Днямі выпадкова сустрэў Антося Астаповіча на вуліцы. Так што пераказваю апошнія навіны з архітэктурна-спадчыннага фронту.
1. Праект гатэлю Кэмпінскі пакуль падвісае. Ня вырашана транспартнае пытаньне, бо з праспекту туды ня зробіш з’езд, а з Купалы нармалёвага пад’езду не атрымліваецца. Ходзяць чуткі, што і інвестар у сувязі з апошнімі падзеямі/санкцыямі можа згубіць цікавасьць. Так што, першая электрастанцыя можа яшчэ і выжыве.

 

2. На гэты год заплянаваныя першыя грошы на кансервацыю Гальшанскага замка і добраўпарадкаваньне прылеглай тэрыторыі. Можа хоць рэшткі былога калгаснага свінарніка прыбяруць і агароджу якую паставяць, каб не лазілі па вежы, не расцягвалі па каменьчыках.

 

3. Гатэль у бернардынскім кляштары каля касьцёла св. Язэпа будзе. Але пад ціскам таварыства атрымоўваецца ўдасканаліць праект. Так, колькасьць вертыкальных шурфоў для камунікацый будзе зьменшаная з 51 да 21. Таксама, зараз узгадняецца з МНС магчымасьць выкарыстаньня для вентыляцыі сярэднявечных дымаходаў. Калі згоды ня будзе — давядзецца прабіваць жалезабетонныя шахты, што канешне моцна сапсуе будынак.

 

4. Мінгарвыканкам ня мае грошай на забудову вул. Гандлёвай. Таму праект з псеўдагістарычнай забудовай пакуль адкладаецца. Аднавіць цотны бок вуліцы так, як было насамрэч, перашкаджае ліўневы калектар. Зараз вывучаецца магчымасьць узяць калектар у жб кораб, і будаваць дамы ўжо на ім. Калі атрымаецца, то можна будзе ўзяць за аснову праект прапанаваны таварыствам для аднаўленьня менавіта гістарычнай забудовы.

 

5. На Нямізе, у праёме паміж двума часткамі новазбудаванага гандлёвага цэнтру, там дзе быў дом па вул Інтэрнацыянальнай, зьбіраліся будаваць 15-ці павярховую вежу. Праект атрымалася спыніць. Зьнесены дом будуць аднаўляць, прычым у першапачатковым выглядзе (дом быў моцна перабудаваны пасьля другой сусьветнай вайны).

 

6. Нясвіжскі замак летам можа пазбавіцца статусу каштоўнасьці Юнэска (калі канешне экспертаў не напояць да такога стану, што яны не заўважаць выкарыстанныя пры рэстаўрацыі (!) пенаблокі). Але праблема з адсутнасьцю кадраў застаецца. Плянуецца падрыхтоўка закону аб сэртыфікацыі арганізацый, якія дапускаюцца да прац на гістарычных аб’ектах.

 

7. На месцы саду Дамініканскага кляштару (каля Палацу Рэспублікі, у дварах каля былога бару XRay) будуецца псеўдагістарычная будыніна з жалезабетону. Будуе фірма набліжаная да сям’і, таму нічога не паробіш.

 

8. Замест гандлевага цэнтру Купалаўскі, пад пляцам Каліноўскага, хутка распачнецца будаваньне шматпавярховага падземнага паркінга. Праект удалося скарэктаваць, каб выезд з паркінгу не закрануў муры Дамініканскага касьцёлу.

 

gsbelarus.livejournal.com