Гэта неверагодна. У студэнтаў маленькага гарадка на поўначы Германіі — Ольдэнбургу — ужо з гэтай восені з’явіцца магчымасць вывучаць беларускую мову. Пра тое, як гэта стала магчыма, мы гутарым з Гун-Брыт Колер, славістам-літаратуразнаўцам з універсітэта Ольдэнбурга. Жанчына ведае пяць славянскіх моў, у тым ліку і беларускую, што яна і прадэманстравала падчас інтэрв’ю.

— Раскажыце пра сябе. Якая ў вас адукацыя і як так склалася, што вы так цудоўна размаўляеце па-беларуску?

 

— Адукацыя ў мяне звычайная — нямецкая гімназія. Вось толькі пасля школы я вучылася ў Францыі — хацела стаць раманістам. Ужо ў Германіі, калі трэба было выбіраць другую мову, я абрала русістыку. А затым прыйшла да высновы, што раманістыка — зусім не маё, і змяніла спецыялізацыю на славістыку. Мая першая славянская мова, такім чынам, руская. Другая — славенская, трэцяя — харвацкая, затым — польская, а зараз — і беларуская. Спадзяюся, асілю і ўкраінскую. Але не ўсімі мовамі з пералічаных я валодаю аднолькава. Напрыклад, славенская ў мяне засталася трошкі ў хвасце. Найбольш часта карыстаюся рускай, польскай і беларускай.

«Цяжэй за ўсё было прывыкнуць да беларускага «гы»…»

 

— Пяць славянскіх моў — уражвае. Як вам давалася вывучэнне беларускай мовы? Вучыць яе было лягчэй, цяжэй?

 

— Спачатку, калі спрабавала чытаць па-беларуску, было вельмі цяжка. Разумець на слых — нашмат лягчэй, бо, ведаючы рускую і польскую мову, з гэтым не так і цяжка. Калі да нас у Ольдэнбург прыязджаў з лекцыямі Павел Іванавіч Навуменка (выкладчык філфака БДУ — аўт.), ён пытаўся, ці можна будзе чытаць лекцыі па-беларуску.

На жаль, мы былі вымушаны адмовіць у яго просьбе, бо студэнты-русісты ні слова не разумелі па-беларуску. Беларуская мова будзе зразумелай, калі ты ўжо ведаеш і рускую, і польскую мовы. Або калі ёсць руская і ўкраінская — як база. У лексіцы беларускай мовы шмат агульнага з польскай мовай. Калі ж казаць аб правапісе, то ёсць лацінскае «і». І гук «г», які вымаўляецца як «гы». Мне, напрыклад, цяжэй за ўсё даўся гэты «гы». Але сама мова вельмі-вельмі падабаецца. Яна асаблівая. Пасля харвацкай мовы беларуская ў мяне самая любімая.

— Колькі часу вам спатрэбілася, каб авалодаць беларускай мовай?

 

— Я прайшла інтэнсіўны курс. У мінулым годзе, калі прыязджала ў Беларусь, беларускую мову вучыла тры з паловай тыдні.

— То бок, праўдзівае выказванне, што нашмат прасцей замежная мова вучыцца там, дзе жывуць яе носьбіты?

 

— Так, але яшчэ ў мяне была вельмі добрая настаўніца. Гэта Таццяна Рамза — дацэнт БДУ. Яна шмат працуе з замежнікамі, нават і дапаможнікі па гэтай тэме распрацоўвала. Я яе даўно ведаю, бо яна таксама працавала ў нас у Ольдэнбургу. Калі я прыехала ў Мінск, то з першага дня мы размаўлялі толькі па-беларуску. Якраз яна і прымусіла мяне гаварыць.

— Што асаблівага вылучылі б у беларускім менталітэце?

 

— Ой, тут трэба падумаць. Бо калі мы гаворым пра навуковы дыскурс, то гэта іншае, чым асабістыя адносіны паміж людзьмі. Напрыклад, у Германіі звычайна я пераходжу дарогу без святлафора. Тут я зразумела, што ў Мінску гэта немагчыма. Гэта лічыцца непрымальным.

Беларускую трасянку вывучаюць… у Германіі

 

— Дзе ў Германіі нямецкі студэнт можа вывучыць беларускую мову?

 

— Наколькі я ведаю, сапраўднай беларусістыкі ў Германіі няма. З пачатку гэтай восені магчымасць вывучыць беларускую мову з’явіцца ва ўніверсітэце Ольдэнбурга. Толькі што мы вызначылі чалавека, які зможа гэта зрабіць. Па-мойму, такая ж магчымасць ёсць, і нават з традыцыяй, ва ўніверсітэце Лейпцыга. Гэта на ўзроўні вывучэння самой мовы. На ўзроўні лінгвістыкі і літаратуразнаўства — яшчэ горш. Зараз у Ольдэнбургу мы працуем над вывучэннем трасянкі ў Беларусі. Гэта сумесны праект паміж маім калегам-русістам з Ольдэнбурга і кафедрай сучаснай беларускай мовы БДУ. Дастаткова вялікі і паспяховы праект: як з боку беларусаў, так і з боку немцаў па гэтай тэме пішацца восем дысертацый. Гэта шмат.

