Калабарацыя (ад лацiнскага collaborare – працаваць супольна) — гэта гістарычны тэрмін, які абазначае супрацу мясцовага насельніцтва з акупацыйнай уладай. Берасцейшчына перажыла на сваім вяку мноства такіх сітуацый. Гэтаксама і МАРАТ КРАЎЦОЎ на ўласныя вочы бачыў, як месцічы спрабавалі дастаць палкай нямецкіх прыслужнікаў, якіх вялі на расстрэл.

 

Я.Б.: – Калабаранты – гэта падпявалы? Нехта запявае, а яны – восека і мы? Калі яны з’яўляюцца на грамадскай сцэне?

 

М.К.: – Я іх бачыў нямала. Запявала не патрэбен. Яны самі яго знойдуць. Гэта людзі, якія шукаюць кавалак хлеба, але самі не ў змозе яго здабыць і выглядаюць, за кім бы прыстроіцца.

 

У Беларусі іх, у сілу гістарычных абставінаў, развялося нямерана. І вось яны выглядаюць у акно: які там сцяг? Чырвоны? Ур-р-ра Саветам! Назаўтра сцяг памяняўся. Прыйшлі палякі з ожэлам. То добжэ, бэндзем юж полякамі, сказала ладная частка тутэйшых. А яшчэ праз нейкі час новы сцяг. Чырвоны са свастыкай? Дык гэта ж Гітлер нас вызваліў! І ад паноў, і ад маскалёў. А калі Гітлер да Масквы дапёр – дык гайда ў паліцыю. А ў паліцыі немцы найперш ім даручалі расстраляць партызана прылюдна. Дык я па сёння памятаю, як потым савецкі салдат аднаго паліцая вёў за ваколіцу вёскі расстрэльваць, а з натоўпу стараліся яго кожны палкай дастаць.

 

Я.Б.: – Дык што, ужо яны калабаранты?

 

М.К.: –  Не, у людзей рэальна забілі родзічаў, сваякоў. У саміх брацца за зброю не хапіла волі. Але вось калі ўзяць людзей, якія супрацоўнічалі з гітлераўцамі… Рэч у тым, што калабарацыя бывае двух відаў: карыслівая, шкурная, дзеля грошай, і ідэйная. Думаю, няцяжка зразумець “кулака”, які ў засценку НКВД выхарквае разам з крывёй праклён: “Хутчэй бы прыйшоў Гітлер!”

 

Я.Б.: – Акрамя беларускіх паліцаяў, калабаранты былі і ў Заходняй Еўропе (унутраная калабарацыя ў Нямеччыне, фельдмаршал Петэн у Францыі). Ці ёсць прынцыповая розніца?

 

М.К.:– У Еўропе гэта былі кароткія абсягі часу. Прыкладам, Гітлер пратрымаўся 12 гадоў. З-за больш высокага сярэдняга ўзроўню культуры і іншых, часам суб’ектыўных чыннікаў, калабаранцтва ды іншыя формы расчалавечвання насілі ў Заходняй Еўропе больш мяккія формы. Людское вымярэнне Ўсходняй Еўропы выкшталтавала Расія з яе мангольска-візантыйскай мяшанкай, якая пачалася, калі Расія была федэральнай часткай татара-мангольскай імперыі. Гэта заслугоўвае асобнага разгляду, з цытатамі Горкага, рэпрэсаваных бальшавікамі рускіх філосафаў.

 

Я.Б.: – Дык выходзіць, калабаранты — гэта недзеяздольныя людзі?

 

М.К.: –  Карыслівы падвід адназначна недзеяздольны па азначэнні, ідэйныя недзеяздольныя з сітуатыўнай немачы. У свеце наогул вельмі мала самадастатковых неканфармістаў.

 

Я.Б.: – Бадай што не. Капіталізм жа нават стаўку робіць на прадпрымальнасць. На Захадзе кажуць не “на што ты жывеш”?, а “як ты выбудоўваеш сваю базу для існавання”.

 

М.К.: – Пры дэмакратычнай уладзе калабаранты непатрэбныя, бо чалавек можа разгортвацца, як хоча сам. Самай галоўнай падставай для калабарацыянізму з’яўляецца дыктатарства акупацыйнай улады. Дыктатар наймае сабе бліжняе атачэнне, назавем іх “малютамі скуратавымі”. Тыя, у сваю чаргу, абапіраюцца на слой тэхнічных арганізатараў-службоўцаў, і ўжо напрыканцы гэтай “вертыкалі” знаходзяцца простыя грамадзяне. “Калабарант” — гэта найперш стан чалавека. Адно, калі ён ідзе на службу да акупантаў, хоць мог бы і не ісці, і зусім другое, калі ёсць нявыкрутка. Але вось калі наступае гэта нявыкрутка?

 

Я.Б.: – Прапаную пакарыстацца фарбамі. Бываюць улады шэрыя рознага адцення, бываюць чорныя, татальныя. Прыкладам, нямецкія фашысты.

 

М.К.: – Еўразвяз у 2009 годзе прыраўняў Сталіна да Гітлера. Нам Сталін вельмі паказальны. Нездарма Пазьняк кажа пра “ўнутраную акупацыю”. Сталін знішчаў нават сяброў і абгрунтоўваў гэта так: “Сябры гэта тыя, з кім маеш супольныя перакананні. Але перакананні могуць мяняцца, а вось страх не. Таму лепш хай мяне не любяць, а баяцца”. Сталіністы, у адрозненне ад нямецкіх фашыстаў, якія найперш знішчалі іншыя народы, накрышылі горы з галоў “уласнага” народа. Страх спарадзіў легіёны калабарантаў.

