Крыніца: Еўлашоўскі Фёдар. Гістарычныя запіскі (урывак) // Старажытная беларуская літаратура (ХІІ-XVII стст.). Мінск, 2007. C. 334-349.

 

Фёдар Еўлашоўскі — выдатны беларускі пісьменнік і дзяржаўны дзеяч. Нарадзіўся ён 7 лютага 1546 г. у Ляхавічах (цяпер раённы цэнтр Брэсцкай вобл.) у шляхецкай сям’і. З пяці год пачаў вучобу, засвоіў родную і польскую мовы, а затым ідыш. Пасля прадоўжыў навучанне ў галіне юрыспрудэнцыі, матэматыкі і справаводства.
Ф. Еўлашоўскі належаў да кальвінскага веравызнання, меў сям’ю, жонку Ганну Балатоўну, 9 сыноў і 5 дачок.

ГІСТАРЫЧНЫЯ ЗАПІСКІ

(урывак)

Самому Пану Богу майму за ўсялякія яго дабрадзействы няхай будзе вечны гонар і хвала, дзякуючы клопатам якога і я, Фёдар Еўлашоўскі, нарадзіўся ад вышэйпамянёных родзічаў маіх у Ляхавічах у 1546 годзе ад нараджэння Сына Божага месяца лютага сёмага дня ў ноч з нядзелі на панядзелак. І дадзена мне было імя паводле свята праваслаўнага, якое было на той час у панядзелак месяца лютага восьмага дня, а ў рымлян прынята месяца сакавіка другога дня — Тэадора гетмана, Ліцыніушам замучанага.

А як меў звесткі ад родзічаў, што ў год пасля нараджэння майго прамовіў да бацькі майго «абба», чаму яны абрадаваліся. Але я потым ніколькі не гаварыў, аж на чацвёртым годзе ад нараджэння майго пачаў гаварыць.

А на пятым годзе пачалі мяне бавіць навукаю рускаю, бо ў тыя часы ў той нашай старане не было яшчэ іншых навук. І таму прыйшлося мне застацца з рускай і польскай навукай і па-яўрэйску пісаць умеў. Але тое пісьмо іх патрабуе ведання яўрэйскай мовы або хоць нямецкай, бо ўжо цяпер Біблія яўрэйская нямецкай мовай і літарамі іх выдадзена, чаго польскай мовай зрабіць было немагчыма з-за пісьма, якога ў іншых мовах няма.

А потым, калі я падаўся на службу, трапляліся мне такія паны, якія мяне прыцягвалі да збору падаткаў і вядзення рахункаў, убачыўшы, што я ад прыроды на тое здольны. А Пан Бог быў заўсёды са мною.

А потым, кароль яго міласць Жыгімонт Аўгуст калі распачаў вайну з князем Іванам Маскоўскім, я быў першы раз на вайне, дзе і бітва закончылася перамогай нашых над масквою. У 1564 годзе месяца студзеня 26 дня, на Іван-полі над ракою Улаю. А потым былі ў мяне аж да прыкрасці частыя паездкі на тыя войны, а як я цяпер бачу, малапатрэбныя, бо і рэчы паспалітай карысці няшмат тыя войны прыносілі. А мне засталіся памятнымі з-за вялікіх прыгод, цяжкасцей, шкод і невымоўных нягод, якія мне давялося перацярпець.
Самому Пану Богу слава, што мяне з усіх іх выбаўляць, а дакладней нават на некаторых месцах цудоўна ахоўваць меў ласку, даўшы мне, дапраўды, ва ўсіх людзей удзячнасць, ласку, зычлівасць звыш маіх спадзяванняў. А непрыяцеляў, якія некалі з зайздрасці ўзнікалі і галовы свае задзіраць хацелі, значнымі плягамі адводзячы, а настойлівых і са свету зжываючы, так што, дапраўды, такою ласкаю Божаю не толькі абаронены, але і распешчаны будучы, ніколі да абароны ад непрыяцеляў маіх не рыхтаваўся, не звяртаў увагі на іх словы, чакаючы ўласнай нашай помсты Божай, якая таксама ніколі не затрымлівалася. А іншы раз і ва мне самім аж плач і вялікае ўзрушэнне ў духу рабіла, памятаючы, што так усемагутны вялікі Бог не забывае мяне між незлічоным людам, як маленькага чарвячка, а не шкадуе згубы мацнейшых за мяне для маёй абароны.

