Сказаць «Беларусь» – гэта нічога не сказаць. Трэба хаця б крыху напоўніць слова сэнсамі. Дзеля гэтага мы і распачынаем спэцпраект «Нашае Ўсё».

Ад рэдакцыі

У вандроўках па чужых краінах cпазнаеш іх, як людзей: спачатку «па вопратцы» і зьнешніх прыкметах, потым – па тым слове, што чуеш навокал, па тых тэкстах і знаках, што вакол сябе чытаеш. Як і людзі, краіны прапаноўваюць табе ўласныя прэзэнтацыі – у іх «біяграфіях» ёсьць свае міты, ёсьць падзеі і дасягненьні, што складаюць іх «рэзюмэ». Каб стварыць іх, хтосьці павінен прыкласьці намаганьні.

Як і пра выбітных людзей, мы больш ведаем пра выбітныя краіны, бо яны куды лепей рэпрэзэнтаваныя. І раптам адчуваеш, што французская або брытанская культура і гісторыя знаёмыя табе больш, чымся культура і гісторыя ўласнага краю. І разумееш, што, каб цябе ведалі, трэба спачатку самому сябе зьведаць, а потым расказаць іншым; і задаесься пытаньнем: а што маё заслугоўвае месца ў «рэзюмэ»? Ці ёсць увогуле ў нашай краіны адметныя рысы, акрамя тых няшчасьцяў, што здараюцца рэгулярна ў яе гісторыі? Ці ёсьць рэчы, паняцьці, постаці, якія сапраўды могуць звацца «сваімі» для кожнага жыхара Беларусі? А калі няма – дык чаму, і што з гэтым рабіць?

Бо сказаць «Беларусь» – гэта нічога не сказаць. Трэба хаця б крыху напоўніць слова сэнсамі. Дзеля гэтага мы і распачынаем спэцпраект «Нашае Ўсё».

У першай публікацыі праекта на пытаньні карэспандэнта «Новай Эўропы» адказвае вядомы беларускі артыст Лявон Вольскі.

– Спадару Лявон, калі Вы знаёміцеся з кімсьці ў чужой краіне, дык як распавядаеце яму, дзе самі жывяце?

– Банальна: паміж Польшчай і Расеяй. Але апошнім часам пра Беларусь ведаюць болей, чымся раней. «Апошняя дыктатура Эўропы» – гэта трывалы і яскравы брэнд.

– Якія са звыклых азначэньняў беларускасьці (мэнталітэту, гаспадаркі, паводзінаў ды іншага) Вы падзяляеце?

– Мне падаецца, «звыклыя» азначэньні – гэта звычайныя штампы. «Гасьціннасьць» – а які народ не пазыцыянуе сябе гасьцінным? «Працавітасьць» – тое самае. Ёсьць яшчэ слова «рахманасьць»… Мне падаецца, што беларускі народ прадэманструе свае характэрныя рысы пасьля сканчэньня таталітарнага часу існаваньня. Ён доўжыцца ўжо болей за 200 гадоў.

– Якіх звыклых азначэньняў беларускасьці, на Вашую думку, лепш пазбавіцца, і чаму?

– «Памяркоўнасьці». Бо гэта зазвычай папросту хітраватая асьцярожнасьць і боязь вызначыцца. І гэта зусім не агульнанацыянальная рыса. А таксама – бясконцай сялянскасьці з адмоўным знакам: гаротная нашая зямелька, палітая сьлязьмі й потам… Хаця я вельмі люблю рэальную беларускую вёску і часта там бываю.

– Якія азначэньні беларускасьці Вы хацелі б дадаць?

– Эўрапейскасьць, разнастайнасьць, сучаснасьць.

– Калі б давялося зь сям’ёй жыць за мяжою год ці болей, па чым бы дакладна сумавалі? Ад чаго адчувалі б палёгку?

