У выпадку працягу ранейшай палітыкі Лукашэнка будзе выглядаць не як лідэр незалежнай дзяржавы, а як марыянеткавы кіраўнік аперэтачнай дзяржавы накшталт Эдуарда Какойты. У такіх абставінах уладныя інстынкты беларускага кіраўніка могуць стварыць больш трывалыя і больш доўгатэрміновыя, чым гэта было раней, імпульсы для нармалізацыі адносінаў з Захадам.

На працягу ўсяго толькі чатырох дзён, з 16 па 19 жніўня 2008 году, былі выпушчаны з турмы былы кандыдат у прэзідэнты Аляксандар Казулін і два ўдзельнікі студзеньскай прадпрымальніцкай акцыі пратэсту Андрэй Кім і Сяргей Парсюкевіч. Фармальна гэта прывяло да таго, што колькасць палітычных вязняў стала роўнай нулю. Выкананне галоўнага патрабавання Еўрапейскага Саюза і Злучаных Штатаў адкрывае магчымасць для нармалізацыі адносінаў Беларусі з Захадам. Аднак, паколькі cаступкі афіцыйнага Мінску Захаду зноў адбыліся на фоне інтэнсіфікацыі прэсінгу Крамля на Беларусь, гэтыя дзеянні маглі быць звычайнай ужо для беларускіх уладаў спробай дробнага шантажу Крамля “нармалізацыяй” адносінаў з Захадам. Нават у такім разе, усё больш агрэсіўныя паводзіны Расіі на тле вайны ў Грузіі можа стварыць больш моцныя, чым раней стымулы для афіцыйнага Мінску, каб рухацца ў бок Захаду. У такой сітуацыі, эфектыўная і дакладна вызначаная палітыка абумоўленасці (conditionality), сфармуляваная і Еўрапейскім Саюзам, і Злучанымі Штатамі, можа стаць ключавым фактарам, які паспрыяе пазітыўным зменам у краіне ў бліжэйшым будучым.

 

ВЫЗВАЛЕННЕ КАЗУЛІНА: ТРАПНЫ РАЗЛІК ЧАСУ?

Вызваленне Аляксандра Казуліна разам з правядзеннем свабодных і празрыстых парламенцкіх выбараў было вызначана як крытэр для пачатку нармалізацыі стасункаў паміж ЕС і ЗША з аднаго боку і Беларуссю з іншага. Магчымасць вызвалення Казуліна з турмы ўпершыню з’явілася ў лютым-сакавіку гэтага году, пасля вызвалення ўсіх астатніх палітычных зняволеных (акрамя яго) і кароткага вызвалення самога Казуліна для ўдзелу ў пахаванні жонкі, эпізоду, які сур’ёзна падарваў давер да “лібералізацыйных” інтэнцыяў беларускіх уладаў. Гэтыя інтэнцыі, аднак, падобна, цалкам зніклі крыху пазней пасля канфрантацыі са Злучанымі Штатамі з нагоды санкцыяў супраць Белнафтахіму, за якімі паследавала значнае скарачэнне колькаснага складу амерыканскай амбасады ў Мінску, жорсткі разгон дэманстрацыі 25 сакавіка, рэпрэсіі супраць журналістаў, якія працуюць на беларускія радыёстанцыі ў замежжы (і эфектыўная крыміналізацыя іхняй працы без рэгістрацыі), і суворыя выракі для Кіма і Парсюкевіча. У той жа час, адмова выпусціць Казуліна (і “назапашванне” палітычных зняволеных у красавіку) разглядалася намі як спроба падвышэння ставак у магчымым гандлі з ЕС, калі афіцыйны Мінск палічыць неабходным вярнуцца да дыялогу.

Вызваленне Казуліна, Кіма і Парсюкевіча не было праявай добрай волі. Яно было ўхвалена якраз у той момант, які быў прыдатны для паляпшэння міжнароднага вобразу. Па-першае, некаторыя прыхільнікі рэжыму ўжо намякалі на тое, што ўрад разглядае выкананне аднаго з дванаццаці умоваў ЕС як максімум таго, што ад яго можна патрабаваць, і што працяг ціску прывядзе да разрыву адносінаў. Па-другое, вызваленне Аляксандра Казуліна магло адбыцца наўмысна як спроба справакаваць новы раўнд змагання за апазіцыйнае лідэрства перад парламенцкімі выбарамі.

