Выдавецтва belarusians.co.uk, створанае ў дыяспары ў Вялікабрытаніі, выдала кнігу “Фэмінізацыя беларускай мовы”, напісаную Ўладзіславам Гарбацкім — выкладнікам Эўрапейскага Гуманітарнага Ўнівэрсытэту, аўтарам артыкулаў у часопісе ARCHE і на сайце ARCHE. Прапануем вам інтэрвію з У.Гарбацкім пра яго новую публікацыю і пра адносіны фэмінізму і беларускай мовы.

— Фэмінізацыя мовы – што гэта такое?

— Фэмінізацыя мовы падразумявае вельмі вузкую тэму фэмінізацыі назваў пасадаў, а не фэмінізацыю ўсёй мовы наагул, як гэта часам памылкова разумеецца і трансьлюецца. У самым пачатку эсэ я тлумачу і ўдакладняю, што маецца на ўвазе фэмінізацыя назваў пасадаў, званьняў, то бок nomina agentis (касманаўт – касманаўтка, сьвятар – сьвятарка і пад.), як гэта называюць мовазнаўцы. Для іх панятак фэмінізацыі натуральны і зразумелы, а ў не заангажаваных, хіба, ён можа выклікаць асацыяцыі з фізыялёгіяй, біялёгіяй.  Гаворка тут, канечне, не пра біялёгію, а пра сацыяльнае вымярэньне роўнасьці – сымбалічнай, гендарнай, – а таксама пра эстэтычны аспэкт мовы. І, канечне, пра палітычнае ў мове, бо любая мова, асабліва маргіналізаваная, як беларуская, напрыклад, – гэта заўсёды пытаньне палітычнае. Калі зусім проста, то пад фэмінізацыяй варта разумець традыцыю, звычку, тэндэнцыю носьбітаў мовы надаваць жаночыя формы назоўнікам-агентывам. У некаторых мовах (беларускай, украінскай, славацкай ці нават францускай) гэтая тэндэнцыя натуральная і досыць эгалітарысцкая, у некаторых жа мовах яна вынішчаная ці моцна кантралюецца, як у расейскай, напрыклад.

— Чаму эсэ? Чаму менавіта гэтая форма – параўнальна малаўжываная ў беларускай моўнай прасторы?— Эсэ, бо гэта самая дэмакратычная і даступная форма, каб выказаць думку неспэцыялісту. Я не мовазнаўца, а палітоляг, этноляг. Эсэ, якое я прапаную чытачу, – гэта хутчэй эсэ ў францускай традыцыі, напісанае не літаратарам, як гэта прынята ў нас, а эсэ гуманітарнае, у сфэры сацыяльных навук. У Францыі такога кшталту эсэ вельмі распаўсюджаныя: гуманітар, але ня вузкі спэцыяліст, выказвае сваю думку па пэўным актуальным пытаньні, напрыклад, палітоляг піша пра гісторыю, мову ці рэлігійнае пытаньне. Такім чынам, паўстаюць новыя ідэі, лягеры, блёкі і лепей артыкулюецца грамадзкае і інтэлектуальнае масьленьне. У нас хутчэй прынятыя вузкія, акадэмічныя манаграфіі, прызначаныя невялікаму колу чытачоў. Я вырашыў выказаць думку не зусім акадэмічным шляхам, напісаць своесаблівую публіцыстычна-навуковую працу, нешта прамежкавае паміж манаграфіяй і памфлетам. Я вырашыў выказацца як навуковец, як палітоляг, як грамадзянін, бо гэтая тэма амаль не дасьледуецца ў нас. У дадатак, мяне страшэнна карабаціла адцягнутая ад рэчаіснасьці, штучная практыка беларускамоўных у сталіцы ўжываць такія абцяжараныя словы як “жанчына-касманаўт”, “жанчына-інспэктар”, “жанчына-сяржант” і пад. У нас у правінцыі казалі іначэй: касманаўтка, інспэктарка, сяржантка. Гэта стала штуршком да майго ўласнага дасьледаваньня,  у выніку зьявілася эсэ.

— У чым асноўнае яго пасланьне?