— Я чуў пра моўныя курсы ў Берліне і Бохуме. Ці там таксама можна вывучыць беларускую мову?

 

— Я таксама пра гэта чула. Аднак дакладна не скажу. Дакладна ведаю толькі тое, што вывучэнне беларускай мовы заўсёды адбывалася ў межах кафедры славістыкі. Асобнай кафедры беларускай мовы ні ў адной з нямецкіх ВНУ няма. Славістыка ў Германіі ўяўляецца малой дысцыплінай. Нас ва ўніверсітэце Ольдэнбурга толькі двое: адзін лінгвіст і я, як літаратуразнаўца. І гэта ўсё. Самыя вялікія кафедры славістыкі ў Германіі — у Берліне і Мюнхене, але і там адзін прафесар-лінгвіст у русістыцы і адзін у паланістыцы. Усё. Сістэма падзелу на кафедры ў нас адрозніваецца ад беларускай. Такога, як у вас (кафедра паланістыкі і літаратуразнаўства, кафедра паланістыкі і лінгвістыкі) дробнага падзелу ў Германіі няма.

— Як ажыццяўляецца адукацыя студэнта-славіста ў нямецкім універсітэце: ці прадугледжаны ў вучэбнай праграме для такіх студэнтаў якія-небудзь творы з беларускай літаратуры?

 

— У вучэбнай праграме такіх твораў няма. Вучоба, у прынцыпе, скіравана або на русістыку, або на паланістыку. Усё, што можна рабіць, апрача гэтага, — толькі ў межах вольнага выбару. Можна ўкраінскай мовай займацца, беларускай, харвацкай, але той фіксаванай праграмы, якая ёсць для русістаў і паланістаў, ужо не будзе. І калі да нас прыязджаў Павел Навуменка і чытаў спецкурс па беларускай прозе 20-х гадоў, я папярэдзіла: ніякай базы ў студэнтаў няма, яны нічога не ведаюць пра беларускую літаратуру.

— Што цікава, польская ж мова ў выкарыстанні дастаткова абмежаваная, бо выкарыстоўваецца толькі ў Польшчы. Чаму ж у Германіі так шмат паланістаў?

 

— Варта сказаць, што нямецкая славістыка рускацэнтрычная. Абсалютна. Калі студэнт-славіст выбірае другую мову, то на 80 адсоткаў гэта будзе польская. Польская літаратура пасля рускай лічыцца самай цікавай. Выбар жа другой мовы залежыць, як правіла, ад размяшчэння ўніверсітэта. Калі на поўначы, то гэта будзе дакладна польская, бо там Польшча — краіна-суседка. Калі ж універсітэт размешчаны на поўдні — магчыма, гэта будзе ўжо не польская, а адна з паўднёваславянскіх моў (сербская, балгарская ці славенская).

«Чаму людзі не гавораць па-беларуску? Бо не трэба.»

 

— Нядаўна з’явілася ідэя правядзення ў Германіі летняй школы па вывучэнні беларускай мовы. Ваша стаўленне да такой ідэі?

 

— Я ведаю пра гэтую ідэю. Была спроба арганізаваць летнюю школу тут, у Мінску. Была пададзена нават заяўка ў ДААД (нямецкая служба акадэмічных абменаў, якая ў тым ліку фінансуе розныя адукацыйныя праекты — аўт.), але не атрымалася. У гранце нам адмовілі. Шкада, бо для арганізацыі падобнага праекту трэба грошы. Я спадзяюся, што ў 2013-м годзе ў Мінску пройдзе сусветны з’езд славістаў і гэта якімсьці чынам прыцягне ўвагу да Беларусі і беларускай мовы.

Што датычыць ініцыятывы летняй школы — гэта добрая ідэя. Але, з іншага боку, таксама не дапамагае. Трэба, каб людзі размаўлялі па-беларуску ТУТ, у Беларусі. Не немцы, а беларусы.

— Усё ж калі ідэя знойдзе сваю рэалізацыю, ці будзе да яе цікавасць з боку нямецкіх студэнтаў?

 

— Гэта больш пытанне не цікавасці, а неабходнасці. Чаму людзі ў Беларусі не гавораць па-беларуску? Таму што не трэба, у прынцыпе. Калі пачынаеш вучыць мову, заўсёды спачатку ставіш пытанне: у чым будзе карысць? Мы адносім ідэю такой школы да навуковых пытанняў, каб можна было арганізаваць пэўны навуковы праект. Тады я магла б сказаць сваім студэнтам: у мяне ёсць два месцы на стыпендыю на аспірантуру — той, хто хоча гэтае месца, няхай вывучае беларускую мову і пачынае працаваць у гэтай галіне. І цікавасць будзе, бо студэнт зразумее, што перспектывы ёсць.

zvyazda.minsk.by