З кнігі эсэістыкі “Натурморт з вудзіламі”.
…a gallant tulip will hang down
his head to a virgin newly ravished…
Robert Herrick
1.
Вось гісторыя аднаго з чалавечых шаленстваў.
У гэтай аповесьці ня будзе пажару, які спусташае вялікі горад над ракой, ня будзе разьні безабаронных, ня будзе залітай ранішнім сьвятлом вялікай раўніны, дзе ўзброеныя вершнікі сутыкаюцца зь іншымі вершнікамі, каб на схіле дня, пасьля жахлівай бітвы, высьветлілася, які з двух правадыроў заслужыў сьціплае месца ў гісторыі, помнік з бронзы ці, у выпадку меншага шчасьця, магчымасьць увекавечыць сваё імя ў назьве якой-небудзь бакавой вулачкі ў брудным прадмесьці.
Наша драма сьціплая, непатэтычная, далёкая ад вядомых гістарычных кровапраліцьцяў. Бо ўсё пачалося нявінна — з расьліны, з кветкі, з тульпана, які — як жа цяжка сабе гэта ўявіць! — выклікаў калектыўныя і неўтаймоўныя жарсьці. І больш за тое: тых, хто займаўся гэтым фэномэнам, найбольш зьдзіўляла, што гэтае шаленства ахапіла ашчадны, цьвярозы, працавіты народ. Вынікае пытаньне: як дайшло да таго, што ня дзе-небудзь, а менавіта ў адукаванай Галяндыі, tulpenwoede — тульпанавая манія — набыла такія пагрозьлівыя памеры, страсянула асновы саліднай народнай гаспадаркі і давяла да маніякальнага азарту прадстаўнікоў усіх грамадзкіх станаў.
Некаторыя тлумачаць гэтую зьяву любоўю галяндцаў да кветак, якая зрабілася прыслоўем. Існуе такі стары анэкдот: адна дама зьвярнулася да мастака з просьбай, каб той намаляваў ёй букет рэдкіх кветак, бо ёй не стае грошай, каб іх купіць. Менавіта так паўстала невядомая дагэтуль галіна мастацтва. Заўважым, што для той дамы, натхняльніцы новага жанру ў мастацтве, эстэтычныя матывы адыгрывалі абсалютна другасную ролю. Тое, што яна пажадала, было рэальнай рэччу — венчыкам зь пялёсткаў на зялёнай сьцябліне. Твор мастака быў толькі сурагатам, ценем існае рэчы. Гэтаксама каханкі ў час расстаньня вымушаныя задавальняцца падабенствам — намаляваным тварам. То бок карціна выражае сум па далёкай, недасяжнай, страчанай рэчаіснасьці.
Ёсьць яшчэ іншыя, больш празаічныя ці проста прыземленыя нагоды, якія, як падаецца, дастаткова пераканаўча тлумачаць асаблівую цягу галяндцаў да кветак. Край, пазбаўлены неўтаймоўнага буяньня зеляніны, заціснуты ў рамкі рацыянальнай гаспадаркі, зьдзіўляў шматлікіх падарожнікаў, якія ня бачылі тут нават збожжавых палёў. Збожжа прывозілася з-за мяжы. Зямлі было мала, яе якасьць была часьцей за ўсё дрэнная, а цана заўсёды празьмерная. Большасьць абшару была прызначаная пад пашу, а таксама пад сады і агароды. Сама прырода краю прымушала да інтэнсіўнай гаспадаркі на малой колькасьці земляў.
Прырода кідала чалавеку таксама і эстэтычны выклік. Няцяжка зразумець, што пэўная манатоннасьць галяндзкага краявіду нараджала мары пра разнастайную, шматкаляровую, незвычайную флёру. Можа быць, тут хаваўся сум па страчаным раі, які сярэднявечныя мастакі выяўлялі ў выглядзе ружоўніка, саду ці кветніка. Адвечная зеляніна больш кажа ўяўленьню, чым адвечнае сьвятло.
У параўнаньні з пампэзнай пышнасьцю францускіх ці ангельскіх садоў, іх галяндзкія адпаведнікі відавочна сьціплейшыя. Часьцей за ўсё яны займалі прастору на некалькі дзясяткаў квадратных футаў, але якое багацьце расьлінаў, якая сьвядомая кампазыцыя колераў: траўнік з выспачкамі моху, градкі рознакаляровых кветак, кусты бэзу, яблыні — і на ўсё гэта накладзены ўзор — сетка ліліпуцкіх сьцяжынак, пасыпаных белым пяском.
Кожны, нават просты рамесьнік, жадае мець за домам свой садзік і вырошчваць прыгажэйшыя і незвычайнейшыя, чым у суседа, ружы, лілеі, гіяцынты і касачы. Гэтае пакланеньне прыродзе — быццам рэха старадаўніх расьлінных культаў — мела ўсе рысы асьвечанай любові. У Ляйдэнскім і іншых унівэрсытэтах выкладалі вядомыя знаўцы расьліннага сьвету, напрыклад, француз Леклюз, якога звалі Клюзіюс (пра яго яшчэ будзе гаворка ніжэй), што ў 1587 годзе заклаў першы батанічны сад. Студэнты разам з калянізатарамі адпраўляліся ў далёкія і небясьпечныя падарожжы, каб даведацца пра таямніцы экзатычнай прыроды. А шырокая публіка з запалам чытала кніжкі, прысьвечаныя клясыфікацыі, анатоміі і гадаваньню расьлінаў. Падсумаваньне гэтай багатай літаратуры — вялізны трохтамовы твор Яна ван дэр Мэрса «Аrboretum sacrum».
У каралеўскай мастацкай галерэі Маўрыцхёйс у Гаазе ёсьць карціна «Букет на фоне аркавага акна» Амброзія Босхарта-старэйшага. Гэты твор напоўніў мяне нейкім неспакоем, хоць я разумеў, што сама мастацкая тэма ніяк не нагода для гэтага. Што можа быць больш ціхамірнае, больш ідылічнае за складзены з вышуканай простасьцю букет ружаў, даліяў, касачоў і ятрышніка на фоне неба і далёкага горнага краявіду, які патанае ў блакіце?
Але сама распрацоўка тэмы дзіўная і зьлёгку жудасная. На гэтай карціне кветкі — ціхія служкі прыроды, безабаронныя крыніцы захапленьня — непадзельна гаспадараць, фанабэрацца, валадараць зь нечуванай дагэтуль інтэнсіўнасьцю і сілай. «Ціхія служкі прыроды» перасталі граць ролю арнамэнту — не ціхамірна какетнічаюць, а атакуюць гледача сваёй ганарлівай індывідуальнасьцю, якая, так і хочацца сказаць, усьведамляе сябе. Яны нібыта звышнатуральныя і напорыста прысутныя. А ўсё гэта робіцца не таму, што такое выражэньне ўнутранага стану мастака (як у «Сланечніках» Ван Гога), наадварот, форма, колер і характар кветак скрупулёзна і дэталёва ўвасобленыя з халоднай бесстароннасьцю батаніка і анатома. Сьвятло карціны — яснае, «аб’ектыўнае» — азначае, што мастак адмовіўся ад усяго абаяньня chiaroscuro, мастацкай ярархіі, то бок прыцішэньня адных прадметаў ценем і падкрэсьленьня іншых асьвятленьнем. «Букет на фоне аркавага акна» можна параўнаць з калектыўнымі партрэтамі Франса Хальса, у якіх няма падзелу на больш і менш важных пэрсанажаў.
