Крыніца: Пацей Іпат. Справядлівае апісанне ўчынку і справы сінодавай і абарона здзейсненых згоды й лучнасці, якія сталіся на сінодзе Берасцейскім у 1596 годзе. Пераклаў І. Саверчанка // Старажытная беларуская літаратура (ХІІ-XVII стст.). Мінск, 2007. C. 274-296.
Літаратурная спадчына І. Пацея (Адама Львовіча Пацея) — пісьменніка, філосафа, багаслова, царкоўнага і дзяржаўнага дзеяча — унікальная з’ява старабеларускай кніжнай культуры, неацэнны мастацкі феномен.
Нарадзіўся І. Пацей на Берасцейшчыне ў 1541 г. у шляхецкай сям’і. Яго бацька — Леў Пацей служыў найвышэйшым пісарам Жыгімонта I Старога, а таксама займаў надзвычай адказную пасаду падскарбія (міністра фінансаў) Вялікага Княства Літоўскага. Маці — Ганна Лашчанка, па сведчанні сучаснікаў, — адукаванейшая жанчына таго часу. Дзяцінства Пацея праходзіла ў асроддзі найвышэйшай арыстакратыі, што паўплывала на выхаванне юнака, шмат у чым прадвызначыла яго будучыню.
Пачатковую адукацыю Пацей атрымаў у Нясвіжскай пратэстанцкай школе. Затым, ужо пасля смерці бацькі, маці накіравала яго ў Кракаўскі універсітэт, дзе юнак паступіў на факультэт свабодных мастацтваў. Па вяртанні на Радзіму Пацей служыў да 1572 г. пры двары Жыгімонта II Аўгуста. У 33-гадовым веку ён пакінуў кальвінскае веравызнанне і вярнуўся ў Праваслаўе. Вядома таксама, што ў 1580 г. І.Пацей займаў пасаду берасцейскага суддзі, а ў 1589 г. атрымаў прывілей на Берасцейскае кашталянства, а разам з ім і месца ў Сенаце — верхняй палаце Вальнага Сойму. Каля 1590 г. аўтарытэтны ўрадовец вы ступіў ініцыятарам стварэння Берасцейскага брацтва, пры якім адчыняецца школка і шпіталь.
Па смерці жонкі Пацей пакідае свецкае жыццё і пастрыгаецца ў манахі, узяўшы духоўнае імя Іпат. Але ў манастыры ён не знаходзіць чаканага спакою. Увесну 1593 г. атрымлівае духоўнае пасвячэнне і прывілей манарха на займанне пасады ўладзіміра-берасцейскага епіскапа.
У якасці епіскапа І. Пацей далучаецца да праекта падрыхтоўкі пагаднення паміж Праваслаўнай царквой ВКЛ і Каталіцкім Касцёлам, ідэя якога набыла рысы практычнага ўвасаблення пасля з’езда епіскапаў ў сакавіку-красавіку 1590 г. Далучэнне ўладзіміра-берасцейскага епіскапа да таемнага праекта мела прынцыповае значэнне, бо на момант раз гортвання вастрэйшай царкоўна-рэлігійнай палемікі ён быў найбольш адукаванай асобай у Праваслаўнай Царкве.
Ужо ў 1593 г. уладзіміра-берасцейскі епіскап уключаецца ў распрацоўку прынцыпаў яднання Праваслаўнай Царквы і Каталіцкага Касцёла, вакол чаго сярод саміх прыхільнікаў Уніі не было адзінства. З’яўляючыся ў прынцыпе прыхільнікам ідэі ўсеагульнага яднання Каталіцкага Касцёла і Праваслаўнай Царквы, І. Пацей меркаваў, што ва ўмовах канца XVI ст. далучыць да справы Уніі Маскоўскую і Грэцкую цэрквы немагчыма. Пагадненне з рэфарматамі І. Пацей цалкам выключаў, бо знаходзіў іх рэлігійную дактрыну несумяшчальнай з вучэннем Ісуса Хрыста.
Пасля папярэдніх узгадненняў і ўдакладненняў, аб чым вядома з перапіскі тых часоў, І. Пацей дамогся таго, каб праваслаўны сабор 1594 г., які праходзіў у Брэсце, большасцю галасоў, у тым ліку пры згодзе мітрапаліта М. Рагозы, прыняў Саборную Грамату (2 снежня 1594 г.), у якой былі вызначаны асноўныя мэты аб’яднання Царквы і Касцёла. Апрача дасягнення міру і паразумення ў Грамаце падкрэслівалася другая, не менш важная задача — кансалідаванне намаганняў праваслаўных і каталікоў у барацьбе з «еретычнымі сектамі» — пратэстантамі ўсіх плыняў.