 

Я.Б.: – А як у такіх умовах прыйсці да прававой дзяржавы?

 

М.К.: –  Трэба спыніць гэты генератар калабарантаў, перапыніць традыцыю ўлады, якая прадукуе страх. Патлумачу гэта на сцягах. Возьмем бел-чырвона- белы і ўведзены дэмакратычна абраным  у свой час Лукашэнкам чырвона-зялёны. Калі знялі савецкі чырвоны, у народ закінулі небыліцу, быццам бел-чырвона-белы сцяг прыдумалі паліцаі пры немцах. І адразу па-савецку настроеныя бабкі падхапілі: паліцаі, паліцаі. Хоць пад ім шэсцьсот гадоў таму, прыкладам, берасцейская харугва выступала на Грунвальд. Вывесілі новы дзяржаўны сцяг. Пад яго многа набілася “государевых людей”. А ранейшы гнобяць. А навошта? Узважаная ўлада прызнала б і той, і гэты. Адзін нацыянальны, другі дзяржаўны. Але ж не. Дык у народзе самахоць показка пайшла пра сімпатычны “сала-мяса-сала”.

 

Страх уласцівы чалавеку як частцы жывой прыроды. Але іншым разам ён адыгрывае нават вельмі дрэнную ролю. Вядомы прыклад, калі сотню габрэяў вёў на расстрэл адзін немец, іграючы на губным гармоніку. І шведскі сіндром гэта не прыдумка.

 

Страх можна перамасціць, паменшыць двума шляхамі. Адзін самадзейны, шляхам псіхалагічных трэніровак, аўтатрэнінгу. Другі — гэта грамадскі. Трэба дабівацца правядзення Нюрнберга-2 над таталітарным камунізмам.

 

Таталітарная сістэма не можа існаваць, калі людзі не баяцца. А калабаранты павінны помніць, што выкананне злачынных загадаў потым няўхільна будзе пакарана.

 

Я.Б.: – У прыродзе трыбуналаў не бывае, і ўсё ж, чыста дзеля лепшага разумення. У адной з праграм  канала “Нэйшнал джыографік” я падгледзеў цікавы прыклад. Прайд львоў, сем звяроў, адбіў ад касяка буйвала. Завалілі і душаць. Буйвалы жывучыя, дык і праз паўгадзіны не забілі. А статак адбегся ў страху, але потым памалу неяк згуртаваўся і нясмела так пачаў пасоўвацца ў бок забойства. Потым адзін самы смелы буйвал пайшоў паперадзе і адагнаў слабейшую львіцу. Другія сагналі яшчэ дзвюх ад горла. І паступова застаўся толькі адзін леў, у якога супраць статка не было шанцаў.

 

Рэсурс салідарнасці вельмі важны для пераадолення страху.

 

Па-мойму, Гітлеру было больш складана, чым Сталіну. Можа, таму той і не рэзаў так свой народ. Бо капіталізм дае нейкія рэсурсы найбольш дынамічным, валявым людзям, а яны якраз не абавязкова пагодзяцца на татальны дыктат маніякальнай з прычыны яе татальнасці ідэі. Чыста матэрыяльных падставаў да людской салідарнасці пры Гітлеры было, на мой погляд, больш, чым у СССР. Але гэта таксама неблагая тэма для адмысловага разгляду. А нам варта скончыць з гэтай тэмкай, пра калабаранцтва.

 

Дык ці нараджаюцца людзі калабарантамі?

 

М.К.: – Людзі нараджаюцца з правам на жыццё, працу, дах над галавой  ды іншыя натуральныя правы. Але прыходзяць фюрэры і забіраюць у іх гэтыя правы. І тут якраз важна ведаць, чым заканчваецца калабаранцтва. Фельдмаршал Кейтэль у Нюрнбергу казаў, што меў загад выкарыстоўваць зброю супраць цывільнага насельніцтва. Але яму нагадалі, што ў адпаведнасці з міжнародным заканадаўствам выконваць злачынныя загады нельга. І павесілі.

 

Я.Б.: – Па-мойму, постсавецкім краінам, якой з’яўляецца Беларусь, больш блізкі пакуль што прыклад з урачамі.

 

М.К.: – 70 працэнтаў нямецкіх урачоў прысягнулі не Гіпакрату, а фюрэру. У адпаведнасці з новай клятвай яны ў адмысловых інстытутах, у канцлагерах рабілі доследы над людзьмі, стэрылізавалі іх, выпампоўвалі з іх кроў. У 1946 годзе адбылося спецыяльнае пасяджэнне Мiжнароднага Нюрнбергскага трыбунала па разгледжанню злачынстваў урачоў. Іх таксама, як i вайсковых забойцаў, пакаралі пасля смерцю як калабарантаў. У Савецкім Саюзе была карная медыцына, людзей труцілі, саджалі ў псіхушкі. Але суда не было. А шкада.

 

Я.Б.: – Дык калабарацыя гэта “жыць” ці “выжыць”?

 

М.К.: – І не тое, і не другое. Гэта жыць мутантам, у прыгнечаным стане.

 

Я.Б.: – Ці правільнае азначэнне: ачышчэнне грамадства ад калабарантаў ідэнтычнае меліярацыі балота? Можна сказаць: “меліярацыя соцыума”?

 

М.К.: – Мне, навукоўцу ў такой галіне, як гідраўліка, водазабеспячэнне, такі вобразны ўжытак тэрміна з маёй навукі ў дачыненні да сацыялогіі падаецца плённым.

 

Гутарыў Яўген БЯЛАСІН

 

bk-brest.by