Карціна Босхарта была створаная каля 1620 году, амаль перад сьмерцю аўтара. Падзеі, пра якія мы маем намер расказаць, адбыліся на некалькі гадоў пазьней. Але ўжо ў гэтай карціне можна ўбачыць знакі будучай буры. Бо хіба ж гэтыя асьмялелыя, дамінуючыя, агрэсіўныя кветкі, якія голасна патрабуюць зьдзіўленьня і пашаны, ня ёсьць праявай асаблівага культу? На гэта паказвае нават сама кампазыцыя. Букет пастаўлены на высокае акно, як на алтар, узьняты над прыродай. Паганская дараносіца з кветак.
У карціне Босхарта ёсьць некалькі злавесных тульпанаў.
<!** Title> <!** EndTitle>
2.
Падаецца праўдападобным, што хваробы
маюць сваю гісторыю, то бок, кожная эпоха
мае свае акрэсьленыя хваробы, якія да гэтага
не праяўляліся падобным чынам і пазьней у
такой форме ня вернуцца.
Ф. Трэлс-Лунд
Тульпан, гэтаксама як і шмат іншых блаславёных і злавесных дароў — рэлігій, забабонаў, лекавых зёлак і зёлак, што ачмураюць, сьвятых кніг і нападаў, эпідэмій і пладоў — падарунак Усходу. Назва паходзіць з пэрсыдзкае мовы і азначае «турбан». Ён даўно быў улюбёнай, абажанай кветкай у садах Армэніі, Турцыі і Пэрсіі. Пры двары султанаў кожны год ладзілася тульпанавае сьвята. Тульпан апявалі паэты Амар Хаям і Гафіз, ён згадваецца ў «Тысячы і адной ночы» — так што да таго, як прыбыць у Эўропу, ён некалькі стагодзьдзяў рабіў кар’еру на Ўсходзе.
Зьяўленьне тульпана на Захадзе — заслуга дыплямата. Яго звалі Аж’е Гісьлен дэ Бусбэк, ён быў паслом аўстрыйскіх Габсбургаў пра двары Сулеймана Прыўкраснага. Чалавек выкшталцоны і цікаўны (захаваліся займальныя апісаньні яго падарожжа) у якасьці абавязку пісаў вычарпальныя дыпляматычныя рапарты, але зь яшчэ большым запалам зьбіраў грэцкія рукапісы, антычныя надпісы і мясцовую флёру. У 1554 годзе ён выслаў венскаму двару транспарт, гружаны саджанцамі тульпана. Такім нявінным быў пачатак гэтага зла.
З таго часу кветка надзіва хутка распаўсюдзілася па Эўропе. Конрад Геснэр, якога называлі нямецкім Плініем, у творы «De hortis Germaniae» (1561) даў першае апісаньне расьліны. У тым жа годзе госьці банкірскай сям’і Фугер дзівяцца ў іх аўсгбурскіх садах гэтай рэдкай яшчэ кветцы, якая трохі пазьней зьявіцца ў Францыі, Нідэрляндах і Англіі, дзе Джон Трандэсцэнт, садоўнік Карла I, ганарыўся вывядзеньнем пяцідзесяці гатункаў тульпана. Пэўны нядоўгі час гастраномы спрабуюць зрабіць з тульпана далікатэс на фэшэнэбэльныя сталы: у Нямеччыне яго спажываюць у цукры, затое ў Ангельшчыне марынаваным у алеі і воцаце. Таксама нічым ня скончылася падступная змова аптэкараў зрабіць з гэтай расьліны сродак супраць напушэньня. Тульпан застаўся сабой — паэзіяй Прыроды, якой чужы вульгарны ўтылітарызм.
Такім чынам, спачатку гэта была кветка манархаў і высакародных багацеяў — вельмі каштоўная, недасягальная, ахоўваная ў кожным садзе. Сучасьнікі прыдумалі яму душу — казалі, што яна выражае элегантнасьць і вышуканую ганарлівасьць. Нават яго недахоп — адсутнасьць паху — лічыўся цнотай сьціпласьці. Па сутнасьці яго халодная прыгажосьць мае характар, так бы мовіць, інтравэртны. Тульпан дазваляе, каб на яго дзівіліся, але не абуджае неўтаймоўных пачуцьцяў — пажадлівасьці, зайздрасьці, мілоснай жарсьці. Ён — пава сярод кветак. Так прынамсі пісалі прыдворныя «садовыя філёзафы». Гісторыя даказала, што яны памыляліся.
Як вядома, заразны прыдворны густ часта пераймаюць ніжэйшыя слаі грамадзтва, за што іх спасьцігае заслужаная божая кара. На пачатку XVII стагодзьдзя хранікёры адзначаюць у Францыі першыя праявы, так бы мовіць, тульпанавай ліхаманкі. У 1608 годзе нейкі мастак за адну цыбульку рэдкага гатунку «Mere brune» расстаецца з сваім млыном; пэўны жаніх быў, відаць, у захапленьні, калі атрымаў у пасаг ад цесьця каштоўны саджанец, названы адпаведна з аказіяй «Mariage de ma fille»; іншы энтузіяст не вагаючыся памяняў свой квітнеючы бровар на цыбулінку, якая з таго часу носіць вычварную назву «Tulip brasserie».
Можна множыць прыклады і бязь цяжкасьцяў давесьці, што паўсюль, дзе зьявіўся тульпан, у большай ці меншай колькасьці адзначаныя выпадкі тульпанавай маніі. Але толькі ў Галяндыі яна дасягнула памераў эпідэміі.
Вызначыць дакладны час і месца пачатку эпідэміі складана. З чумой значна прасьцей: аднойчы ў порт прыбывае карабель з Усходу, у часткі экіпажу моцная гарачка, некаторыя трызьняць, на іх тварах выразна відаць гузы. Яны сыходяць на зямлю, іх разьмяшчаюць у шпіталях, дамах і корчмах. Спачатку першыя выпадкі скону, пасьля колькасьць захворваньняў, якія сканчаюцца сьмерцю, рэзка ўзрастае. І ўвесь горад, усё навакольле, уся краіна ахопленыя бедзтвам. Паміраюць прынцы і жабракі, сьвятыя і вальнадумцы, злачынцы і нявінныя дзеці. Падобны пандэмоніюм сьмерці шматкротна і падрабязна апісваўся яшчэ з часу Фукідыда.
