Кітай, якога мы амаль не ведаем. Або ведаем лепш, чым нам здаецца. Кітай, які хутка пачне выпускаць у Беларусі нават саміх беларусаў. Кажуць, на небе толькі і гутарак, што пра Кітай… Разабрацца, з кім Беларусь так ашалела імкнецца пасябраваць, мы паспрабавалі з дапамогай інсайдара. Журналістка «Шведскага радыё» Ханна Сальбэрг, якая апошнія сем гадоў стала жыла ў Кітаі, пра кітайскую апазіцыю, людзей, якія знікаюць пасля інтэрв’ю, і пра тое, чым Кітай лепшы за Швецыю.

«За грошы ты можаш купіць усё, нават людзей»

Апошнім часам улады Беларусі загаварылі пра мадэрнізацыю беларускай палітычнай сістэмы паводле «кітайскай мадэлі». Як вы думаеце, што гэта можа значыць?

Ёсць такая праблема: шведы задаюць пытанні пра Кітай так, як быццам гэта такая краіна, як Швецыя або Беларусь. У гэтым сэнсе Кітай – не краіна, а нашмат больш. Гэта велізарны мікс культур – не тое, што можна капіраваць.

Адзінае, што прыходзіць у галаву, – тое, як урад можа «купіць» палітычную легітымнасць эканамічнымі сродкамі. Вы можаце атрымаць больш «лімітаваных свабод» – гэта геніяльная выдумка партыі. У звычайны дзень у звычайных людзей ёсць адчуванне, што ў іх мноства магчымасцяў.

Што ўключае ў сябе набор «абмежаваных свабод»?

Шопінг, мільён забаўляльных тэлепраграм, выбар розных стыляў жыцця, магчымасць падарожнічаць – пераважна для тых, хто жыве ў гарадах. На індывідуальным узроўні ў эканамічнай сферы ты можаш атрымаць ад эканомікі нават больш, чым у Швецыі. За грошы ты можаш купіць усё, нават людзей.

Што зрабіла камуністычная партыя Кітая – дык гэта прымусіла кітайцаў паверыць, што ў будучыні ў іх будзе нават больш эканамічных вольнасцяў і выбару. І шмат хто мяркуе, што дзеля гэтага можна ахвяраваць іншымі свабодамі, магчымасцямі. Гэтакая ўгода.

А што тычыцца людзей нізкага сацыяльнага паходжання?

Партыя пераканала дастатковую частку людзей, што з ёй (партыяй) эканамічная будучыня будзе лепшая. Нават у вельмі бедных раёнах людзі спадзяюцца, што эканоміка палепшае. Хаця часам надзея – адзінае, што ў іх ёсць.

«Музыка, відэа, порна, мясцовыя навіны на мясцовай мове – большасць цікавіць менавіта гэта»

Ці існуе ў Кітаі апазіцыя? Хто гэтыя людзі?

Апазіцыю можна знайсці паўсюль. Як існуюць? Нават апазіцыя можа заключыць гэтую «ўгоду» з уладамі. Яны засяроджваюць сваю дзейнасць у адной сферы, напрыклад, на абароне навакольнага асяроддзя. Вядома, калі ты хочаш заснаваць партыю, гэта немагчыма. Кітайскія інтэлектуалы збольшага ціхія. Яны не спрабуюць усталяваць кантакты з людзьмі не са сваёй сацыяльнай групы. Таму для камуністычнай партыі гэта бясшкодна.

Магчымая пагроза для ўладаў на сённяшні момант – мікраблогі. Бо інфа распаўсюджваецца вельмі хутка ад адной часткі краіны да іншай і прарывае нават закрытасць гэтых малых груп. Існуе «вялікі кітайскі фаерўол» – сістэмы фільтрацыі па ключавых словах. Кітайскія ўлады імкнуцца не адставаць ад інтэрнэту – напрыклад, у тым, як яны маніпулююць сацыяльнымі форумамі.

Маеце на ўвазе тролінг?