У 1566 годзе жыў у месце Віленскім, збіраючы подаць, якая завецца пагалоўнай, дзе меў вялікую ўцеху, слухаючы Слова Божае ў зборы хрысціянскім ад міністраў вучоных Вендрагоўскага і Касцяніцкага.
А з-за няшчаснага выпадку зазнаў ласку мужа, дастойнага памяці, князя Яна Макавецкага, архідыякана варшаўскага, кусташа і каноніка віленскага, пісара ў скарбе караля яго міласці, які мяне хуценька навучыў вядзенню рахункаў і прынёс мне вялікую карысць і пазнаёміў мяне з многімі людзьмі, адрэкамендаваў мяне ім, бо на той час розніца ў веры не рабіла ніякай рознасці ў міласці прыяцельскай, з-за чаго той век залатым мне бачыцца (у адрозненне) ад цяперашняга веку, дзе ўжо і між адной веры людзьмі двудушнасць усё замяніла, а пагатоў між рознымі верамі ані пытайся пра міласць, шчырасць і сапраўдную добрую павагу. А найболей паміж свецкімі станамі.

Бо памятаю і нядаўна мінулыя часы, калі цяперашні папеж Клеменс яшчэ кардыналам быў у караля яго міласці Стафана. […] Сядзеў я за сталом у князя Баўтрамея Нядзвецкага, каноніка віленскага, з галоўнейшымі слугамі яго валахамі. Тыя ж, калі даведаліся, што я евангелік, дзівіліся вельмі, як смеў князь канонік запрашаць мяне на свой абед. А калі ім ён пераклаў, што ў нас з таго ніякая нянавісць не бывае і любім мы адзін другога, як добрыя прыяцелі, хвалілі тое валахі, мовячы, што тут Бог жыве, і ганілі свае хатнія законы, а дакладней сваркі.

О Бог бы тое даў, каб і цяпер ласкавейшыя вякі наступіць маглі, каб хрысціяне, хоць у частках або звычаях веры адрозныя, але ўсё ж хрысціяне вышэйстаячага і найвышэйшага манарха хрысціянскага, айца папежа ў лепшым ушанаванні мелі. А ім, як айцом мудрым і ласкавым улагоджваемыя да згоды і любімыя былі па прыкладу бацькі дамовога, які сыноў сваіх і розных (іншых людзей) ад сябе і ад іншай брацці ў звычаях паважаць умеў.

У 1566 годзе пошасць у Княстве была. У тым жа годзе вышэйпамянёным увосень пошасць гвалтоўная ў месце Віленскім была. Я жыў пры ім нямала, бачачы там доктара Сэрпца і іншых канонікаў і людзей розных нямала, якія таксама ў той пошасці засталіся былі жывымі. А маючы ад памянёнага доктара перасцярогу, каб між іншымі рэчамі асцерагаўся перапуду, бо дзеля спакусы паяўляюся там, дзе пошасць, але калі б што здалося, каб я паводзіў сябе насуперак таму бяспечна, не асцерагаючыся таго, і добра сябе не адчуваў, і тое павінна было згінуць.

І так я, прыняўшы для сябе рашэнне, едучы з Вільні дадому, менавіта ў Дорагаве, начуючы ў стадоле, ужо на світанні, убачыў у хаце агністага чалавека, да якога калі кінуўся, ён таксама ішоў да мяне і, сышоўшыся з ім сярод хаты, схапіў у запале нож і ўдарыў яго. А ён, знікнуўшы, у тым жа куце паказаўся і зноў ішоў да мяне. А я кінуў у яго шапкай і адчыніў акно, бо ўжо віднела. А тое згінула. А там, у хаце, быў гаспадар з жонкай і слуга дарожны. Але таго не чулі.