Але тульпанаманія — і тут пачынаюцца праблемы — гэта зьява мэнтальная, інакш кажучы, грамадзкі псыхоз. І гэтаксама, як іншыя псыхозы — рэлігійныя, ваенныя, рэвалюцыйныя ці гаспадарскія, напрыклад, залатая ліхаманка ці крах амэрыканскай біржы ў 1929 годзе — нягледзячы на шматлікія і надзвычайныя аналёгіі, яна ня можа быць вытлумачаная ў тэрмінах заразных хваробаў. У нас няма інструмэнтаў, якія дазволілі б колькасна вымерыць аб’ём эпідэміі, ступень «заразьлівасьці», лічбу вострых і ня вельмі «захворваньняў», «тэмпэратурную крывую» асобных людзей, якіх закранула манія. Таму нам застаецца толькі мэтад апісаньня здарэньняў, асьцярожнае занатоўваньне паасобных яскравых і характэрных выпадкаў.
Цяжка дакладна вызначыць, калі тульпан зьявіўся ў Нідэрляндах першы раз, аднак, відавочна, досыць рана. Мы, напрыклад, ведаем, што ў 1562 годзе ў антвэрпэнскі порт быў дастаўлены груз тульпанавых цыбулек. Але інтэнсіўная зацікаўленасьць гэтай кветкай пачалася на некалькі дзесяцігодзьдзяў пазьней і была пэўна адгалоскам моды, што панавала пры каралеўскіх дварах, асабліва пры францускім.
На рубяжы XVI—XVII стагодзьдзяў здарыўся выпадак, які, на першы погляд, падаецца малаважным эпізодам з крымінальных хронікаў, але ў існасьці гэта першая праява тульпанаманіі на галяндзкай зямлі. Вось жа, Караль Клюзіюс, якога мы ўжо згадвалі, прафэсар батанікі ў вядомым Ляйдэнскім унівэрсытэце (а да таго ён займаў пасаду дырэктара імпэратарскіх садоў у Вене), быў шырокавядомым навукоўцам і пыхлівым балбатуном. Пры кожнай аказіі ён апавядаў ня толькі ўнівэрсытэцкім, але і любым слухачам пра расьліны, якімі ён займаецца. Часьцей за ўсё з энтузіязмам і непрыхаваным гонарам ён расказваў пра тульпаны, якіх, як ён сьцьвярджаў, не памяняў бы ні на якія багацьці сьвету. Гэта была яўная правакацыя, чаго ён, відавочна, не ўсьведамляў. Аднойчы, скажам, у цёмную бязьмесячную ноч, невядомыя забраліся ва ўнівэрсытэцкі сад і скралі тульпаны Клюзіюса. Злодзеі, пэўна, мелі не абы-якую навуковую адукацыю, бо іх здабычай былі насамрэч рэдкія і каштоўныя гатункі. Засмучаны батанік не займаўся гэтай расьлінай да канца сваіх дзён.
Уся гэтая гісторыя нагадвае баляду пра вучня чарнакніжніка. Адбылася раптоўная трансмутацыя: прадмет цярплівых навуковых, а таму бескарысьлівых досьледаў зрабіўся аб’ектам шалёных фінансавых зьдзелак. І тут паўстае важнае пытаньне — чаму менавіта тульпан, а ня іншая кветка справакавала гэтае шаленства?
Нагодаў было некалькі. Мы ўжо адзначылі, што тульпан быў кветкай арыстакратычнай і абажанай. Якая асалода — валодаць чымсьці, што ёсьць гонарам манархаў! Акрамя гэтых снабісцкіх поглядаў, існавалі таксама нагоды, так бы мовіць, чыста прыродныя… Вось жа, гадоўля тульпанаў не складала вялікіх праблемаў і клопатаў. Гэта была ўдзячная кветка, лёгкая ў вырошчваньні. Кожны, хто меў хоць бы маленькі лапік зямлі, мог аддавацца гэтай жарсьці.
У галяндзкіх садах лютаваў нейкі вірус, які прыводзіў да таго, што пялёсткі тульпанаў часта рабіліся фантастычнымі па форме, з махровымі, нібыта абтрапанымі краямі. Хутка з гэтай паталёгіі навучыліся атрымліваць прыбытак.
А галоўнае — і гэта вельмі важна для нашых развагаў пра прыродныя падставы тульпанаманіі — ніводная іншая кветка ня мела такой колькасьці гатункаў. Існавала перакананьне, што ў дадзенай расьліны ёсьць асаблівасьць: рана ці позна, спантанна, то бок без удзелу чалавека, яна дае новыя мутацыі, новыя рознакаляровыя формы. Казалі, што прырода палюбіла гэтую кветку і бясконца зь ёй забаўляецца. Кажучы менш высакамоўна, гэта значыла, што той, хто набывае цыбулінку, трапляе ў сытуацыю гульца ў лятарэю. Сьляпы лёс мог падараваць вялікую ўдачу.
У першай палове XVII стагодзьдзя галяндцы ганарыліся трыма рэчамі: наймагутнейшым і непераможным флётам, «радасьцямі свабоды, большымі, чым дзе-кольвек», і — калі ў адным сказе можна злучыць рэчы сур’ёзныя і ня вельмі — як мінімум дзьвюма сотнямі гатункаў тульпанаў. Здавалася, што слоўнік не пасьпявае за такім багацьцем прыроды. У названы пэрыяд зьявіліся пяць гатункаў пад назваю «Цуд», чатыры «Смарагды», аж трыццаць «Узораў дасканаласьці» (што выяўляе пэўнае сэмантычнае злоўжываньне гэтым словам). Надзеленыя фантазіяй выдумлялі паэтычныя імёны — «Каралеўскі агат», «Дыяна», «Арлекін», а пазбаўленыя ўяўленьня называлі свае экзэмпляры проста «Панна», «Стракаты», «Чырвона-жоўты». Каб адолець гэтую ўсё больш складаную задачу, выкарыстоўваліся вайсковыя чыны, ды нават гісторыя была ўцягнутая, таму мы маем «Адмірала ван Энкхёйзэна», «Генэрала ван Эйка» і розных іншых, а адзін спрытны садоўнік сьмела пераўзышоў усіх, назваўшы свой гатунак «Генэрал генэралаў». Таксама, канечне, існуюць «Кароль», «Віцэ-кароль» і «Прынц». Здаецца, быццам усю гэтую амаль хаатычную разнароднасьць хацелі арганізаваць арыстакратычна-вайсковым чынам.
