Афіцыйна ў нас ніколі не вядзецца гаворкі аб калянізацыі, каляніялізму з боку Расеі, афіцыйна Беларусь і Расея – роўныя партнэры, беларуская і расейская мовы – раўнапраўныя славянскія мовы.

Беларуская мова, ці не чакае цябе лёс волскага дыялекту

расейскай мовы ў эпоху навукова-тэхнічнай рэвалюцыі?

Letter to a Russian friend (1979).

 

Як зьняволены раб ці зацюканая кабета не прызнаюць сваёй адчужанасьці, гэтак і зкалянізаваны беларус ніколі не прызнае сваёй гістарычнай зьнішчанасьці, адчужанасьці, залежнасьці. Беларуская мова як асноўны сымбаль і адзнака беларусаў разам з народам зьведала вынішчальныя палітыкі заваёўнікаў. Вынік: у 21-ым стагодзьдзі беларусы не размаўляюць на роднай мове, як бы ні заарганізоўваліся перапісы і якія б лічбы ні цыркулявалі ў газэтах. Але тут ніхто не аплаквае, ані шкадуе мовы, як гэта часта здараецца сустрэць ў нас у прэсе ці публіцыстыцы, паспрабуйма проста крытычна і цьвяроза кінуць вока на моўную прастору краіны.

Афіцыйна ў нас ніколі не вядзецца гаворкі аб калянізацыі, каляніялізму з боку Расеі, афіцыйна Беларусь і Расея – роўныя партнэры, беларуская і расейская мовы – раўнапраўныя славянскія мовы. Каляніялізм – гэта недзе там у Афрыцы і Азіі, тут у Эўропе няма і быць ня можа ані калёніяў, ані калянізатараў, ані зкалянізаваных. Ірляндзкая, брэтонская ці во, беларуская мовы зьнікаюць “натуральным чынам” у Эўропе без калёніяў, так лічыцца ў нас, а таксама ў Францыі і Злучаным Каралеўстве. Але ж на карысьць калянізаванасьці нашай культуры і мовы сьведчыць безьліч зьяваў, фактаў. Ну хаця б надзвычайная палітызацыя моўнай тэмы. Апошнія перапісы, рэфармаваньні мовы, запалохваньні непаслухмяных тарашкевічанаў і дзеяслоўцаў, урэшце, параза дзеясловіцы і нашаніўскай тарашкевіцы ў адстойваньні сваіх прынцыпаў і каштоўнасьцей, а таксама масавы пераход з 2010 году на гэтак званы “школьны правапіс”, усё гэта якраз сьведчыць аб лёгіцы адносінаў тыповых для каляніяльнай сыстэмы. Калі з першага наварату гэтага не пабачыць, то неабходна разумець, што падчас усіх гэтых змаганьняў расейская мова, як адна з афіцыйных моваў краіны, застаецца нечапанай, застаецца па-за ўдарамі і гульнёй палітыкі, застаецца “сьвяшчэнай каровай”, застаецца, нарэшце, каралеўскай, заўжднай  і імпэрскай мовай, якой ніхто і нішто не пагражае..

