Аўтар niekropali.by Цімох Акудовіч кажа, што могілкі – гэта важныя помнікі нацыі.

У Інтэрнэце запрацаваў сайт niekropali.by, прысьвечаны гістарычным могілкам Беларусі. Задача стваральнікаў – перапісаць ці адфатаграфаваць усе пахаваньні на могілках да першай паловы ХХ стагодзьдзя. Хоць сайт працуе ўсяго месяц, на ім ужо сабраныя зьвесткі пра 800 магіл зь 10 розных могілак. Пра ідэю й яе рэалізацыю мы гутарым з аўтарам праекту Цімохам Акудовічам.

Цімох, як Вы ўвогуле патрапілі на такую ідэю – сабраць на адным сайце гістарычныя могілкі Беларусі?

Цімох Акудовіч: Розныя валянтэрскія ініцыятыявы, у якіх я ўдзельнічаў, летам выбіраліся на летнікі, і вельмі часта аб’ектам дасьледваньня станавіліся якраз могілкі. Прычына можа быць нават тэхнічная – ахоўваць сядзібы й замкі досыць складана, бо патрэбна шмат дакумэнтацыі, і гэта ня справа валянтэраў. Вось пачысьціць, прыбраць, апісаць могілкі – работа якраз для студэнтаў і школьнікаў. Зьявіўся цэлы каталёг могілак, якія былі апісаныя рознымі грамадзкімі ініцыятывамі, і мы дакладна ведаем, што такія апісаньні мясцовыя краязнаўцы ў сваіх вёсках і мястэчках робяць досыць часта. Яны бяруць сваіх дзяцей, школьнікаў, чысьцяць, апісваюць могілкі й пасьля кладуць гэта ўсё ў стол. І мы падумалі, што было б клясна стварыць плятформу ў Інтэрнэце, дзе ўся гэтая інфармацыя магла б разьмясьціцца. У нас усе бегаюць, клапоцяцца пра замкі й палацы, але гістарычныя могілкі – гэта таксама вельмі важная культурная й мастацкая каштоўнасьць і, у першую чаргу, гэнэалягічная інфармацыя. Стаіць гэтае намагільле ХІХ ст. каменнае, і, магчыма, гэта ўвогуле апошняя нагадка пра тое, што на гэтай зямлі жыў гэты чалавек.

Ці правільна я разумею, што крыніцы напаўненьня гэтага сайта могуць быць дзьве: сабраць напрацоўкі, што ўжо ёсьць, і арганізавацца, каб самім апісваць могілкі?

Цімох Акудовіч: Так, гэта вялікая агульная справа, бо такіх могілак – сотні. Адзін накірунак – гэта выцягваць інфармацыю з краязнаўцаў, прасіць дапамагчы яе разьмясьціць, а другая справа – самім арганізоўваць такія летнікі, ехаць, прыбіраць і перапісваць намагільлі.

На сайце задэкляравана, што Вы хочаце зьбіраць менавіта гістарычныя могілкі Беларусі – што Вы ўкладаеце ў гэты панятак?

Цімох Акудовіч: Ідэя была ў тым, каб захаваць тое, што цяпер разбураецца. Гэтыя намагільлі проста валяцца ў зямлю й паглыбляюцца ў яе напрацягу гадоў. Гэтыя намагільлі могуць і проста бульдозэрамі зьнесьці. Ідэя захаваць тое, што больш за ўсё пад пагрозай. Што такое гістарычныя могілкі… Мы для сябе прыдумалі абс