Агромністая колькасьць тульпанаў, якую здолелі выгадаваць галяндцы, зьдзіўляе і агаломшвае, але гэта і было адным з зародкаў катастрофы. Калі гульня ідзе зь невялікай колькасьцю картаў, яна звычайна банальная і хутка заканчваецца; калі ж гульцы маюць у распараджэньні некалькі калодаў, адкрываецца поле для выкарыстаньня складаных камбінацый, інтэлігентнай стратэгіі, узважанай рызыкі і хітрых мэтодыкаў. Гэтаксама і з тульпанам; трэба было толькі дамовіцца, якія гатункі будуць мець вартасьць «тузоў», а якія будуць лічыцца «шасьцёркамі».
Гэта відавочна вельмі спрошчаная схема, першае нясьмелае набліжэньне да тэмы. Гульнёвыя элемэнты несумненна адыгрывалі пэўную ролю, але па сутнасьці тульпанаманія была вельмі складанай зьявай. Найбольш вырашальны і важкі быў эканамічны аспэкт праблемы. Інакш кажучы, законы прыроды былі спалучаныя з законамі біржы, і тульпан пачаў губляць прыгажосьць і ўласьцівасьці кветкі, пачаў блякнуць, пазбывацца колеру і кшталту, пачаў рабіўся абстракцыяй, назваю, сымбалем, зьмененым на пэўную колькасьць грошай. Тады пачалі зьяўляцца складаныя табліцы, на якіх асобныя гатункі падаваліся згодна зь пераменлівым рынкавым коштам, амаль як каштоўныя паперы альбо курсы валютаў. Прабіла гадзіна вялікай спэкуляцыі.
На працягу ўсяго пэрыяду тульпанаманіі — то бок некалькі дзесяцігодзьдзяў — на самай вяршыні прэйскурантаў нязьменна, як сонца ў зэніце, трымаўся «Semper Augustus». Я яго ніколі ня бачыў ужывую. Яго дарма шукаць у квяцярнях, дзе, як і ў іншых крамах, прадаюцца стандартныя ружы, стандартныя яйкі, стандартныя машыны. Мая віна. Калі б я наведваў батанічныя сады гэтак жа пільна, як і музэі, можа, я б яго і сустрэў. Але мне гэты тульпан знаёмы толькі са старой каляровай акварэлі. Ён абсалютна прыўкрасны дзякуючы вышуканай і адначасова простай гармоніі колераў. Бездакорна белыя пялёсткі, па якіх прабягаюць палымяна-рубінавыя пражылінкі, на дне падвяночка, быццам адбітак пагоднага неба, блакіт. Гэта быў насамрэч вельмі прыгожы экзэмпляр, але кошт, які прасілі за «Semper Augustus» — пяць тысяч флярынаў (раўнавартасны дому з прыстойным садам) абуджае трывогу. Гаць цьвярозага розуму была прарваная. З гэтага моманту мы будзем перасоўвацца па багністых тэрыторыях хваравітай фантазіі, гарачкавай прагі нажывы, падманутых ілюзіяў і горкіх расчараваньняў.
Здаралася, што ў зьдзелках расплачваліся натуральнымі прадуктамі, і гэта дазваляе яшчэ пільней угледзецца ў памеры шаленства. Так за цыбульку тульпана «Віцэ-кароль» (які каштаваў палову ад «Semper Augustus») было заплачана:
2 вазы пшаніцы;
4 вазы жыта;
4 тлустыя валы;
8 тлустых сьвіней;
12 тлустых авечак;
2 бочкі віна;
4 бочкі добрага піва;
1000 фунтаў сыру;
а яшчэ да гэтай жывёлы, напояў і ежы дадалі ложак, вопратку і срэбны келіх.
У пачатковай фазе тульпанаманіі цэны няспынна ішлі ўгару і, як бы сказалі маклеры, тэндэнцыя на «кветкавай біржы» была спачатку «прыязнай», пасьля «ажыўленай» і нават «вельмі ажыўленай», пакуль, нарэшце, досыць хутка, не перайшла ў стан эўфарыі, якую абсалютна немагчыма было асэнсаваць цьвярозым розумам.
Бездань паміж рэальным коштам саджанцаў і тым, што за іх плацілі, усё расла. А плацілі ахвотна, з радасьцю, быццам у прадчуваньні блізкай усьмешкі лёсу. Большасьць тых, каго закранула тульпанавая манія, грала на павышэньне, то бок, былі перакананыя, што каньюнктура будзе расьці вечна (ці не нагадваюць яны прагрэсістаў?), што цыбулінка, купленая сёньня, вырасьце ў кошце ўдвая заўтра, самае позьняе — пазаўтра. Калі гэтыя фантастычныя спэкуляцыі ўспрымаць сур’ёзна, без іроніі (бо «старшынства» ў гістарычным часе абсалютна да гэтага не схіляе), можна разгледзець у іх нешта глыбейшае, напрыклад, старадаўні міт чалавецтва пра цудоўнае размнажэньне.
У прыземленых катэгорыях рэч выглядала так: прадаўцы абсалютна не лічыліся з магчымасьцямі пакупнікоў, а самае горшае — пакупнікі быццам бы цалкам трацілі інстынкт самазахаваньня і таксама не лічыліся з уласнымі магчымасьцямі. Добра вядомы паўсюль настрой, які спадарожнічае вялікім біржавым апэрацыям, моцна зьнясільвае, але ў выпадку тульпанаманіі гэта было нешта больш паталягічнае, чым «настрой».
Псыхічныя адхіленьні, акрэсьленыя словам «манія», маюць адну агульную рысу. Індывіды, закранутыя гэтай хваробай, маюць тэндэнцыю да стварэньня ўяўных аўтаномных сусьветаў, кіраваных уласнымі законамі. У нашым выпадку нібыта адбывалася гіганцкая кветкавая лятарэя і ўсе гульцы чакалі галоўнага выйгрышу. Але гульня адбывалася не на прыстасаванай для гэтай мэты высьпе, а ў краіне, асноўнымі рысамі якой былі разважлівасьць, памяркоўнасьць і — платаздольнасьць. Сыстэма, заснаваная на буржуазным разьліку, не магла суіснаваць з сыстэмай фінансавых фантасмагорыяў. Сутыкненьне сьвету жаданьняў з штодзённай рэальнасьцю было немінучае і, як звычайна ў такіх выпадках, балючае.
Цяпер варта вызначыць, якім чынам, дзе і ў якіх грамадзкіх межах адбывалася спэкуляцыя цыбулінкамі. Найбольш набліжаны да праўды адказ гучыць так: на мяжы нармальнага гаспадарчага жыцьця, каб не сказаць, у ягоных цёмных закутках. Некалькі разоў мы згадвалі пра біржу, але ня варта разумець гэта даслоўна. Ніколі не было і не магло быць ніякай афіцыйнай тульпанавай біржы, бо гэтая ўстанова дапускае адкрытасьць і абмежаваную колькасьць правамоцных, а вынікі зьдзелак даводзяцца да ведама ўсіх зацікаўленых.
