Той факт, што яна сёння на сцэне, Паліна Паланейчык успрымае як выпадковасць.

Але як бы там ні было, яе песні — гэта свет глыбокіх пачуццяў. Часам здзіўляешся, што такія тэксты напісаны рукой 18-гадовай дзяўчыны. Яе не раз параўноўвалі і з Земфірай, і з Алінай Арловай, але яна — Паліна Рэспубліка. Нават яе творчы псеўданім падкрэслівае яе выключнасць і незалежнасць. Для Паліны кожны канцэрт — гэта свята сустрэчы з тымі, каму патрэбна яе творчасць.

— Паліна, вы нарадзіліся ў Мінску. Давайце перанясемся ў гады вашага дзяцінства…

— У дзяцінстве я была вельмі актыўнай дзяўчынкай. Мая бабуля спявала ў хоры, таму я ведала шмат яе песень, і заўсёды, калі мы, напрыклад, ехалі на вёску, я ладзіла ў электрычцы канцэрты. На нейкіх дзіцячых святах я таксама нешта спявала. Нават памятаю, як па заканчэнні дзіцячага садка мы паставілі «Муху-Цакатуху», дзе мне далі галоўную ролю, і я вельмі гэтым ганарылася. Пазней у школе мяне заўважыла кіраўнік хору.

— А сябры з тых часоў засталіся?

— Мая лепшая сяброўка. Лічу, вельмі важна мець у сваім жыцці людзей, якія цябе добра ведаюць, побач з якімі ты можаш адчуць сябе тым, кім быў раней. І я шчаслівая, што побач са мной ёсць людзі, якія памятаюць мяне на розных этапах майго сталення. З іншага боку, я вельмі ўдзячна творчасці за тое, што яна прывяла ў маё жыццё вельмі шмат новых, добрых і цікавых людзей, якіх я таксама магу назваць сваімі сябрамі.

— Што стала пунктам адліку, з якога пачалася ваша музычная творчасць?

— Песні з’явіліся нечакана. І для мяне гэта было пэўным цудам. Так, я спявала ў школе, але ні я сама, ні мае бацькі — ніхто не ставіўся да гэтага сур’ёзна. А пасля нарадзілася першая песня, але я не надала гэтай падзеі асаблівай увагі. Нават калі нехта казаў, што песня добрая, мне здавалася, што людзі так кажуць, каб не пакрыўдзіць мяне. Аднойчы я паўдзельнічала ў конкурсе «Срэбныя струны» (тады я толькі навучылася іграць на гітары) і перамагла. Ён праходзіў у два этапы. Паміж этапамі быў цэлы месяц, і тады я напісала другую песню. Што цікава, з гэтымі ж песнямі праз два гады я перамагла на «Бардаўскай восені». Пасля паўтара года была занятая школай і паступленнем. Улетку я нікуды не выязджала, а даведаўшыся, што паступіла, адчула, што надышла другая хваля, і… зноў пачала пісаць песні.

— Для некага музыка — гэта прафесія, для кагосьці — хобі. Якое тваё асабістае азначэнне музыкі?

— У мяне стаўленне да музыкі як да чалавека. Музыка для мяне — гэта хвароба, гэта каханне. Я часам разумею, што не магу не спяваць, бо ў гэтым маё самае вялікае шчасце і самае вялікае гора, бо мне добра, пакуль музыка са мной. У мяне быў такі перыяд, калі я напісала з дзясятак песень, але потым была працяглая паўза, і мне ўжо здалося, што я нічога больш не напішу, а тое, што напісала, — напісала не я. І гэтае адчуванне не тое каб здрады, проста вельмі непрыемнае. Сапраўднае ўнутранае спусташэнне. У чымсьці музыка для мяне хобі, а ў нечым — праца… Трэба пастаянна выходзіць на новы прафесійны ўзровень. І нават не дзеля кагосьці, а дзеля сябе.

— У вашых песнях глыбокая філасофія спалучаецца з іранічнасцю. Узнікае пытанне, які жыццёвы вопыт павінен быць, каб гэта напісаць? Што цябе натхняе і як нараджаюцца такія тэксты?

— Часам людзі жартуюць: маўляў, у мяне такое цяжкае жыццё… Але я стараюся не пісаць пра тое, што адбываецца са мной. Ёсць пэўны свет, дзе жывуць і кахаюць адзін аднаго мае ўласныя ён і яна. Вельмі цяжка казаць, адкуль узнікаюць песні. Напэўна, нешта адбываецца на ўзроўні інтуіцыі.

— Каханне мае свае адценні ў вашых песнях. А ў вашым жыцці яно якое?

