Мы завіталі ў вёску Дзеркаўшчына-2-я, што ў 10-і кіламетрах ад Глыбокага. Тут жыве Іван Адамовіч, 1932 г.нр, які 17 траўня 1951 года быў асуджаны на шэсць гадоў за “неданасіцельства”. Зразумела, за неданасіцельства на Жыхара.

 І можна сказаць, што яшчэ лёгка адкараскаўся, бо іншыя атрымалі і па 10, і па 25 гадоў… З шасці гадоў спадар Адамовіч адсядзеў у Краснаярску толькі два гады і шэсць месяцаў ды вярнуўся дадому.

– Ай, навошта вам Іван! Няма яго дома!– кажа Марыся, жонка Івана Адамовіча. Ды што ён ужо можа вам апавесці. З галавой у яго цяпер не ў парадку. Блытаецца, загаворваецца, не тое кажа…

Мы ўжо падумалі, што спазніліся гады на тры, трэба было раней прыехаць, і засабіраліся выходзіць з хаты. А тут сам спадар Адамовіч выходзіць са спальнага пакоя.

– Жыхар быў шпіёнам і вялікім прахадзімцам! Удача заўсёды была на яго баку!– канстатуе спадар Іван.

– Ну, во! Я ж казала будзе вярзці абы што! – перабівае жонка.

– Не, спадарыня Марыся!– кажа аўтар гэтых радкоў,– ён кажа праўду, не загаворваецца. Жыхар, сапраўды быў шпіёнам, то бок дэсантнікам беларускага батальёна “Дальвіц”, які стаўся сфармаваны немцамі ў Прусіі.

– Ён тут пасля вайны настаўнічаў – у Латыголі, Ласкаўшчыне… Відаць, што класаў 10 адукацыі меў2, быў разумны,– працягвае спадар Адамовіч. Але прахадзімец вялікі! Усе ў яго было спланавана наперад, сядзеў утоена, чакаў чагосьці…

Быў час, калі беларусаў 1927-28 гг нараджэння забіралі ў армію (савецкую), а потым адпускалі. Забралі і Жыхара. Там доўга вырашалі: ці падобны ён на аднаго шпіёна? Адны кажуць – падобны, іншыя – не. І Жыхар вярнуўся дадому. Потым, усё ж, вырашылі, што дарэмна яго адпусцілі. Падобны! Акруціў ён іх (вайсковых асабістаў). Праз дзень-другі па яго ўжо “прылятаюць” дахаты: лейтэнант і салдат. А Жыхар жа быў некім папярэджаны, што за ім сочаць.

Ну прыйшлі лейтэнанцік і салдацік… Жыхар кіўнуў маці… І ўжо графін з самагонкай стаіць на стале! Гэта ж цяпер у хаце ёсць ўсё: і газы, і керагазы. А тады: на вуліцы – дзве цагліны, трэсак распаліш, і ўжо каўбаса смажыцца, сквірчыць на патэльні. Ну, селі, выпілі. І Жыхар піў, але не столькі, каб упіцца … Жыхар біты малец быў, калі ўжо і ў арміі яго не адразу раскусілі! А тут? Пайшоў, нібыта, за новай порцыяй самагону. Сядзяць лейтэнанцік і салдацік, чакаюць за сталом,.. а Жыхара след даўно астыў.

А што ўжо потым гэты Жыхар пачаў тут вычвараць! Ведаеце, да яго ж самалёт ад немцаў на тросах прылятаў. От не разумею, як гэта можа самалёт ляцець на тросах, зніжаць хуткасць, садзіцца!

– Ну, гэта, напэўна і не самалёт быў, а планер,– кажа аўтар гэтых радкоў. Самалёт прыцягнуў яго сюды на тросе, адчапіў, і планер спланаваў ды сеў на паляне ў лесе, ці збоч лесу на полі. Зрэшты, а які гэта год быў?

– 1950-ы. І немцы прыляталі , і Жыхара забралі з сабой. Званне лейтэнанта нямецкай арміі яму далі.