Мы ведаем, што неўпарадкаваны гандаль тульпанамі абуджаў пэўныя клопаты і неспакой улады. Тады выдаваліся пастановы, мэтай якіх было калі не зьнішчэньне, то абмежаваньне, утаймаваньне гэтай жахлівай грамадзкай зьявы. Але гэта ня вельмі дапамагала, дакладней кажучы, мела вынік абсалютна супрацьлеглы заплянаванаму. Стыхію немагчыма ветліва пераканаць.
Краіна была ў ліхаманцы. Той, хто памятае вайну, ведае, што самая фантастычная і непраўдападобная інфармацыя можа ўзьнесьці людзей з дна роспачы да вяршыняў аптымізму і ілюзорных надзеяў. Падобнае адбывалася і ў дадзеным выпадку. Весткі пра раптоўную купу грошай, здабытую дзякуючы тульпанам, разьляталіся маланкава. Вось нейкі грамадзянін Амстэрдаму, які валодаў невялікім садочкам, за чатыры месяцы зарабіў 60 000 флярынаў — маёмасьць, якая нават ня сьнілася сярэдняму купцу. Ці той ангелец, што ў кветках зусім не разьбіраўся, нейкімі хітрамудрымі спэкуляцыямі здолеў зарабіць 5000 фунтаў. Сапраўды, трэба было мець характар стоіка, каб не паддацца гэтым спакусам.
Увесь гэты промысел быў неафіцыйны, і нават больш: ён быў падобны на забароненую гульню, і менавіта таму быў настолькі прыцягальны і здабываў усё больш прыхільнікаў. Зусім як у часе «сухога закону»: нават невялікія аматары моцных напояў маніфэстуюць сваю свабоду празьмерным паглынаньнем алькаголю.
Няма, вядома, ніякай статыстыкі, якая б паказвала колькасьць ахопленых тульпанавай маніяй. Зь вялікай доляй верагоднасьці можна лічыць, што лічба пераўзыходзіла дзясяткі тысяч. І таксама вельмі важна — іх нельга аднесьці да нейкай пэўнай сацыяльнай групы. Сярод іх былі багатыя і бедныя, купцы і ткачы, разьнікі і студэнты, мастакі і сяляне, здабыўцы торфу і паэты, гарадзкія чыноўнікі і старызьнікі, матросы і паважаныя ўдовы, паўсюдна шанаваныя асобы і зладзеі-кішэньнікі. Нават пасьлядоўнікі ўсіх дваццаці зь нечым веравызнаньняў бралі ўдзел у гэтым паляваньні на фартуну.
Канечне, бедныя рызыкуюць больш, бедныя рызыкуюць усім. Можна ўявіць сабе ўсю пагрозу сытуацыі, прачытаўшы, напрыклад, што нейкі кішэньнік, уцягнуты ў вір спэкуляцыяў, выкінуў усе свае прылады. Прапаведнікі раскідаюць з амбону перуны і маланкі з нагоды тульпанаманіі, але яны ж самі, як сьцьвярджаюць злыя языкі, крадком езьдзяць у іншыя гарады. Каб безь нежаданых сьведкаў аддавацца грэшнай жарсьці.
Але досыць пра пастараў. Яны неяк выкруцяцца на Страшным Судзе. Горш, і нават зусім ганебна, што ў справу ўцягнутыя былі дзеці. Паколькі посьпех у гульні залежаў ад зьбіраньня як мага большай колькасьці інфармацыі (кошты, месца зьдзелак, хістаньні каньюнктуры ці, папросту кажучы, якія тульпанавыя цыбулінкі вынес сусед пад пахай і за якія грошы ён прадаў іх у карчме «Пад рыклівым аслом») — гэта павінен быў даведацца падлетак, які выконваў ролю шпіёна.
Гарачка, трызьненьне і бяссоньне. Бяссоньне, бо шмат тульпанавых зьдзелак адбывалася ноччу. Актыўны ўдзел у спэкуляцыях кожны дзень адбіраў шмат часу і не дазваляў займацца іншымі, больш прадуктыўнымі справамі. Тыя, хто сам вырошчваў тульпаны, жылі як скнары на мяхах золата. У садах ставіліся хітрамудрыя сыгнальныя сыстэмы, што мусілі ўсхапіць гаспадара на ногі, як толькі да яго каштоўных градаў набліжаўся няпрошаны госьць.
Пра тое, што тульпанаманія набыла характар эпідэміі, сьведчыць велізарны памер ахопленых ёю тэрыторыяў. Бо ахапіла яна ня толькі землі, дзе традыцыйна займаліся садоўніцтвам, напрыклад, навакольле Гаарлему, але і Амстэрдам, Алкмаар, Гаорн, Энкхёйзэн, Утрэхт, Ратэрдам — то бок усе вялікія галяндзкія населеныя пункты. І менавіта там лічба ахвяраў была найвышэйшая. Бацыла тульпанаманіі пераносілася паўсюль і пагражала ўсім. Наколькі лягчэй расправіцца зь зьнешнім ворагам: зачыніць гарадзкія брамы, паставіць на сьцены вартых абаронцаў…
Але існуе нешта, што называецца сілай розуму і пасьпяхова абараняе (што праўда, не заўсёды) ад разгулу іррацыянальных стыхіяў. Мы добра ведаем, што Галяндыя была краінай чытачоў, мудрых аўтараў, выкшталцоных выдаўцоў і асьвечаных кніжных гандляроў. Актуальныя праблемы хутка знаходзілі водгук у друку, і гэта тычылася ня толькі важных палітычных ці рэлігійных спрэчак, але і справы тульпанаманіі, памеры якой абуджалі зразумелы неспакой і выклікалі рашучы адпор і пратэст цьвярозых абываталяў. Але што рабіць, дзяржава была лібэральная, грамадзкія думкі разрозьненыя, таму побач з галасамі розуму зьяўляліся пісулькі, што былі свайго роду практычнымі ўводзінамі ў правілы тульпанавай спэкуляцыі, пралегамэнамі шаленства, дапаможнікам, як зрабіцца вар’ятам.
Ва ўсім гэтым быў пэўны мэтад і нават рытуал. Вось адзін з аўтараў рэкамэндуе, калі ў каго-небудзь атрымаецца выгадаваць новы гатунак тульпана, той павінен зрабіць наступнае: пайсьці неадкладна (бо, можа, хто-небудзь ужо вырошчваў падобную штучку) да садоўніка-прафэсіянала, не аднаму, а ў суправаджэньні знаёмых, прыяцеляў ці нават выпадкова сустрэтых асобаў. Мэта відавочная: надаць здарэньню па магчымасьці найбольшае publicity. У гэтага садоўніка адбываецца нарада, падчас якой кожны з прысутных выказваецца пра новае батанічнае здарэньне. Зусім як высокая царкоўная калегія, якая займаецца праблемамі сапраўдных і ўяўных цудаў.