У 1595 г. І. Пацей, маючы на мэце прыцягнуць да справы Уніі як мага больш прыхільнікаў, піша і выдае ў Вільні твор «Унія, або Вы клад галоўных артыкулаў лучнасці грэкаў з Касцёлам Рымскім» (Вільня, 1595), які меў велізарнае значэнне для беларускай і ўсёй славянскай культуры.
Восенню 1595 г. І. Пацей, разам з К. Тэрлецкім і вялікай дэлегацыяй у складзе свецкіх і духоўных асобаў, едзе да папы рымскага. 23 снежня 1595 г. у святочнай атмасферы дэлегацыю прымае Клімент VIII. І. Пацей і К. Тэрлецкі, выконваючы даручэнне сабора, прысягнулі папу рымскаму, за сябе і за іншых, на вечнае злучэнне Царквы і Касцёла пад уладай рымскага прастола.
Улетку 1596 г. І. Пацей завяршыў падрыхтоўку да міжцаркоўнага пагаднення. На Берасцейскім саборы, што праходзіў 6 — 8 кастрыч ніка 1596 г., адбылося падпісанне пагаднення паміж Праваслаўнай Царквой ВКЛ і Каталіцкім Касцёлам.
І. Пацей у якасці епіскапа, а з 1600 г. і уніяцкага мітрапаліта, надзелены значнымі ўладнымі паўнамоцтвамі, меў дастаткова інструментаў, каб імкліва, з дапамогай сілы прывесці да паслухмянасці ўсіх, хто супраціўляўся яго волі і рашэнням Берасцейскага сабора. Аднак ён, выдатна ўсведамляючы ўсю важнасць распачатай справы, не пайшоў шляхам прымусу. Ва ўсіх канфліктных сітуацыях І. Пацей дзейнічаў выключна ў рамках агульнадзяржаўных законаў.
Уніяцкі мітрапаліт у змаганні з сваімі ідэйнымі апанетамі аддаваў перавагу пяру і пісьмоваму слову, глыбока ўсведамляючы, што справядлівую справу можна ажыццяўляць толькі сумленным шляхам. Так, у 1597 г. І. Пацей піша «Справядлівае апісанне Берасцейскага сабора» (Вільня, 1597 г.), якое з’яўлялася разгорнутым адказам на «Апокрысіс» К. Філалета. На старонках твора пісьменнік аргументавана паказваў, што падпісанне уніі не супярэчыла царкоўнаму праву і свецкім законам ВКЛ і адбывалася належным чынам, а сабор праводзіўся ў адпаведнасці з даўнімі традыцыямі.
У 1598 г. з’явілася вострае публіцыстычнае пасланне І. Пацея да князя К.Астрожскага. Але асабліва ярка палемічны талент І. Пацея выявіўся падчас літаратурных дыскусій з Клірыкам Астрожскім у 1598-1599 гг. Мітрапаліт выказваў гатоўнасць палемізаваць з сваімі апанентамі літаральна па ўсіх пытаннях, што мелі дачыненне да арганізацыі Царквы. Ён запрашаў Клірыка Астрожскага ва Уладзімір, каб, «гледзячы адзін другому ў вочы, абмеркаваць усе хвалюючыя пытанні». Выключна шырокую вядомасць сярод інтэлектуалаў Вялікага Княства Літоўскага атрымалі канцэптуальныя працы І. Пацея «Гармонія, або Згода веры, сакраментаў і цырымоній святой Усходняй Царквы з Касцёлам Рымскім» (Вільня, 1608) і «Адказ на ліст Мялеція, александрыйскага патрыярха» (1600). У іх пісьменнік на новым тэарэтычным узроўні паказаў, што Усходняя царква «з усімі яе цырымоніямі» вельмі блізкая да Касцёла.
На пачатку XVII ст. І. Пацей вельмі шмат выступаў з пропаведзямі і казаннямі. Ён, як правіла, прамаўляў на беларускай мове, якой валодаў бездакорна. Вельмі шмат энергіі І. Пацей аддае адукацыі і асвеце. Ён развівае заснаваную ў 1597 г. Берасцейскую школу, куды запрасіў доктара багаслоўя Пятра Аркудзія, грэка паводле паходжання. І. Пацей засноўвае калегіум пры Віленскім Свята-Троіцкім манастыры, рэктарам якога прызначыў Пятра Федаровіча-Сумерэтніковіча. Штогод мітрапаліт са сваіх сродкаў выдзяляў значныя сумы для школ ва Уладзіміры.
Усебаковы аналіз учынкаў і дзейнасці І. Пацея дазваляе сцвярджаць, што ён дбаў выключна пра канфесійнае паразуменне, мір і згоду, клапаціўся аб моладзі, шукаў грамадскай гармоніі. Дзеля высокіх мэтаў ён самаахвярна працаваў, а не шукаў багацця і ўласных выгодаў. Памёр І. Пацей 18 ліпеня 1613 г., калі яму споўнілася 72 гады. Пахавалі яго ва Уладзімірскім кафедральным саборы.