– Палёгку – ад стасункаў зь дзяржаўнымі інстытуцыямі і быдлячым сьветапоглядам пэўнае часткі народу. Сумаваў бы – па зносінах зь сябрамі, хаце, краявідах…

– Якія беларускія гарады і мястэчкі Вы любіце найбольш – і чаму?

– Мне бліжэйшы захад, але і ў цэнтры, і на ўсходзе шмат чаго цікавага ва ўсіх сэнсах. Болей трэба езьдзіць.

– Дык а ці ёсьць нейкае «Нашае – агульнае – Усё»?

– Дзяржава ўпарта працуе на нашую дэзінтэграцыю – і ўнутры, і з навакольным сьветам. Але мы маем тое, пра што большасьць не здагадваецца, – зіхоткую гісторыю, яскравую таленавітую літаратуру, музыку, жывапіс, помнікі архітэктуры, выбітных асобаў…

– У чым, на Ваш погляд, наша краіна магла б дасягнуць найлепшых посьпехаў, каб быць вядомай у сьвеце?

– У нас безьліч шанцаў. Нескарыстаных. Добрае геаграфічнае становішча – гэта значыць, транзыт, гандаль. Шмат гістарычных цікавостак – значыцца, турызм. Шмат таленавітых людзей – значыцца, мастацтва, культура. Каб мэтанакіравана гэта разьвіваць, можна было б і набыць сусьветную вядомасьць (як і зь беларускім спортам, дарэчы).

– Вашае асабістае «ўсё» – гэта што?

– Сям’я, творчасьць, уражаньні ад розных куткоў сьвету, негарадзкая Беларусь, дзяцінства ды іншы Менск у гэтым дзяцінстве… Карацей, яшчэ безьліч усяго.

– Каго з нашых вядомых суайчыньнікаў Вы найбольш паважаеце?

– Тых, хто не баіцца і не залежыць.

– Якія б кніжкі выдаваліся б тут, калі Вы былі б выдаўцом?

– Наогул без цэнзуры.

– Ці трэба сёньня беларусам, на Ваш погляд, «Нашае Ўсё» – ці кожнаму трэба толькі ўласнае сваё?

– Патрэбнае. Трэба інтэгравацца і ўнутры краіны, і з навакольным сьветам. Калі толькі ўласнае сваё – гэта не краіна.

Спачатку трэба людзям нармальнай моваю распавядаць пра гістарычныя падзеі. Каб не было нудна. Трэба, каб зразумелі, што гісторыя не пачынаецца з партызанскай аблавухі. А хутчэй, з кароны Міндоўга. А папраўдзе, дык і значна раней. За 17 гадоў не была выпрацаваная збольшага прывабная ідэалёгія гэтай уладай, таму мы й маем гэткі нонсэнс – кожны зашываецца ў сваю нару і культывуе адно спажываньне. Таму ўплывовым людзям трэба ўсяляк адукоўваць народ, бо гісторыя, сапраўдная гісторыя – зь перамогамі і паразамі, зь Вялікім Княствам, з Рэччу Паспалітай дзьвюх дзяржаваў, з бясконцымі паўстаньнямі супраць Расеі, са шляхецтвам, з Радзівіламі, Сапегамі, Завішамі – гэта прывабная рэч. Трэба толькі паменей нудоты ў падачы.

Культура таксама аб’ядноўвае. Колькі пакаленьняў узгадавала беларуская музыка! А літаратура! Трэба цяпер, каб кола спажыўцоў культуры не звужалася, таму мы мусім займацца прапагандай сапраўднае культуры. Не афіцыйнае эстрады, якая, дарэчы, так і не знайшла шырокага спажыўца, нягледзячы на рэжым максымальнага спрыяньня (тое ж – зь літаратурай). Бяда ў тым, што ўсё гэтае сучаснае актуальнае мастацтва – яно або забароненае, або не рэкамэндаванае. Але што нам гэтыя забароны! Паверце мне, народ і так інтэгруецца вакол альтэрнатыўнай культуры. Трэба толькі пашырыць кола.

Чытайце таксама: Сёньня мы маем вайну нацыянальных праектаў