— Каханне ёсць. Зараз яно не падобна на тое, што я адчувала раней. Галоўны сапернік майго каханага чалавека — гэта музыка. Бо яна можа забраць усе пачуцці, якія ёсць у мяне. Маё каханне пачалося з прадчування, што я павінна быць з гэтым чалавекам. Я шчаслівая, бо мужчына, які побач са мной, — Мужчына з вялікай літары, які шмат у чым змяніў мяне. І ён прыносіць шмат шчасця ў маё жыццё.

— Паліна, а сацыяльныя сеткі неяк спрыяюць сёння тваёй творчасці?

— Праз сацыяльныя сеткі пра мяне даведаліся. Інакш было б цяжка прабіцца. А так была магчымасць выкінуць свае песні «УКантакце». Да таго ж сеткі дазваляюць кантактаваць з людзьмі з іншых гарадоў.

— А як адбылася ваша сустрэча з тымі людзьмі, якія іграюць з вамі на сцэне?

— Мы ўсе вельмі выпадкова пазнаёміліся. З Эрыкам, які са мной іграе на кантрабасе, мы пазнаёміліся, калі мне было 14 гадоў. Праўда, спачатку было знаёмства з яго братам. У прынцыпе, з гэтага пачаўся нейкі перыяд маёй беларускасці. Неяк Эрык мне напісаў, мы паразмаўлялі, а потым падчас майго ўдзелу ў «Бардаўскай восені» так атрымалася, што мы з ім за адзін дзень зрабілі аранжыроўку і з таго часу пачалі іграць разам. З Вовам, які іграе на гітары і акардэоне, мы сустрэліся напярэдадні майго сольнага канцэрта. Дзесьці за два тыдні да гэтага ў дзве гадзіны ночы Вова, які быў у мяне ў сябрах «УКантакце», запрасіў пайсці гуляць на наступны дзень у «Адрыў». Потым неяк яшчэ сустрэліся і пачалі іграць разам. Мне падаецца, што часам музычныя стасункі больш складаныя за нейкія іншыя, бо, каб усё атрымлівалася як след, трэба, каб сэрцы біліся ў такт.

— Акрамя музыкі і навучання, чым займаецеся?

— Мінулы год быў свабодны ад творчасці: я хадзіла на англійскую мову, займалася фітнэсам, танга, атрымала правы кіроўцы. Сёлета я зразумела, што мне будзе цяжка, я не пацягну. Таму займаюся толькі французскай мовай. Плюс у мяне ёсць два малодшыя браты, з якімі мы любім бавіць час разам. І таму той вольны час, які я магла б прысвяціць нечаму, я праводжу з імі, бо таксама лічу гэта важным. Яшчэ шмат чытаю. Электронныя кніжкі замянілі ў маім жыцці плэер.

— А якія вам святы падабаюцца?

— Я не люблю запланаваныя святы. Люблю дні народзінаў іншых людзей. Я магу проста паехаць да бабулі з дзядулем і мы добра пасядзім, пагаворым і для мяне гэта будзе свята. Бываюць складаныя тыдні, калі ўсе занятыя рознымі справамі, таму і сабрацца разам проста павячэраць, гэта таксама свята.

— Па-беларуску заўсёды размаўлялі?

— Беларускасць да мяне прыйшла сама. Не было такога, каб на мяне нехта моцна паўплываў. Ні ад каго нічога не пераймала. Я проста раблю так, як адчуваю. Неяк чытала Валянціна Акудовіча, які пісаў, што Беларусь ніколі не будзе толькі беларускай, расійскай ці польскай. І я разумею, што ніколі не буду толькі беларускай. Я вельмі люблю беларускую мову. Я думаю па-беларуску і пішу песні на гэтай мове. Але для мяне важна, каб гэта было арганічна.

— Некаторыя лічаць, што жыць па правілах сумна. Лепш быць спантанным і непрадказальным. Вы прытрымліваецеся нейкіх правілаў ці прынцыпаў?

— Я па знаку задыяка Авен, па стыхіі — гарачы чалавек. Але ж у мяне мяккае імя. Яно перадае ўнутраную барацьбу. А прыгод, дзякуючы творчасці, хапае. Мне падабаецца, што маё жыццё як канструктар і, калі нешта будзе не па-мойму, я магу яго раскласці, а потым збяру нанова, і ў мяне будзе свет, у якім я буду арганічна існаваць.

— Задумваецеся пра тое, куды будзеце рушыць далей?

— Калі я скончу Акадэмію мастацтваў, мне будзе толькі 21 год. Таму нечага сур’ёзнага не планую. Хацелася б яшчэ атрымаць нейкую адукацыю. Але, напэўна, лепш не загадваць далёка.