Для мастацкага метаду І. Пацея характэрна сінкрэтычнае спалучэнне антычных, заходнераманскіх і грэка-візантыйскіх мастацкаэстэтычных традыцый, з глыбіннай арыентацыяй на традыцыйную беларускую культуру, перадусім, гутарковую народную мову з яе лексіка-фразеалагічным багаццем і асаблівым марфалагічнасінтаксічным каларытам.
Творы І. Пацея ідэйна і тэматычна шматпланавыя. У іх дамінуе царкоўна-рэлігійная і маральна-філасофская праблематыка — тэалагічныя і хрысталагічныя матывы (непадзельнасць Святой Тройцы, вы праменьванне Святога Духа, богачалавечая прырода Хрыста), хрысціянская антрапалогія (сэнс чалавечага жыцця, шлях да Бога, маральны імператыў і аналіз чалавечых учынкаў у святле антынамічных катэгорый: «шчырасць — хлуслівасць», «пакорлівасць — пыхлівасць», «вернасць — адступніцтва»), сатэрыялогія (Чысцец і Мытарства, Пекла і Нябеснае Царства), эклесіялогія (сапраўдная вера і ерасі у царкве), дэманалогія (вядзьмарства, паганскія багі, панаванне Антыхрыста). Шырока асвятляюцца тэмы Суднага дня, царкоўных цырымоніяў (абе дня, вячэрня, павячэрніца, паўночніца, ютрань, славаслоўе, першая га дзіна, трэцяя гадзіна, шостая гадзіна, дзевятая гадзіна), Тайнаў Хрыстовых (Хрышчэнне, Мірапамазанне, Еўхарысція, або Цела і Кроў Хрыстовы, Пакаянне, Чыны святарства, Алеяпамазанне, Жаніцьба), пастоў, абразоў і выяваў Бога, святых мошчаў, каляндарнай рэформы.
У публіцыстыцы І.Пацея ўздымаецца найвастрэйшая для яго часу праблема ўзаемадачыненняў паміж свецкай і духоўнай уладамі. Пісьменнік адкрыта і ў рэзкай форме выказаўся супраць намераў свецкіх паноў, магнатаў непадзельна кіраваць святарамі. Дыктат над духоўнымі асобамі недапушчальны, меркаваў І. Пацей, бо гэта знявага царквы, невыкананне Божай навукі, здзек з запаветаў Хрыста, што з’яўляецца падмуркам і пачаткам поўнага заняпаду Хрысціянства. Сутнасць яго дактрыны ў тым, каб духоўныя справы цалкам залежалі ад волі святароў, вырашаліся выключна духоўнымі асобамі, а свецкія людзі ішлі за імі без ваганняў, «бо лепш ведае пастыр, што авечкам карысней».
У крызісны для Праваслаўнай царквы Беларусі час І. Пацей, бадай, першым у гісторыі нацыянальнай публіцыстычнай літаратуры сфармуляваў ідэю роўнасці грамадзянскіх і палітычных правоў для людзей свецкага і духоўнага станаў.
Беларускі пісьменнік вызначыў асноватворныя прынцыпы міжканфесійнага дыялога, у першую чаргу паміж вернікамі каталіцкай і праваслаўнай цэркваў. Ідэя блізкасці, адзінства, адсутнасць грунту для нянавісці — лейтматыў ва ўсіх творах гуманіста. Пераадоленне зусім ненатуральнай варажнечы, непаразуменняў, нечуваных узаемных абразаў сярод хрысціянаў, паводле пераконання пісьменніка, закладзена ў самой прыродзе адзінай Хрыстовай царквы — святой, апостальскай, сусветнай.
На старонках твораў пісьменніка знайшла адлюстраванне агульная для ўсёй старажытнай публіцыстыкі праблема сацыяльнай дыферэнцыяцыі грамадства. І. Пацей выступіў у абарону ідэі грамадскага дыялога, паразумення станаў. Але ён не прымаў і рэзка асуджаў анархію, хаос.
Сацыяльныя супярэчнасці, канфесійныя непаразуменні ды міждзяржаўныя канфлікты, паводле непахіснага пераканання гуманіста, лепш за ўсё пераадольваць мірным шляхам — праз перамовы і ўзаемныя саступкі. Спрадвечную дылему, што лепей — справядлівая вайна або кепскі мір, — ён без ваганняў развязвае на карысць апошняга. Вайна «выварочвае грунт» пад нагамі народа і дзяржавы. І. Пацей, аднак, зусім не пацыфіст. У сваіх сцверджаннях ён кіруецца логікай здаровага сэнсу, які падказвае аптымальную мадэль грамадскага суіснавання.