Вельмі цікава, што ў незалежнай Беларусі расейскі каляніялісцкі дыскурс працягвае дамінаваць і фармаваць мэнталітэт беларусаў. Канечне, гэта не адзіны дыскурс, ён існуе (і не канкуруе з-за неканкурэнтназдольнасьці ўсіх іншых) побач з іншымі – незалежніцкім беларускамоўным і нават расейскамоўным дыскурсамі. Беларускія каляніялісцкія эліты (натхнённыя савецкай культурай і расейскай мовай) працягваюць сілкаваць міт аб супольным унівэрсаліцскім і ідэальным дзьвухмоўі, тлумачучы гэта тым, што зусім побач знаходзіцца вялікая расейская культура, якая шармуе ўвесь сьвет, а таму і мы ня можам ігнараваць яе. Вынік: расейскія літаратура, эстрада, кінэматограф, спорт часьцяком трактуюцца як “айчынныя”. І многіх расейскамоўных беларусаў гэта не зьдзіўляе, што цалкам натуральна. Але гэта і ёсьць знак каляніялізму, калі мы ўжо сталі такімі ж як суседзі – расейцы. І страх ня ў тым, што мы гаворым ці чытаем па-расейску, а ў тым, што ўспрымаем гэта за свае. Дзяржава выразна не адмяжоўвае беларускае ад расейскага і ня вучыць нас гэтаму, не зважаючы на курсы дзяржідэалёгіі. Навошта тады служыць гэтая зкалянізаваная ідэалёгія? Беларусы глядзяць сучасныя расейскія фільмы і тэленавэлы і зважаюць іх за свае, йдуць на канцэрты расейскіх поп-сьпевакоў і зважаюць іх за сваіх, чытаюць Дар’ю Данцову і лічаць яе сваёй пісьменьніцай, вось прыклады каляніялізму. Пры гэтым расейскамоўная беларуская пісьменьніца і гуманістыка Сьвятлана Аляксіевіч хоць і піша па-расейску, часьцяком спасылаецца на расейскіх клясыкаў, у прыватнасьці на ўлюбёнага Дастаеўскага, тым ня менш мяжу паміж Расяей і Беларусьсю выразна бачыць, як бы ні блыталі яе і ні называлі на Захадзе “расейскай пісьменьніцай”. Той факт, што нас блытаюць на Захадзе ды і ўва ўсім сьвеце, таксама зьяўляецца доказам нашай каляніяльнасьці. Могілкі беларусаў, упрыгожаныя расейскімі літарамі, нашыя прозьвішчы і імёны, трансьлітараваныя на замежныя мовы праз пасярэдніцтва расейскай мовы, усё гэта таксама сьведчыць аб нашай зкалянізаванасьці.

 

Але пяройдзем лепей ад агульнага каляніялізму да каляніялізму моўнага, нутрымоўнага, што авалодаў урэшце і беларускай мовай. Зкалянізаванай зьяўляецца ня толькі расейскамоўная беларуская культура, але і культура, мова беларуская. Той факт, што мы маем (ці мелі) некалькі стандартаў мовы (наркамаўка, тарашкевіца, дзеясловіца), таксама сьведчыць аб тым, што ўся гэтая разнабежыца выкліканая сытуацыяй мала спрыяльнай разьвіцьцю мовы – дамінаваньню адной каляніяльнай, імпэрскай мовы – расейскай, пад якую стваралі і рэфармавалі афіцыйную беларускую мову і нібыта афіцыйнаму прызнаньню другой мовы краіны -беларускай. І перамогу афіцыйнага стандарту мовы варта ўспымаць таксама як перамогу каляніялісцага дыскурсу, каляніяльнага прадукту. Ну навошта ў дэмакратыі забараняць і цкаваць іншыя варыянты, стандарты, няхай бы яны суіснавалі мірна і паралельна, як у Нарвэгіі суіснуюць букмол і нюнорск?

 

