Манаграфія Віктара Цемушава «На ўсходняй мяжы Вялікага Княства Літоўскага» стане добрым падмуркам для тых, хто пазней будзе займацца вывучэннем гісторыі нашай Бацькаўшчыны падчас знаходжання беларускіх земляў у складзе Вялікага Княства Літоўскага.

Віктар Мікалаевіч Цемушаў (04.03.1975 — 23.06.2011) — выдатная асоба  беларускага грамадскага і навуковага жыцця канца ХХ — пачатку ХХІ ст., а яго навуковая дзейнасць — надзвычай станоўчая з’ява ў беларускай гістарычнай навуцы гэтага перыяду. Чалавек высокіх маральных якасцяў, дэмакратычных перакананняў, адукаваны і працаздольны, ён дасягнуў найвышэйшых для свайго часу вышынь у развіцці гістарычнай геаграфіі і картаграфіі Беларусі. Мне пашчасціла працаваць  разам з Віктарам, а потым з ім і пасябраваць, нягледзячы на розніцу ва ўзросце. Нас аб’ядноўвалі падыходы да многіх пытанняў беларускай гісторыі, мы аднолькава ці  амаль аднолькава ацэньвалі шматлікія праблемы беларускай рэчаіснасці, у рэшце  рэшт, мы былі з ім землякамі — ён з Бабруйска, я з-пад Бабруйска. Нас абодвух прыцягвала даследаванне Усходняй Беларусі, найбольш беларускага Падняпроўя. Магчыма, у тым ліку і з-за гэтага Віктар папрасіў мяне быць навуковым рэдактарам  гэтай кнігі пра ўсходнюю мяжу Вялікага Княства Літоўскага.

ЦемушаўНапачатку кніга рыхтавалася для выдавецтва ў Расіі, таму рукапіс яе быў падрыхтаваны на рускай мове. Толькі пасля выдання і навуковага абмеркавання рускамоўнага варыянта Цемушаў планаваў выпусціць у свет кнігу аб фарміраванні беларуска-маскоўскай мяжы на роднай, беларускай мове. Аднак пасля сітуацыя змянілася, і аўтар прыняў прынцыповае рашэнне аб выданні сваёй асноўнай кнігі спачатку па-беларуску, за чым прасіў прасачыць калег, сяброў, родных. І вось кніга  «На ўсходняй мяжы Вялікага Княства Літоўскага», яшчэ ў рукапісе высока ацэненая спецыялістамі, нарэшце выходзіць у свет.

Праца пра складаныя працэсы фарміравання і ўсталявання мяжы паміж Вялікім Княствам Літоўскім (ВКЛ) і Вялікім Княствам Маскоўскім (ВКМ) стала своеасаблівым падсумаваннем і абагульненнем папярэдніх навуковых напрацовак аўтара. Віктар змог выявіць, апрацаваць і прааналізаваць велізарную колькасць крыніц, інфармацыя з якіх тым ці іншым чынам дазваляла больш глыбока падысці да праблемы вывучэння памежных адносін ВКЛ і ВКМ. Вельмі часта ён зусім па-новаму чытаў і асэнсоўваў ужо вядомыя даследчыкам тэксты, супастаўляючы іх са сведчаннямі з іншых крыніц, параўноўваючы з напрацоўкамі іншых аўтараў, і ў выніку рабіў новыя, арыгінальныя навуковыя высновы.

Віктар Цемушаў вельмі ўважліва ставіўся да прац папярэднікаў. Без вывучэння гістарыяграфіі пытання ён ніколі не пачынаў яго разгляду. Сведчанне гэтага — тэкст  гэтай кнігі, у якой аўтар не толькі выказвае сваю думку, але і аналізуе, крытыкуе або пагаджаецца з высновамі, якія зрабілі папярэднікі. Як вынік, яго працы  пра фарміраванне межаў ВКЛ і ВКМ, пра барацьбу паміж дзвюма дзяржавамі  за памежныя тэрыторыі і населеныя пункты, пра асабістыя лёсы прадстаўнікоў многіх шляхецкіх родаў, звязаных з гэтымі тэрыторыямі, атрымалі шырокае  распаўсюджанне і станоўчую ацэнку не толькі ў беларускай, але таксама ў расійскай  і ўкраінскай гістарыяграфіі.

Асноўны перыяд, які ахопліваецца ў працах Віктара Цемушава — гэта XIV — першая палова XVI ст. У гэты час адбываўся працэс «размеркавання» ўсходнеславянскіх зямель паміж двума палітычнымі цэнтрамі — Вільняй і Масквой. На гэтых землях з канца XV ст. пачалася барацьба за пераразмеркаванне прыгранічных тэрыторый і ўладанняў.