І. Пацей у сваіх публіцыстычных і белетрызаваных творах дэталёва раскрыў падзеі падрыхтоўкі і падпісання Берасцейскай Уніі 1596 г. Аўтар акцэнтаваў увагу на тым, што гэтая справа не была вынікам таемнай змовы вузкай купкі святароў, а мела шырокае кола ўдзельнікаў і прыхільнікаў сярод духоўных і свецкіх асобаў.
Творчая заслуга І. Пацея як бліскучага літаратара-белетрыста і адначасна выдатнага публіцыста ў тым, што ён па-майстэрску асвятліў драматычны перыяд у гісторыі царквы з 1590 да 1613 г. Усведамляючы ўласную адказнасць перад нашчадкамі і гісторыяй, ён узнавіў храналогію падзей, падаў шырокую панараму найважнейшых, вузлавых момантаў сацыяльнай, палітычнай і міжканфесійнай барацьбы, раскрыў сутнасць палемікі на царкоўных саборах і Вальных соймах, характар перамоваў паміж варагуючымі групоўкамі, абставіны прыняцця лёсавызначальных пастановаў, вызначыў ролю канкрэтных гістарычных асобаў (Канстанціна Астрожскага, Льва Сапегі, Міхаіла Рагозы) у тагачасных падзеях, матывы іх дзейнасці (уяўныя і сапраўдныя), уплыў на царкоўнае ды грамадскае жыццё. Шматлікія факты, акалічнасці і падзеі засталіся вядомыя ў гісторыі толькі дзякуючы яго літаратурнай спадчыне.
Для І. Пацея як майстра слова характэрны анталагізм — імкненне да ўсеахопнасці, паўнавартаснага асвятлення найбольш значных грамадскіх праблемаў, гістарычных працэсаў, жыцця сацыяльных станаў, духоўна-інтэлектуальных пошукаў. Наватарскай з’яўляецца скіраванасць пісьменніка на пошук свежай інфармацыі, імкненне да сенсацыйнасці.
Адна з найбольш характэрных рысаў творчага метаду І. Пацея палемічнасць, якая ўключала зазвычай чатыры кампаненты: раскрыццё або інтэрпрэтаванне пазіцыі апанента; аспрэчанне, адкідванне памылковага тэзіса; аргументаванне, або пазітыўны доказ; высновы. Карэктнасць, як прынцып стаўлення да апанента, прымушала пісьменніка дэталёва аналізаваць пазіцыю апанента, паслядоўна выкладаць сістэму яго аргументаў, падаваць асноўныя вывады ў форме пераказу або цытавання, нярэдка з дакладным указаннем нумара аркуша, года выдання твора, месца захавання экземпляра кнігадруку або рукапісу. Для аспрэчання тэзісаў апанентаў і сцверджання ўласнай пазіцыі І. Пацей ужываў шэраг творча-мастацкіх прыёмаў, якія выконвалі ў аналітычна-палемічных тэкстах функцыю аргументаў. Сістэму доказаў І. Пацей будуе на агульналагічным падмурку, ужываючы ўсе кампаненты і функцыянальныя элементы універсальнай логікі, вядома, з яе адметным выяўленнем у сферы публіцыстыкі і пісьменства таго часу. Паэтыку твораў І. Пацея часам наагул нельга аддзяліць ад логікі, яна надзвычай глыбока ўплецена ва ўсе творы пісьменніка, утварае іх галоўны нутраны стрыжань.
Да найбольш пашыраных тыпаў аргументавання і адначасна мастацка-творчых прыёмаў у І. Пацея належаць гэтак званыя схаластычныя аргументы — спасылкі на аўтарытэты. Для яго гэта прарокі, Ісус Хрыстос, антычныя мысліцелі (Катон, Піндар), сярэднявечныя тэолагі (Ян Златавусны, Васіль Вялікі, Кірыла Александрыйскі, Марка Эфескі, Еранім, Амброжый, Тэртуліян, Аўгустын, Феафілакт), епіскапы, патрыярхі (Генадзі Схалярый), папы рымскія (Грыгорый Дваяслоў), візантыйскія імператары. Некаторыя цытаты, што мелі выключную важнасць, як ліст папы рымскага Клемента да праваслаўных іерархаў ВКЛ ад 1596 г., аўтар публікуе і на мове арыгінала, і ва ўласным перакладзе.
Вельмі распаўсюджаны ў творах І. Пацея такі тып аргумента, як прыклад — у форме сціслай даведкі або разгорнутага белетрызаванага аповеда. Найчасцей аўтар ужывае гістарычныя прыклады.