Беларускія лінгвісты – і афіцыйнікі (Аляксандар Падлужны, Аляксандар Лукашанец), і апазыцыянэры і/ці незалежнікі-альтэрнатыўнікі (Вінцук Вячорка, Зьміцер Санько, Павал Сцяцько, Юры Пацюпа, Генадзь Цыхун), і лінвісты дыяспары (Валентына Пашкевіч ці Ніна Баршчэўская)– усе прызнаюць, што ў 20-ым стагодзьдзі беларусая мова перад тым, як пачаць вынішчацца і зьнікаць, зьведала моцныя хвалі русіфікацыі. Адмыслоўцы ў культуры мовы (Алесь Каўрус, Юры Пацюпа, Павал Сцяцько) шмат пішуць аб пранікненьні расейскай мовы у беларускую, аб процьме расейскіх калек і сынтагмаў, хітра завуаляваных і інкруставаных у беларускую мову. Мова пад уплывам расейшчыны мяняецца ня толькі ў сваёй структуры, але і вонкава, так бы мовіць эстэтычна, стылістычна. Вынік: мы больш не размаўляем па-беларуску, мы больш не належым самі сабе, адбываецца моўнае адчужэньне, моўная эрозыя. Цяпер мы ўсе размаўляем на прыблізнай беларускай мове, на калябеларускай мове, на нечым падобным да беларускай мовы. Сьвежы прыклад гэтай эрозіі – шыльды “кніжны магазін”, што зьявіліся паўсюдна апошнім часам у беларускіх гарадах. Быццам бы па-беларуску, але і не зусім. Цяперашнія лякальныя моватворцы калькуюць расейскую мову і ствараюць на месцы сваіх уласных словаў (кнігарня) грувасткія новыя словы, словы-трансвэстыты. Павал Сцяцько, Алесь Каўрус, Юры Пацюпа ды іншыя шмат пішуць аб гэтым, ствараючы цэлыя сьпісы гэтых калек-трансвэстытаў (Церашкова – касманатаўка, а не жанчына-касманаўт; Мэркэль –канцлерка, а не жанчына-канцлер; проста прыпынак ці проста станцыя, а не прыпыначная станцыя; днушка, а не разьделачная дошка і да т. п.).

 

Іншы прыклад падобнай эрозіі мовы – пытаньне фэмінізацыі пасадаў, тытулаў. Калі тарашкевіца і часткова дзеясловіца традыцыйна выказваліся за фэмінізацыю Nomina agentis, то наркамаўка, як зьлегчаны прадукт каляніялізму, сьмела працягвае традыцыю расейскай мовы, якая заўсёды адносіла фэмінізацыю да зьявы размоўнай. Натуральна і ў афіцыйнай беларускай мове фэмінізацыю адкінулі ў бок як разм. ці абл., а часам жарт. (так, напрыклад, слова “прэзідэнтка” у слоўніку Крапівы пазначана як жартлівае, прытым, што ў сьвеце апошнім часам зьявілася шмат сапраўдных, а не жартлівых прэзідэнтак). Як бы людзі ні ставіліся да фэмінізацыі мовы, але менавіта на прыкладзе гэтай тэмы выразна бачыцца наколькі афіцыйная мова – каляніяльны прадукт, які спасылаецца на стылістычныя нормы расейскай матчынай мовы.

 

Такім парадкам, як бы ні крытыкавалі з усіх бакоў тарашкевіцу з-за радыкальнасьці, нейкай выкрутастасьці і звышэстэтычнасьці аж да чужасьці, яна пакуль адзіны стандарт  мовы, які захоўвае  — дзякуючы разьвіцьцю па-за савецкімі межамі (у Польшчы і ў атачэньні дыяспары) — рацыянальнае і крытычнае зерне нашай мовы. Гэта адзіны стандарт-плятформа, з якога можна ўдала пачынаць змаганьне супраць асыміляцыі, супраць русіфікацыі, супраць каляніялізму. Афіцыйны дыскурс баіцца ці ня любіць такіх словаў, як асыміляцыя, русіфікацыя і пагатоў каляніялізм, але ж людзі крытычныя разумеюць, што варта ўсё называць сваімі імёнамі, а ў зьявы зьнікненьня беларусукай мовы з публічнай прасторы назва адна – непрыяцьце беларускай мовы, якое вынікае з каляніялізму, з каляніялісцкага дыскурсу ўлады.

 

Нам тэрмінова неабходна дэкалянізавацца і пачынаць трэба з мовы, прасьцей усяго гэта зрабіць, абапіраючыся на тарашкевіцу. Цяпер ня той час, калі мы можам дазволіць сабе хаўрусы і нейкія прамежкавыя варыянты накшалт таго, што прапануе нам стандартызацыя мовы 2008-2010 гадоў, цяпер, як піша спадар Пацюпа, настаў час “або-або”. Або цалкам аддацца асыміляцыі, або загіморнічаць і выбраць таршкевіцу, выбраць дэкалянізацыю мовы.

