Я не абвінавачваю наагул польскі народ, я ведаю, што ён ніколі ня дасьць сваёй згоды на гэткае дзела маскоўскім бальшавікам, надта прыпала да смаку тая дзікая мараль, што як ад мяне адбіраць жонку, то гэта зло, а калі я адбіраю ад другога, то гэта дабро.

Нам ужо ведама, што польскі ўрад аддае беларускую зямлю польскім жаўнерам. Дзеля гэтай мэты ён забірае пад сваю ўласнасьць у Заходняй Беларусі казённыя, маярацкія, духовыя і фундушовыя землі. Апрача таго, ён мае права за­браць дзеля гэтай жа мэты ўсе прыватныя маёнткі, пакідаючы гаспадарам іх 400 гектараў.

 

Мы, беларусы, ня досыць зьвяртаем увагі на гэтую справу. А трэба ведаць, што забор нашых земляў гразіць самаму жыцьцю беларускага народу. Усім нам вядома, якую вагу для беларускай будучыні мае зямля і як яе пажадаюць беларусы безьзямельныя і малазямельныя. А многія яшчэ з уцекачоў не вярталіся дамоў.

 

Я памятаю, які гвалт зрабілі палякі, калі за некалькі гадоў перад сусьветнай вайной немцы, хочучы анямечыць польскую Пазнань, сталі па дарагой цане праз «Bank-Osten» скупляць польскія двары. Я памятаю, якія праклёны сыпаліся тады на галаву немцаў.

 

А што гаварылі і пісалі палякі, калі ўрад Мікалая ІІ у Віленскай, Ковенскай і Гарадзенскай губэрнях пры помачы «Крестьянского Банка» скупляў двары, каб пасадзіць на іх рускіх пасяленцаў? Графа Корвін-Мілеўскага, прадаўшага гэтаму банку свой двор Бярэзіну ў Ашмянскім павеце, польскія паны называлі ня інакш як здраднікам.

 

Але вучні шмат далей сягнулі ад сваіх вучыцялёў. Я не абвінавачваю наагул польскі народ, я ведаю, што ён ніколі ня дасьць сваёй згоды на гэткае дзела маскоўскім бальшавікам, надта прыпала да смаку тая дзікая мараль, што як ад мяне адбіраць жонку, то гэта зло, а калі я адбіраю ад другога, то гэта дабро. Калі бальшавікі пры царскім рэжыме былі прымушаны хавацца ў падпольле, яны напэўна лічылі злом усё тое, што зь імі рабілі жандармы. Тое ж, што яны цяпер самі вытвараюць з усімі тымі, хто адважыцца думаць хоць трохі ня так, як бальшавікі, далёка перайшло ўсе даўнейшыя злачынствы жандараў.

 

Ня трэба быць прарокам, каб спазнаць, што гэта зямельная рэформа ў Беларусі прывядзе да лішніх забурэньняў і ахвяраў, бо беларус, як бы ён ня быў ціхі і пакорны, ніколі не памірыцца з тым, каб на той зямлі, якая потам і кроўю яго дзядоў і прадзядоў паліта, жыў нейкі чужынец.

 

Дык нам ня можна маўчаць. Хай увесь сьвет знае аб тым, што польскія паны рыхтуюцца зрабіць зь няшчасным беларускім народам. Трэба, каб беларускія арганізацыі, якія цяпер ёсьць у краі, зьвярнуліся да ўсіх народаў з гарачым пратэстам проціў гэтага насільства.

 

Крыніца. 1921. № 15

 

* Гэты тэкст падрыхтаваў да друку Сяргей Лескець.

 

 


Сапрон Кавэрда — рэвалюцыянэр-падпольшчык. Займаўся вэрбоўкаю добраахвотнікаў у створаную з ініцыятывы Беларускай вайсковай камісіі падпольную арганізацыю «Зялёны Дуб». Бацька тэрарыста Барыса Кавэрды, які 7 чэрвеня 1927 сьмяротна параніў паўнамоцнага прадстаўніка СССР у Польшчы Пятра Войкава.

 

ГЭТЫ АРТЫКУЛ БЫЎ НАДРУКАВАНЫ Ў №8 «ARCHE» ЗА 2009 ГОД