Пашыраны тып аргумента ў публіцыстыцы І. Пацея — юрыдычныя акты свецкага і царкоўнага права: соймавыя канстытуцыі, прывілеі і універсалы вялікіх князёў, пастановы сусветных і мясцовых сабораў. Аўтар нярэдка асабіста перакладае іх на старабеларускую мову з моваў арыгінала — грэцкай, стараславянскай, лацінскай. Кожны з іх падаецца ў адпаведным кантэксце і суправаджаецца разнапланавымі, дастасаванымі да канкрэтнай тэмы каментарыямі, высновамі.
У творах І. Пацея шырока ўжываюцца і іншыя тыпы аргументаў: указанні на бяздоказнасць сцверджанняў і некарэктнасць меркаванняў ды высноваў апанентаў; пытанні з адмоўем; адсылкі да крыніцы, дзе нібыта пададзеныя дэталёвыя доказы на карысць выказанай ім думкі; наўпроставыя абвінавачанні супрацьлеглага боку ў хлусні ды няшчырасці; выкрыццё дробных хібаў і памылак апанента з высновай пра адсутнасць у яго глыбокіх ведаў, а то й наагул усялякіх здольнасцяў; пацьвельванні з апанента, сарказм, з’едлівыя кпіны ды ўзвальванне на яго тых жа «грахоў», якія той асмеліўся прыпісаць І. Пацею. Ролю аргументаў у творах І. Пацея вельмі часта выконваюць, побач з уласна мастацкай функцыяй, устойлівыя выслоўі, прыказкі і прымаўкі. Характэрная рыса белетрызаваных твораў І. Пацея — аўтабіяграфізм, які ў пісьменніка меў досыць спецыфічныя праявы і ўласцівасці. На першым месцы знаходзіцца апісанне публічнай дзейнасці: удзел у падрыхтоўцы Уніі і падзеях Берасцейскага сабора; выкананне абавязкаў берасцейскага суддзі і кашталяна; наведванне соймаў і палі тычная барацьба; ліставанне з урадоўцамі, духоўнымі асобамі, па плечнікамі і сябрамі.
Адзін з важных прынцыпаў канструявання тэкста для І. Пацея зварот. Аўтар звяртаецца да апанентаў, чытачоў, свецкіх асобаў, святароў, Пана Бога. Семантыка зваротаў вельмі багатая. У іх просьбы, напаміны, пытанні, заклікі, маленні, ушчуванні, дакоры, папярэджанні, асуджэнні, пакепліванні, абразы і інш.
Герменэўтыка персанажаў у творах І. Пацея мае пэўныя асаблівасці. Пісьменнік абмалёўвае толькі рэальных гістарычных асобаў, рэалізуючы лінейную схему: а) асабістыя рысы персанажаў (сацыяльны і грамадскі статус, род заняткаў); б) характарыстыка справаў і ўчынкаў; в) грамадскае і гістарычнае значэнне дзейнасці. Кантрастны падзел І. Пацеем герояў на станоўчых (Міхаіл Рагоза, Канстанцін Астрожскі) і адмоўных (Ерамія, Нікіфар Тур, Крыштаф Філалет, Клірык Астрожскі, Гедэон Балабан) вызначае тыпалогію яго мастацкай вобразатворчасці. І. Пацей — таленавіты майстар слова, непаўторны стыліст. Паводле функцыянальна-жанравага крытэрыю ў яго пісьмовай спадчыне вылучаюцца наступныя тыпы стыляў: аналітычна-публіцыстычны, катэхізічны, прапаведніцкі, мемуарна-белетрыстычны і панегірычны.
І. Пацей належыць да ліку тых творцаў, хто адным з першых у гісторыі беларускага прыгожага пісьменства зрабіў (у практычнай сферы) надзвычай важнае мастацка-эстэтычнае адкрыццё, сутнасць якога ў тым, што ўвесь свет — гэта безліч знакаў, невычэрпная крыніца для сімвалатворчасці, утварэння шматлікіх тропаў. Гэтым закладваўся «код» барокавага мастацтва, які прадвызначыў магістральны шлях развіцця літаратуры наагул.
У творах І. Пацея ўжываюцца самыя розныя тыпы тропаў — метафары, метанімія, параўнані, эпітэты, сінекдаха, літота, гіпербалы, перыфразіс, антанамасія, эўфімізмы, алегорыі. У якасці аб’ектаў для ўтварэння пераносных значэнняў выступаюць разнастайныя з’явы і прадметы — жывёльны свет (звяры, птушкі, рэптыліі, насякомыя, рыбы): заяц, змяя, варона, сава, ваўкі, шэршань; прадметы ўжытку (побытавыя, канфесійныя) і акаляючыя рэчы: акуляры, камень, фундамент, ярмo; ежа: піва, мёд, пірагі; касмічныя целы і з’явы прыроды: сонца, вецер; вайсковы рыштунак: тарча, кулі; біблейныя і гістарычныя персанажы: Аўрам, Лазар, Цыцэрон, Канстанцін Вялікі; міфалагічныя істоты і паганскія багі: Цмок, Атропа; рэлігійныя святы: татарскі мясапуст; тэрміны, што абазначаюць сацыяльныя і сваяцкія адносіны: пан, дзедзіч, матка. Побач з прадметна-рэчавым светам асновай для вобразатворчасці служылі дзеянні, працэсы, учынкі, пачуцці: паліць, мыць, прарастаць, садзіцца, замыкаць, шчыпаць, вылятаць, кахаць, штрафаваць, грызці, красці, каркаць, смажыць, лямантаваць, даходзіць, схаваць, дакляраваць. Нарэшце, апошняя група — зборныя, адцягненыя і абстрактныя паняцці: ежа, зброя, яд, скарб, смецце.