Пасьля наступае вельмі істотная частка, так бы мовіць, кампаратывісцкая: параўнаньне новага гатунку з ужо вядомымі. Калі ён падобны да якога-небудзь ужо вядомага «Адмірала», але менш прыгожы, яго трэба сьціпла назваць «Генэралам». Гэты абрад хрэсьбінаў вельмі важны. Бо тульпан робіцца індывідуальнасьцю, ці — выкарыстоўваючы менш напышлівую біржавую тэрміналёгію — дапушчанай да абароту вартасьцю. У канцы трэба пачаставаць усіх прысутных добрым віном, бо гэта яны разьнясуць навіну пра нараджэньне і будуць расхвальваць прыгажосьць новага гатунку.
Гандаль цыбулінкамі тульпана абрамляўся водарам піва, ядлаўцоўкі і бараніны, то бок адбываўся ў заезных дварах, корчмах і шынках. Некаторыя зь іх мелі спэцыяльна прызначаныя для гэтага пакоі. Гэта былі нібыта клюбы ці філіялы велізарнай, добра закансьпіраванай біржы. Змаганьне за кожны каштоўны гатунак тульпана бывала бязьлітаснае. Калі зьбіралася некалькі пакупнікоў, той, хто жадаў перамагчы ў бойцы, дадаваў да і без таго празьмернага кошту цыбулькі карэту з парай коняў.
Усю краіну ахапіла сетка больш ці менш вядомых, сакрэтных і амаль яўных «прытулкаў» тульпанавай жарсьці. Тут няма ніякай дэманічнай сілы, а ёсьць толькі простае правіла кожнай «вялікай гульні», кожнай магутнай дрэннай звычкі — уцягнуць як мага большую колькасьць асобаў. Паколькі шаленства немагчыма растлумачыць лягічна, трэба мець для абароны моцную статыстыку — так робяць усе, альбо амаль усе, і палітыкі таксама. І адпаведна паказальна зьменшыць лічбу тых, хто стаіць убаку, крытычна прыглядаецца, псуе гульню. Сьвет тульпанавых маньякаў імкнуўся зрабіцца усёахопным сьветам.
Як гэта адбывалася на практыцы? Існуе дакумэнт, штопраўда, літаратурны, але варты даверу, які зьмяшчае каштоўную інфармацыю пра спосабы здабываньня новых адэптаў. Размову вядуць два прыяцелі. Першы — Пэтэр — дасьведчаны спэкулянт, другі — Ян — грае ў размове ролю «інжэню».
П э т э р. Ты мне вельмі падабаесься. Таму я хацеў бы прапанаваць табе пэўную карысную зьдзелку. Я раблю гэта ня дзеля свайго інтарэсу, а з чыстага сяброўства.
Я н. Я цябе ўважліва слухаю, мой дарагі.
П э т э р. Вось жа, у мяне ёсьць цыбулінка тульпана «Арлекін». Гэта вельмі прыгожы гатунак і ў дадатак моцна запатрабаваны на рынку.
Я н. Але я ніколі ў жыцьці не займаўся кветкамі. У мяне і саду няма.
П э т э р. Ты нічога не разумееш. Калі ласка, паслухай мяне ўважліва, не перапыняй, бо хто ведае, можа, якраз сёньня ў твае дзьверы грукае вялікае шчасьце. Дык я магу працягваць?
Я н. Так, так, канечне.
П э т э р. Дык вось, цыбулінка «Арлекіна» каштуе сто, а можа, і больш флярынаў. Дзеля нашага, як я ўжо казаў, непарушнага сяброўства, я аддам табе яе за пяцьдзясят флярынаў. Яшчэ сёньня, без намаганьняў, ты можаш зарабіць шмат грошай.
Я н. Гэта насамрэч цудоўная прапанова! Такой магчымасьці ў мяне не было за ўсё жыцьцё. Толькі скажы, што я мушу рабіць з тым «Арлекінам»? Ня стану ж на рагу вуліцы.
П э т э р. Я раскрыю табе ўсю таямніцу. Занатуй сабе добра ў памяці. Чаму ты круцісься?
Я н. Я слухаю, але ў мяне трошкі муціцца ў галаве.
П э т э р. Ты зрабі дакладна так, як я кажу: ідзі ў заезны двор «Пад ільвом». Запытай там гаспадара, дзе месьцяцца гандляры тульпанамі. Увойдзеш у названы пакой. Хто-небудзь вельмі груба крыкне: «Тут чужы ўвайшоў!» Але ты не давай зьбіць сябе з панталыку. У адказ на гэта ты павінен заквахтаць як курыца. З гэтага моманту ты будзеш залічаны ў гандлярскі ордэн.
Барані, Божа, кальвінісцкую душу Яна! Тут мы расстаемся зь ім, на парозе фарсу, за крок да трагедыі. Далей яго лёс ахутаны цемраю. Невядома нават, ці атрымалася ў яго ў рашучы момант дастаткова пераканаўча заквахтаць. З прыведзенага аповеду вынікае вельмі слабая надзея, што ён зрабіўся акулай тульпанавай біржы. Хутчэй яму наканаваная роля ахвяры.
Яшчэ адна падрабязнасьць заслугоўвае ўвагі. Уступленьне ў шэрагі тульпанаманьякаў нагадвае пэўныя вядомыя ўзоры. Першым, калі памятаць пра захаваньне прапорцыяў, прыходзіць на думку рытуал ініцыяцыі. Толькі, вядома, масонскія ложы абстаўлялі гэты працэс з большай помпай і веданьнем эзатэрычных таямніцаў.
Манія — гэта ўзвышаны стан душы. Тыя, хто не паддаваўся ёй ні разу, у пэўнай ступені бедныя. А акрамя таго, манія ў пэўных абмежаваных умовах прыносіць карысьць. Нікому не вядомы, бо не паэт, не мастак, не дзяржаўны муж, звычайны чалавек згадвае час тульпанавай маніі з шчырым сантымэнтам. Яго звалі Вэрмонт, ён заўсёды сядзеў у адной і той жа карчме і выконваў функціі маклера. Паміж адной і другой зьдзелкай «я еў смажанае мяса і рыбу, а таксама кур і зайцоў і нават далікатныя паштэты. Да таго ж я піў віно і піва ад рана да трэцяй ці чацьвертай ночы. Заўсёды ў кішэні я зносіў больш грошай, чым меў на пачатку дня». Вось сапраўдная Шлярафія — краіна сытага лайдацтва.
<!** Title> <!** EndTitle>
3.
La maladie infectieuse tend a la fois a se perpetuer
et, pour assurer cette se perpetuite, a se modifier
suivant les circonstances.
