«Крывавы патоп», «невядомая вайна», расейска-польская вайна, вайна Рэчы Паспалітай з Масквою – вайна 1654–1667 гадоў мае шмат назваў, але мала хто ведае, што для Беларусі гэта была адна з найбольш драматычных падзеяў за ўсю гісторыю. У гэтай вайне быў забіты, вывезены ў палон у Маскву, памёр ад эпідэміі кожны другі жыхар тэрыторыі Беларусі. Новы дакументальны фільм распавядае пра гэтыя трагічныя падзеі, наступствы якіх мы адчуваем і да сёння.

Прэм’ера фільму «Крывавы патоп» на «Белсаце» ў суботу 13 красавіка, а 21: 15. Пасля прэм’еры фільм можна будзе паглядзець на нашай старонцы.

9.04.2013: Крывавы патоп. Трэйлер

У афіцыйнай гісторыяграфіі гэтую вайну паказваюць як вызваленчую барацьбу беларускага народу за ўз’яднанне з Масквою. Аднак беларусы змагаліся да апошняга супраць Масквы. Былі знішчаныя цэлыя гарады, насельніцтва краіны скарацілася напалову.

Штуршком да паўстання фільму сталася ўнікальная падзея. У 2006 годзе археолагі знайшлі невядомы дагэтуль горад Казімір на Гомельшчыне. Чаму знік гэты горад і яго насельнікі, задалі сабе пытанне аўтары і пачалі даследаваць тэму, у чым дапамагла публікацыя Генадзя Сагановіча «Невядомая вайна».

У фільме бяруць удзел вядомыя гісторыкі Алесь Краўцэвіч і Уладзімір Арлоў. Аўтары ж фільму вырашылі застацца ананімнымі, бо ў Беларусі тэма вайны з «братняю Расей», хай і ў 17 стагоддзі, усцяж непажаданая. Дарэчы, Алеся Краўцэвіча ў свой час звольнілі з Гарадзенскага ўніверсітэту за даследаванне тэматыкі Вялікага Княства Літоўскага.

Працягласьць: 00:01:03