Так, вядома, але ўсё трымаецца на вельмі хуткіх і наўпроставых запытах да правайдараў: што абмежаваць, што адрэдагаваць, што закрыць. Зразумела, усе гэтыя забароны магчыма абысці, аднак звычайны юзэр не будзе марнаваць на гэта час. Да таго ж варта памятаць, што інтэрнэт у Кітаі не абмежаваны да такой ступені, што ты не можаш знайсці цікавыя рэчы. Музыка, відэа, порна, мясцовыя навіны на мясцовай мове – большасць цікавіць менавіта гэта. За грошы вы можаце нават купіць свабодны доступ, гэтакі «freedom add-on» – адмысловы VPN-key.

Гэты VPN-ключ можна набыць легальна? І колькі гэта каштуе?

Легальна. Каб карыстацца, спатрэбіцца час і трошкі тэхнічных ведаў. Каштуе ад $ 50 да некалькіх сотняў на год – залежыць ад таго, які ўзровень якасці вам патрэбны. Проста мала людзей гэта хвалюе – большасць зацікаўленая ў рэаліці-шоў. Невялікай колькасці людзей, якія свабодна размаўляюць на англійскай мове, дзяржава не зможа перашкодзіць гэтым фаерўолам. Але яна здольная абмежаваць цябе у тваіх кар’ерных магчымасцях. Для прасоўвання па службе трэба паводзіць сябе больш «патрыятычна», уступіць у партыю.

А маладое пакаленне марыць пра тое, каб з’ехаць з краіны?

Кітай – гэта вялікі рынак, субкантынент, дзе можна знайсці ўсё. Шмат хто разумее, што «тут» лепш, чым «там»: ёсць доступ да таннага сэрвісу, ежы і г. д. Але ёсць і тыя, хто думае, што жыццё – гэта дзесьці за межамі Кітая.

«Адзін чалавек, з якім я кантактавала, знік»

Якое стаўленне да замежных журналістаў мае ўрад? Ці трымаюць іх пад наглядам?

Вядома, нас кантралююць. Спрабуюць прымусіць наймаць іх агентаў у якасці інфарматараў на месцы праз кампанію пры Міністэрстве замежных справаў. Вы можаце паспрабаваць ухіліцца, маўляў, мая медыя-арганізацыя не надта вялікая і вядомая. Важна захоўваць імідж нязначнай персоны, мець добрых сяброў і сетку інфарматараў на месцах. І размаўляць на гуаньхуа, зразумела.

Ці былі ў вас размовы з прадстаўнікамі кітайскіх спецслужбаў?

Даволі шмат у сувязі з «язмінавай дэманстрацыяй» летась у Пекіне. Тэлефанаванні ў вячэрні час ад паліцыі, двое ў цывільным на вуліцы, выклікі на допыты, відавочныя пагрозы пра адмену візы і г. д. У звычайны час – звычайны пераслед з боку мясцовых уладаў: перашкаджаюць інтэрв’ю, не пускаюць у розныя месцы, навязваюць «прымусовыя абеды».

Што такое «прымусовыя абеды»?

Спробы прымусіць вас размаўляць толькі з мясцовымі чыноўнікамі, а затым прайсці па афіцыйным маршруце, на якім пабачыш крыху больш, чым на турыстычнай экскурсіі. Але фіча ў тым, каб працаваць сапраўды хутка і не свяціцца так доўга, як гэта магчыма, каб яны да вас дабраліся толькі пасля таго, як вы скончылі найбольш важныя інтэрв’ю ў вёсцы або горадзе.

Вы неяк згадвалі, што былі выпадкі, калі людзі проста знікалі пасля размоваў з вамі.

Пасля гвалту ў Сіньцзяне ў 2009 годзе былі шырокія рэпрэсіі, і адзін чалавек, з якім я кантактавала, знік. Яго абвінавацілі ў разгалашэнні дзяржаўных сакрэтаў, аднак прычына, падаецца, у тым, што ён гаварыў са мной і яшчэ адным журналістам. Усяго некалькі тыдняў таму ягоным сваякам упершыню дазволілі наведаць яго ў турме.