Charles Nicolle
Найбольшы ўздым тульпанаманіі прыпадае на 1634—1637 гады. Зімой 1637 году наступіў магутны крах; увесь прыдуманы сьвет разьляцеўся ў друзачкі. Калі б некаму ўдалося намаляваць «крывую тульпанавай ліхаманкі», аказалася б, што яна нагадвае графік тэмпэратуры хворага цяжкай заразнай хваробай пацыента — лінія хутка ўздымаецца, нейкі час утрымліваецца на вельмі высокім узроўні, і ў канцы раптоўна спадае.
Аднак паўстае пытаньне: які лёс ці няўмольная лёгіка здарэньняў зрабілі так, што гэта адбылося менавіта ўзімку 1637 году? Адказаў шмат, і на гэтым усё.
Некаторыя мяркуюць, што перамога над тульпанавай эпідэміяй — гэта заслуга здаровай часткі галяндзкага грамадзтва. Гэта яны стварылі санітарную паласу і спынілі распаўсюджаньне хваробы. Людзей, якія дзейна супраціўляліся тульпанаманіі, было нямала. Апазыцыя павінна была быць вельмі моцная, бо дагэтуль з таго часу захавалася шмат брашурак, лістоў, улётак, памфлетаў, сатыраў і гравюраў, якія бязьлітасна высьмейваюць няшчасных маньякаў. У прастамоўі іх называлі «закаптуранымі», то бок вар’ятамі. Бо разумова хворыя насілі ў той час насунуты на твар каптур — своеасаблівы спосаб «візуальнай» абароны здаровай часткі нацыі.
Гэндрык Пот, майстра групавых партрэтаў, рэлігійных і сямейных сцэнаў, пад заслонай празрыстай алегорыі ў творы «Воз вар’ятаў» намаляваў манію, якая наведала ягоную краіну. На гэтым возе можна пабачыць Флёру, што трымае тры найкаштоўнейшыя гатункі тульпанаў — «Semper Augustus», «Генэрал Бол» і «Адмірал Гаорн». Побач з апякункай прыроды пяць сымбалічных фігураў — Шалапут, Прагны Багацьця, П’янюжка і дзьве панны: Марная Надзея і Галеча. За возам бяжыць вялікі натоўп з крыкам: «Мы таксама хочам багацець!».
Незьлічоная колькасьць гісторыйкаў, анэкдотаў і жартаў сьведчыць пра тое, што на тульпанаманію было адказана рашучай тульпанафобіяй, бязьлітаснай варожасьцю да гэтай, у прынцыпе, ні ў чым не вінаватай расьліны. Насамрэч, яна не заслужыла ані беспрытомнага багомленьня, ані бязьмежнай пагарды. Вось жа, кажуць, што ніхто іншы, як выкладчык Ляйдэнскага ўнівэрсытэту, і ніякі не тэоляг, а прафэсар батанікі Форстыюс, дзе-кольвек пабачыўшы тульпан, накідваўся на яго і зьнішчаў з дапамогай кійка, ператвараючыся такім прымітыўным чынам з навукоўца ў інквізытара і мараліста.
Кіёк Форстыюса ня меў магічнай сілы, і нават найбольш зьедлівыя памфлеты не былі ў стане ўтаймавць шаленства. Таму некаторыя кажуць, што сьмяротны ўдар тульпанаманіі нанесла ўлада, яе мудрыя распараджэньні і дэкрэты. Улада добра аддавала сабе справу, што сытуацыя вельмі сур’ёзная і немагчыма ставіцца да яе абыякава, бо неабмежаваная спэкуляцыя падрывае асновы народнай гаспадаркі.
Шэраг установаў, ад кветкавай гільдыі аж да Генэральных Штатаў, то бок парлямэнту, вырашылі змагацца з шаленствам. Пасыпаліся распараджэньні і пастановы, першапачаткова супярэчлівыя і неэфэктыўныя, аж да рызыкоўнага дэкрэту Штатаў у красавіку 1637 году, які ануляваў спэкуляцыйныя ўмовы і вызначыў максымальную вартасьць цыбулінкі тульпана — 50 флярынаў. «Semper Augustus» цяпер каштаваў сотую частку ад нядаўняй рынкавай цаны. Гэта адбылося хутка і нечакана, як палацавы пераварот, як зьвяржэньне імпэратара.
Намаганьні ўлады, якія прывялі да перамогі над тульпанаманіяй, клопат пра лёсы і думкі грамадзянаў — натуральна вартыя ўхвалы і адпаведнай ацэнкі. Але здаецца, што большасьць дасьледнікаў памылкова прыпісвае ім вырашальную ролю. З досьведу вядома, што розныя забароны і «сухія законы» ў выпадках, напрыклад, вострага павелічэньня наркаманіі даюць вынік, адваротны заплянаванаму. З райскіх часоў забаронены плод — найбольш пажаданы.
Рашэньне Генэральных Штатаў прыйшло позна, вельмі позна, калі манія ўжо дагасала. Гэта быў кансыліюм, сабраны каля ложка безнадзейна хворага. Ці, калі ўжываць тэрмін карыды, coup de grace. Насамрэч нічога ўжо немагчыма было выратаваць.
Паводле нашага перакананьня, тульпанаманію забіла яе ўласнае шаленства. Каб падтрымаць гэты тэзіс, дастаткова прааналізаваць зьменлівыя настроі тульпанавага рынку. Падчас эўфарыі прыбыткі спэкулянтаў былі агромністыя, яны выражаліся ня толькі ў абаротнай валюце і наяўных грошах, але таксама і ў крэдыце. Уладар гатунку «Semper Augustus» паўсюль лічыўся багацеем, мог нарабіць шмат пазыкаў, а часьцяком і рабіў. Шалёныя рынкавыя абароты рабіліся ўсё больш абстрактнымі. Прадаваліся ўжо не цыбулінкі (іх вартасьць была досыць умоўная, усё больш далёкая ад рэчаіснасьці і цьвярозага розуму), але назвы цыбулінак, гэтаксама як акцыі зьмяняліся дзесяць разоў на дзень.
Кошты расьлі, і лічылася, што яны будуць расьці бясконца, бо такая лёгіка маніі. Вялікая частка прадбачлівых ашчаджала свае «каштоўнасьці», каб выкінуць іх на рынак у момант найбольш спрыяльнай каньюнктуры. І менавіта гэтыя прадбачлівыя — як звычайна бывае з жміндамі, што патрапілі ў сецівы азарту, — панесьлі найвялікшую паразу. Ужо ў 1636 годзе абрынулася іх вера ў сьветлую будучыню тульпанаманіі. Абрынуўся гмах даверу і буйных ілюзіяў. Прапановы тульпанаў былі ўсё большыя, попыт заўважна менеў. Урэшце ўсе захацелі прадаваць, але не было ўжо сьмелых рызыкантаў. Уласна гэтую фазу тульпанаманіі трапна выявіў Гэндрык Пот. Роспачныя крыкі натоўпу, што бяжыць за возам Флёры, робяцца ў гэтым кантэксьце абсалютна зразумелыя.