Па-трэцяе, вызваленне Казуліна магчыма было спробай кампенсаваць правал выканання іншага патрабавання ЕС і Злучаных Штатаў – правесці свабодныя і празрыстыя парламенцкія выбары. Уключэнне 32 прадстаўнікоў апазіцыі ў акруговыя выбарчыя камісіі падавалася пазітыўным крокам у бок лібералізацыі электаральных практык. Тым не менш, ужо пад час рэгістрацыі ініцыятыўных груп назіраліся прыкметы таго, што фармат выбараў не будзе радыкальна зменены ў параўнанні з папярэднімі выбарамі 2004 года. У выніку, прынамсі тры сябры апазіцыі, якія спрабавалі зарэгістравацца ў якасці кандыдатаў у дэпутаты, былі звольненыя з працы пасля таго як яны абвесцілі пра свой намер балатавацца, у той час як многія іншыя зазналі праблемы падчас збору подпісаў. Вынік фармавання ўчастковых выбарчых камісіяў (то бок тых, што будуць непасрэдна лічыць галасы) быў найбольш расчаравальны. Толькі 40 з 810 прэтэндэнтаў вылучаных апазіцыйнай кааліцыяй “Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы” былі ўключаны ў склад участковых выбарчых камісіяў. Усяго было вылучана 69 845 сяброў 6 485 участковых выбарчых камісіяў, хаця толькі 161 з іх прадстаўляе палітычныя партыі. Шанцы на прызнанне выбараў на Захадзе яшчэ больш знізіліся да мінімуму па выніках рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты, якая закончылася 28 жніўня адмовай прыкладна 20 дэмакратычным прэтэндэнтам.

Прымаючы да ўвагі наяўныя тэндэнцыі, ёсць падставы сцвярджаць, што абяцанне “правесці выбары па самых высокіх стандартах” так і не было выканана.

ЗНЕШНІ ЦІСК ДА НАРМАЛІЗАЦЫІ: ГУЛЬНЯ ЗАХАДУ

За апошнія некалькі месяцаў можна было назіраць падвышэнне цікавасці да нармалізацыі адносінаў з Беларуссю. Прычыны такой цікавасці выходзяць далёка па-за рамкі практыкаванняў у паляпшэнні іміджу афіцыйнага Мінску, для чаго быў нядаўна наняты брытанскі лорд Цімаці Бэл. Цікавым момантам з’яўляецца прыцяглы (на працягу ўсяго года) удзел нямецкай амбасады ў закулісных перамовах з Лукашэнкам, першы раўнд якіх меў месца ўзімку 2008 года. Пад час другога раунда, які распачаўся ў жніўні пасля рэзкай рэакцыі Масквы на нейтралітэт Лукашэнкі ў грузінскай вайне, якраз і магло быць вырашана пытанне вызвалення Казуліна. Цікава, што тое самае было паабяцана лордам Бэлам за лічаныя дні да вызвалення, але гэтае сцвярджэнне магло быць не болей чым проста самапіярам спадара Бэла.

Зацікаўленасць у нармалізацыі выявілася таксама пад час дэбатаў у брытанскім парламенце, што адбыліся 16 ліпеня пад кіраўніцтвам апазіцыйнага дэпутата Марка Прытчарда, які ў траўні наведаў Беларусь з місіяй, якая чамусьці не патрапіла пад увагу СМІ. Прытчард заявіў пра тое, што бізнэс лонданскага Сіці зацікаўлены ў інвестыцыях у Беларусь і што краіне трэба палепшыць сітуацыю з правамі чалавека. Яго стратэгія палягала ў тым, каб прапанаваць Мінску план дзеянняў (roadmap) па пазбаўленні найбольш нязручных аспектаў палітычнай ізаляцыі праз выкананне мінімальных палітычных умоваў, такіх як вызваленне палітычных вязняў і правядзенне справядлівых і празрыстых выбараў, нават калі яны не прывядуць да стварэння значнага апазіцыйнага прадстаўніцтва ў Палаце Прадстаўнікоў. Прымаючы да ўвагі той факт, што “лонданскі Сіці” можа быць прадстаўлены і расійскім капіталам, які атабарыўся на берагах Тэмзы, такі рух у накірунку нармалізацыі цалкам можа кіравацца тымі ж самымі саюзнікамі афіцыйнага Мінску, на інвестыцыі якіх ён так разлічвае. Некаторыя з гэтых бізнэсовых інтарэсаў таксама могуць разглядаць Беларусь як бяспечнае месца для правядзення іхніх аперацыяў і магчыма як трамплін для вяртання ў Расію. Гэта цалкам можа пацягнуць за сабой паляпшэнне міжнароднай рэпутацыі Беларусі.

