замалёўка з натуры, да якой мастак звярнуўся пазней і дапрацаваў, альбо на яе аснове быў зроблены новы. Старажытнага Троіцкага манастыра цяпер няма, таму гэты малюнак з’яўляецца не толькі творам мастацтва, але і вельмі каштоўным гістарычным дакументам.
Іншы малюнак адлюстроўвае гарадскі краявід – левы бок вуліцы Шырокай з мураванымі кальвінскім зборам і гімназіяй, за імі драўляны корпус канвікта і іншыя будынкі. З левага краю яшчэ няма драўлянага дома. Ён з’явіцца пазней і на фотаздымках, што рабіліся прыкладна з тога ж месца на пачатку ХХ стагоддзя, будзе закрываць значную частку храма. На малюнку ж мы бачым яго цалкам. На фасадзе будынка гімназіі над галоўным уваходам заўважым балкон, на які меўся выхад з актавай залы. Цяпер яго няма. Як сведчаць фотаздымкі, балкона не было ўжо на пачатку ХХ стагоддзя.
Жыццё Напалеона Орды было бурным і цікавым. Ён прымаў удзел у паўстанні 1831 года. Жыў у эміграцыі, пасля амністыі вярнуўся на радзіму. Быў прафесійным музыкантам, сябраваў з Фрэдэрыкам Шапэнам, Феранцам Лістам, Дж. Рассіні, Дж. Вердзі. Пэўны час працаваў дырэктарам Італьянскай оперы ў Парыжы. Аднак сёння ён больш вядомы і запатрабаваны як мастак.
На жаль, акрамя фрагментаў двух дамоў, па-за ўвагай мастака застаўся правы бок вуліцы. А там, сярод прыватнай забудовы, узвышаліся вярхі Юр’еўскай царквы і званіцы. Малюнкаў або здымкаў гэтага храма пакуль што не знойдзена. Па тым жа баку вуліцы, бліжэй да моста павінен быў стаяць драўляны дом, у якім да канца ХVІІІ стагоддзя знаходзіўся гарадскі магістрат. Цікава было б паглядзець і на пляц насупраць гімназіі. Недзе там на пачатку ХХ стагоддзя знаходзіўся слуцкі дом Эдварда Вайніловіча, у якім восенню 1920 года адбыўся з’езд, што аб’явіў Слуцкі збройны чын. Пасля ўсталявання Савецкай улады дома Вайніловіча не стала.
Занатаваная мастаком радавая сядзіба Вайніловіча ў Савічах (цяпер вёска ў Капыльскім раёне) таксама не захавалася. На малюнку Орды паказаны ўзведзены ў стылі класіцызму двухпавярховы мураваны корпус. Сярэдзіна яго галоўнага фасада вылучаецца рызалітам, франтонам, аркадамі і чатырма пілястрамі. Сядзіба Вайніловіча падверглася рабаванню адразу з усталяваннем Савецкай улады. Сёння ад былога маёнтка засталіся толькі руіны гаспадарчай пабудовы і фрагмент былога саду. Капыльскі краязнаўчы музей распрацаваў серыю экскурсійных маршрутаў па гістарычнай Капыльшчыне. Адзін з іх прапануе вандроўку па мясцінах, звязаных з родам Вайніловічаў, у тым ліку і ў Савічы. Хочацца спа-дзявацца, што ўвага, якую сёння прыцягвае персона нашага знакамітага земляка, стане прычынай, каб рэшткі былой сядзібы, што засталіся, былі не толькі закансерваваны, але і адноўлены.Яшчэ ад аднаго з аб’ектаў увагі Орды – сядзібы Мержаеўскіх у Грозаве — засталіся руіны. На малюнку бачым велічны палац з магутным чатырохкалонным порцікам на фасадзе. Гэтая каланада ўражвае і сёння. Аднак у цэлым аб’ект нагадвае пасляваенныя разбурэнні, хаця з’явіліся руіны ў выніку дзейнасці мясцовых “мірных жыхароў”. Да адносна нядаўняга часу ў былым палацы дзейнічала Грозаўская сярэдняя школа. Разбураць яго пачалі пасля таго, як для мясцовай школы быў узведзены новы вучэбны корпус, а палац застаўся без догляду.
Каментары