Потым я баяўся ехаць дадому, разумеючы, што заразіўся, таму вырашыў там бавіцца даўжэй, для чаго і прычына дробная знайшлася: згінула ў мяне была стрэльба кароткая з футаралам з воза майго ў стадоле, аб якой я рабіў расследаванне копным звычаем. А перш расказаў усім пра тую маю здань.
Потым убачылі стрэльбачку маю над возам у самым версе падвешаную, аж драбіну з вёскі прынёсшы, знялі яе.

Затым нявеста, старая шляхцянка неякая жаўнерава, калі я ёй гаварыў пра тую здань, і што, маўляў, баюся, каб дзе не заразіўся (бо і ў Наваградку была пошасць), яна мне кажа: «Не бойся, не пошасць!» Але, паказаўшы недалёка сваю хатку, «З акна, — кажа, — бачыла, як нячысты прыходзіць да той нявесты гаспадаравай».

І так, будучы ёю перасцярожаным, ехаў я дадому, дзе з ласкі Божай разам з усімі быў здаровы. Адно ж потым, праз тры чвэрці года, пачало са мной у сне здарацца дужа прыкрае ўдушша. І называлі дактары тую хваробу інкубусам. І лячылі мяне ад таго ў розных месцах. Але, хаця ужо і не так часта, як было спярша, аднак жа цераз усё сваё жыццё адчуваю я ў сабе тую напасць.
У тым жа годзе (1566 — У.С.) на першыя рокі земскія на святога Міхала, а наваградскіх з-за заражанасці места Наваградскага ў Ляхавічах судзілі. А старостаю на той час быў ляхавіцкім пан Уладзімір Сямёнавіч Забалоцкі, знатнага роду чалавек з Масквы.

Года 1567, а веку майго 21-га былі летам у караля яго міласці Жыгімонта Аўгуста паслы вялікія маскоўскія, а мена віта, па імені: Фёдар Іванавіч Калычоў Умны, намеснік суздальскі, чалавек з ім 727, а коней 922; Рыгор Іванавіч Нагой, дварэцкі, людзей з ім 269, а коней 370; Васіль Якаўлевіч Шчалканаў, дзяк або пісар, людзей з ім 229, а коней 332. Сума ўсіх людзей 1225, а коней 1629, з якімі аб міры нічога не было вырашана. Той жа восенню кароль яго міласць быў з войскам і ў пастраенні пад Радашковічамі.

Году 1568 пасля сойма Гарадзенскага і з’езда воінскага ехаў кароль яго міласць да Любліна для сканчэння уніі. Адкуль у 1569 годзе на другім тыдні посту вялікага паны сенатары літоўскія, бачачы многа рэчаў, якія іх не задавальнялі, ад’ехалі былі з Любліна. Аднак жа пасля Вялікадня праз універсалы, з кароннай пячаццю выдадзеныя, зноў да Любліна сабраны будучы, завяршылі унію жніўня месяца 11 дня.