– Не верагодна! Немцы прыляталі сюды? Жыхара з сабой забралі? Дык яго тут, нібыта як і чэкісты забілі. Штосьці тут не вяжацца.

– Забілі яго пазней! А прыляталі немцы, пакуль Паставы ім гэта не закрылі.

– Ну, з гэтым, нібыта, як раз і ўсё зразумела. У Паставах пабудавалі вайсковы аэрадром і там знаходзіліся самалёты знішчальнікі.

У Вашай роднай вёсцы Квачы, адкуль Вы паходзіце, мне апавядалі, што Жыхар вянчаўся ў дзеркаўшчынскім касцёле. Праўда?

– Не! Не праўда! Гэты Жыхар быў такі прахадзімец! Толькі гляне на цябе – і ведае пра, што ты думаеш! А ў дзеркаўшчынскі касцёл ён аднойчы прыходзіў, апрануты ў жаночае адзенне, але, хто яго навочна ведаў, пазнаў у гэтай “кабеце” Жыхара.
Ой, якія дзялы гэты Жыхар выдзелываў! Там, у бок Шаркоўшчыны, у нейкай вёсцы, даведаліся асабісты, што ў пуні аднаго гаспадара знаходзяцца жыхараўцы. Яны загадваюць гаспадару: “Ідзі, скажы бандытам – няхай здаюцца, а то запалім пуню!” Гаспадар пайшоў і сказаў… Выбеглі двое. Міліцыянты пачалі страляць. Тыя заваліся, нібы забітыя ляжаць. Падыходзяць да іх міліцыянты… А яны, ляжачыя, і пакасілі ўсіх іх з аўтаматаў.

– А за што Вас пасадзілі на шэсць гадоў?

– За што? Ведаў, але не сказаў! Трэба было пайсці і шапнуць каму трэба, а я не зрабіў таго. Ля маёй жа хаты ў Квачах, дзе я тады ў 1951-м жыў, Жыхар забіў Маляўку (глыбоцкага міліцыянта). Жыхар тут, якраз, на той час, ў Квачах і перахоўваўся. Ён спрытна абмінуў двух міліцыянтаў, якія прыйшлі яго арыштоўваць, зайшоў так, што міліцыянты сталіся да яго спіной3. Забіў Маляўку, а іншы міліцыянт у страху збег4. Жыхар забраў зброю, адзеў на галаву Маляўкаву міліцэйскую фуражку, яго плашч, сёў на Маляўкава каня, і дэманстратыўна паехаў праз калгасныя палеткі, дзе яго бачыла шмат народу, які на тых палетках працаў. Ён, нават, крыкнуў: “Я забіў Маляўку!”
Дык маці маю забралі –далі 25 гадоў, сястру забралі – далі 25,5 гадоў, другой сястры – 10, мне – 6. Цётку не забралі, бо ёй было – 80, старая, і бацьку не чапалі, бо ляжаў тады ў бальніцы.

– Вам далі ў 1951-м 6 гадоў. Вы вярнуліся з турмы адсядзеўшы ўсяго 2 гады і 6 месяцаў. Праўдападобна, па амністыі, бо Сталін памёр у 1953-м. А Жыхар усё яшчэ партызаніў!
Вас больш не чапалі чэкісты, міліцыянты?

– Усяго было! Далі мне міліцыянты, нават, пісталет і маўзер у вялікай кабуры. Каб Жыхара забіў. Маўляў, тады і будзеш зусім вольны. А я рашыў: “Нахрэн мне патрэбныя вы і ваш Жыхар!”

– Як на Ваш погляд, за што змагаўся Жыхар: за Польшчу, за незалежную Беларусь?

– Супраць савецкай улады! Ён яе не любіў, а ўлада не любіла яго яшчэ больш!

– Дык забілі ў 1955-м годзе міліцыянты Жыхара, ці не?

– Кажуць, што забілі. Але мала хто ў гэта верыць! Нашыя мясцовыя людзі з Дзеркаўшчыны, Ласкаўшчыны, Квачоў, якія пераехалі ў 1950-я гг у Польшчу жыць, бачылі там Жыхара і пісалі аб гэтым сюды ў лістах.

