Так лёгка і прыемна ведаць цыган па паэме Пушкіна, па кіно «Табар сыходзіць у неба», па маладзечанскай электрычцы, фільмах Кустурыцы і Гатліфа, рынку Ждановічы, песьнях Высоцкага, па горадзе Сьветлагорску і Паўночным пасёлку сталіцы РБ.

Так лёгка і прыемна ведаць цыган па паэме Пушкіна, па кіно «Табар сыходзіць у неба», па маладзечанскай электрычцы, фільмах Кустурыцы і Гатліфа, рынку Ждановічы, песьнях Высоцкага, па горадзе Сьветлагорску і Паўночным пасёлку сталіцы РБ. Адным словам, успрымаць цыган як нешта музычна-трагічна-небарачна-небасьпечнае або хоць бы рамантычна-негігіенічнае. Аднак аднойчы раптам бог узяў і паслаў: мне пашчасьціла пазнаёміцца з цыганамі, якія былі япі.

Мы ўжо трэцюю гадзіну стаялі на дарозе ў аўтаномным краі Ваяводзіна. Я сарваў з куста зялёны, валасаты і вульгарна непрыемны навобмацак плод айвы і надкусіў. Так шкада, але прыйшлося выплюнуць трошкі айвы і прыдацца трывозе, бо зялёны плод на смак нагадваў ватны тампон, на які вылілі пузырок ёду і прымусілі гэта зьесьці. Раптам аднекуль з кустоў выйшаў абсалютна сівы дзед з атарай авечак, паказаў пальцамі амэрыканскае OK і па-прароцку сказаў: «айда, хлопцы, зараз нешта спыніцца!!!»

Нібыта ў казцы адразу ж спыніўся срэбнага колеру новы мінівэн з мадзярскімі нумарамі. Зь яго выйшаў цёмны дзядзька ў шэрым гарнітуры (індыйскі IT-шнік, — падумаў я) і прапанаваў нам скласьці нашыя пыльныя торбы ў багажнік. Багажнік быў завалены прыгожымі дарагімі валізкамі, да якіх ну ніяк не пасуе слова чамадан.

Іх было тры. Адзін за рулём — сур’ёзны і справядлівы. Другі побач — балагур, прайдзісьвет і скрайне нахабная асоба. Трэці побач з намі — цікаўны да жыцьця. Усе ў шэрых элегантных касьцюмах, надушаныя, пад нагамі валяўся нумар галоўнай белградскай газеты «Политика».

— Вы адкуль? — спытаўся цікаўны.

 

— З Беларусі!

 

— О, Беларусь! А колькі ў Беларусі жыве людзей?

 

— Каля 10 мільёнаў.

 

— А хто жыве ў Беларусі?

 

— Беларусы!

 

— А яшчэ?

 

— Рускія, палякі, жыды.

 

— А колькі ў Беларусі цыган?

 

— Ну, мяркую, каля 10 тысяч, — сказаў я, толькі цяпер уцяміўшы, што мы ў самым цэнтры табару, а не ў мілай кампаніі індусаў-кампутаршчыкаў.

 

— А якія краіны мяжуюць з Беларусьсю?

 

— Літва, Украіна, Польшча!

 

— О, Украіна! Я быў у Ўкраіне. А колькі ў Украіне цыган?

 

Такое інтэрв’ю заняло амаль усё дарогу. Мне нават прыйшлося прыдумаць легенду пра прыніжэньне цыган у таямнічай Латвіі, з чаго ўсе трое радасна і натхнённа сьмяяліся.

 

Тут раптам умяшаўся цыган-балагур.

 

— Эээ, чаво (хлопец, — цыг.), а колькі ты ведаеш моваў?

 

Я сказаў колькі.

 

— Гэта мала, — пажалаваўся ён, — я ведаю двадцаць тры! Ромскую, сербскую, харвацкую, мадзярскую, егіпецкую, румынскую, нямецкую, ангельскую і італьянскую!!! — ён зрабіў вельмі значны выгляд.

 

— А як па-ромску будзе «дзякуй»? — наіўна пацікавіўся я, на што ён прамовіў доўгі і неразборлівы пасаж, пасьля якога сур’ёзны і справядлівы цыган-кіроўца абурыўся, маўляў, гэты мудак усё хлусіць, што ты, мудзіла, вучыш хлопцаў лаянцы, і сказаў, як будзе «дзякуй» па-цыганску насамрэч, але я не запомніў, бо мяне перабіў цікаўны:

 

— Ты еў сёньня?!

 

— Да, я еў айву!

 

— Ох, айва! Айва — краса нашага края! Я ня еў двое сутак, ты ведаеш, дзе ў Панчава добры рэстаран? — сказаў ён і зрабіў глыток з бутэлькі «Evian».

 

Я спытаў: а адкуль вы едзеце?

 

— З Румыніі!! — хорам адказалі яны і ўсе разам голасна зарагаталі, пераглядаючыся.

 

Мы прыехалі ў Панчава і там зьлезлі. Справядлівы цыган-кіроўца дапамог нам зьняць нашыя торбы з іх дарагіх валізак. Панчава было бруднае, разьдзёўбанае, фабрычнае і нагадвала Барысаў, хіба што дзьве вежы гатычнага касьцёлу ратавалі гэты найбруднейшы на Балканах горад.

 

У майго кампаньёна Віктара вельмі балела сьпіна. Эй! Ідзі і спытай ў гэтых сербаў, дзе тут Белград! — закрычаў ён, паказваючы на дзьвюх бабулек, што падазрона тусаваліся сярод лесапаласы. Я спытаў.

 

— Душа мая, што ты пытаешся, дурак знае, што Белград — там! — адказала адна, указваючы наперад па дарозе, па якой мы ішлі.

 

— Ты, ведзьма старая, што ўводзіш ў ману такіх пекных хлопцаў! — парыравала першую другая, — там Смэдэрэва, дура ты ясная! Хлопцы, Белград там! — паказала яна ў зусім іншы бок.

 

Далей размова перарасла ў цалкам неперакладальную лаянку між дзьвюма старымі кабетамі, і мы пайшлі вунь на ўдачу. Сонца сядала. Недзе за Дунаем нас хацела Сербія, размаляваная, разбомбленая і дабрадушная.

 

І гэта было насамрэч нішто ў параўнаньні з нашымі сябрамі, якіх двума днямі пазьней па той жа самай дарозе падвозілі паслы афрыканскай рэспублікі Гвінея з нікому яшчэ не вядомымі вувузеламі наперавес.

 

lejf.livejournal.com