Калі свядомыя людзі гавораць пра Случчыну, то звычайна маюць на ўвазе нешта большае, чым сучасная тэрыторыя Слуцкага раёна. Але Случчына — не толькі назва вялікага рэгіёна. Гэта, бясспрэчна, гістарычная, эканамічная, моўная і культурная з’ява на Беларусі. Аб ёй мы і паспрабуем распавесці ў шырокім сэнсе слова.

Беларускі гісторык Анатоль Сідарэвіч у адным са сваіх артыкулаў нядаўна заўважыў: “Я заўсёды смяюся, калі чую ўсе гэтыя «Ганцаўшчына», «Лунінеччына», «Ляхаўшчына». Бо гістарычна Ляхаўшчына — гэта Наваградчына, Лунінеччына — частка Піншчыны і Мазыршчыны. А што такое Ганцавічы, якія даюць імя субрэгіёну? Хіба могуць яны параўнацца са старажытным Пінскам, Наваградкам, Слуцкам?”

Заўвагу Сідарэвіча можна справядліва аднесці і да такіх распаўсюджаных сёння тэрмінаў, як Салігоршчына, Старадарожчына, Любаншчына і нават Капыльшчына. У адрозненне ад іх паняцце “Случчына” пытанняў не выклікае. А вось чаму, — адказы паспрабуем знайсці ў гісторыі.

Дзе слуцкае

Тэрыторыя Случчыны пачынае складацца яшчэ з часоў Турава-Пінскага княства. У канцы XII стагоддзя ад яго адасабляецца Слуцкае княства. У наступным стагоддзі яно становіцца ўдзельным уладаннем літоўскай вялікакняжацкай дынастыіі Гедымінавічаў. Нашчадкі Уладзіміра Альгердавіча  — князі Алелькавічы — валодалі княствам да 1612 года. На падставе  граматы вялікага літоўскага князя Аляксандра (1499), дзе пералічаны найбольш буйныя населенные пункты, можна зрабіць выснову, што ў Слуцкае княства ўваходзілі тэрыторыі сучасных Слуцкага, Капыльскага, Салігорскага, Любанскага, Старадарожскага, частак Уздзенскага, Глускага, Петрыкаўскага і Жыткавіцкага раёнаў.

Межы. Землі Случчыны дасягалі Нясвіжа на захадзе і Глуска на ўсходзе. На поўдзень рэгіён доўжыўся да Прыпяці (Жыткавічы, Петрыкаў).  Паводле мапы XVI стагоддзя

У пачатку XVI стагоддзя ўдзельныя княствы ў ВКЛ былі ліквідаваны, але Слуцкае як адміністратыўна-тэрытарыяльная адзінка захавалася да 1791 года. У лістападзе гэтага ж года Слуцкае княства было ліквідавана пастановай сейма Рэчы Паспалітай. Але Слуцк стаў цэнтрам Случарэцкага павета Навагрудскага ваяводства.

Большая частка павета заставалася ва ўладаннях Радзівілаў, якім Слуцкае княства належыла з 1612 года. Са студзеня 1793 года Слуцк і яго павятовыя землі сталі часткай Расійскай імперыі, а Слуцк ператварыўся ў павятовы цэнтр Мінскай губерніі.

Як бачна, Случчына ў якасці рэгіянальнай з’явы фарміравалася і існавала на працягу некалькіх стагоддзяў. Гэта не магло не адбіцца і на іншым аспекце яе жыцця, у прыватнасці эканамічным.

Адзіны арганізм

Слуцкія землі былі неаднолькавыя па сваёй урадлівасці, але яны заўсёды лічыліся багатым краем. Случчына мела не толькі значны зямельны і людскі рэсурс: у яе жыцці велізарную ролю адыгрывалі рамёслы і гандаль.
Як адзначае беларускі гісторык Анатоль Грыцкевіч, Слуцк быў цэнтрам вялікай латыфундыі, куды звозіліся сельскагаспадарчыя прадукты і вырабы рамеснікаў з усяго княства. Паспяховаму развіццю цесных сувязей паміж часткамі Слуцкага княства садзейнічалі рэгулярныя ярмаркі ў Слуцку. Сюды свае тавары прывозілі таксама купцы з Мінска, Гродна, Магілёва, Брэста, Вільно. Нярэдкімі гасцямі былі і іншаземныя гандляры.

