Разам вынікі працы за год падсумоўваюць еўрапейскія чыноўнікі, прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці і палітычных партыяў. Улады ў дыялогу ўдзелу не прымаюць. На думку палітычнага эксперта з Беларускага цэнтра еўрапейскіх даследаванняў Паўла Усава, пасля году дзейнасці «Дыялогу для мадэрнізацыі Беларусі» падсумоўваць па сутнасці няма чаго.

— Гэтая праграма была накіравана перш за ўсё на дыялог і размову з уладамі — ўзамен на вызваленне палітычных вязняў і пэўныя крокі ў лібералізацыі, і перш за ўсё – лібералізацыі гаспадаркі. Тым не менш, як мы ведаем, Лукашэнка паставіў крыж на размовах з Еўразвязам, менавіта на ўмовах Еўразвяза. Ён падкрэсліў, што ніякіх умоваў і патрабаванняў з боку Еўразвяза ён не будзе выконваць. І па сутнасці сам зачыніў магчымасць нейкіх размоваў з Еўразвязам і Захадам. Гэта першы момант. Другі момант –тое, што ўвогуле «Дыялог для мадэрнізацыі» ў тых умовах, якія існуюць зараз у Беларусі, немагчымая праграма, бо ў гэтай праграме падкрэсліваецца жаданне Еўразвяза вярнуцца да той сітуацыі, якая існавала ў Беларусі да 19 снежня 2010 года, што на маю думку з’яўляецца паразай Еўразвяза ў намаганнях дэмакратызаваць Беларусь. Мы ведаем, што ніякіх крокаў, ніякіх намаганняў, каб штосьці змяніць у кірунку менавіта мадэрнізацыі Беларусі, Лукашэнка ніколі не рабіў. 

РР: Але, нягледзячы на гэта, эксперты збіраліся, выпрацоўвалі нейкія прапановы рэформаў.

Павел Усаў: Што такое мадэрнізацыя? Мадэрнізацыя – гэта працэс фарміравання сучаснай эканамічнай мадэлі ў Беларусі. На фарміраванне менавіта рынкавай гаспадаркі Беларусь павінна была атрымаць пэўныя крэдыты і дапамогу з боку Еўразвязу. І ў гэтым парцэсе павінны былі ўдзельнічаць як беларускія, так і заходнія эксперты, каб паўплываць на тыя эканамічныя працэсы, якія адбываюцца ў Беларусі. А гаспадарка Беларусі – гэта гаспадарка не рынкавая. Роля і кантроль дзяржавы і адміністрацыі ў ёй даволі вялікія. Таму няма магчымасці для нармальнага ліберальнага развіцця гаспадаркі. Гэта была асноўная мэта. Але менавіта такая эканамічная мадэль, якая існуе сёння, – гэта падмурак палітычнай сістэмы ў Беларусі. Якія кольвек змены эканамічнай мадэлі могуць вельмі радыкальна паўплываць на палітычную сістэму, чаго Лукашэнка не жадае. І трэба разумець, што без палітычнай трансфармацыі сістэмы ніякія мадэрнізацыі і прапановы Еўразвязу не будуць мець ніякага значэння. 

РР: Афіцыйныя ўлады не ўдзельнічаюць у гэтым дыялогу, але сігналы пра зацікаўленасць у ім ад афіцыйнага Менску паступалі. Намеснік міністра замежных спраў Алена Купчына зараз знаходзіцца з візітам у Бруселі. Пра што там ідзе размова?

Павел Усаў: Беларускі рэжым сапраўды зацікаўлены ў дыялогу з Еўразвязам у тым фармаце, які існаваў да выбараў “прэзідэнта”. Тады дыялог для рэжыму вельмі добра развіваўся. Рэальных зменаў унутры сістэмы не адбывалася. Гэта выгадна было для Лукашэнкі. Еўразвязу таксама не трэба было шукаць нейкіх іншых механізмаў уплыву на палітычныя працэсы ў Беларусі. І Лукашэнка, і палітычная эліта хацелі б вярнуцца менавіта да таго сцэнару палітычных адносін. Ніякіх іншых варыянтаў Лукашэнка сёння не разглядае. Максімальна, на што гатовыя пайсці сёння ўлады, гэта вызваленне палітвязняў узамен на аднаўленне эканамічных праектаў з Еўразвязам. На гэтым усё і павінна скончыцца, г.зн. Еўразвяз не павінен патрабаваць большага ад рэжыму. Я абсалютна ўпэўнены, што калі б Мікалай Статкевіч і Зміцер Дашкевіч падпісалі прашэнні пра памілаванне, яны б ужо даўно былі вызваленыя. І з гэтага моманту пачаўся б новы этап дыялогу з беларускім рэжымам з боку Еўразвяза. І гэты дыялог ізноў бы перакрэсліў усе тыя ахвяры, якія былі прынесеныя грамадзянамі Беларусі пасля 2010 года. І на маю думку, менавіта гэтага і чакае Еўразвяз, бо ён не ведае, што рабіць з Беларуссю. І тая сітуацыя, якая існавала да 2010 года, абсалютна выгадная была для Еўразвяза. 