А перад тым яшчэ зямля Кіеўская, Валынская і Падляш ская да Кароны прысуджаны і спісамі прылучаны былі не адразу, але паасобку, па адной зямлі ад Літвы адрываючы, як сведчаць прывілеі, ім даныя. У Падляшскай — найпершая дата, або дакладней анексія сакавіка пятага. Затым у Валынскай зямлі дваццаць шостага дня мая. А Кіеўская зямля трохі далей затрымалася была, аж ёй прывілей выдадзена шостага дня чэрвеня ў тым жа 1569 годзе.
У 1570 годзе быў сойм у Варшаве, але раз’ехаліся без канстытуцыі з-за нязгоды. А ў той жа час паслы былі ў Маскоўскага (Івана. — У. С.). А менавіта з Польшчы — пан Ян з Борчына, Кратошскі, ваявода інаўроцлаўскі, пан Рафал Ляшчынскі з Лешна, стараста радзееўскі. А з Літвы — пан Мікалай Тальвош, кашталян менскі, і пан Андрэй Іванавіч, пісар караля яго міласці, якія князю вялікаму маскоўскаму Івану Васільевічу аб заканчэнні уніі нашае паведамілі і перамір’е на тры гады прынеслі. Смяяўся маскоўскі ў адказ на паведамленне пра унію, кажучы: «Даўно я гэта ведаў, што ляхі і літва каралеўскія».
У тым жа годзе я быў вярнуўся ненадоўга з Варшавы дадому летам і на пачатку восені зноў жа ехаў да Варшавы і жыў там усю восень, дзе пастаўляў наложніц на патрэбу караля яго міласці, хоць мне тая паслуга брыдзіла.
Прыехаў я дадому апошняга дня снежня ў 1570 годзе, дзе, застаўшы пана бацьку і пані маці за вячэрай, адразу ж не мог пасядзець за сталом. Напала на мяне моцная ліхаманка, бо ў дарозе меў пры сабе хворых людзей і заразіўся ад іх яшчэ ў Венграве. А праз тыдзень пасля гэтага ехаў, не паддаючыся (хваробе), аж мяне (яна) гвалтоўна дома зламала. І гэта была дзіўная справа Божая, што мне ў дарозе пастараўся зрабіць лягчэй. Ляжаў у той хваробе сем тыдняў, і за гэты час тройчы мне лепшала і горшала, прычынай чаго была неабачлівасць мая, як у маладым веку. Ледзьве выбіўся (з той хваробы) і пачаў папраўляцца перад Постам у 1571 годзе.

У тым 1571 годзе, пасля Вялікадня, ехаў я да Варшавы і жыў пры двары; аж 17 ліпеня ехаў дадому. І, пры ехаўшы да мястэчка, што завецца Добрым, захварэў на ліхаманку і загадаў везці сябе аж да Бранска, маючы там добрага чалавека, гаспадара Яна Манзіка, дзе даляжаў да прапацення і сканчэння той хваробы. А пані маці мая, не ведаючы аба мне, дзе я быў і што са мной дзеелася, але сэрцам мацярынскім чуючы тое, вельмі затурбавалася і здароўе сабе папсавала, асабліва пасля першых хвароб маіх і турбот сваіх значна здароўе сабе падарвала пры прыездзе маім дадому. Але пасля першага прывітання я быў засмучаны, бо разумеў, што жыць ёй засталося нядоўга. Аж пасля таго ў сакавіку мінулым век свой даканала.

А я яшчэ восенню той мусіў Варшаву наведаць, бо там кароль яго міласць Аўгуст жыў. А мне патрэбы караля яго міласці судовыя да выканання даручаны былі.

На пачатку 1572 года быў заняты патрэбамі яго міласці пана Мікалая Крыштофа Радзівіла, маршалка дворнага, князя на Алыцы і Нясвіжы і цяперашняга ваяводы трокскага. Каторых патрэб, як у пана вялікага, досыць было. Але мне больш за іншыя напрыкрала справа якогасьці Шахна, зямяніна яго кня жацкай міласці з маёнтка Свержанскага, які, пасварыўшыся з панам Мікалаем Служкам, старастам крычаўскім, суседам таго ж маёнтка Свержанскага, дзіўныя рэчы вытвараў і панам турбот набавіў, аж, на шчасце, яго міласць пан маршалак (асабліва як чалавек у маладым сваім узросце), даведаўшыся, з панам Служкам да роўнасці прыяцельскай прыйшоў і пану Шахну выказаў незадаволенасць.

А ад тых часоў заўсёды служыў патрэбам яго княжацкай міласці пана ваяводы цяперашняга трокскага, хоць потым не заўсёды свядома, аднак верна і пільна аж да тэй старасці маёй, у якой, а менавіта ў годзе панскім 1603, пішу і дзеткам сваім параду сваю пакідаю, каб пры мне і пасля мяне яго княжацкай міласці і дзеткам і сям’і яго княжацкай міласці па прыкладу майму служыць не адмаўляўся.

У тым 1572 годзе, дня 8 лютага, споўнілася мне ад нараджэння майго год 26 і настаў дваццаць сёмы.