На гэтым мы і развіталіся са спадаром Адамовічам.

Пару гадоў таму іншы чалавек апавёў аўтару неверагодную гісторыю. А было так.
Пачатак 1950-ых… Вёска Сокалава за 5 км ад Глыбокага. Вяселле ў вёсцы. Грае гармонік. Хтосьці таньчыць. Некалькі маладзёнаў сядзяць на лаўцы. Падыходзяць трое ў плашчах, у аднаго з-пад крыса тырчыць дула аўтамата ППШ.

– Камсамольцы ёсць?– пытаецца адзін з візіцёраў.

Хтосьці з маладзёнанаў памкнуўся выказаць сваю незадаволенасць…
Сусед па лаўцы сваёй нагой прыціснуў яго нагу і шапнуў: “Маўчы! Гэта Жыхар прыйшоў!”

– Дзе знаходзяцца сельсаветчыкі!– пытае Жыхар.

Яму паказалі. Сельсаветчыкаў сабралі, пашыхтавалі і павялі ў Верхняе, якое і было цэнтрам сельсавета ды знаходзілася ад Сокалава менш, чым у паўкіламетра. Як толькі выйшлі з вёскі, Жыхар свіснуў. З розных месцаў, адтуль, і адтуль – пачуліся з засадаў свісты ў адказ. Дадзена было зразумець: вёска ў аблозе, і нас шмат!

– Адчыняй дзверы!– загадвае Жыхар сельсаветчыцы.

– Ключы забылася!

– Забылася? У мяне ёсць чым адчыніць! І дастае гранату.

– Ой, знайшліся ключы!

– Адчыняй сейф!

А што там, у тым сельсавецкім сейфе было? Ну, нейкія паперы: падаткі, спісы жыхароў…

– Выносце на вуліцу! – Зрывай партрэт Сталіна са сцяны,– загадвае Жыхар аднаму мужчыну сельсаветчыку .

– Не буду!

– Зрывай! – паўторна загадвае Жыхар, і сцебануў пугай.

– Мужчына сарваў, пабіў шкло, парваў партрэт правадыра.

У двары, вакол вогнішча, сельсаветчыкі вадзілі карагод. Гарэлі паперы Вярхнянскага сельсавета. Сельсаветчыкі крычалі: “Смерць Сталіну!”

Жыхар падняў трубку тэлефона і набраў нумар глыбоцкай міліцыі: “Жыхар – у Верхнім, прыязджайце!”

Але ніхто не прыехаў.

Я потым перапытваў аб гэтым, згаданым вышэй факце, розных іншых людзей.

– Так, штосьці такое было! – казалі яны. Нават акопы імі былі выкапаныя. Засаду зрабілі. Чакалі міліцыянтаў з боку Глыбокага.

Ці бралі штурмам Навагрудак беларускія партызаны антысавецкага рэзістансу? Бралі? Пакажыце тады хоць адну жывую душу, якая пра тое памятае!
Жыхар браў не тое што гарады, а два раёны – Глыбоцкі і Пастаўскі5 – і ўзяў на некалькі гадоў. А такую вёску як Верхняе, ці іншую, як два пальцы аб асфальт, без адзінага стрэлу. І аб гэтым памятаюць!

Дарэчы, толькі пасля гібелі, ці загадкавых уцёкаў Жыхара, на Глыбоччыне і паўсюль у гэтым краі, пачалі зачыняць беларускія школы.

Пасляслоўе:

1) Я не збіраюся ганіць глыбоцкіх міліцыянтаў, якія 10 (а то й 11) гадоў, не маглі даць рады з Яўгенам Жыхарам. Жыхар быў моцны арэшак. Сёння б яго назвалі элітай спецназу. Ён быў адмыслоўцам найвышэйшага кшталту. Падрыхтоўка глыбоцкай міліцыі на тым часе не была адэкватнай падрыхтоўцы выхаванца абвера Яўгена Жыхара.