“ПРИНУЖДЕНИЕ К ДРУЖБЕ“ – ГУЛЬНЯ РАСІІ

Беларуска-расійскія адносіны застаюцца вызначальным фактарам ва ўнутрыпалітычнай дынаміцы Беларусі, гэтаксама як у адносінах паміж Беларуссю і Захадам. Узаемадзеянне Мінска з ЕС і Злучанымі Штатамі было проста функцыяй ад стасункаў паміж Мінскам і Крамлём. Ёсць прычына меркаваць, што гэта формула зноў паўтараецца: насамрэч, пацяпленне адносінаў Мінска і Брусэля адбываецца ў той час, калі Расія дэманструе большую самаўпэўненасць і агрэсіўнасць што да Беларусі (у адрозненне ад перыяду лютага-красавіка, калі падчас перадачы ўлады Крэмль быў гатовы пакінуць прымальныя цэны на газ і падтрымаць Беларусь у дыпламатычным канфлікце з ЗША).

Аднак, у гэтай мадэлі з’явіліся важныя змены. Набліжэнне новага раунда перамоваў з Расіяй па цэнах на газ адбываецца на фоне абяцання Крамля і надалей зніжаць энэргетычныя субсідыі і патрабавання прыватызацыі найважнейшай беларускай інфраструктуры расійскім капіталам. Беларуска-расійскія адносіны не зазналі сур’ёзных зменаў з часу інаўгурацыі Дзмітрыя Мядзведзева ў якасці новага прэзідэнта Расіі і зацвярджэння Ўладзіміра Пуціна на пасадзе прэм’ер-міністра 7 траўня 2008 года. Хутчэй можна сказаць, што былі ўзмоцненыя тыя тэндэнцыі, якія ўжо крысталізаваліся за апошнія некалькі год. У прыватнасці, Масква зрабілася больш настойлівай у падвышэнні сваёй эканамічнай ролі ў бліжэйшым замежжы (як прыклад можна прывесці ініцыятыву Мядзведзева зрабіць расійскі рубель рэгіянальнай рэзервовай валютай). У Беларусі гэтая настойлівасць увасобілася ў шматлікіх дэкларацыях і прэм’ера Пуціна, і расійскага амбасадара ў Беларусі Аляксея Сурыкава аб тым, што прыватызацыя найбольш значнай інфраструктуры і ўсталяванне больш шчыльных палітычных сувязяў з Масквой ёсць адзіным шляхам для Мінску, каб пазбегнуць рэзкага падвышэння цэнаў на газ у будучым. Тымчасам, дзеля рэзкага росту цэнаў на энэргію, падвышэнне цаны газу з цяперашніх 128 даляраў ЗША за 1000 кубаметраў да амаль 200 даляраў у 2009 годзе падаецца непазбежным пры любых абставінах.

ЗБЛІЖЭННЕ БЕЛАРУСІ З ЗАХАДАМ: АХВЯРА ГРУЗІНСКАЙ ВАЙНЫ?

У гэтым раундзе здольнасць Лукашэнкі мінімалізаваць ціск Расіі пры дапамозе цырыманіяльных жэстаў у бок Захаду радыкальна зменшылася, хаця спробы працягнуць такую гульню і робяцца. Наступствы “пяцідзённай” грузіна-расійскай вайны могуць радыкальным чынам змяніць баланс сіл і правілы геапалітычнай гульні на прасторы былога Савецкім Саюзу. Логіка канфрантацыі Крамля з Захадам можа падштурхнуць яго да ўсталявання кантролю над тэрыторыяй, якую Масква разглядае як сваю “сферу ўплыву”, што можа азначаць дэстабілізацыю Ўкраіны, каб не дапусціць яе ўваходжанне ў NATO (у больш мяккай форме, чым тое было ў Грузіі); і ўзмацненне сваёй улады над Беларуссю, каб не дапусціць перамены яе знешнепалітычнай арыентацыі. У часе канфлікту афіцыйны Мінск меў магчымасць гуляць ролю “апошняга сябра Масквы”, што ён і рабіў у 1990-я гады, калі фармавалася саюзная дзяржава Расіі і Беларусі як знешняя сістэма падтрымкі рэжыму Лукашэнкі. Аднак, беларускі бок захоўваў маўчанне і не спяшаўся ўхваляць дзеянні Крамля. Падаецца, што афіцыйны Мінск хацеў зноў выставіць кошт сваёй лаяльнасці і вернасці. Але ўзамен гэтага, дэкларацыі Сурыкава і паводзіны расійскіх афіцыйных асобаў адлюстравалі ўпэўненасць Крамля ў тым, што заплачана ўжо дастаткова для таго, каб Беларусь дакладна прытрымлівалася крамлёўскай лініі ў знешняй палітыцы.