Семіётыка тропаў разнастайная: яны ахопліваюць шырокі семантычны спектр і выконваюць у тэкстах І. Пацея шматлікія стылістычнаэкспрэсіўныя функцыі. Так, І. Пацей выкарыстоўвае разгорнутую алегорыю, якая ўтрымлівае некалькі сімвалаў-вобразаў — «атрута», «салодкі мёд», «мухі», з мэтай выкрыцця пратэстанцкіх настаўнікаў, якія нібыта маюць ад свайго вучэння толькі асабістую карысць. Каб пад крэсліць няўважлівасць апанента, І. Пацей ужывае сімвал «акуляраў», якіх К. Філалет не меў, калі чытаў ягоную кнігу. Уласныя вострыя словы, скіраваныя супраць апанента, І. Пацей называе «нясмачнай ежай». Вобразы «саламяных стрэльбаў» і «гарохавых куляў» сімвалізуюць слабасць, непераканальнасць крытыкі з боку пратэстанцкіх і праваслаўных аўтараў на яго адрас. Каб узвысіць ролю, паказаць унікальнае гістарычнае значэнне універсала Жыгімонта III Вазы, што быў выда дзены з нагоды Берасцейскай уніі, І. Пацей праводзіць паралель паміж ім і універсалам Канстанціна Вялікага, падрыхтаваным пасля Нікей скага сабора. Паспяховы вынік выкрыцця фальсіфікацый К. Філалета, які апублікаваў лісты папы рымскага з уласнымі купюрамі, І. Пацей параўноўвае з паляваннем на зайца. Да вобраза зайца, яго здольнасці заблытваць сляды пісьменнік звяртаецца і ў іншым кантэксце, каб абмаляваць творчую манеру апанента, сумбурны выклад ім у «Апокры сісе» вытрымак з яго лістоў.
З мастацкіх фігур І. Пацей найчасцей выкарыстоўвае антытэзу. Супрацьпастаўленні выкарыстоўваюцца ім з наступнымі мэтамі: ухвалення міжцаркоўнай лучнасці; выкрыцця памылак тэалагічнай дактрыны пратэстантаў, якія паразумеліся з праваслаўнымі «туркагрэкамі»; выразнага акрэслення мэтаў царкоўнага сінода.
Дэманструючы бліскучыя здольнасці стыліста, І. Пацей свабодна ўжывае мноства іншых фігур, якія надавалі яго мове каларыт: антыфразіс, гульню слоў (asteia), пералічэнні, аксюмаран, гратэск, анафары, паралелізм, рытарычныя пытанні, сінанімічныя пары і шэрагі назоўнікаў (баламутня і небыліца; крыўды і ўціскі; пакой і парадак), дзеясловаў (заступіцца і замовіць; ганіць і штрафаваць; згвалціць і парушыць; ведаў і бачыў), прыметнікаў (мілы і добрасумленны), прыслоўяў (уніжана і слёзна; слушна, прыстойна, праўдзіва).
Пры выбары лексем І. Пацей пазбягае нейтральных слоў, аддаючы перавагу стылёва-экспрэсіўнаым сродкам выражэння. Вельмі часта пісьменнік ужывае жартаўлівыя, пагардлівыя, асуджальныя, іранічныя, ласкальныя словы. Нярэдкая ў палемічных творах грубая, абразлівая лексіка. Пратэстанцкі малельны дом у яго — «шопа ерэтычная»; удзельнікі Берасцейскага праваслаўнага сабора — «духоўныя супастаты», «чужаземцы», «гаспадарскія зрайцы», «вырадкі», «атэісты», «арыяны»; пастановы і ультыматумы дызунітаў — «вымоўкі», «плёткі» «безыменны картэлюш»; іншыя веравызнанні — «баламутня», «сцызма», «спросныя ерасі».