Пачалося ж усё з даследавання Віктарам Цемушавым праблемы фарміравання тэрыторыі і межаў уласна Маскоўскай дзяржавы. У 2002 г. ён абараніў дысертацыю: «Тэрыторыя і межы Маскоўскага княства ў канцы XIII — першай палове  XIV ст.» [1]. Натуральна, што беларускі даследчык імкнуўся больш дэталёва разглядаць становішча на беларуска-маскоўскім памежжы, а крыніцы, якія ён выкарыстоўваў, толькі пашыралі маштабы даследавання. Гэта была ўжо не проста гістарычная геаграфія: аўтару прыйшлося разглядаць ход вырашэння многіх геапалітычных калізій, ваеннага супрацьстаяння, даследаваць вынікі дынастычнай барацьбы, дыпламатычных адносін, сацыяльна-эканамічнае становішча насельніцтва на памежных тэрыторыях, уплыў геаграфічнага фактару, знешняй вайсковай пагрозы і інш. Вырашаліся гэтыя праблемы паступова і знаходзілі сваё адлюстраванне ў цэлым шэрагу навуковых артыкулаў [2].

Выданню кнігі пра гісторыю «літоўска-маскоўскага памежжа XIV — першай паловы XVI ст.» папярэднічала іншая вельмі сур’ёзная праца Віктара Цемушава пра гісторыю Гомельскай зямлі ў XV — першай палове XVI ст.[3]. Адзначыўшы, што з усіх рэгіёнаў сучаснай Беларусі толькі Гомельская зямля ў першай трэці XVI ст. пабывала пад маскоўскай уладай, аўтар паслядоўна разгледзеў працэс фарміравання маскоўска-літоўскай граніцы ў XV — пачатку XVI ст., становішча Гомельскай воласці пад уладай Масквы ў 1535—1537 гг., гомельскае пытанне на міждзяржаўных перагаворах 1537 г. і становішча Гомельскага староства пасля яго вяртання ў ВКЛ.

Аўтар планаваў падрыхтаваць адпаведныя працы і па іншых адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінках беларуска-рускага, ці, як ён сам фармуляваў, «літоўска-маскоўскага» памежжа.

Новая праца, прысвечаная гісторыі складвання, паступовай дэлімітацыі мяжы паміж ВКЛ і ВКМ на працягу XІV — першай паловы XVI ст. аказалася наватарскай і ў навуковым, і ў публіцыстычным сэнсе. Нягледзячы на яе навуковасць і акадэмічнасць, яна чытаецца з захапленнем: аўтар, па-майстэрску цытуючы і аналізуючы гістарычныя дакументы, уводзіць чытача ў тагачаснае жыццё, ненавязліва прымушаючы яго стаць удзельнікам падзей, што апісваюцца ў кнізе. Віктар Цемушаў паступова выклаў гісторыю развіцця прыгранічных і памежных адносін паміж дзвюма дзяржавамі ад спарадычных кантактаў праз змаганне за спрэчныя памежныя тэрыторыі да міждзяржаўных войнаў. Зацікаўлены чытач прачытае тут і пра спаборніцтва Вільні і Масквы за Смаленск і Чарнігаў, і пра падтрымку ВКЛ Цвярскога княства ды паходы вялікага князя Альгерда на Маскву, і пра малавядомую гісторыю Фамінска-Беразуйскага, Вяземскага, Ржэўскага і некаторых іншых памежных княстваў. Аўтар разгледзеў «літоўска-маскоўскую» барацьбу за памежныя землі падчас войнаў канца XV — першай паловы XVI ст. і даказаў, што ў большасці выпадкаў ініцыятыва пачатку ваенных дзеянняў належала ўсходняму боку.

Прыведзеныя ў самім тэксце і ў якасці дадаткаў дакументы, якія маюць і «літоўскае», і «маскоўскае» паходжанне, значна ўмацоўваюць аўтарскія высновы і «прымушаюць» чытача пагаджацца з імі. Асобным раздзелам у працы прадстаўлена гісторыя Гомельскай зямлі ў «маскоўска-літоўскім супрацьстаянні». Праца аздоблена як некаторымі малавядомымі, так і новымі, выдатна складзенымі аўтарам картамі, а таксама выявамі рэшткаў межавых і абарончых збудаванняў «маскоўска-літоўскага памежжа».

У прапанаваных аўтарам уводзінах лагічна і даступна раскрыта гісторыя памежных адносін ВКЛ і ВКМ, паказаны ўплыў на міждзяржаўныя адносіны ўнутрана- і знешнепалітычных фактараў, а на фарміраванне мяжы ў тым ліку геаграфічнага і прыроднага фактараў, акрэслена навуковая тэрміналогія, што ўжываецца ў працы.

Такім чынам, упершыню ў гістарыяграфіі ў працы Віктара Цемушава «На ўсходняй мяжы Вялікага Княства Літоўскага» на аснове шырокай крыніцазнаўчай  базы, з выкарыстаннем значнай колькасці новых крыніц, з глыбокім навуковым  аналізам на падставе найноўшай навуковай метадалогіі разгледжана пытанне фарміравання мяжы паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Вялікім Княствам Маскоўскім у канцы XV — сярэдзіне XVI ст. Аўтар разгледзеў палітычныя, эканамічныя і ваенныя ўзаемадачыненні на памежных тэрыторыях як на  міждзяржаўным, так і на мясцовым, рэгіянальным узроўні, вызначыў механізмы пабудовы і дзеяння памежнай абарончай сістэмы ВКЛ, паказаў ролю ў гэтым працэсе князёў — прадстаўнікоў мясцовых дынастый.