 

На вялікі жаль, многія сяньня выбіраюць першае, альбо як яны лічуць “памяркоўны шлях”. Так, былы флягман беларускай мовы – газэта “Наша Ніва” сышла з дыстанцыі, як і досыць малады, але ж пэрспэктыўны флягман – часопіс “Дзеяслоў”. Яны пагадзіліся на “школьны правапіс”, згода. Цалкам зразумела іх пазыцыя, бо іначэй ім цяжка было б працаваць ва ўмовах навязаньня аднаго варыянту мовы з 1 верасьня 2010 і магчымых санкцыяў. Але тым самым (варта заставацца крытычным нават у дачыненьні да такіх флягманаў, як “Наша Ніва”) яны спрыяюць калянізацыі мовы, яны дазваляюць нормам мовы расейскай далей безперашкодна пранікаць у мову. Зусім шакавальна і нават сумна сустракаць у “Нашай Ніве” барбарызмы на -чык; -шчык (прапаршчык, выкладчык і г.д.), супраць якіх яна раней так зацята змагалася. Таксама сумна бачыць, як кабеты ў “НН” маскулінізуюцца на расейскі капыл (з прэзідэнтак ды банкірак яны часьцяком зноў становяцца прэзідэнтамі і банкірамі., бо так патрабуе норма расейская, а цяпер і афіцыйная беларуская). Каляніяльны скасабочаны білінгвізм разьвіваецца пад знакам магутнай расейскай мовы.

Як ужо пазначалася, дэкалянізацыя закранае як беларускую мову, так і расейскую мову Беларусі. Апошняя – таксама наша спадчына, а таму мы мусім захоўваць і ўрэгулёўваць абедзьве мовы. Калі ў пытаньні беларускай мовы нам неабходна выбраць самастойны, незалежны прадукт, пазбаўлены вечных спасылак і простых калькаваньняў з нормаў расейскай мовы, то ў пытаньні расейскай мовы Беларусі, нам таксама неабходна быць сьмялейшымі і на афіцыйным узроўні абараніць спэцыфіку (лексычную, напрыклад) мясцовай расейскай мовы. Так, слова “Беларусь” тут зьяўляецца сымбалічным у такім змаганьні: няхай “маскоўская норма” не прымае слова “Беларусь”, а пішы на стары ці свой  манэр “Белорусь” ці “Белоруссия”, а лякальная расейская мова няхай інтэгруе гэта слова як і многія іншыя. Зробім як зрабілі бэльгі, квэбэкцы ці франкашвайцарцы, якія на афіцыйным роўні абаранілі свае францускія мовы ад манаполіі і ўказаў Францускай Акадэміі, ад манаполіі францускай мовы Францыі. Толькі тады, калі беларускія мовазнаўцы (адмыслоўцы як у беларускай, так і расейскай мовах) кінуць азірацца на Маскву ў пошуку ці чаканьні згоды ці падтрымкі, толькі тады мы, сапраўды, станем незалежнымі і дэкалянізаванымі.

 

