З наступнага панядзелка кандыдаты ў дэпутаты пачнуць выступаць па дзяржаўным радыё і тэлебачанні са сваімі перадвыбарчымі праграмамі.
«Тут і цяпер» пацікавілася, аб чым плануюць гаварыць у эфіры прэтэндэнты на дэпутацкае крэсла.
Міхаіл Пашкевіч: не пра лямпачкі ў пад’ездах
Актывіст грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Міхаіл Пашкевіч з радасцю памяняў бы пяць хвілін звычайнага выступу на 10 хвілін тэледэбатаў.
— У мяне яшчэ няма тэксту, які я мог бы вам прачытаць, — гаворыць Міхаіл. — Ёсць канцэпцыя кампаніі «Гавары праўду», і для нас гэтыя выбары — шмат у чым тактычны момант для прасоўвання структуры. Але пытанне аб тым, што выносіць на першы план выступлення (калі мяне, вядома, зарэгіструюць), застаецца актуальным. Ведаю дакладна, што буду казаць не пра лямпачкі ў пад’ездах, а пра больш глабальныя рэчы.
З іншага боку, гэта будзе ўсяго 5 хвілін на тэлеканале «Беларусь 2″, у вячэрні час. Таму мне здаецца, што гэты эфір не самае важнае. Я буду больш удзяляць увагі кампаніі «ад дзвярэй да дзвярэй». Дарэчы, нават штаб Абамы працуе па гэтай тэхналогіі.
Яшчэ зраблю акцэнт на прыцягненні беларусаў замежжа, таму што ў мяне ў Купалаўскай акрузе Мінска галасуюць усе беларусы, якія знаходзяцца за мяжой і ў дзень выбараў выкажуць жаданне прыйсці ў амбасаду. За мяжой няма датэрміновага галасавання, няма інтэрнатаў і воінскіх часцей, якія могуць выгнаць на датэрміновае галасаванне. Там жывуць беларусы, якія ўжо зрабілі стратэгічны выбар. Хачу патлумачыць, што я раблю стаўку не на дэмакратычную эміграцыю — гэтых людзей не трэба агітаваць прыйсці на выбары, бо яны выступаюць за байкот. За межамі Беларусі жыве шмат людзей, якія з’ехалі з нашай краіны і засталіся ў эміграцыі.
Адмаўляцца ад выступу на радыё і на тэлебачанні я не буду. Але калі будзе магчымасць змяніць пяць хвілін выступу на 10 хвілін тэледэбатаў з кандыдатам ад улады, то, вядома, выберу тэледэбаты…
Яраслаў Берніковіч клапоціцца пра дзяцей
Глыбоцкі актывіст Яраслаў Берніковіч, які спыніў сваё членства ў Партыі БНФ спецыяльна для таго, каб пайсці на выбары, шчыра прызнаецца: калі давядзецца выступаць перад тэлекамерай, будзе змагацца з хваляваннем кожны дзень.
— Нягледзячы на тое, што выступ яшчэ не падрыхтаваны, я ведаю, пра што буду гаварыць, калі справа дойдзе на эфіру, — гаворыць Яраслаў. – Перш за ўсё праблемы горада. У Новаполацку разбітыя двары, у дэфіцыце паркоўкі… Яшчэ хацеў бы закрануць тэму выбарнасці старшыняў аблвыканкамаў. Прапаную скараціць колькасць ідэолагаў, а вызваленыя грошы накіраваць на аздараўленне дзетак і дапамогу шматдзетным сем’ям.
Мне цяжка сказаць, наколькі я падрыхтаваны гаварыць перад камерай. Аднак буду старацца. Адмаўляцца ад эфірнага часу не планую — маю намер выступіць і на радыё, і на тэлебачані.
Каментары