2) Жыхар дзейнічаў на сваёй тэрыторыі, дзе размаўлялі выключна па-беларуску, не зважаючы, на тое, хто сябе як вызнаваў: беларусам ці палякам, праваслаўным ці католікам. Яго перахоўвалі, кармілі, давалі прытулак, не выдавалі, нават коштам уласнай свабоды. Людзі помсцілі савецкай уладзе за высылку і расстрэлы сваіх сваякоў, якія тут ўчынілі пасля 17 верасня 1939 года прышлыя людзі з Усходу.
Для міліцыянтаў гэтая ж самая тэрыторыя была варожая. А ў Жыхара – усё было пад кантролем.

3) Жыхар нагадваў няўлоўнага мясцовага Робін Гуда. Ужо колькі разоў, у розных месцах, ад розных людзей, чуў адно й тое: прыйшоў Жыхар у сталоўку (у Варапаеве, Дунілавічах, ці яшчэ дзе), паеў, выпіў куфаль піва. Пайшоў. Афіцыянт прыбірае стол. Падымае пусты куфаль, а там, пад ім, запіска: “Тут быў Жыхар!”
Я думаю, што прахадзімец Жыхар, як яго назваў сп. Адамовіч, не толькі сам, а праз сваіх супольнікаў, пакідаў такія запіскі паўсюдна, ў любой саўдэпаўскай сталоўцы, абы чэкісты ганяліся за рознымі прывідамі.

4) Вось чуеш цяпер ад старых людзей: “Няма на іх Сталіна!”. Ха! Я ж чуў, гадоў трыццаць таму, ад яшчэ больш старэйшых: “Няма на іх Жыхара!”

5) У сярэдзіне 1990-х, у нейкай газеціне, прачытаў прыгожае паданне пра Яўгена Жыхара. Маўляў, на нейкім пастаўскім хутары, дзе яго атачылі міліцыянты, Жыхар, абгарнуўшыся бел-чырвона белым сцягам, з воклічам “Жыве Беларусь!”, прыняў апошні свой бой, паклаўшы з кулямёта не адзін дзясятак міліцыянтаў, ды й сам загінуў.
Ой! Не веру, каб дэсантнік “Дальвіца” так лёгка пракалоўся. Проста, прыгожая легенда, якая складзеная нацыянал рамантыкамі, мо й самім Сокалавым-Воюшам…
Вам жа кажуць: Жыхар быў вялікім прахадзімцам, а гібель яго ніяк не ўкладваецца ў гэты вобраз. Мо й зараз дзе жыве на Гданьскім Памор’і.

А хто быў апошнім беларускім партызанам у лясох паміж Глыбокім і Паставамі? Дык вось, не Жыхар! Тры гады таму з Яраславам Берніковічам я завітаў у лясны масіў на возеры Баравым (Пастаўскі р-н), дзе ў старой, яшчэ польскіх часоў пабудовы леснічоўцы, жыве ляснік-пенсіянер.

– Я дакладна не памятаю, які гэта быў год,– кажа ён,– мо 1959-ы, а мо й 1957-ы… Але дакладна памятаю, што ў 1957-м годзе мяне прызначылі сюды лесніком.

Скончыўся дождж і я пайшоў па грыбы. Бачу – наперадзе дым ад кастра. Падыйшоў. Сядзяць трое у плашчах, у двох карабіны, у трэцяга аўтамат. Сушаць адзенне.

Мяне не чапалі, адпусцілі…

***

Яўген Жыхар нар. у 1925 у Навасёлках Мядзельскага р-на (іншыя звесткі — у Парыжы Пастаўскага р-на) у сялянскай сям’і. У 1943-1944 вучыўся ў Пастаўскай настаўніцкай семінарыі, уступіў у СБМ. У 1944 скончыў Дальвіцкую разведвальна-дыверсійную школу. У 1945 на тэрыторыі Германіі мабілізаваны ў Чырвоную Армію. Дэмабілізаваўся ў тым самым годзе. Уладкаваўся настаўнікам у Верацееўскую пачатковую школу (Дунілавіцкі раён). Ад 1946 на нелегальным становішчы. Цягам 1946—1955 здзейсніў 23 тэракты, 42 абрабаванні, 9 нападаў на сельсаветы. Загінуў, паводле звестак спецслужбаў, у студзені 1955.