У тым жа годзе нешчаслівага месяца сакавіка другога дня ў нядзелю на досвітку памерла наймілейшая маці мая Фядора, асіраціла, на вялікі жаль, пана бацьку нашага і нас, дзяцей іх мілых, цела якой з прыстойнаю пачцівасцю пахавана было ў Ляхавічах у царкве рускай.

А тут з-за смерці пані маці маёй сталася другі раз крушэнне маіх задум, былі: ехаць у Венгрыю і Турцыю, наведаць іншыя краіны далёкія, навучыцца рамёстваў розных, бо я быў засмучаны смерцю наступіўшай таксама і бацькі майго.

А потым жа з-за смерці пана бацькі майго і дзетак выхаванне, гадаванне або апека, дзетак іх, братоў і сясцёр маіх, на мяне зваліўшыся, пабываць у тых кутках свету мне не дазволілі.

У тым жа годзе месяца (назва месяца прапушчана. — У. С.) быў сойм вальны у Варшаве, але сам кароль яго міласць Аўгуст ужо быў хворы, таму ж там нічога не было вырашана. Быў і чавуш на сойме ад турка. Слухалі яго панове радныя самі, на месцы каралеўскім арцыбіскуп Якуб Уханскі сядзеў. Мовіў турак, слуга чавушаў, па яго (чавуша) указанні на турэцкай мове па латыні, і прызналі, што добра гаварыў. А пры адпраўленні яго чыніў яму адказ пан канцлер Валенты Дэмбінскі па-польску. І татарын наш падрыхтаваны хацеў яму перакладаць. Але чавуш не дазволіў, сказаўшы, што сам разумее па-польску. Многія людзі ўказвалі на тое, што туркі ў Парыжы французскім пільна латынь вучаць. А Божа мой, каб не пераносіліся да іх навукі , як пераносіліся раней ад адных народаў да другіх, што цяпер мы чуем аб вялікім навук размнажэнні ў панствах турэцкіх, хоць і многа хрысціян, да турак прылягаючых, мовай іх турэцкай захапляліся. Хто ведае, да чаго тое Пан Бог прывесці пажадае ў свой час.

У той жа час кароль яго міласць пусціў фрымаркам у абмен на Свіслач Ляхавічы яго міласці пану Яну Хадкевічу, на той час старасту жамойцкаму, і ўзяў іх (Ляхавічы) яго міласць 12 чэрвеня ў тым жа 1572 годзе. Таксама ў той жа дзень чалавек паважаны, які паблізу Ляхавіч пражываў, Фёдар Юрага, памёр. Я быў у Варшаве пры двары, дзе таксама пошасць значна паяўлялася. Кароль не хацеў быў выехаць, аж дворня і на замку мерці пачала. Памерлі слугі Баліцкі і Канарскі, а чэрвеня 19 памёр князь Масальскі, які на той час быў у караля ў ласцы. Тады кароль яго міласць, напалохаўшыся, дазволіўў сябе вывезці на ноч да Прагі за раку Віслу, і так далей перавозілі караля ў возе вялікім, для таго зробленым з вокнамі, а ў ім ложак з каралём ляжачым вісеў. Прыехалі з ім так да Кнышына, дзе ён ледзьве з той ліхаманкі ачуняў.

Памёр кароль яго міласць Аўгуст у панядзелак, ліпеня 7 дня, а 18 гадзіне або трэцяй з паўдня, смерці якога не ўтойвалі, што чакалі, але зараз усім аб ёй аб’явілі. 8 дня ліпеня ў адзенне каралеўскае цела ўбралі. 9 ліпеня яшчэ без труны на стале пры сцяне ўсім людзям, хто хацеў бачыць, цела караля было паказана. 10 ліпеня цела было пакладзена ў труну. А з-за той смерці караля яго міласці і хваробы маёй засталіся лісты мае непадпісаныя, якія мне кароль яго міласць на маёнткі мне дадзеныя хацеў загадаць напісаць, што здарылася па прычыне вялікага майго няшчасця.

