22 гады таму – 19 верасня 1991 года Вярхоўны Савет надаў бел-чырвона-беламу сцягу і гербу «Пагоня» статус дзяржаўных сімвалаў. 231 дэпутат прагаласаваў за гэтыя сімвалы, хоць пераканаць групу ветэранаў ці камуністаў было няпроста, узгадвае Алег Трусаў – у 1991 дэпутат Вярхоўнага Савета:

— Было вельмі няпроста, бо трэба было мець дзве трэці галасоў. І нам заўжды не хапала двух-трох галасоў. І здарылася такая цікавая гісторыя, якая гучыць зараз, як анекдот, але гэта праўда. Самымі галоўнымі ворагамі гербу «Пагоня» і бел-чырвона-белага сцяга была група ветэранаў-камуністаў. З імі мне ўвесь час прыходзілася весці перамовы. І вось адзін ветэран падымаецца на трыбуну і кажа: “Давайце зробім гістарычны кампраміс. Няхай будзе “Пагоня”, але крыж трэба зняць і паставіць чырвоную зорку на шчыт вершніка. І ўсім будзе добра. Я яму адказаў, што толькі нячыстая сіла крыжа баіцца! Смех у зале – і дзве трэці галасоў. І крыж мы паставілі не абы-які, а Патрыяршы Крыж Еўфрасінні Полацкай.
Герб “Пагоня” стаў нацыянальнай каштоўнасцю. Цяпер мы хочам і сцяг узяць пад ахову. Я думаю, што неўзабаве са сцягам пытанне будзе вырашана.

Па законе гісторыі, любая рэвалюцыя змяняецца контррэвалюцыяй. Была рэвалюцыя, пад’ём – свая сімволіка. Контррэвалюцыя заўжды мяняе герб і сцяг. І правільна робіць, бо я не хацеў бы, каб гэтая ўлада дзейнічала пад гэтым гербам і гэтым сцягам. Сутнасць гэтай улады – постсавецкая. І сімвалы гэтай улады — постсавецкія. Паглядзіце, што ў свой час зрабіў Барыс Ельцын? Вярнуў двухгаловага арла. Так усе краіны робяць. У Польшчы камуністы знялі з арла карону, “Салідарнасць” вярнула. Спадзяюся, што неўзабаве будзем святкаваць вяртанне нашых сімвалаў.

РР: Ці грамадства ўжо саспела да гэтага?

Алег Трусаў: Для большасці сімвалы – гэта не галоўная справа ў жыцці. За выключэннем амерыканскага грамадства. Там сцяг Амерыкі кожны фермер на ферме мае. Большасць людзей ставіцца да сімволікі альбо з павагай, альбо ніяк. І гэтую сімволіку, як і савецкую, ніхто бараніць не будзе. Большасці да лямпачкі, галоўнае, каб бульба была танная ды мяса было.

РР: А калі, на Вашую думку, гэтая ўлада нарэшце памяняецца?

Алег Трусаў: Гэта можа быць заўтра, можа – праз два гады. Ад сілы – праз пяць-сем. Але гэта будзе неўзабаве. Зараз па ўсіх прыкметах улада дажывае апошнія гады. Гісторыя такое робіць, пра што складана здагадацца. Хто мог падумаць, што Савецкі Саюз “ляснецца” без вайны за месяц? А што бальшавікі ўладу захопяць? А яны ўзялі і сядзелі 70 гадоў. Так і тут. Гістарычныя працэсы нязменныя. Іх можна спыніць ці паскорыць, але іх не адменіш. Я думаю, што мы з вамі дажывём да вяртання нашых спрадвечных сімвалаў. Я ў гэтым не сумняваюся!

У гэты самы дзень, 19-га верасня 1991 года, была змененая і назва краіны — замест Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі яна ператварылася ў Рэспубліку Беларусь.