Так, крызіс значна апярэдзіў умяшальніцтва ўлады. 3 студзеня 1637 году, то бок за чатыры месяцы да дэкрэту Генэральных Штатаў, нейкі амстэрдамскі садоўнік выпадкова набыў каштоўную тульпанавую цыбульку за 1250 флярынаў. Шчасьлівы, ён аднак хутка зразумеў, што ня здолее яе прадаць ані за палову, ані нават за адну дзясятую цаны. Бо курс пачаў рэзка падаць і гаворка ішла ўжо не пра тое, як зарабіць, а толькі пра тое, як паменей страціць. Уся гісторыя гэтай няшчаснай афэры расьцягнутая паміж двума палюсамі: доўгім адчайным кідком натоўпу за фартунай і раптоўнай, дзікай панікай.
Такім чынам, мы расстаемся з тульпанаманіяй, і гэта будзе расстаньне, поўнае сьлёз, праклёнаў і ляманту. Сьцьвярджэньне, што іначай быць не магло, — невялікае суцяшэньне для тых, хто пацярпеў.
Які ж балянс? Паколькі ўсё адбывалася патаемна, на ўзбочыне, у цёмных калідорах, у сутарэньнях афіцыйнага жыцьця, цяжка ацаніць памеры гэтай катастрофы ў сувымерных вартасьцях. Але балянс, без сумневу, быў трагічны. Тысячы зруйнаваных маёнткаў, дзясяткі тысячаў людзей бяз працы, якім, у дадатак, пагражалі судовыя працэсы. Як правіла, нявыплата пазыкаў каралася суворым увязьненьнем. Тых, хто легкадумна зацягнуў выплату, — легіёны. І ўрэшце быў — чаго не адлюстроўвае ніводная статыстыка — доўгі сьпіс невінаватых сем’яў, пазбаўленых сродкаў існаваньня, дзеці, вырачаныя на жабрацтва ці публічную дабрачыннасьць, паламаныя кар’еры мужчынаў, зьнішчаныя рэпутацыя і годнасьць. Банкрутам заставалася няшмат шляхоў для выхаду: запісацца ў флёт (але гэта патрабавала пэўнай кваліфікацыі) ці жабрацтва, якое не патрабавала ніякіх спэцыяльных здольнасьцяў.
Ня варта нас пераконваць, што гэта была толькі мяшчанская трагедыя. Маштаб жарсьці можна параўнаць з дыяпазонам гераічнага тэнара ў опэры. Арыя біржавых дзеячаў была гучная і прымітыўная — гэта відавочна. Калі далей цягнуць за валасы гэтую тэатральную аналёгію — гралася безь мяча і крыві, нават без атруты. Але чаму, чорт яго бяры, яна так узрушае ўяўленьне?
На працягу ўсяго пэрыяду тульпанаманіі — ня толькі падчас фатальнага эпілёгу, але і ў дні пераможнай эўфарыі — здараліся маленькія і вялікія чалавечыя драмы. Сярод шматлікіх, захаваных у памяці, выбярэм адну. Тэма, як жыўцом узятая з апавяданьняў Чэхава.
Саюз гандляроў кветкамі ў Гаарлеме быў устрывожаны сэнсацыйнай навіной, якія ўсіх давяла да ліхаманкавай узбуджанасьці. Вось жа, нейкі ўбогі, нікому не вядомы шавец з Гаагі выгадаваў незвычайны гатунак тульпана, які назвалі «Чорным». Адразу вырашылі дзейнічаць, то бок разабрацца са справай на месцы і, калі гэта магчыма, здабыць экзэмпляр. Пяць апранутых у чорнае спадароў уваходзяць у змрочную хацінку шаўца. Пачынаюцца гандлёвыя перамовы, вельмі дзіўныя перамовы, бо спадары з Гаарлему граюць ролю дабрадзеяў, якія нібыта з чыстай філянтропіі прыйшлі сюды, каб дапамагчы беднаму рамесьніку, але адначасова быццам бы ня здольныя схаваць таго, наколькі ім неабходна завалодаць «Чорным тульпанам». Майстар шыла і дратвы зарыентаваўся ў сытуацыі, і намагаецца накруціць цану. Торг цягнецца, нарэшце зьдзелка падыходзіць да фіналу — 1500 флярынаў, сума далёка не малая. Хвіліна шчасьця для беднага шаўца.
Але тут адбываецца нешта нечаканае, што ў п’есе называецца паваротным пунктам. Купцы кідаюць набытую за такія вялікія грошы цыбулінку на зямлю і разьюшана топчуць яе нагамі. «Ідыёт, — крычаць яны аслупянеламу латальніку ботаў, — у нас таксама ёсьць саджанец «Чорнага тульпана»! А больш ні ў кога ў сьвеце! Ні ў аднаго караля, ні ў аднаго імпэратара, ні ў аднаго султана. Калі б ты пажадаў за сваю цыбулінку 10 000 флярынаў і пару коней, мы б заплацілі бяз слова. І яшчэ запомні: другі раз у жыцьці шчасьце табе не ўсьміхнецца, бо ты ёлуп». І выходзяць. Шавец, хістаючыся, цягнецца на сваё гарышча, кладзецца на ложак, накрываецца палітонам і аддае Богу душу.
Тульпанаманія — найвялікшае вядомае нам батанічнае шаленства — была эпізодам, запісаным на ўзбочыне Вялікай Гісторыі. Выбраная яна не без нагоды. Трэба шчыра сабе прызнацца: нам на дзіва падабаецца сузіраць шаленствы ў храмах розуму, мы любім перажываць катастрофы на фоне лагоднага краявіду. Але існуюць нагоды больш сур’ёзныя, чым дрэнныя, асабовыя альбо эстэтычныя схільнасьці. Бо хіба апісаная афэра не нагадвае нам іншыя, больш жахлівыя шаленствы чалавецтва, якое неразумна прывязваецца да адной ідэі, аднаго сымбалю, адной формулы шчасьця?
Таму немагчыма паставіць вялікую кропку на даце 1637 і палічыць справу скончанай. Неразумна выкрэсьліваць яе з памяці або залічваць да незразумелых дзівацтваў мінулага. Калі тульпанаманія была своеасаблівай псыхічнай эпідэміяй — наважымся лічыць менавіта так, — то існуе верагоднасьць, ці амаль пэўнасьць, што калі-небудзь, у тым ці іншым выглядзе, такая эпідэмія наведаецца да нас ізноў.
У нейкім порце Далёкага Ўсходу яна якраз падымаецца на борт.
Пераклала з польскай Марына Шода паводле: Zbigniew Herbert. — Martwa natura z wędzidłem. — Warszawa, 2003.
Каментары