Ціск Масквы на Грузію паставіў Лукашэнку перад яшчэ большай дылемай, чым гэта можна было прадказаць. Варта памятаць, што на працягу некалькіх год афіцыйны Мінск устрымліваўся ад жорсткіх заяваў на адрас Тбілісі, і нядаўна адносіны былі рэзка скіраваныя ў бок нармалізацыі, аб чым сведчыць тое ж адкрыццё грузінскай амбасады ў Мінску. Некаторыя кампаніі, такія, як Белавія, наўпрост зараблялі грошы на расійска-грузінскіх канфліктах і блакадах. І нельга таксама забывацца на тое, што калі беларускі лідэр яшчэ разглядае ідэю дыверсіфікацыі энергетычных паставак, надзвычай важна захаваць добрыя стасункі з Грузіяй.

Акцыі Крамля ў Грузіі сталі дэманстрацыяй для ўсёй постсавецкай прасторы – і нават далёкага замежжа, што выкарыстанне сілы вярнулася ў якасці інструмента знешняй палітыкі. Карыстаючыся эфектам шоку, Расія прымусіла Лукашэнку заявіць пра яго падтрымку яе дзеянняў у рэгіёне (хаця беларускі лідэр выказаў яе ў такой форме, каб было зразумела, што ён гэта робіць на па сваёй волі), а таксама нагадала пра ранейшыя абяцанні ў галіне палітычнай і эканамічнай інтэграцыі. Расія фарсіруе падпісанне дамовы пра адзіную сістэму супрацьпаветранай абароны саюзнай дзяржавы а таксама прыватызацыю такіх ключавых кампаній, як МАЗ і Палімір. У Мінску застаецца вельмі невялікая прастора для манеўру: з аднаго боку, яго міжнародная рэпутацыя не дазваляе разлічваць на сур’ёзную знешнепалітычную падтрымку з боку Захаду. З іншага, Расія патрабуе ад Беларусі акурат тое, што афіцыйны Мінск ёй неаднаразова абяцаў (дастаткова ўзгадаць пра тую ж сістэму супрацьпаветранай абароны, пра стварэнне якой казаў сам Лукашэнка ў снежні мінулага года, калі беларускія ўлады былі заклапочаны атрыманнем двухмільярднага стабілізацыйнага крэдыту). Болей за тое, выгоды ад ангажавання з Захадам пакуль не могуць замяніць таго, што прадстаўляе і чым шантажуе Крэмль – доступ да Расійскага рынку і танныя энерганосьбіты. Дзеля таго, каб напэўна захоўваць Беларусь у арбіце свайго ўплыву, Расіі дастаткова блакаваць усялякія палітычныя і эканамічныя змены ў краіне, якія б мянялі гэты статус кво.

Фактычна, акурат гэтым Крэмль зараз і займаецца, паколькі ён не толькі прымушае Беларусь да таго, каб падтрымаць яго ў канфлікце з Грузіяй, але таксама імкнецца да таго, каб Мінск прыняў рашэнні, якія рабілі б малаверагоднай нармалізацыю стасункаў з ЕС і ЗША, у прыватнасці, прызнанне незалежнасці Паўднёвай Асетыі і Абхазіі і магчыма прыняццё гэтых утварэнняў у саюз Беларусі і Расіі. У выпадку, калі такая падтрымка будзе выказана, Лукашэнка прадстане перад светам не як лідэр незалежнай дзяржавы, з якім можна вырашаць пытанні, а як марыянеткавы кіраўнік аперэтачнай дзяржавы накшталт Сяргея Багапша і Эдуарда Какойты. У такой пазіцыі, Лукашэнка быў бы цалкам бездапаможным, калі б прэсінг з боку Расіі пачаў бы падрываць яго палітычныя і ўладныя пазіцыі.

Уладныя інстынкты беларускага кіраўніка могуць стварыць, у цяперашніх абставінах, больш трывалыя і больш доўгатэрміновыя, чым гэта было раней, імпульсы для нармалізацыі адносінаў з Захадам. Пры разумным падыходзе, працэс ангажавання з афіцыйным Мінскам можа пашырыць акно магчымасці для палітычнай лібералізацыі ў краіне.

