Разглядаючы ў сваёй працы шматлікія аспекты пасляваеннай гісторыі, я не мог не звяртацца да праблемаў папярэдняга перыяду, пачатку і цягу другой сусветнай вайны. Даследчык уваходзіць тут на абшар, дзе яго чакае шмат метадалагічных і інтэрпрэтацыйных пастак.

Мінула ўжо некалькі гадоў ад часу, калі я скончыў працу над напісаннем польскамоўнай версіі кнігі. Дарога да выдання ў Польшчы не была простай з многіх прычынаў, між іншым таму, што праца, якая ў назве мае «Заходняя Беларусь», выклікае даволі неадназначную рэакцыю. Дарэчы, выкарыстанне менавіта гэтага тэрміну было адным з закідаў у мой бок. Але ў сучаснай Польшчы існуе рэальны плюралізм поглядаў, знайшлося кракаўскае выдавецтва «Arcana», якое ўзялося за выданне манаграфіі і дзе на пачатку 2010 года з фінансавай дапамогай Міністэрства навукі і інфарматызацыі выйшла кніга. Польскае выдавецтва таксама хутка дало згоду на пераклад.

У кнізе пэўны акцэнт быў зроблены на польскай нацыянальнай меншасці ў заходніх абласцях БССР, па зразумелых прычынах польская навуковая літаратура па прадмету даследавання была таксама прадстаўлена больш шырока. Напэўна, значэнне мела мая асабістая зацікаўленасць «польскім пытаннем» у працэсе саветызацыі. Але асноўнай кіруючай тэзай маёй працы была тэза аб супольнасці лёсаў насельнікаў заходняга рэгіёна Беларусі, трагедыі «заходнікаў» у наступстве саветызацыі, незалежна ад нацыянальнай ці канфесійнай прыналежнасці. Прычыны сённяшняга нацыянальнага, культурнага, прававога і гістарычнага нігілізму беларускага грамадства ў многім сягаюць мэтанакіраванай савецкай палітыкі і прапаганды. Згаданы тэзіс знайшоў сваё адлюстраванне на старонках кнігі, у высновах у рэзюмэ на канцы раздзелаў і ў падагульненні працы.

Разглядаючы ў сваёй працы шматлікія аспекты пасляваеннай гісторыі, я не мог не звяртацца да праблемаў папярэдняга перыяду, пачатку і цягу другой сусветнай вайны. Даследчык уваходзіць тут на абшар, дзе яго чакае шмат метадалагічных і інтэрпрэтацыйных пастак. Кожная гістарыяграфія — польская, беларуская, як афіцыйная так і неафіцыйная яе часткі, — маюць свой погляд на гэтыя праблемы. Нярэдка навуковы аналіз падмяняецца эмоцыямі і непасрэднай экстрапаляцыяй сваіх нацыянальных пачуццяў на прадмет даследавання. Увогуле, даследчыкі-гісторыкі ствараюць хутчэй свае інтэрпрэтацыйныя схемы, чым «аб’ектыўны» вобраз мінулага. Я не спрабаваў «дагадзіць» некаму, а тым больш задаволіць усе бакі, але імкнуўся даць кароткі гістарыяграфічны агляд спрэчак па некаторых дыскусійных пытаннях і паказаць сваё бачанне. Шмат эмоцый і спрэчак па розных баках выклікае сам тэрмін «Заходняя Беларусь», пытанне антысавецкага падполля, нацыянальнага складу насельніцтва і г.д. Ці атрымаўся ў мяне погляд збоку, ці аргументы ўсіх бакоў былі ўлічаны — гэтую справу аддаю для ацэнкі чытачам. Насамрэч, пасляваенны перыяд застаецца маладаследаваным на Беларусі, па шматлікіх праблемах увогуле немагчыма весці навуковую ці грамадскую дыскусію. Варункам для паўстання крытычнай думкі з’яўляюцца незалежныя навуковыя і грамадскія даследаванні, спалучаныя з дэбатамі, шырэй — альтэрнатывай.

Гледзячы з перспектывы мінулых гадоў на сваю працу, я ўсведамляю, што цягам часу погляды змяняюцца ў бок змяншэння катэгарычнасці ў меркаваннях і ацэнках. Аднак я лічу, што высновы, зробленыя ў кнізе, не страцілі сваёй актуальнасці, і трымаюся сваіх тэзаў. Умяшальніцтва ў тэкст датычыла, у асноўным, удакладнення паасобных праблем, папраўлення хібаў з польскага выдання.

Напрыканцы я хацеў бы выказаць шчырую ўдзячнасць усім, хто зрабіў магчымым беларускае выданне маёй працы, у першую чаргу перакладчыцы Наталлі Давыдоўскай, якая апрача самога перакладу таксама дапамагла пры выпраўленні недаглядаў, навуковаму рэдактару Змітру Віцьку за руплівую і працаёмкую работу, а таксама ўсім, хто дапамагаў і падтрымліваў мяне падчас напісання кнігі. Спадзяюся, што кніга знайдзе свайго зацікаўленага чытача.

Зьмест кнігі