Непаўторнасць аўтарскаму почырку І. Пацея надавалі народныя прымаўкі, прыказкі ды ўстойлівыя выслоўі, сентэнцыі, што ўжываліся пераважна ў палемічных блоках: «Які суддзя, такі і дэкрэт яго»; «Рады не рады, а мусіш»; «Апёкшыся на малацэ, на ваду дзьме»; «Сам сябе сваім козікам пілуе»; «Што дзень — то навіна, што чалавек — то вера»; «Што поп, што просты халоп»; «На злодзеі шапка гарыць»; «Паказаў, якога цэху рамеснік»; «Не забірайце таго, чаго не давалі».
Тэксты І. Пацея маюць вельмі высокую ступень рытмічнай аргані заванасці, што ўтваралася за кошт падобнай метрычнай будовы коланаў, амаль роўных паводле колькасці складоў перыядаў і пераважна дзеяслоўных гамеатэлеўтаў (сугучнасці канчаткаў).
Вельмі значны ўклад І. Пацея ў рэфармаванне і развіццё старабеларускай літаратурнай мовы. Ён ажыццявіў значныя змены ў лінгвафілалагічнай сферы на лексіка-марфалагічным, правапісным, сінтаксічным і стылістычным узроўнях. У аснову сваёй літаратурнай мовы пісьменнік паклаў лексічны фонд і граматычныя асаблівасці народнай мовы, дыялектаў усходнеславянскага арэала, пераважна тых, што ўваходзілі ў склад ВКЛ. Выступаючы за захаванне царкоўнаславянскай мовы ў якасці мовы набажэнства, І. Пацей уласныя казанні і гаміліі пісаў і прамаўляў, аднак, на «простай мове». Зусім выразная тэндэнцыя, характэрная для ўсёй літаратурнай спадчына І. Пацея — інтэнсіўная замена царкоўнаславянскага сінтаксічнага і асабліва лексікамарфалагічнага фонду на дыялектна-гутарковыя, народныя формы, напрыклад: назоўнікаў (разарванне, згода, гвалт, крыўда, пакора, няволя, рада, шаленства, артыкулы, абаронца, плёткі), прыметнікаў (малёваныя, уласны, нязвыклы, лепшы, чужы), дзеясловаў (жадаюць, злажыць, прыходзілі, прагнулі, дзякаваць, згаджацца, ганіць, прызнаваць), пры слоўяў (бяспечна, справядліва, пільна, шчыра, непрыстойна).
Уласным творчым прыкладам І. Пацей адкрываў грандыёзную мастацка-эстэтычную перспектыву для наступнікаў — стварэнне публіцыстычных і белетрызаваных твораў на беларускай літаратурнай мове, з густам апрацаванай і ўнармаванай паводле дамінантаў жывой вусна-гутарковай традыцыі.
Іван Саверчанка

СПРАВЯДЛІВАЕ АПІСАННЕ ЎЧЫНКУ І СПРАВЫ СІНОДАВАЙ І АБАРОНА ЗДЗЕЙСНЕНЫХ ЗГОДЫ Й ЛУЧНАСЦІ, ЯКІЯ СТАЛІСЯ НА СІНОДЗЕ БЕРАСЦЕЙСКІМ У 1596 ГОДЗЕ

Не думалі, каб тая справа згоды і міласці хрысціянскай, якая нядаўна сталася паміж Рымскім Касцёлам і Грэцкаю Царквою ў панстве яго каралеўскай міласці, пана нашага міласцівага, патрабавала якое ўхвалы ці абароны, бо кожны хрысціянін добра ведае, як Ісус Хрыстос, Збаўца наш, шанаваў згоду і міласць у Евангеллі сваім святым. За асаблівы знак, па якім яго верныя пазнаюцца, лічыў акурат згоду і міласць хрысціянскую. А не штосьці іншае. З гэтага вынікае: хто іх шануе і прагне — той ад Бога і можа звацца сапраўдным вучнем Ісуса Хрыста, а хто бегае ад згоды і міласці хрысціянскае, бурыць яе — таго можна называць сынам Д’ябла і ерэтыком.
Паколькі няма на свеце такой добрай рэчы, якую б Д’ябал, імкнучыся нашкодзіць людзям, не рады быў перавярнуць, пэўне, і тую справу згоды і лучнасці святой, якая сталася паміж Рымскім Касцёлам і Грэцкаю Царквою на сінодзе ў Берасці, праз зласлівых людзей абражае рознымі патварамі ды пачаў шырока рассяваць сваё кламства.
Перадусім, нібыта тая рэч новая і ніколі ў нашым панстве раней нечуваная.
Другое, нібыта праз тую лучнасць пачалі ламацца правы і вольнасці хрысціянскія.
Трэцяе, нібыта ў дачыненні да русі чыніцца гвалт, прымус да іншае веры без іхнае згоды.
Чацвёртае, нібыта ўсе цырымоніі Усходняй Царквы адкідваюцца, а замест іх уводзяцца рымскія абрады.