Навуковую, а ў пэўным сэнсе і палітычную цікавасць выклікаюць высновы, зробленыя аўтарам. Галоўная сярод іх тая, што, нягледзячы на доўгі і складаны працэс складвання мяжы паміж Беларуссю і Маскоўскай дзяржавай, на шэраг памежных войнаў, іншых найперш палітычных падзей, «літоўска-маскоўская мяжа» «ўжо з пачатку XVI ст. Выяўляла дзяржаўныя межы сучаснай Рэспублікі Беларусь. Гэта сапраўды дзіўна, бо вядома, што межы Беларусі складваліся не ў адпаведнасці з натуральным тэрытарыяльным развіццём або арэалам рассялення беларускага этнасу, а паводле палітычных рашэнняў. Як бы там ні было, але да сённяшняга дня працягваюць сваё існаванне межы, закладзеныя яшчэ ў пачатку XVI, а можа і ў XV ст.».

Напрыканцы адзначым, што публікацыяй гэтай навуковай працы робіцца важны ўнёсак у гістарыяграфію гісторыі Беларусі XІV—XVI стст., у вывучэнне гісторыі адносін паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Вялікім Княствам Маскоўскім. Манаграфія Віктара Цемушава «На ўсходняй мяжы Вялікага Княства Літоўскага» стане добрым падмуркам для тых, хто пазней будзе займацца вывучэннем гісторыі нашай Бацькаўшчыны падчас знаходжання беларускіх земляў у складзе Вялікага Княства Літоўскага.


1. Темушев В.Н. Территория и границы Московского княжества в конце XIII — первой половине XIV в.: Автореф. дис. на соискание ученой степени канд. ист. наук: 07.00.03. Минск, 2002. 16 с.

2.  Згадаем толькі пра некаторыя з іх: Темушев В.Н. Начало складывания московско-литовской  границы. Борьба за Ржевскую землю // Российские и славянские исследования: Сборник научных статей / Отв. ред.: О. А. Яновский. Минск, 2004. Вып. 1. С. 71—80; Ён жа.  Река Угра — вековой страж московско-литовской границы // Новая локальная история. Ставрополь, 2004. Вып. 2: Новая локальная история: пограничные реки и культура берегов: Материалы второй Международной Интернет конференции. Ставрополь, 2004. С. 305—318; Ён жа.  Сведения о московско-литовском пограничье в посольских книгах времени Ивана III // Труды кафедры истории России с древнейших времен до ХХ в. / Отв. ред. А. Ю. Дворниченко. Т. 1: [Материалы  международной научной конференции «Иван III и проблемы российской государственности». СПб., 2006. С. 294—306; Ён жа. Периферийные княжества в системе обороны ВКЛ: на примере Вяземского княжества // Канструкцыя і дэканструкцыя Вялікага княства Літоўскага: Матэрыялы міжнароднай навуковай канферэнцыі /Пад рэд. Н. У. Сліж. Мінск, 2007. С. 95—102  (Серыя «Гістарычная бібліятэка «ВІТ»»); Ён жа.  Літоўска-маскоўская граніца ў другой палове XV — пачатку XVI ст. // Ягелоны: дынастыя, эпоха, спадчына: Матэрыялы Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыi / Адк. рэд.: А. А. Каваленя. Мінск, 2007. С. 325—340; Ён жа. Формирование территории Гомейской волости в составе Великого княжества Литовского (до конца XV в.) // Памяць стагоддзяў на карце Айчыны: Зборнік навуковых прац у гонар 70-годдзя Міхаіла Фёдаравіча Спірыдонава / Укладальнікі: Р. А. Аляхновіч, А. І. Груша, А. Б. Доўнар. Мінск, 2007. С. 16—73; Ён жа. К вопросу о московско-литовской границе в XV в.: (владения  князей Крошинских) //Ruthenica. Т. 6 Київ, 2007. С. 299—307; Ён жа. Литовско-тверская  граница: (проблемы интерпретации источников) // Российские и славянские исследования: научный сборник / Отв. ред.: А. П. Сальков, О. А. Яновский. Вып. 2. Минск, 2007. С. 135—142; Ён жа. Ржевский участок литовско-московской границы в конце XIV — начале XVI в. // Материалы  по археологии Беларуси. No 14: Памятники эпохи железа и средневековья Беларуси. К 60-летию О.Н. Левко. Минск, 2007. С. 241—250; Ён жа. Литовско-тверская граница (вторая половина XIV — начало XVI в.) // Вестник Тверского государственного университета. Сер.: История. 2007. Вып. 4. С. 87—97; Ён жа. К вопросу о московско-литовской границе в XV в.: (Волости Чагоща и Болонеск) // Матэрыялы па археалогіі Беларусі. Вып. 15: Археалогія эпохі сярэднявечча. Да 80-годдзя з дня нараджэння Г. В. Штыхава. Мінск, 2008. С. 186—193.

3. Темушев В.Н. Гомельская земля в конце XV — первой половине XVI в. Территориальные трансформации в пограничном регионе. М.: Квадрига, 2009. 192 с.