Славутыя расейскія й польскя аналітыкі выказаліся наконт будучыні Расеі й яе суседзяў.

Ідэя дабіцца дэмакратычных пераменаў у Беларусі з дапамогай Пуціна – няўдалая, лічыць славуты польскі публіцыст Адам Міхнік. У панядзелак ён прыняў удзел у дыскусіі “Куды йдзе Расея?”, на якую была запрошаная вядомы расейскі палітоляг Лілія Шаўцова.

Уладзімер Пуцін, які неўзабаве вернецца ў прэзыдэнцкае крэсла, зьяўляецца па-сутнасьці, плягіятарам– зазначыў на дыскусіі галоўны рэдактар „Gazety Wyborczej”, славуты дзеяч польскай апазыцыі 1980-х Адам Міхнік. Шмат якія погляды на грамадзтва й кіраваньне краінай Пуцін пазычыў ад Лукашэнкі. Аднак Уладзімеру Пуціну ня ўдасца трымаць уладу жалезнай рукой, бо расейскае грамадзтва вельмі зьмянілася за апошнія дваццаць гадоў – кажа Адам Міхнік.

А. Міхнік: Паглядзіце, як радыкальна зьмянілася маладое пакаленьне расейцаў! Яно вырасла без страху перад КДБ, турмой й без цэнзуры. Зьмена пакаленьнеў заўсёды праяўляецца ў шакуючай форме. Нечакана выбухаюць пратэсты. Ніколі раней у расейскай гісторыі кіраўнікоў дзяржавы не асьвіствалі на спратовых арэнах. Гэта ж дэсакралізацыя ўлады! Апазыцыйнае мысьленьне зрабілася “сэксі”. Тое, што апазыцыянэркай стала Ксенія Сабчак, азначае, што гэта стала нармальным і модным. Такія рэчы не зьнікаюць бяз сьледу. Зразумела, ня трэба чакаць ад Расеі вялікіх пераменаў і вялікіх ідэяў, але гэтая краіна будзе паволі збліжацца да нармальнасьці. Адважныя расейцы ўжо паказалі, што могуць перагрызаць гужы.

Вяртаньне Ўладзімера Пуціна ў Крэмль азначае, што расейская эліта вырашыла закансэрваваць сыстэму, якая працаваць ня можа – кажа аналітык маскоўскага Цэнтру Карнэгі Лілія Шаўцова.

Л. Шаўцова: Пуцін паставіў на захаваньне статус-кво, а гэта значыць на агонію сваёй краіны. Таму што пры тым Пуціне, які ёсьць сёньня, Расея квітнець ня можа. Гэта Расея карумпаваная, гэта Расея багатай “вярхушкі”, гэта расея велізарных разрываў паміж Масквой і правінцыяй, гэта Расея велізарных разрываў унутры самой эліты. Гэта Расея багацеяў і абяздоленых.

Карумпаваныя расейскія ўлады ня хочуць рэформаў, таму перамены адбудуцца толькі ў выніку грамадзкіх пратэстаў. Яны могуць выбухнуць у Расеі пры любым пагаршэньні эканамічнага становішча – лічыць Лілія Шаўцова. Аднак пратэсты будць хаатычныя. Масквічы бунтуюць зусім з іншых прычынаў, чым жыхары савецкай індустрыяльнай Расеі. Правінцыйная Расея мае іншыя праблемы й патрабаваньні, чым Масква, й зусім ня любіць сталіцы – канстатуе палітоляг.

Л. Шаўцова: Расея становіцца як разьбіты кубак – многа сацыяльных слаёў, многа розных Расеяў. Расея Масквы хоча аднаго, Расея правінцыйная – другога, Расея Чачні – трэцяга, а Расея Татарстану – чацьвёртага. Ёсьць Расея традыцыйная й гарадзкая, Расея бюджэтная й Расея прадпрымальніцкая. Яны маюць розныя ідэалягемы, розныя шляхі разьвіцьця. Важна тое, што Расея абудзілася. Куды яна рушыць – незразумела. Яна пачала рухацца. Чым гэта скончыцца праз 6 гадоў – ніхто прадбачыць ня можа…

Як улады, так і грамадзяне Расеі ня бачаць шляху да будучыні. Таму яны хапаюцца за састарэлы нацыяналізм. Парадаксальна, ён ня можа аб’яднаць улады й розныя групы грамадзтва, а дзеліць іх яшчэ больш – падкрэсьлівае Лілія Шаўцова. Ці ня стане першай ахвярай новага расейскага імпэрыялізму Беларусь? – запыталіся мы ў палітоляга.

Л. Шаўцова: У бліжэйшы час крамлёўская палітыка будзе экспансіянісцкай, таму што ў сёньняшнім фармаце Расея ня можа да яго адмовіцца. Тым больш, што экспансіянізм падтрымліваецца расейскім бізнэсам, у тым ліку бізнэсам у Беларусі й ва Ўкраіне. Але я вельмі сумняюся ў тым, што Расея пры Пуціне пойдзе на такі абсалютна вар’яцкі крок, як прамая экспансія й паглынаньне Беларусі. Калі Пуцін ня можа справіцца з Расеяй, то як ён справіцца яшчэ й зь Беларусьсю? Але Расея застанецца непрадказальнай. І гэта зусім ня той фактар, які спрыяе любой дэмакратычнай трансфармацыі Беларусі.

Палітыка Крамля ў стасунку да Менску будзе зьмяняцца зыходзячы з надзённых патрэбаў – прагназуе Лілія Шаўцова. У залежнасьці ад сытуацыі, Пуцін можа адносіцца да Лукашэнкі як да сябра ці партнэра, так і да ворага.

У асяродзьдзі беларускіх інтэлектуалаў і эўрапейскіх палітыкаў усё часьцей зьяўляецца думка, што Лукашэнку трэба пакінуць сам-насам з Пуціным. Маўляў, Крэмль давядзе да пазытыўных пераменаў у Беларусі хутчэй, чым гэта зробіць Эўразьвяз. Гэта дрэнная ідэя – лічыць Адам Міхнік.

А. Міхнік: Магу сказаць толькі адно: Беларусь могуць дэмакратызаваць толькі беларусы, а ўсе астатнія прыхільнікі свабоды павінныя ім спрыяць і дапамагаць – разумным чынам, у разумных формах. Пуцін Беларусі не дэмакратызуе й ня дасьць беларусам шанцу. Няхай ён спачатку дасьць шанец хаця б расейцам.

На гарызонце паўстае пытаньне ўтрыманьня расейскай дзяржавы ў яе сеньняшняй форме – зазначае палітоляг Лілія Шаўцова. Вельмі цяжка сабе ўявіць, што ў будучыя 30-50 гадоў удасца ўтрымаць настолькі цэнтралізаваную дзяржаву, а таксама захаваць у яе складзе настолькі цывілізацыйна чужы элемэнт, як Каўказ. “Імпэрыя – гэта самая страшная пастка для Расеі. І трэба як найхутчэй зь яе выйсьці, не нарабіўшы шкоды сабе й іншым,” – падсумавала дыскусію палітоляг Лілія Шаўцова.