Пасля таго з’езды ў Польшчы і Літве бывалі. Паслы цэсарскія і іншых паноў прыязджалі. Пільна асцерагаліся разрыву туркамі адносін з Літвою, баяліся, каб Літва з Маскоўскім (царом Іванам Жахлівым) не змовіліся. І таму ж былі ад палякаў у Гародні пан ваявода падольскі, пан камянецкі, дзе дамовіліся аб прымальных выбарах. Апускаю я гэта, ведаючы, што гэта дастаткова апісана ў іншых. У тым жа 1572 годзе, бачачы пана бацьку майго асірацелага і вельмі з-за смерці жонкі сваёй засмучанага, радзячыся і дамаўляючыся з ім, пагадзіўся з ім, каб ён зрабіў ласку на якім епіскапстве дажыць свой век. Даведаўшыся аб вакансіі епіскапства Пінскага, я прыкладаў вялікія намаганні, не лічачыся з працай, выдаткамі, рознымі парадамі, бо ж тое ўсё для дабрадзея бацькі майго мілага быў абавязаны рабіць. Але, калі мне на выдаткі грошай не хапіла, быў такі няшчасны, бо тут, каля Ляхавіч у людзей тых, якім часта ў іх патрэбах дапамагаў, не мог дамовіцца аб пазыцы грошай. Аж ад каго менш надзеі меў, пан Андрэй Ждановіч Дароўскі, і пасля смерці няхай аб ім добрае слова застаецца, што мяне грашыма быў выратаваў, і я тое епіскапства пінскае пану бацьку атры маў, на якім ён у 1573 годзе снежня 18 дня ў Наваградку мітрапалітам Іонам Пратасовічам быў пасвячоны. Да Пінска прыехаў на сталіцу сваю 26 снежня ў панядзелак. За тыя рэчы няхай будзе навекі самому Пану Богу гонар і хвала, амін.

І так, адправіўшыся з Пінска, пачаў старацца аб набыцці (ўласнасці) у Тураве, дзе князь Канстанцін, ваявода кіеўскі, не дазваляў. З-за чаго зноў раз’ездаў і выдаткаў нямала быць мусі ла. Быў у Тураве ў князя, і пакінуў (ён) мяне яшчэ на абедні. І так доўга затрымаў, аж у Кракаве, на каранацыі караля Генрыка ў 1574 годзе, калі я яму аказаў паслугу ў набыцці Астрога і іншых праз пана Ласкага, ваяводу Серадзкага, каралю Аўгусту закладзеных, таксама ж быў у Тураве пану бацьку майму зрабіць казаў.

Там жа, як быццам супакоіўшыся, пан бацька мой быў на той годнай сталіцы епіскапства Пінскага ва ўсялякай людской павазе, добрай славе і аздобе. Але нядоўга, бо ў 1574 годзе, будучы ў Тураве, упаў у хваробу і з паўгода ў ёй быўшы, памёр у Пінску ў 1575 годзе, 9 дня сакавіка ў сераду раненька, дзе пасля і цела яго пахавана ў царкве святой Прачыстай. А мне выпала выхаванне яго дзяцей і аплата многіх даўгоў яго. Але Пан Бог мой не пакідаў мяне і ў тых рэчах, для розуму майго цяжкіх, але мяне вельмі ратаваў і з усіх іх выбаўляць стараўся. Няхай будзе за ўсе дабрадзействы свае Пан Бог пахвалён навекі, аман.

У тым жа годзе памёр у Ляхавічах сын пана Віленскага, пан Яраш, гадоў, відаць, каля 15. А ў той маладосці сваёй поўны быў мудрасці і кемлівасці вялікай. Памёр таксама пан Андрэй Рыгоравіч Хадкевіч, падстолі Вялікага Княства Літоўскага, вельмі цнатлівы і рыцарскі пан, за якога вырашана было аддаць замуж ваявадзянку віленскую Х (тут указаны толькі ініцыял. У. С.) Радзівілаўну. Але гэта з-за той смерці было скасавана. І вылічыў нябожчык пан Віленскі, што гэта ўжо была на яго ведаме адзінаццатая пара людзей з дому іх хадкевічаўскага, якая, прыходзячы да параднення з домам радзівілаўскім, распалася.