Еўразвяз па-ранейшаму патрабуе вызвалення ўсіх палітвязняў для аднаўлення паўнавартаснага дыялогу з афіцыйным Менскам. Менск у сваю чаргу называе такія патрабаванні надуманымі і перадузятымі, хоць пры гэтым выказвае зацікаўленасць да супрацы.

З Паўлам Усавым гутарыў Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле.

* * *

У Бруселі ў Еўрапарламенце завершылася дыскусія «Дыялог па мадэрнізацыі з беларускім грамадствам». Вынікі сустрэчы мы папрасілі падсумаваць кіраўніка камісіі па справах з Беларуссю ў Еўрапаламенце Філіпа Качмарэка. Еўрадэпутат застаўся задаволены размовай.

— Вельмі ўдалая размова. У час канферэнцыі мы дыскутавалі пра першы год існавання новай ініцыятывы “Дыялог для мадэрнізацыі Беларусі”. І гэта стала падставай не толькі для падсумавання вынікаў за мінулы год, але і для абмеркавання планаў на будучыню. Было выказана шмат цікавых ідэй.

У пачатку дэбатаў былі прэзентаваныя вынікі сацыялагічнага апытання. Згодна з ім 25% беларусаў ведаюць пра “Дыялог для мадэрнізацыі Беларусі”, які распачаты еўрапейскімі структурамі. Некаторыя ўдзельнікі дыскусіі выказалі скепсіс наконт такіх лічбаў.

«Дыялог па мадэрнізацыі з беларускім грамадствам» быў арганізаваны Еўрапейскай народнай партыяй, найбуйнейшай фракцыяй у Еўрапарламенце.

* * *

Аляксандр Мілінкевіч выступае за аднаўленне дыялогу паміж уладамі Беларусі і Еўрапескім Звязам. Пра гэта палітык гаварыў у Бруселі ў час дыскусіі «Дыялог па мадэрнізацыі з беларускім грамадствам». Лідар Руху «За свабоду» упэўнены, што толькі такія дзеянні могуць паўплываць на змену ўзаемаадносін.

— Усё залежыць ад нас, але партнёры таксама патрэбныя. І ў гэтым сэнсе важныя канферэнцыі. Яны, канешне, не даюць адразу плану канкрэтных дзеянняў і не акрэсліваюць вынікі, якія могуць атрымацца. Але пэўныя прыярытэты вызначыліся. Зараз ідуць спробы аднаўлення дыялогу з Беларуссю. Я прыхільнік крытычнага і абумоўленага дыялогу. Трэба вызначыць як зрабіць, каб дапамога Беларусі была менавіта пакрокавай. Крок за кокам.

«У выніку дыялогу Беларусь павінна ўзмацніць сваю незалежнасць і быць больш падобнай да Еўропы», — кажа палітык. Аляксандр Мілінкевіч выказвае надзею на тое, што ўлада краіны «адкрые дарогу Еўропы у Беларусь».

* * *

У Бруселі ў Еўрапарламенце адбываецца дыскусія «Дыялог па мадэрнізацыі з беларускім грамадcтвам». Арганізаваная дыскусія Еўрапейскай народнай партыяй, найбуйнейшай фракцыяй у парламенце, паведаміў Франак Вячорка.

— Вельмі насычаная, вельмі цікавая і актуальная канферэнцыя. Размаўлялі пра вынікі “Дыялогу для мадэрнізацыі Беларусі”. Выступоўцы гаварылі розныя рэчы. Сярод таго, што мне запомнілася, тое, што размаўляць трэба. Другое, што не можа быць сапраўднага дыялогу без вызвалення і рэабілітацыі палітвязняў. І трэцяе, што самае важнае, прагучалі непрыемныя ноткі, што рыхтуецца новы дыялог з прадстаўнікамі рэжыму без удзелу грамадзянскай супольнасці.

У час дыскусій выступілі вядомыя беларускія палітыкі, а таксама еўрапейскія чыноўнікі: старшыня камісіі па справах з Беларуссю ў Еўрапарламенце доктар Філіп Качмарэк. Намеснік міністра замежных справаў Польшчы Ежы Памяноўскі ўзгадаў, што з міністра замежных спраў Беларусі Уладзіміра Макея могуць зняць санкцыі. Падобную заяву палітык зрабіў яшчэ напярэдадні правядзення дыялогу.