Слуцкія купцы ў XVI-XVII стагоддзях пастаянна гандлявалі са шматлікімі гарадамі Польшчы, Украіны, Маскоўскай дзяржавы. Праз прыстань “Пясочнае” на Нёмане яны вывозілі слуцкія тавары ў Кралявец (Кенігсберг). Як сведчаць дакументы, вываз тавараў са Слуцка быў вялікім па аб’ёме і адрозніваўся значнай удзельнай вагой мясцовых вырабаў.

Можна сцвярджаць, што гаспадарчае жыццё Случчыны на працягу шэрагу стагоддзяў уяўляла сабой даволі ўстойлівы адзіны арганізм.

Слуцкая гаворка

Цесныя гаспадарчыя сувязі паміж часткамі Случчыны (Слуцкага княства) садзейнічалі з’яўленню агульных рыс у жыцці яго насельніцтва. Закранём, напрыклад, моўны аспект.

Пачынаючы з 1948 года, беларускія вучоныя праводзяць на тэрыторыі Беларусі дыялекталагічныя экспедыцыі. Сабраныя матэрыялы дазволілі вызначыць два асноўныя дыялекты: паўночна-ўсходні і паўднёва-заходні.

Случчына адносіцца да апошняга. Але ў межах паўднёва-заходняга дыялекту лінгвісты выдзяляюць так званую слуцкую гаворку. Яна распаўсюджана якраз на былой тэрыторыі Слуцкага княства. Навуковая праца ў гэтым накірунку працягваецца і сёння. З 1962 года збіраецца матэрыял для рэгіянальнага слоўніка слуцкіх гаворак.

Пад кіраўніцтвам філолага П.А. Міхайлава ўжо апрацаваны і сістэматызаваны фактычны матэрыял, распрацоўваюцца слоўнікавыя артыкулы і рыхтуецца да друку “Слоўнік гаворак Случчыны”. Гэта будзе цікавая кніга.

Культурны феномен

Чытачы “ІК” у сваіх каментарыях да гістарычных матэрыялаў рэгулярна падкрэсліваюць, наколькі Случчына багата вядомымі пісьменнікамі, мастакамі, вучонымі і выдатнымі культурнымі з’явамі. Заўважым, что “Кур’ер” у асноўным піша пра ўраджэнцаў сучаснага Слуцкага раёна. А калі браць за аснову гістарычнае паняцце “Случчына”, то гэты спіс значна павялічыцца.

На самай справе гістарычны і эканамічны падмуркі спрыялі нараджэнню слуцкага культурнага феномена. Тут было ўсё, што лічылася атрыбутам тагачаснай цывілізацыі: друкарні, бібліятэкі, тэатр з аркестрам і нават балет, разнастайныя ўстановы адукацыі, уключаючы знакамітую Слуцкую гімназію. А чаго каштуюць адны слуцкія паясы! Можна смела гаварыць аб унікальнасці слуцкіх абарончых збудаванняў, аб высокаразвітой ваенна-інжынернай справе. З цягам часу ў мясцовых жыхароў выпрацаваўся талерантны падыход да сумеснага існавання прадстаўнікоў разнастайных канфесій, што да цяперашняга часу з’яўляецца верхам цывілізаванасці.

Гэты спіс можна працягваць яшчэ доўга. Культурныя дасягненні Случчыны замацававлі цэласнасць рэгіёна і назаўсёды занеслі яго ў лік выдатных гістарычных з’яў Беларусі. І няхай не крыўдзяцца прадстаўнікі суседніх раёнаў, якія адлічваюць сваю гісторыю ад нядаўніх пастаноў савецкіх часоў. Так ці інакш – ва ўсіх іх слуцкія карані.