У тым жа 1575 годзе ў маі, з’ехаўшыся панове і рыцарства да Сценжыцы, вырашыўшы абраць каралём Генрыка, больш ужо не чакаць, да выбараў новага пана (караля) прыступілі і, прабыўшы там тры тыдні, раз’ехаліся ў нязгодзе, нічога не зрабіўшы. Я ехаў па волі пана майго да мястэчка Острава, што знаходзіцца ля Любліна, на права, там з шляхтаю Казноўскімі ад іх братавае, дачкі годнага памяці мужа Стафана, мастаўнічага, бацькі цяперашніх суседзяў маіх паноў Вадашынскіх. А адтуль, едучы да Берасця, перад Палюбічамі, быў у вялікім страху ад грому, так што мусілі мы пад частымі і грознымі перунамі, якія часта паміж намі білі, ехаць міль з паўтраця, не маючы дзе спыніцца. Потым, прыехаўшы дадому, быў у таго пана мастаўнічага, а менавіта ліпеня 24, у нядзелю. А між іншымі размовамі я прыпамінаў той страх ад грому, як мы нацярпеліся. Ён на гэта паведаміў, што яму яшчэ маладому ў Кракаве ад якогасьці прыезджага астролага прадказана, што меў мець смерць ад грому ў шасцідзесятым годзе жыцця свайго, але быццам яму ўжо з ласкі Божай год шэсцьдзесят мінула. І так пагладзіў сябе па барадзе. Ад чаго адчуў я ў сэрцы да яго жаль. І пытаю, ці баіцца ён, калі яму трапляецца аказацца пад навальніцай? Ён мне на гэта адказаў, што не дбае ніколі, і, калі будзе патрэба, будзе з душэўным збавеннем.

А праз дзесяць дзён пасля тых размоў і раз’ездзе нашым, а менавіта 4 жніўня, чацвер, таго пана мастаўнічага гром забіў у полі пад сасною, пад якую ён быў ад дажджу, пад’ехаўшы, стаў. У тую ж восень быў пан Віленскі з войскам у Інфлянтах, забраўшыся ў Зэлборк. А я быў на Валыні і ў Алыцы. А па волі пана Стафана Лозкі, маршалка мазырскага, быў з ім у Бабіне, у шляхетнага мужа пана Андрэя Бабінскага, сасваталі мы за яго сястру пана Лозкі, панну Тамілу, у тым 1575 годзе, кастрычніка 18 дня.

У 1576 годзе, 8 лютага, споўнілася мне год трыццаць і настаў год трыццаць першы.

Паводка ў тым годзе гвалтоўная была. І трапілася мне прысутнічаць, калі перашкаджалі, каб не сарвала мост ля млына ляхавіцкага, названага Новым, дзе Януш-млынар, стаўшы на крайняй бэльцы, адбіваючы ў вадзе пешняю ледзяную крыгу. А за ім два халопы паленам вялікім з моста таксама таўклі лёд. І ўпусцілі той паль, які, выпаўшы ў іх з рук, ударыў Янушамлынара ў патыліцу. А ён упаў у ваду ў стаў. І адразу праз шлюз пранесены ўніз у глыбіню вялікую, і не хутка з яе паказаўся, несены далёка вадою, а пешню перад сабой трымаў у руках сваіх. Аж так і выйшаў з вады і неспадзявана для ўсіх нас, людзей, што там былі, жывым застаўся, бо немагчыма яму было ніякага ратунку даць.
Тым жа летам ад якогасьці Пацкевіча Сцяпана і Міхайла Зверава, масквіціна, і ад іншых непрыяцеляў маіх, якія шчасцю майму, хоць і малому, зайздросцілі, меў я немалыя турботы, з якіх мяне толькі Пан Бог, хвалы вечна годны, вызваляў.
У тым жа годзе, 11 верасня, быў на камісіі ў Менску. Паміж князем Саламярэцкім і местам Менскім была спрэчка вялікая. І там таксама Пан Бог абараніў.

