Я навучыў яго гатаваць дранікі па рэцэпце маёй бабулі зь вёскі Баршчоўка Гомельскай вобласьці і катэгарычна адмовіўся слухаць рэцэптуру, як правільна гатаваць сабак (была, між іншым, і такая прапанова).
У1987-м годзе я быў студэнтам-другакурсьнікам Беларускай Дзяржаўнай Кансэрваторыі імя Луначарскага.
Акурат у гэты час да нас у інтэрнат на Старавіленскай, 56 падсялілі двух карэйцаў з Пхен’яну.
Абодва хадзілі ў аднолькавых сініх стройчыках, у аднолькавых кашулях і гальштуках. На штрыфелях аднолькавых пінжакоў на аднолькавай адлегласьці ад аднолькавых гальштукаў блішчэлі аднолькавыя значкі з выявамі Кім Ір Сэна. (Мажліва, ў прыбіральні яны таксама хадзілі сінхронна, але ж гэта адно меркаваньне).
Адзін, як не памыляюся, быў сынам галоўнага докатара Пхен’яну. Другі – сынам нейкага генерала.
Абодва вучыліся на дырыжорска-харавым факультэце. Хор для КНДР – нармалёвы такі імпэрскі жанр… А то яшчэ праз што выявіць для “ўлюбёнага кіраўніка” шчырае народнае шчасьце і масавае захапленьне ідэямі чучхэ, як не праз кантаты і араторыі?
Сын доктара быў непапраўным, жахлівым і паталягічным камуноідам. Слухаў штодня нейкія бязглуздыя партыйныя гімны на разьбітым двухкасетніку “Sony” і шчыра плакаў ад радасьці. Павесіў на сьцяне ў пакоі партрэты “вялікага правадыра”, “улюбёнага кіраўніка” і таварыша Сталіна. І, самае страшнае – хадзіў на ўсе лекцыі па “Гісторыі КПСС” і нават пасьля гэтага не выпіваў!
Сын генерала быў разумнейшым. Нават дагэтуль памятаю яго імя – Пак. Не, ён таксама з дазаваным сантыментам плакаў ад гімнаў. Таксама павесіў па-над ложкам адпаведныя партрэты.
Таксама хадзіў на “Гісторыю КПСС”, зь якой мы ўсе прыкалваліся нават больш, чым цяперашнія беларускія студэнты — з розных БРСМ і “Государственной идеологии Республики Беларусь». Але ж рабіў гэта неяк несумленна і нават няшчыра…
А, галоўнае – мог папіць піва і чаго мацнейшага з тымі, каму давяраў.
Мне пашчасьціла: мне Пак чамусьці даверыўся, як роднаму. Выпіваў зь ім ня толькі піва, але і гарэлку. Я навучыў яго гатаваць дранікі па рэцэпце маёй бабулі зь вёскі Баршчоўка Гомельскай вобласьці і катэгарычна адмовіўся слухаць рэцэптуру, як правільна гатаваць сабак (была, між іншым, і такая прапанова).
Расказаў, што мы — ня рускія, а рускія — ня мы. Нават навучыў словам «дзякуй» і «калі ласка».
Калі неяк мы дабрача зь ім выпілі, я запытаўся:
— Слухай, Пак, а калі ты значак з выявай Кім Ір Сэна згубіш – што тады?
Той жэстам Данка прыклаў руку да сэрца:
— Не згублю!
— Ну, а калі хто ў нас на Старажоўцы вырашыць адабраць пінжак са значкам? – ускладніў я сітуацыю.
Палымяны патрыёт КНДР паказаў мне, яе прыёмам з усходніх адзінаборстваў будзе бараніць значак да астатняй кроплі крыві ў сталіцы Савецкай Беларусі. Асабліва – ад шматлікіх амерыканскіх імперыялістаў і агентаў капіталістычных спецлужб.
— Ну, а калі ты ворагаў будзе больш, атрымаеш па галаве, і яны ў якасьці трафею значак з выявай вялікага правадыром Кім Ір Сэнам забяруць? – падначыў я Пака.
Адэпт чучхэ задумаўся. Агледзіўся, паставіў на поўную магутнасьць двухкасетнік з партыйнымі песьнямі.
Зноў агледзіўся і прамовіў вельмі даверлівым шэптам:
— Тады ня толькі я ў лягер пайду, але і ўся мая сям’я…
— Да ты што, за значак? За гэты кавалак штампаванага металу?
— Не. За «дзяржаўную здраду»…
* * *
Сябры і сяброўкі, Вы мяне ўжо прабачце, але ў матчы Бразілія-КНДР я быў прыхільнікам Паўночнай Карэі.
Не таму, што мне таталітарызм падабаецца. І не таму, што я адэпт чучхэ. Нашыя дзяды за Сталіным такжа сама жылі… І мы з Вамі маглі такімі ж стаць.
Мала ў іх тамака ў жыцьці радасьці. Ім перамогі патрэбныя больш, чым зажратым пяціразовым Чэмпіёнам сьвету бразільцам. А як які Кака не заб’е мяч (забіў) — яго за калючы дрот не выправяць, «Рэал» — не папраўчы лягер. А наконт форвардаў КНДР ня ўпэўнены. Дый проста збыдлізаваны, жабрацкі той паўночнакарэйскі люд шчыра шкада.
А ВАМ?
* * *
P. S. Пасьля пачатку гарбачоўскае “перабудовы” кіраўніцтва КНДР хуценька адклікала ўсіх студэнтаў, што навучаліся ў СССР, каб “апартунізму не нахапаліся”. Я дапамагаў свайму прыяцелю грузіць транты ў таксоўку.
Калі Пак паціснуў мне руку, то шчыра заплакаў…
Каментары