Прадстаўленая ўвазе чытача праца з’яўляецца вынікам праведзенага намі даследавання арганізацыі, дзейнасці і персанальнага складу месцкіх улад магдэбургскага Полацка XV—XVIII стст.

Храналагічныя рамкі працы ахопліваюць не ўвесь час функцыянавання ў Полацку органаў самакіравання, заснаваных на нямецкіх прававых узорах. Гэта абумоўлена наступнымі прычынамі. Арганізацыя і дзейнасць месцкіх улад Полацка ў перыяд ад надання магдэбургскага права (7 кастрычніка 1498 г.) да захопу і знішчэння места войскамі цара Івана IV (15 лютага 1563 г.) вельмі слаба асветлены гістарычнымі крыніцамі. Кнігі полацкага магістрата гэтага часу не захаваліся, а прывілеі на магдэбургскае права (1498 і 1509 гг.) і асобныя дакументы, пераважна са складу кніг Метрыкі ВКЛ, утрымліваюць недастаткова інфармацыі, каб служыць базай для правядзення сістэмных даследаванняў у гэтым кірунку[1]. У 1563—1579 гг. Полацк знаходзіўся пад уладай Маскоўскай дзяржавы, і мяшчанскай абшчыны на нямецкім праве тут увогуле не існавала. Сімвалічнай датай аднаўлення магдэбургскіх парадкаў і органаў месцкага самакіравання можна лічыць 15 чэрвеня 1580 г., калі Стафан Баторый надаў Полацку пацвярджальны прывілей на магдэбургскае права. Гэта дата з’яўляецца ніжняй храналагічнай мяжой прадстаўленай працы. У 1772 г., у выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай, асноўная правабярэжная частка Полацка была ўключана ў склад Расійскай імперыі. Нягледзячы на тое, што пасля гэтага магдэбургскае права працягвала дзейнічаць тут яшчэ некаторы час, сапраўдны злом традыцыйнага ладу, які існаваў на працягу некалькіх стагоддзяў, адбыўся разам са зменай дзяржаўнай прыналежнасці места. Таму, 1772 г. вызначаны намі як верхняя храналагічная мяжа даследавання.

МакараўКніга складаецца з трох асноўных структурных частак, якія цесна звязаны паміж сабой. Першая — гэта нарыс, у якім разгледжаны пытанні арганізацыі і функцыянавання месцкіх улад Полацка ў канцы XVI — трэцяй чвэрці XVIII стст. Другая — тэматычныя спісы месцкіх ураднікаў і дапаможнага персаналу полацкага магістрата: «Войты, лантвойты, намеснікі лантвойтаў», «Ураднікі магістрата і мужы гмінныя па гадах», «Шафары», «Слугі месцкія, слугі лантвойтаўскія, цакляры», «Ураднікі канцылярыі магістрата». У гэтых спісах прадстаўлены персанальны склад ураднікаў па асобных галінах улады ў храналагічным парадку. Можна сказаць, што першая частка з’яўляецца тлумачэннем да другой, а другая выконвае функцыю ілюстрацыі да першай. Трэцяя структурная частка кнігі — «Алфавітны спіс асоб, звязаных з дзейнасцю месцкіх улад Полацка». У ім змешчаны персанальныя даныя ўсіх полацкіх лантвойтаў і іх наместнікаў, бурмістраў, райцаў, лаўнікаў, мужоў гмінных, пісараў, падпіскаў, шафараў, месцкіх і лантвойтаўскіх слуг, цакляроў і інстыгатараў, якія ўдалося сабраць у працэсе даследавання.

За дапамогу і карысныя парады выказваю шчырую ўдзячнасць Андрэю Радаману, Аляксандру Доўнару, Андрэю Мацуку, Андрэю Латушкіну, Дзянісу Лісейчыкаву, Алесю Жлутку, Іне Калечыц, Аляксандру Сяравіну. Асаблівую ўдзячнасць выказваю Юрыю Генадзевічу Аляксееву, без дапамогі якога кніга, пэўна, не была б створана. Сардэчна дзякую жонцы Кацярыне і сыну Дзмітрыю за падтрымку, разуменне і стварэнне спрыяльных умоў для працы.

Праца выканана ў рамках праекта «Даследаванне арганізацыі і дзейнасці органаў самакіравання магдэбургскіх местаў Паўночнай Беларусі (канец XV—XVIII стст.) у кантэксце сацыяльна–палітычнага развіцця местаў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы», пры фінансавай падтрымцы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.


1. Звесткі пра структуру, функцыі і персанальны склад органаў самакіравання мяшчанскай абшчыны Полацка 1498—1563 гг. сістэматызаваны В. Вароніным (В.А. Воронин. Магдебургское право в Полоцке в 1498—1563 гг. // Полоцк. Минск, 2012. С. 237—245). У святле захаваных крыніц да прадстаўленай у раздзеле інфармацыі цяжка дадаць што–небудзь істотнае.