Той, хто тарыцца хіпстэрскімі шмоткамі на Камарах, стопудова бачыць яе часта. І пасля яе спеваў, мабыць, задумваецца, што важней – кардыганы ці душа.

Сёння мы прэзентуем новую рубрыку “Кунсткамера” на 34mag.net. Гэта наша “энцыклапедыя фрыкаў” – збор замалёвак з жыцця “іншых” людзей, якіх у нас звычайна лічаць “трохі таго”. Экспірыенс гэтых персанажаў даўно выйшаў за межы звыклай нам “матрыцы”, а нас, як і цябе, цікавіць усё нестандартнае.

Першай стравай, што стане ў горле косткай, прэзентуем легенду Менска. Той, хто тарыцца хіпстэрскімі шмоткамі на Камарах, стопудова бачыць яе часта. І пасля яе спеваў, мабыць, задумваецца, што важней – кардыганы ці душа. Валянціна, прыхаджанка евангельскай царквы “Галгофа”, заўсёды стаіць каля Камароўскага рынку і самазабыўна дорыць мінакам песні-пропаведзі. Увогуле, мала хто з ёй размаўляў, акрамя Бога і Д’ябла, але мы ўлезлі і падтрымалі дыялог. Рві на цытаты эксклюзіўную пропаведзь Валянціны спецыяльна для 34.

Глава 1, верш 1: “І ракам мяне, і так-растак…”

 

“Я спяваю на Камароўцы амаль усё жыццё – гадоў дваццаць, не менш. Мяне пастаянна абражалі і абражаюць, апантаныя часам ходзяць. Вядома, не білі, але часта бывае так: ідзе сівы ўжо дзядзька, які на вайне забіваў людзей, адкрывае на мяне рот, а адтуль сапраўдны ад: і ракам мяне, і так-растак – такія вось людзі ходзяць. Тэксты маіх песень напісалі вернікі, майму песенніку ўжо шмат гадоў, ён яшчэ з 80-х застаўся. За гэты зборнік майго дзеда на пяць гадоў пасадзілі.

Глава 1, верш 2: “У міліцыі робіцца нешта д’ябальскае”

 

Людзі мяне называюць вар’яткай, так? Бог жа гаворыць, што гэта ўвесь свет азмрочаны розумам, а мы, сапраўды веруючыя, мудрыя і разумныя, бо Ісус стаў для нас мудрасцю, збавеннем і асвячэннем. Тое, што я раблю, – гэта выклік, і шмат хто мяне не разумее, баіцца. Калі я заспявала на вуліцы, міліцыя пачала мяне ганяць. Аднойчы нават забралі, і я ўбачыла, што ў міліцыі робіцца нешта д’ябальскае, яны ж размаўляюць там матамі, жах, вось вам і людская вера. Я хацела там заспяваць, але пабаялася, што мяне там закрыюць на ноч, а мне з раніцы на працу.

Глава 1, верш 3: “Мёртвых душ нарабіла…”

 

А працую ў дзіцячым садку № 7 выхавальніцаю. На працы мяне не лаюць – за што? Гэта я іх павінна лаяць, бо там такі разлад. Маю загадчыцу звольнілі за хабар. Яна такая царыца ўся была, дзетак за грошы прымала і яшчэ мёртвых душ нарабіла шмат. Вось ваша мудрасць свету – усё ў цемры, усё ў граху. Ведаеце што? Сатана пануе на зямлі. А маё царства не адсюль. І Ісуса царства таксама не тут, калі б было наадварот, яго б не ўкрыжавалі. Калі б свет спазнаў мудрасць Ісуса і быў яго царствам, нічога б не было дрэннага.

Глава 2, верш 1: “І была я тады зусім не святая”

 

Я не саромеюся. Вы тэлевізар уключаеце? Я паглядзела ўчора – вось гэта сорам, гэта вар’яцтва. Калі адкрыць Біблію, там напісана: мудрасць свету – гэта для Бога вар’яцтва. Таму для ўсіх я вар’ятка, а ўсе яны для Бога шалёныя: забіваюць, гвалцяць, сем’і разбіваюць. Вы напішыце: летась у Беларусі было два мільёны абортаў. Хіба гэта нармальна? Я аборт не рабіла, мяне Бог ад гэтага захаваў, пакуль я яшчэ была не верніца, і была я тады зусім не святая. Я толькі дваццаць гадоў верніца. Да гэтага працавала ў грамадскім хоры Цітовіча. І вось там я за кулісамі бачыла адно, а на сцэне – зусім іншае. Я прыходзіла дадому і думала: які падман, на сцэне мы паказваем чыстае і святое, а па-за ёй – жах. Па некалькі жонак ва ўсіх. У мяне муж ёсць, і ён адзін. Таму пасля свайго пакаяння я ўжо глядзела на гэтых артыстаў як на клоунаў, вось як Бог мне вочы расплюшчыў.

Глава 2, верш 2: “Мы дундукі”

 

Вось шмат хто глядзіць на маё адзенне і думае, што я быццам не чалавек. А калі хтосьці прыгожа апрануты, а ўнутры не паймі які, дзеўка лёгкіх паводзін ці яшчэ хто – што з гэтага лепш? Людзі гавораць «Хрыстос уваскрэс!», фарбуюць яйкі, але яны ж не разумеюць нічога. Мае суседзі кажуць, што яны праваслаўныя. Я пытаюся: «А што вы ведаеце?» – «А нічога, мы дундукі». Дык не будзьце дундукамі, пачытайце Біблію. Людзі ўвогуле робяць не тое, што ў Бібліі напісана. Там стаіць: не пакланяйцеся творам рук чалавечых. А гэта і ёсць ікона, ікона – звычайны кавалак матэрыялу, Бога намаляваць немагчыма. Нідзе ў Бібліі не напісана, што мошчам пакланяцца трэба, і гэта толькі ў трэцім стагоддзі іконы ўвялі. Да 33 гадоў я была праваслаўная і называлася праваслаўнаю, як камсамолкаю. Запаліш свечку ў царкве – і ўсё, быццам праца. У мяне баба знаёмая ходзіць ў царкву сорак гадоў, але Бога не ведае. Людзі ўвесь тыдзень грашаць, а потым у суботу ідуць свечкі паліць, думаюць, што гэта выратуе.

Глава 2, верш 3: “Ты яшчэ не падохла?”

 

Трэба памятаць, што той, хто хоча быць сябрам свету, робіцца ворагам Богу, бо ў свеце пануе Д’ябал. Аднойчы каля праваслаўнай царквы мне адна кажа: «Ты яшчэ не падохла?» А я кажу: «Ісус, выратуй гэтую жанчыну ад пекла». Я люблю ўсіх людзей, якія ходзяць пад Богам і не здзекуюцца з мяне. Але калі мяне абражаюць, як я магу іх любіць?

Ну, дзякуй за ўвагу, толькі здымаць мяне не трэба. Я нічога агульнага з гэтым светам мець не хачу».

34mag.net