5 кастрычніка выехаў з дому да Торуня і дабіраўся да Белай, дзе была справа вялікая яго міласці пану Радзівілу з апекунамі Цяцерскага за маёнтак Свержна. Адтуль ехаў я на Варшаву і быў у Торуні 23-га таго ж месяца кастрычніка. Там быў ужо кароль Стафан, які 15-га дня таго ж месяца прыехаў і сеймаваў. А цэсар Максімілян памёр 12 кастрычніка. На сойме тым, акрамя перагавораў аб гданчанах, нічога не справіўшы, развіталіся паслы з каралём яго міласцю 2 снежня. Я нямала спраў судовых меў (вырашаць) з каралём яго міласцю, і шчасціла мне з ласкі Божай.

Пазнаёміўшыся таксама з каралём Стафанам і яго венграмі, якіх найчасцей панове да сябе на абеды запрошвалі. І памятаю я: Закейды Януш, Барыці Юргой, Нодах Петэр, Баторы Петэр, Бурноміса Януш, Кэнды Петэр, Вяржэвіч Марцін, паляк Мігал, кухмістр Крычэк, і слугі Ферэнцый і Сэмерый.
Там жа ў Торуні прывітаў Новы 1577 год, а ў ім прыехаў дадому ў нядзелю 13 студзеня. А стомлены ўжо будучы працамі і цяганінамі пастаяннымі, памятаючы таксама пра волю і загад Бога ўсемагутнага, уступіў у шлюб святы з цяперашняю жонкаю маёю Ганнаю Балатоўнаю, сястрою пана Данілы Балотавіча з Русі ў тым жа годзе 10-га лютага, продак якіх, чалавек значны, яшчэ пры каралю Казіміру з Масквы быў прыехаў, на імя Антоній Балота. І быў слаўным мужам, і нашчадкі яго праз час немалы. А іншыя з іх, разрадзіўшыся, разышліся розна і, пад панамі некаторымі аселасці баярскія пабраўшы, як быццам у Шклове і яшчэ недзе жывуць.

Маёмасці мы з абодвух бакоў пароўну знеслі былі, але з благаславення Божага была нам спор і памнажалася яна больш, чым мы працавалі і спадзяваліся. Меў я з яе добрую жонку. Не напрыкралі мне для яе дні жыцця майго, бо была ў прыгодах і хваробах сэрца мужнага, ноты вялікай, пыхі і злыя думкі, відаць, ніколі да сэрца не ўступалі. Да ўбогіх, хворых, засмучаных людзей любага міласэрдзя была, так, што і ўночы спаць не могучы, аб такім ратунку мысліла і старалася. А хоць у веры рускай была, але так уважна і не цвёрда, што гэта найменшай ня згоды не выяўляла.

І людзі ведаць таго не маглі. Тым жа болей, гледзячы на наша спакойнае, ціхае і вясёлае жыццё, у зайздрасць упадаючы, размовамі сваімі непраўдзівымі нас даймалі, і рознымі спосабамі іншымі, а, нарэшце, і чарамі перашкодзіць гэтаму стараліся.

Але Пан Бог, які мяне пасвіў аднаго самога, не занядбаў мяне і з тою жонкаю маёю, і не кідаў нас на волю непрыяцеляў нашых. Але іх саміх рознымі плягамі даймаючы, як ад скалы, ад нас адпаўшымі і пасаромленымі рабіў. А нас з ласкі сваёй найсвяцейшай у дзетачках памнажаў, а менавіта найперш на вялікую ўцеху даў нам першароднага сына Яраша. А потым іншых сыноў і дачок, так што да цяперашняга 1604 года, як я гэта пішу, стала ў мяне сыноў 9, а дачок пяць, з якіх ужо маем Яраша, сына нам мілага, жанатага з дачкой пана Станіслава Петрашэўскага, а дачку нашу Раіну замуж за пана Яна Грушаўскага выданую, аб чым будзе ніжэй, потым, на месцы сваім шырэй.

У тым годзе я заставаўся ў доме пана яго міласці, часцей за ўсё жыў у Ляхавічах.