Цешыць, што мапа ператвараецца пакрысе дзеля чыннасьці многіх людзей у пэўны інтэлектуальны канструкт, мэнтальную карту, ідэю.

Сёньня вельмі прыемна зьдзівіўся, пабачыўшы на Свабодзе сваю працу. Вельмі цешыць, што наша супольная мапка нагэтулькі моцна прыжылася ў СМІ, прынамсі РС і Arche зьмяшчалі яе ўжо шмат разоў. Цешыць, што мапа ператвараецца пакрысе дзеля чыннасьці многіх людзей у пэўны інтэлектуальны канструкт, мэнтальную карту, ідэю. Ідэю, якая зь цягам часу можа цалкам рэальна ўвайсьці ў наша жыцьцё ў выглядзе новае (але традыцыйнае) эфэктыўнае форме дзяржаўнага й адміністратыўнага ўладкаваньне. Зараз у віхуры падзей у РБ гэтыя праекты бачацца нам мала рэалістычнымі, але час зьмяняецца, прыносячы зусім новыя выклікі, зь якімі ўжо даўно сутыкнулася большасьць краінаў Эўропы. І вось як бачыце нават суседняя Літва…

Так, у ідэальным пляне традыцыяналіст думае Вялікалітва, Балтаскандыя… але не менш мы хочам пачаць адбудоўваць нашу цывілізацыйную еднасьць дома. Рэалізуючы вялікі імпэрскі праект Эўропы. Ужо зараз я (і шмат хто з маіх сяброў, я думаю) б задавальненьнем падтрымаў кандыдата ў прэзыдэнты ці партыю , якія б у сваёй праграме пабудовы дзяржаўнага дабрабыту ўключылі пункты рэформы адукацыі, рэстытуцыі нарабаванага бальшавікамі, поўнае кампэнсацыі за рэпрэсіі, інтэграцыю супольна з краінамі Балтаскандыі ў адзіную Эўропу… а таксама рэгіяналізацыю, пашырэньне самакіраваньня, дэцэнтралізацыю, дэбюракратызацыю, пераход да сапраўднае непасрэднае прамое дэмакратыі на месцах у вырашэньне пераважнае большасьці эканамічных і гаспадарчых пытаньня.

Стварэньня новых рэгіёнаў (земляў)  з шырокімі паўнамоцтвамі самакіраваньня ў вырашэньні ўсіх пытаньняў ад эканомікі да культуры, рэстаўрацыі помнікаў архітэктуры й школьніцтва, замест штучных саўковых «абласьцей». Ліквідацыя раёнаў і сельсаветаў зь іх падвойнаю бюракратыяй і замена іх на муніцыпалітэты (староствы, воласьці, гміны) з поўнаю выбарнасьцю усіх ключавых пасадаў праз прамы плебісцыт… Так прынамсі павінна кіравацца нармальная эўрапейская краіна, якая жыве не толькі аднім днём, але й дбае пра пэрспэктывы для ўсіх сваіх грамадзян, пра шматвекавую культурную спадчыну й мову, пра будучыню й дабрабыт.

Я паспрабаваў зрабіць віртуальны праект магчыма адміністратыўнага падзелу, які ўлічваў бы ўсе згаданыя фундамэнтальныя прынцыпы самакіраваньня і які ў пэрспэктыве мажліва рэалізаваць проста у межах Рэспублікі Беларусь… гэтакага віртуальнага Фэдэратыўнага Гаспадарства Беларусь (ФГБ).

 

 

Як бачыце праект цалкам улічвае традыцыйныя этнагістарычная межы суб-рэгіёнаў, а таксама рэпрэзэнтуе вельмі зручную й лягічную сыстэму адміністратыўнага падзелу. То бок гэта першы ўзровень фэдэратыўнага падзелу на землі, падобнага на нямецкі, бэльгійскі ці аўстрыйскі прыклады. Гарады з насельніцтвам больш 300.000 чалавек маюць статус вольных дзеля больш зручнага далейшага падзелу іх і падпарадкаваньня на другім адміністратыўным ўзроўні (воласьць, староства, гміна) , зважаючы на вялікую канцэнтрацыю насельніцтва (то бок кожны горад будзе натуральна мець яшчэ некалькі самакіроўных муніцыпалітэтаў у сваім складзе, прыкладна як зараз). Адзінае выключэньне — Віцебск (які таксама падзяляецца на асобныя муніцыпалітэты, але ў складзе Віцебшчыны), бо ўявіць гэты рэгіён без гэтага прыцягальнага цэнтру абсалютна немагчыма… Польскае Grodno — чыстай вады правакацыя з майго боку, спадзяюся ніхто не павёўся.