Які ў яго тэрмін зняволення?

11 гадоў. Малаімаверна, што ён атрымаў бы такі тэрмін, калі б быў этнічным кітайцам. Ён уйгур, мусульманін, іх караюць больш строга. Дарэчы, разгалашэнне дзяржаўнай тайны або ўхіленне ад выплаты падаткаў – два артыкулы, якія даволі часта выкарыстоўваюцца супраць нязгодных.

На шчасце, ёсць шмат тэм, якія цалкам бяспечныя для журналістаў і суразмоўцаў. І калі параўноўваць з сітуацыяй 20–30 гадоў таму, то цяпер значна лепей. І нават дзейны прэм’ер-міністр Ўэнь Цзя-Баў лічыць, што дэмакратыі можна дасягнуць у 100-гадовай перспектыве!

«Гэта падобна на стаўленне да абразоў у заходняй культуры»

Якое стаўленне да Мао і яго ідэяў? Хто-небудзь яшчэ кіруецца імі?

Кансерватыўнае левае крыло партыі, радыкальная моладзь – але іх меншасць. Астатнія не лічаць, што гэта актуальна: бацька-заснавальнік сістэмы, не больш. Сяляне ў вёсках, працоўныя ва ўзросце могуць павесіць партрэт Мао на сцяну або ў машыну – «на поспех». Але гэта не азначае, што яны яго цытуюць. Падобна на стаўленне да абразоў у заходняй культуры.

Ці можна ўвогуле прымяняць еўрапейскія ўяўленні пра свабоду і роўнасць да кітайскага грамадства? Ці патрэбныя ім гэтыя свабоды?

У Кітая свой тып мыслення. У першую чаргу ўсе жадаюць справядлівасці, правасуддзя. Гэта галоўны трэнд: і вярхі, і нізы хочуць сумленнай сістэмы. Свабода – гэта вельмі абстрактна. Часцей можна пачуць: «нам трэба мець стабільную сістэму», «выкараніць беднасць», «забяспечыць эканамічны рост»…

Якая бліжэйшая будучыня краіны? Калі ўжо нарэшце Кітай будзе кіраваць светам?

Кітайскі лад жыцця не надта прывабны для ўсяго астатняга свету. Я не думаю, што Кітай можа зрабіцца тым, чым былі некалі ЗША. Свет будзе больш складаны, з розным наборам каштоўнасцяў і барацьбой паміж імі. Кітай будзе больш уплывовы, але гэта не значыць, што ён будзе кіраваць светам – канкурэнцыя занадта вялікая.

Што ў Кітаі лепшае, чым у Швецыі?

У Кітаі я адчуваю сябе больш свабодна. Там іншы тып грамадства – людзі клапоцяцца адзін пра аднаго, больш блізкія адносіны з суседзямі. Я, вядома, паважаю дэмакратычную сістэму, якая ёсць тут, у Швецыі, усе гэтыя фармальныя рэчы. Але нешта губляецца пасля доўгага перыяду адчування сябе свабодным і абароненым. Пры адсутнасці войнаў, канфліктаў або аўтарытарных рэжымаў людзі губляюць перспектыву жыцця, губляюць пачуццё таго, што важна, навошта нам жыццё. Гэта тое, па чым я сумую ў Швецыі.

Шведская журналістка Ханна Сальбэрг (Hanna Sahlberg) упершыню прыехала ў Кітай ва ўзросце 20 гадоў, каб працаваць у мастацкай галерэі ў невялікім шасцімільённым горадзе Куньмін. Цяпер ёй 31, апошнія 7 гадоў яна працуе на «Шведскае радыё» ў Пекіне. Кола яе інтарэсаў – эканамічныя, палітычныя і сацыяльныя пытанні. Спецыялізуецца на пошуку і аповедзе «асабістых гісторый». Атрымала некалькі шведскіх журналісцкіх прэмій. Цяпер жыве на радзіме. Выхоўвае дваіх дзяцей.