“По убеждению членов совета, творчество группы «Rammstein» является неприкрытой пропагандой гомосексуализма, мазохизма и других извращений, жестокости, насилия и непристойной брани. На концертах группы зачастую вживую демонстрируются акты совокупления между мужчинами, семяизвержение и подражание нацистам».

 

ЗАМЫЛЕНЫ СЭРЫЯЛ

«Ну й сямейка!»

(2 сэзон)

 

Дзейныя асобы:

Антон Цыцкевіч — дзед, сівы камуніст зь неверагодым стажам

Фёкла Цыцкевіч — бабка, майстар праклёнаў, жыве на кухні

Эдгар Цыцкевіч — бацька, адказны чыноўнік

Гэнавэфа Цыцкевіч — маці, індывідуальны прадпрымальнік

Кацярына Цыцкевіч — дачка, сябра БРСМ, гадалка на картах Таро

Вася Цыцкевіч — сын, студэнт, сябра «Маладога фронту», хакер

Суседзі па пад’езду

“НЕ ДАМО ТАПТАЦЬ РАСТАПТАНУЮ БАЦЬКАЎШЧЫНУ!”

Дзед: Не, вы падумайце: без аб’яўленьня вайны немцы гатовыя захапіць нашую гордасьць — каток!

Маці: Якія немцы ў 2010 годзе? Што ты вярзеш?!

Дзед: Мы параіліся з ветэранамі і накаталі ліст куды трэба. Каб гэтых… як іх… ну, немцаў у Менск не прапусьціць!

Дачка: Дзеда, ты што, на лініі Сталіна з “франтавымі” грамамі перабраў?

Дзед: Мы вырашылі: ляжам касьцьмі перад “Мінск-арэна”, але акупантаў туды ня пусьцім. Будзем біцца за маральнасьць нацыі да апошняе кроплі сваёй палымянай крыві!

Сын: А, вы гэта пра канцэрт “Рамштайну”! А ў мяне білецік даўно маецца.

Бацька: Зра як бы радуешся. Ужо маецца рашэньне: замест немцаў будзе сьпяваць наш. Як яго… Саладуха!

Дзед: Чаргінец — ён маладзец! Я б яму з задавальненьнем шашку паціснуў.

Бабка (з кухні): Слова партыі не забудзецца, што скажа, тое і збудзецца.

Сын: Які Саладуха?! Ён жа адкрыта прапагандуе амаральнасьць пазасямейных зносінаў!

Дачка: Гэта дзе ж і калі?

Сын: А ў песьні, назва якой сама за сябе кажа: “Здравствуй, чужая милая…” Гэта каб гэтак адкрыта чужых жонак “здымаць” на вуліцы! Чамусьці яму канцэртаў не забараняюць…

Маці: Я ўсё ж не разумею, што здарылася?

Дзед: Радзіва трэба слухаць! Калі па радзіву сказалі, значыць — праўда!

Радыёкропка: “По убеждению членов совета, творчество группы является неприкрытой пропагандой гомосексуализма, мазохизма и других извращений, жестокости, насилия и непристойной брани. На концертах группы зачастую вживую демонстрируются акты совокупления между мужчинами, семяизвержение и подражание нацистам».

Маці: А што такое “подражание нацистам”?

Дзед: Гэта… Гэта калі яны паводзяць сябе як нацысты!

Маці: На маю думку, каб гэтак насамрэч было, “Рамштайн” яшчэ ў Германіі забаранілі б…

Бацька: Мы ў гэтых атнашэніях куды часьцей за немцаў як бы разумнейшыя.

Сын: Не, ну вы з глузду з’ехалі! А што, у кнігах таго ж Чаргінца пра вайну няма прапаганды гвалту, мала забойстваў, крыві? Чаму б ягоныя кнігі не забараніць?!

Дзед: У ягоных кнігах льецца правільная кроў, кроў нашых ворагаў. А забойствы — гэта ўслаўленьне подзьвігу нашага народу!

Дачка: Мы ў БРСМ вырашылі паставіць пікеты каля “Мінск-арэны”, і калі нехта з сябраў саюзу будзе заўважаны з білетамі ў руках, таго імгненна звольнім са сваіх шэрагаў.

Сын: А я выйшаў бы з прапановай на той Грамадзкі савет па маральнасьці праглядаць папярэдне кожны канцэрт гастралёраў. Расейскіх — у першую чаргу.

Дзед: Расея — наш партнёр, надзейны. Яе сьпевакоў правяраць ня трэба.

Сын: А калі яны лухту са сцэны нясуць? Калі прапагандуюць антымастацтва, слоўныя ваніты, калі амаль голыя скачуць? Гэта папраўдзе можа згвалціць мой няўстойлівы юнацкі арганізм.

Дзед: Але ж семявывяржэньне яны не дэманструюць?

Сын: Не, таму што ўсе яны — пасіўныя.

Бацька: Хваціт тут спрэчак. У нас не адны дурні як бы кіруюць краінай!

Сын: А хто, як ня дурні, за савецкім часам сьпісы забароненых складаў?

Дачка: Не было ніякіх забаронаў! Гэта ўсё выдумкі Пазьняка.

Сын: Не было?! А ты зірні, што ў Сеціве выкладзена, вось. Дона Самэр — эратызм, Хуліо Іглесіяс — нэафашызм, “Даніч Мод” (гэта так яны “Дэпеш Мод” абазвалі) — панк, гвалт, “Блэк Сабат” — рэлігійнае цемрашальства, гвалт, “Скорпіонс” — гвалт, “АС/ДС” — нэафашызм, гвалт… Ну і гэтак далей. Не кажу, як тады характарызавалі таго ж Грабеншчыкава ці “Машину времени”.

Бацька: Ну, гэта цяпер як бы… гістарычны анэкдот.

Сын: А чым тады ён адрозьніваецца ад анэкдоту сучаснага? Тым, што “рэлігійныя цемрашалы”, што цяпер засядаюць у савеце па маральнасьці, вырашаюць за іншых, што ім можна слухаць, а што — не?

Дачка: Твой Зянон таксама рок называў д’ябальскай музыкай і распустай.

Сын: Ён бы зьмяніў меркаваньне, каб “The Toobes” паслухаў.

Маці: Гэта тых, якія размаўляць ня ўмеюць, а толькі сьпяваюць?

Сын: Але як сьпяваюць!

Дзед: На якой мове? Нямецкай?! Трэба Чаргінцу пазваніць…

Сын: Ведаеце што, даражэнькія… Ня ўпэўнены, ці застанецца Чаргінец у гісторыі як пісьменьнік, але як паліцэйскі, які забараняў канцэрты, — дакладна! Адно незразумела: чаму канцэртаў Боры Майсеева ён раней не забараняў? Няўжо ў іх любоў?

 

padbiarez.livejournal.com