У адным з выпускаў праграмы «Асцярожна, гісторыя», якая транслюецца на сайце РИА Новости, яе вядучы Пётр Раманаў разглядае гісторыю ўзаемаадносін паміж Першай Рэччу Паспалітай і Расійскай імперыяй напярэдадни вайны 1812 г. У цэлым аб’ектыўны погляд на падзеі двухсотгадовай даўніны, аднак, з’яўляецца ўсё ж аднабаковым.

Вядучы кажа толькі аб Напалеоне, Расійскай імперыі і паляках. А як жа землі Вялікага Княства Літоўскага? І ў Расіі і ў Францыі былі пэўныя планы па адраджэнню старажытнай беларускай дзяржавы. Ды і сустракалі Напалеона на беларускіх землях не толькі штыкамі і ядрамі. За спіной вядучага гледачы бачаць карту Еўропы напярэдадні вайны 1812 года. Там выразна бачны маленькі кавалачак Польшчы з Варшавай, а далей Мінск, Мазыр, Гродна, Вільня, г.зн. гістарычныя землі Вялікага Княства Літоўскага.

Тадэвуша Касцюшку ўслед за прынятай у расійскай гістарыяграфіі трактоўкай Пётр Раманаў называе «палякам», а паўстанне 1794 г. «польскім». Ні слова не гаворыцца аб паходжанні і каранях «начальніка паўстання». Наогул мы бачым падмену паняцця Першая Рэч Паспалітая паняццем Польшча. Так зручней апраўдаць права Расіі на землі ВКЛ, якія імперыя атрымала ў выніку падзелаў І Рэчы Паспалітай. Маўляў, «отторгнутое возвратих».

Што ж, 200-гадовы юбілей вайны 1812 г. прымушае і нас, беларусаў, зноў вярнуцца да тых падзей і зрабіць іх аб’ектыўны аналіз. Менавіта нашы землі сталі арэнай кровапралітнага франка-рускага ўзброенага канфлікту, а нашы суайчыннікі былі яго актыўнымі ўдзельнікамі. Што ж тычыцца характару той вайны, то для беларусаў, яна была хутчэй «грамадзянскай» чым «айчыннай». І пра гэта заўсёды варта памятаць.