— Асноўнае пасланьне-папярэджаньне палягае ў наступным: ва ўмовах дзьвухмоўя мы губляем кампэтэнтнасьць у беларускай мове, пераходзім да аднадум’я, якое вынікае з аднамоўя, бо фактычна адна мова дамінуе ў нас. Уласную мову мы мяняем, рэфармуем пад уплывам нормаў і канонаў мовы расейскай. Гэта лёгіка каляніялізму. На прыкладе фэмінізацыі мовы якраз цудоўна бачна, як пытаньне разьвязваецца не на карысьць эстэтычнага і мовазнаўчага, а на карысьць палітычнага: мы зноў пазычаем, імітуем нормы мовы расейскай, адкідваем, ігнаруем натуральнасьць фэмінізацыі мовы. І усё таму, што мовай займаюцца не заўсёды прафэсіяналы і прафэсіяналкі, а палітыкі. 
Акрамя пасланьня-папярэджаньня ёсць у эсэ і пасланьне-парада: ня бойцеся карыстацца гэтым багатым і цікавым рэсурсам – фэмінізацыяй назваў пасадаў. Ня бойцеся фэмінізаваць словы, якія дагэтуль не ўжываліся ў жаночым родзе: сьвятарка, прэм’ерка, рэктарка, архіяпіскапка, бо кабеты ўжо займаюць гэтыя пасады. І, канечне, не адмаўляйцеся ад ужо клясычнай фэмінізацыі: прэзыдэнтка, пісьменьніца, вучоная, юрыстка, натарка, перакладніца і г.д.

— Як беларускі фэмінізм наагул разглядае дадзенае пытаньне?

— Да нядаўняга часу мясцовы фэмінізм ігнараваў пытаньне фэмінізацыі беларускай мовы, бо ў асноўным нашыя фэміністкі і фэміністы – расейскамоўныя і англадумныя беларусы й беларускі. Таму іх інтарэсы, палі баталіяў, так бы мовіць, знаходзяцца далёка ад беларускай мовы. Цікава – аб чым я таксама прыгадваю ў эсэ, – што нешматлікія працы па фэмінізацыі мовы ў беларускай прасторы былі напісаныя людзьмі, далёкімі ад фэмінізму, напрыклад, мовазнаўцам М.Паўленка. Таму ў некаторай ступені мне прыемна быць адным зь першых, хто зьвярнуўся да тэмы з пазыцыяў фэмінізму. Наколькі мне вядома, гэтай тэмай таксама актыўна займаецца паэтка Вольга Гапеева. Калектыў “Гендарны маршрут” вельмі адкрыта ставіцца да праблематыкі. Дзяўчаты з “Гендарнага маршруту”, дарэчы, ня толькі цікавяцца фэмінізацыяй беларускай мовы, але і сьмела, на беларускі манэр, фэмінізуюць многія агентывы расейскай мовы Беларусі. Паступова беларускі фэмінізм далучаецца да артыкуляваньня тэмы і змаганьня за пашыраную фэмінізацыю мовы.

— Наркамаўка фактычна перамагла ў Беларусі. Мова і надалей застанецца ў патрыярхатным сьне?

— Сапраўды, наркамаўка перамагла, і ня толькі рэальна, але і віртуальна. “Наша Ніва” перайшла на школьны правапіс, цяпер улады зацкавалі і амаль паралізавалі ARCHE. У краіне і сеціве амаль не засталося плятформаў на тарашкевіцы. Пакуль адзін спадзёў на дыяспару, дзе традыцыйна няма месца савецкай беларускай мове. Але ж не зважаючы на гэтыя хутчэй пэсымістычныя знакі, я застаюся аптымістам што да фэмінізацыі мовы. Нават школьнаправапісныя “Звязда” і “Наша Ніва”, хоць і ня так радыкальна і прынцыпова, як гэта робіць клясычны правапіс, фэмінізуюць назвы прафэсіяў. Яны часта ўжываюць гэты рэсурс, не ва ўсім паўтараюць нормы расейскай мовы. У дадатак, многія пісьменьніцы й пісьменьнікі, якія працуюць ці вымушаныя працаваць на наркамаўцы, аднаўляюць традыцыю фэмінізацыі мовы. Дастаткова кінуць вока на апошнія творы У.Арлова, Л.Рублеўскай, В.Гапеевай, П.Васючэнкі ды іншых літаратараў, каб пабачыць, што фэмінізацыя мовы мае будучыню. Дарэчы, той факт, што пісьменьнікі не ігнаруюць гэты моўны рэсурс, сьведчыць на карысьць ягонай натуральнасьці для нашай мовы. Гэта дадатковая легітымізацыя працы, якую часам трактуюць як штучную і прыцяглую за валасы. Таму – не, мова не застанецца ў патрыярхатным сьне. Альтэрнатыўныя і крытычныя носьбіты мовы бязупынку прабуджаюць яе і выцягваюць з палону аднабаковасьці і зоны ўплыву расейскай мовы.


Чытайце таксама:

Ты ў «кафе», а я — ў «кавярню»…

Чаму родная мова не ў модзе

Топ-10 цікавых прыкладаў беларускай рэкламы