Дзве байкі.

 

 

 

ЛІТСПАТКАННІ Ў ЖЭНЕВЕ

 

Аднойчы ў Жэневе сустрэліся два Альгерды – Альгерд Абуховіч і Альгерд Бахарэвіч.

 

– Ты файна з гэтай Веранікай прыдумаў. Праўда, я не дачытаў, але не магу не даць веры сваім фрэндам, – сказаў пан Абуховіч.

 

– А трэба было дачытаць. Кніга, між іншым, не такая і тоўстая ў параўнанні з “Улісам” Джойса, – заўважыў на тое спадар Бахарэвіч. – І новую таксама не забудзь прачытаць. Там цікавыя замуты ў канцы.

 

– Абавязкова. Мне ўжо Гаўф пра вашу творчую супрацу ў прыватным лісце паведамляў. Я заінтрыгаваны. Усё ж ты са сваімі героямі вельмі жорстка абыходзішся. З Валянцінай Г. так бязлітасна… Навошта? Я так плакаў, што нават тры тэксты напісаў для групы L’âme Immortelle…

 

– А ты не плакаў, калі пісаў пра экзекуцыю Магдалены і “сакрэты”, якія яна тым часам дэманстравала сваім экзекутарам?

 

– Сэрца крывёю аблівалася. Але я павінен быў гэта напісаць. Юрась Пацюпа вельмі прасіў. Патрэбен быў для яго геніяльнага санета не менш геніяльны эпіграф…

 

Пісьменніцкую гутарку нечакана перапыніў чалавек у рыцарскіх даспехах:

 

– Перапрашаю, гаспадарове, што перашкаджаю. Але ці не падкажаце, як праехаць да Масквы? Тэрмінова трэба кап’ё прыкланіць, а тут няма дзе.

 

Пісьменнікі анямелі і разам моўчкі кіўнулі ўбок дарожнага ўказальніка з надпісам “Nach Moskau”.

 

– Дзякуй, Бацькаўшчына вас не забудзе, – з прыязнай усмешкай прамовіў рыцар, у абрысах твару якога выразна пазнаваўся вялікі князь літоўскі Альгерд Гедзімінавіч з класічнай фатаграфіі на вокладцы аднаго з легендарных нумароў часопіса “ARCHE”.

 

ВЫПАДАК СА СЛЭМЕРАМІ Ў МАГІЛЁВЕ

 

У магілёўскім клубе “Метро” перастрэліся даўнія сябры па паэтычным слэме Віталь Рыжкоў і Ян Чачот. Узяўшы па самбуцы, паэты пачалі гутарку.

 

– Якім лёсам у Магілёве? – спытаўся Рыжкоў.

 

– Да мілых мужычкоў прыехаў, – усміхнуўся Чачот.

 

– Я даўно сумняваўся ў тваёй арыентацыі. Натурал не можа пісаць у сваіх вершах “Гэй, сябры, у гурт вясёлы” або “Гэй, малойцы!”. Ды што там казаць! Натурал ніколі не напіша “Едзе міленькі Адам… Ды ён харашэнькі сам”, калі, канечне, гаворка не пра Адама Глобуса. Здаецца, што з табой усё ясна.

 

– Бач ты, здаецца яму. А зялёныя чалавечкі табе ад самбукі не мярэсцяцца?! – абурыўся Ян. – У арыентацыі ён маёй засумняваўся. Глобуса прыплёў. Скажы дзякуй, што маё прозвішча не Панкавец…

 

– А то што? – стаў заводзіцца Віталь.

 

– А то б адразу лао-кік зрабіў. І віся вераценца…

 

– Можа выйдзем?

 

– І табе хопіць нахабства узняць руку на чалавека, які прыдумаў “у” нескладовае?

 

– “У” нескладовае прыдумаў Хадановіч у сне Уладзіміра Арлова. А ўсё іншае – улонне Евангелля. Усёк?
На секунду павісла трывожнае маўчанне.

 

– Супер! – усцешана выгукнуў Чачот і запляскаў у ладкі. – Чувак, ты быў непараўнальным у гэтым слэме. Хадзем ужо якую-небудзь Зосю счэпім.

 

– Вечна ты нахвальваеш, – сціпла прамовіў Рыжкоў і яго шчокі ўспыхнулі яркім сарамлівым румянцам.

 

balachon.livejournal.com