ВЫСНОВЫ

Двухбаковы геапалітычны ціск падымае стаўкі для афіцыйнага Мінска ў яго паралельнай гульні з Расіяй і з Захадам. Такая гульня, ва ўмовах калі Расія больш не лічыць сябе абмежаванай правіламі прыстойнасці і нормамі міжнароднага права, нясе пагрозы дзяржаўнай незалежнасці Беларусі. Аднак, калі Захад выпрацуе канкрэтны і празрысты парадак дня для дыялогу і “дарожную карту” для нармалізацыі адносінаў, тыя ж самыя трывожныя фактары могуць ператварыцца ў фактары палітычнага прагрэсу ў краіне. Захад у стане прапанаваць Мінску перспектыву выхаду з міжнароднай ізаляцыі, і доступ да рэальных перавагаў супрацоўніцтва з ЕС і Злучанымі Штатамі.

Паколькі ў беларускіх уладаў можа ўзнікнуць сапраўдная матывацыя да супрацоўніцтва, у новых умовах спрацуе доўгатэрміновая палітыка, а не кароткачасовы гандаль. Напрыклад, такія крокі, як санкцыі ЗША супраць канцэрну Белнафтахім ацэньваліся як неэфектыўныя і контрпрадуктыўныя ва ўмовах, калі афіцыйнаму Мінску была гарантавана падтрымка з боку Расіі, тыя ж самыя абмежаванні могуць мець зусім іншы эфект ва ўмовах, калі беларускім уладам патрэбна больш дбаць пра міжнародны імідж і пра магчымую палітычную падтрымку з боку заходнім дзяржаваў. Палітыка ЗША, адрознівалася паслядоўнасцю і ў той жа час гнуткасцю (як было прадэманстравана гатоўнасцю да наладжвання дыялогу з Мінскам літаральна праз некалькі дзён пасля выканання патрабавання пра вызваленне палітычных зняволенных), пры гэтым перспектыва паляпшэння адносінаў у кароткачасовай перспектыве была вызначана ў залежнасці ад канкрэтных і вымяраемых крокаў насустрач. Такая гнуткасць і аператыўнасць нехарактэрна для ЕС, дзе працэс прыняцця рашэнняў 27 дзяржавамі надзвычай замаруджаны. Менавіта з-за гэтага ініцыятыва ў заходняй палітыцы да Беларусі ў бліжэйшы час будзе належыць акурат Злучаным Штатам.

Каб перахапіць гэтую ініцыятыву, ЕС мусіць у бліжэйшы час выпрацаваць канкрэтную і паслядоўную “дарожную карту”, якая б вызначыла б шлях да нармалізацыі адносінаў у доўгатэрміновай перспектыве. Менавіта такая дарожная карта магла б стаць і моцным палітычным дакументам, які б вызначыў для беларускага грамадства і элітаў еўрапейскую перспектыву іх краіны. Дзеля гэтага не спатрэбіцца вынаходзіць кола і распрацоўваць новую і палітыку і стратэгію: гутарка ідзе пра ўдакладненне тых падыходаў, якія ўжо выпрацаваныя. Пачаткам можа стаць перагляд і перафармуляванне вядомых 12 патрабаванняў ЕС і прывязка выканання кожнага канкрэтнага патрабавання да канкрэтных абяцанняў пашырэння супрацоўніцтва.

Гэтая дарожная карта можа выглядаць наступным чынам. Выкананне патрабаванняў празрыстасці і справядлівасці на парламенцкіх выбараў павінна стаць нагодай для скарачэння візавых санкцый і гандлёвых абмежаванняў і для павышэння ўзроўню кантактаў з афіцыйным Мінскам да ўзроўню міністраў. Пасля гэтага мусіць быць доўгатэрміноваы план збліжэння на аснове дакладна акрэсленых крытэраў паляпшэння ўнутрыпалітычнай сітуацыі ў краіне і адпаведных крокаў насустрач, якія мог бы зрабіць ЕС. Ужо зараз, напрыклад, могуць быць акрэсленыя магчымасці да размарожвання дамовы пра партнэрства і супрацоўніцтва і да паўнавартаснага ўдзелу Беларусі ў Еўрапейскай палітыцы суседства пры ўмовах выканання беларускім бокам еўрапейскіх патрабаванняў што да павагі правоў грамадзянаў на свабоднае атрыманне інфармацыі, на свабоду асацыяцыі і прафсаюзнай дзейнасці. Калі афіцыйны Мінск здолее захаваць станоўчы да нармалізацыі адносінаў палітычны клімат на працягу некалькіх год і забяспечыць правядзенне прэзідэнцкіх выбараў 2011 года згодна з еўрапейскімі стандартамі, на парадак дня мусіць устаць поўнавартаснае супрацоўніцтва, аблягчэнне візавага рэжыму і падтрымка ЕС далучэння Беларусі да міжнародных арганізацыяў, такіх як Сусветная Гандлёвая Арганізацыя.