Гісторык Алег Латышонак прадказвае сумную будучыню беларукаму кнігавыдавецтву ў Польшчы.

Другі дзень у Варшаве праходзіць XXI Кірмаш гістарычнай кнігі. Сярод экспанэнтаў свае выданьні прадстаўляюць дзесяць беларускіх выдавецтваў і кніжных сэрый. Нягледзячы на тое, што ў Варшаве жыве больш за тысячу беларусаў, цікавасьць да выдавецкіх прадуктаў з радзімы праявілі ня больш за два дзясяткі.

“Сярод некалькіх дзясяткаў тысяч беларусаў, якія жывуць у Польшчы, беларускімі кнігамі цікавіцца ня больш трох сотняў” – кажа гісторык Алег Латышонак. На кірмашы ў Варшаве ён прадстаўляе беластоцкае Беларускае гістарычнае таварыства.

— Сп. Алег, ці запатрабаваная сёньня сярод беларусаў у Польшчы беларуская кніга? Ці ўсё ж беларуская выдавецкая справа адбываецца па інэрцыі з тых часоў, калі беларуская меншасьць у Польшчы была сапраўды магутнай сілай?

А. Латышонак: Сёньня гэта невялікі праект. Я лічу, што начытанай беларускамоўнай публікі ў Польшчы ня больш за 300 чалавек. Больш кніг прадаць немагчыма. Столькі мы, Беларускае гістарычнае таварыства, і друкуем, таму нашы кнігі разыходзяцця. Кнігі па беларускай гісторыі па-польску разыходзяцца лепш. Мая кніга “Ад русінаў белых да беларусаў” накладам 400 асобнікаў разышлася за два месяцы без аніякай рэклямы. Але паўтаруся, усё разыходзіцца сярод тых жа пару соцень людзей.

— Як гэта можна растлумачыць? На Падляшшы жыве некалькі дзясяткаў тысяч беларусаў. У Варшаве беларусаў больш за тысячу. Чаму такая малая цікаўнасьць да беларускай кнігі?

А. Латышонак: Чытаньне кніг – гэта вялікая бяда ў Польшчы. Ніхто нават не чытае газэт. Гэта не праблема беларусаў, гэта праблема польскага грамадзтва, часткай якога зьяўляюцца й мясцовыя беларусы.

— Але ж польскія штодзённыя газэты выдаюцца накладам па 150-300 тысяч асобнікаў. У тыднёвых часопісаў — па 200 тысяч.

А. Латышонак: Выбачайце, але гэтыя сотні тысяч на 35 млн. чалавек. Беластоцкія газэты выходзяць накладам у некалькі тысяч асобнікаў на 1 млн. 200 тысяч жыхароў Падляскага ваяводзтва.

— А ці ёсьць нейкі інструмэнт, каб папулярызаваць чытаньне беларускіх кніг? Бо інакш атрымліваецца дзіўная сытуацыя: кнігі выдаюцца для беларусаў, каб аб’яднаць іх, адукаваць, узьняць нацыянальны дух, а самім беларусам яны непатрэбныя. Імі цікавяцца выключна аматары гісторыі.

А. Латышонак: Узьняць дух можна па-рознаму. Мы гэтым і займаемся. Таму я так заангажаваўся ў стварэньне беларускага радыё. Я лічу, што гэтыя новыя носьбіты ўжо важнейшыя за кніжку. Людзі слухаюць радыё й глядзяць тэлебачаньне. Гэта яны цяпер трымаюць людзей, таму трэба іх выхоўваць менавіта там. Кніжка засталася для аматараў.

— Як гэты працэс адбіваецца на аўтарах? Іх таксама менее?

А. Латышонак: У нас цяпер ёсьць некалькі гісторыкаў і некалькі пісьменьнікаў. Пасьля Сакрата Яновіча, які цяпер вельм рэдка адгукаецца, застаўся Міхась Андрасюк. Ды й тое апошняя кніга, як ён сам кажа, напісалася ў яго па-польску.

— Летась Вітаўт Кіпель выслаў больш як сотні беларусам Амэрыкі лісты з просьбай падтрымаць выданьні Беларускага інстытуту навукі й мастацтва. Ніхто не адгукнуўся, ніхто не захацеў свайму беларускаму выдавецтву дапамагчы. А ці ў Польшчы рэальна было б нешта зрабіць сіламі саміх жа беларусаў, без падтрымкі Міністэрства культуры й іншых польскіх устаноў?

А. Латышонак: Лічу, што немагчыма. Дарэчы, у польскім друку таксама было б цяжка без падтрымкі дзяржавы. Мы проста не ўсьведамляем, наколькі малацывілізаванае нашае грамадзтва ў параўнаньні зь іншымі краінамі.

— Зь якімі?

А. Латышонак: Хаця б з Фінляндыяй. Фін і нарвэжац чытаюць па дзьве газэты ў дзень, а паляк аніводнай. Беларус у Польшчы таксама не чытае. Калі б чыталі газэты, то чыталі б і кнігі. Сярэднестатыстычны паляк не чытае аніводнай кнігі за год. Гэта праблема нашага грамадзтва. Што ж да дапамогі багатых, то я перастаў прасіць дапамогу, калі аднойчы зьвярнуўся да беластоцкага беларускага багацея з просьбай набыць нашаму таварыству дыктафон. Ён мне тады адказаў: It is not my business.