Акрамя ARCHE і сеціва незалежнай і альтэрнатыўнай мове няма дзе хавацца, няма плятформы, дзе б аўтары і аўтаркі маглі б сьмела пісаць і разьвіваць тарашкевіцу. Многія выданьні, у тым ліку незалежнага кшталту, прынцыпова прытрымліваюцца наркамаўскага стандарту, бо ўпэўненей адчуваюць сябе з беларускай школьнай мовай, і прыгэтым таксама зьнішчаюць усялякую надзею на разнастайнасьць. Дэмакратычны ідэал вымагае разнастайнасьці, а таму адмова ад тарашкевіцы і нават магчымыя санкцыі супраць аўтараў ці выдавецтваў-прыхільнікаў тарашкевіцы бачыцца як чарговая праява афіцыйнага  і прыватнага аўтарытарызму. Але з другога боку трэба разумець гэтае цкаваньне  тарашкевіцы як страх з боку дзяржавы, бо тарашкевіца ўсё адно разьвіваецца і, напрыклад у сеціве, у вікіпэдыі дамінуе менавіта гэты стандарт. Рамантычная моладзь ды і многія крытычныя людзі, як філёлягі, так і простыя не зааангажаваныя ў моўную гісторыю і эстэтыку людзі, разумеюць мацату і вабнасьць тарашкевіцы, а таму працягваюць ставіць процьму пытаньняў наконт легытымнасьці школьнай мовы.

 

Шкада згубленых дзесяцігодзьдзяў і згубленых генэрацыяў, шкада ўсіх сілаў і высілкаў маладых асобаў, якія перад тым як разьвіваць мову і культуру на роднай мове, губляюць гады на дадатковае ўдасканаленьне сваіх ведаў. У існасьці, беларускамоўная інтэлігенцыя робіць усю працу па захаваньні і мадэрнізацыі мовы і літаратуры замест Дзяржавы і робіць гэта задарма. Канечне, для бальшыні беларусаў існуюць куды больш зразумелыя праблемы, як нізкі ровень заробкаў і  харчы, але і пытаньне культуры, роднай тоеснасьці час ад часу паўстае перад усімі, калі мы вандруем і бачым, што нас блытаюць з расейцамі ці ўкраінцамі, калі мы шукаем адказы на мільёны пытаньняў нашых дзяцей і г.д. Ну, аб якой легітымацыі ўлады, гэтай ўлады можа быць размова, калі за гады незалежнасьці ў нас так і не зьявілася магчымасьці глядзець фільмы ў кінатэатрах па-беларуску? У сталіцы няма жаднага беларускамоўнага кінатэатру, ані хаця б сэансаў па-беларуску І гэта тады, калі па ўсёй краіне будуюцца лядовыя палацы, арэны і падобнае. А на пошце, калі дасылаеш тэлеграму па-беларуску, то яе набіраюць “расейскімі літарамі”, бо ў апаратах няма беларускага шрыфту? Што зрабіла ўлада на шляху да сапраўднага дзьвухмоўя, калі шыльды шматлікіх крамаў на былым праспэкце Скарыны за апошнія гады амаль цалкам зыначыліся на расейскія?

 

Беларуская мова застаецца па-за гульнёй уладаў, па-за гульнёй беларускай мадэрнізацыі, а таму і рэфармаваньне мовы, прадпрынятае ў 2008 і завершанае ў 2010 годзе – усё гэта толькі чарговая гульня ў незалежнасьць. Ці могуць беларусы даваць веры такой уладзе і пагаджацца на рэформу, калі зноўку праігнараваліся элемэнтарныя публічныя дэбаты? Калі да рэфармаваньня не падключылі альтэрнатыўных лінгвістаў і ў прыватнасьці мовазнаўцаў замежжа і дыяспары? Нам трэба мова разнастайная, а галоўная – дэкалянізаваная, то бок пазбаўленая вечных спасылак і абапіраньняў на суседнюю расейскую мову. У той момант, калі многія беларусы капыляць грыбам, крытыкуючы таракшкевіцу, просты люд на вуліцы, які нібыта разумее і размаўляе наркамаўкай, насамрэч не разумее яе, не разумее ніводнага варыянту мовы, таму не трэба ў дэбатах аб вартасьці тарашкевіцы спасылацца на народ, які не прымае яе, яе не прымае ўлада і каляўлада, яе не прымаюць зкалянізаваныя асобы і эліты. Беларусам патрэбна дэкалянізаваная мова, як бы пазьней ні называлі яе – тарашкевіца ці наркамаўка.