Вялікія гістарычныя этнакультурныя рэгіёны таксама захоўваюцца, але як культурная (цывілізацыйная, моўная, гістарычная) супольнасьць паміж землямі, рэпрэзэнтуючы іх найбольш цесныя кантакты, унутры краіны й за яе межамі (паколькі яны значна шырэй).

 

 

 

Краіна: Фэдэратыўнае Гаспадарства Беларусь
 

 

Дэвіз: Моц у адзінстве разнастайнасьці))
 

 

Сталіца: Менск (канстытуцыйная), Наваградак (фэдэратыўны урадавы цэнтар), Гародня (парлямэнт), Полацак (міністэрства замежных спраў)
 

 

Валюта: беларускі талер (прывязаны да эўра)
 

 

Дзяржаўнае ўладкаваньне: фэдэратыўная парлямэнцкая дэмакратыя (мажліва +канстытуцыйная манархія)
 

 

Плошча: 207,595 км²
 

 

Насельніцтва: 9,469,900 чалавек (2010 г.)
 

 

Герб і сьцяг: Пагоня* і Сьцяг Сьв. Юр’я
 

 

Гімн: Магутны Божа
 

 

Дзяржаўная мова: літаратурная беларуская (але кожны рэгіён мае/можа выкарыстоўваць лякальную мову ці гаворку/кі ў справаводзтве й школьніцтве)
 

 

Адміністратыўны падзел: 18 зямель (13 рэгіёнаў і 5 вольных гарадоў)
 

 

Нумарныя знакі аўтамабіляў: BY (+герб рэгіёну)
 

 

Дамэн у Інтэрнэце: .by
 

 

Міжнародны тэлефонны код: +375

 

* Тут паказаны г.зв. «вялікі герб»: два анёла, традыцыйная вялікаакіянская карона й 18 зорак, што рэпрэзэнтуюць фэдэральныя землі

Як будуць выглядаць муніцыпалітэты/староствы ў межах гэтых фэдэратыўных зямель? Іх будзе ў некалькі разоў мнеш чым сельсаветаў, але больш чым раёнаў. Пасьля ліквідацыі абодвух і зьмены прынцыпу іх кіраваньня, бюракратычны апарат зьменшыцца ў разы (мажліва ў дзясяткі разоў). Гэта запатрабуе выдаткаў, асабліва на ўладкаваньня пераходу да прамых плебісцытаў, але гэта сябе вельмі хутка акупіць. Варта ўлічваць вельмі карысны пазытыўны вопыт у гэтым рэчышчы скандынаўскіх краінаў (найперш Даніі).

Зрабіў яшчэ мапку зь вельмі прыкладнымі муніцыпалітэтамі/староствамі Наваградчыны (зважаючы на традыцыйныя), каб гэта было можна лягчэй ўявіць. Адрозьненьняў паміж воласьцю й староствам няма ў пляне кампэтэнцыі (толькі дзеля колькасьці насельніцтва ці традыцыі). Таксама рэпрэзэнтаваны традыцыйныя «княствы» (толькі дзеля назвы й пэўнае пераемнасьці). Сталіца зямлі Наваградак з-за даволі вялікага (у мясцовых маштабах) насельніцтва (30 тысяч) таксама ёсьць асобным муніцыпалітэтам, а цэнтар Наваградзкага староства — ў Райцы.

 

 

Спадзяюся, што мой праект прыцягне пэўную цікавасьць, бо вядома,што беларусы сапраўды любяць мапы (асабліва, хоць ежай не кармі, дай пазаляцацца на суседнія тэрыторыі).

 

datcanin.livejournal.com