Нарэшце, указваюць, як на нібыта сапраўдны, на нейкі іншы сінод і яго пастановы.
Затым разносяць па краіне нейкія «сінодавыя дэкрэты» патрыярхавых пасланцоў, адводзячы тым хрысціянскіх людзей ад належнага паслушэнства ўласным пастырам, ад Госпада Бога і ад найвышэйшага пана, яго каралеўскай міласці. Усіх падбухторваюць яўнымі выдумкамі, выдаюць хлусню за праўду, парушаюць спакой паспалітага люду, усчынаюць розныя бунты, згубіўшы сорам і страх Божы.
Здалося мне слушным, дзеля поўнай вядомасці ўсіх, тую справу, якую добра ведаю і на якую ўласнымі вачыма глядзеў, коратка занатаваць і выдрукаваць. Каб неабазнаныя людзі ўбачылі шчырую праўду і больш хлусні не ўспрымалі, плётак не слухалі і не дазвалялі рассяваць у сваім асроддзі яўнага падману, што ёсць абразаю для Бога і непрыстойным аслаўленнем святаблівага і ласкавага бацькоўскага панавання яго каралеў скай міласці. Прыступаю тады да аповеду, як пад панаваннем яго быццам бы хрысціянскім вольнасцям якісьці гвалт чы ніцца.
Перадусім пра тое, што кажуць, нібыта пачаліся нейкія новыя рэчы, ніколі раней у той краіне нечуваныя.
Слухай, не прыгадваючы далёкіх і чужаземных рэчаў, што датычныя еднасці паміж рымлянамі і грэкамі, дзе ёсць звесткі, як Грэцыя не раз ад тае еднасці адпадала. І хто прагне пра тое ведаць, адсылаем яго да кніжак ксяндза Пятра Скаргі пра парадак і еднасць Божай Царквы, выдадзеных па-польску ў 1590 годзе. Калі захочаш дазнацца праўды, звяртайся да справаў сінодавых. Але не да правілцаў рускіх, што Эманаканонам завуць, бо там таго не знойдзеш, але да метрыкаў і справаў агульных сінодавых і да летапісцаў царкоўных. Там праўду дазнаешся пра тое, на кім ляжыць віна за тую нязгоду.
Я толькі тое пакажу табе яўна, што дзеелася ў панстве пана нашага, Айчызне нашай, каб з таго ўбачыў, ці новыя тыя рэчы і хто дзейнічае супраць права.
Такім чынам, слухай. Фларэнційскі сінод скончыўся ў 1439 го дзе. На ім быў гэтаксама і мітрапаліт кіеўскі Ісідар, які меў запрашэнне ад антыяхійскага патрыярха Дарафея і ад сталіцы яго, бо быў ён чалавек у грэцкім пісьме вельмі вучоны і з’яўляўся не толькі мітрапалітам усяе русі, але й сірыйскім, і панства Венгерскага, як вынікае з яго подпісу на тым сінодзе.
Па падпісанні згоды і лучнасці на тым сінодзе, едучы з Італіі да русі з тым святым мірам, на мяжы польскай быў урачыста прыняты кардыналам і біскупам кракаўскім Збігневам і там жа ў касцёле рымскім па-грэцку меў Літургію святую, аб чым чытай сабе Меховіцы новую Кроніку.
Прыняўшы тую згоду і лучнасць, ды доўга ў ёй трываючы, праваслаўныя здабылі сабе прывілей на царкоўныя вольнасці ў караля Уладзіслава. Я наўмысна яго тут змяшчаю, каб не казалі, што Унія — новая рэч.
А той прывілей выдадзены ў 1445 г.
Слухай жа.
«Уладзіслаў, з ласкі Божай кароль венгерскі, польскі, далмацкі, краацкі, ромскі, сірыйскі, склявонскі, галіцкі, а таксама найвышэйшы княжа зямель — Кракаўскай, Сэндамірскай, Сырадскай, Ленчыцкай, Куяўскай і Літоўскай, пан і дзедзіч зямель Паморскай і Рускай.
Загадваем гэтым лістом нашым усім наагул і кожнаму, каму тое ведаць належыць, маючы на думцы нашай паважаць рэчы нябесныя і заўжды іх мець перад вачыма нашымі. Паколькі нам, у адрозненне ад зямных людзей, ні на каго іншага не трэба азірацца, адзінае толькі варта пазбягаць памылак і не трапляць у пастку. Мелі на мэце і ў думках тое ззянне і светласць вечную, якія ўсіх верных абдымаюць і сэрцы яднаюць, здраду і нянавісць усіх людзей затлумляюць. Пра нябесныя рэчы думалі, паколькі маем уладу над кожным урадам, што ёсць у нашым панстве. Ка%