Вывучэнне дзейнасці савецкай цэнзуры ў Беларусі пачалося пасля спынення яе дзейнасці — у пачатку 1990-х гг. Але працаў, прысвечаных менавіта гісторыі савецкай цэнзуры ў БССР, у Беларусі дагэтуль няма.

Вывучэнне дзейнасці савецкай цэнзуры ў Беларусі пачалося, натуральна, пасля спынення яе дзейнасці — у пачатку 1990-х гг. Першыя працы, прысвечаныя гэтай тэме, мелі больш публіцыстычны характар. Пазней з’явіліся грунтоўныя работы, у якіх побач з пытаннямі ўсталявання і функцыянавання ў Беларусі савецкага таталітарнага рэжыму закранаюцца пытанні ўзнікнення і дзейнасці цэнзурнага апарату ў БССР. Але працаў, прысвечаных менавіта гісторыі савецкай цэнзуры ў БССР, у Беларусі дагэтуль няма.

Нельга сказаць, што ў Беларусі зусім не надавалася ўвагі гэтай тэме. У апошні час у беларускай навуковай перыёдыцы з’явілася некалькі артыкулаў. Асабліва звяртаюць на сябе ўвагу артыкулы В. Ракашэвіча і А. Сумко. Першы даў кароткі агляд гісторыі Галоўліта БССР як дзяржаўнай установы з 1923 да 1991 гг. з апісаннем асноўных аспектаў яго дзейнасці. Алена Сумко зрабіла агляд архіўных фондаў, якія могуць быць карыснымі даследчыкам гісторыі савецкай цэнзуры ў БССР.

Пад гісторыяй савецкай цэнзуры звычайна разумеюць гісторыю Галоўліта, і яе пачаткам прынята лічыць дату заснавання гэтай установы. Але нагадаем, што савецкая цэнзура была ўведзена ў Беларусі з моманту ўсталявання савецкай улады. Яшчэ 25 кастрычніка 1917 г. сваім загадам № 1 Мінскі Савет рабочых і сялянскіх дэпутатаў абвясціў: «Установлена революционная цензура над всеми выходящими в Минске и получаемыми здесь газетами для предупреждения распространения волнующих население слухов».

1917—1922 гг. — так званы «дагалоўлітаўскі» перыяд, калі яшчэ не існавала адзінага органа цэнзуры — застаюцца найбольш малавывучаным перыядам гісторыі савецкай цэнзуры ў Беларусі. Адсутнасць установаў, якія цэнтралізавана займаліся цэнзурнымі пытаннямі ў гэты час, ускладняюць працу іх даследчыка. У 1917—1922 гг. функцыі цэнзуры выконвалі, кожны ў сваёй сферы дзейнасці: ваенная цэнзура пры Рэўваенсавеце, Галоўпалітпрасвет, ЧК-ГПУ, Дзяржаўнае выдавецтва і іншыя ўстановы і органы. Цэнзура дзейнічала дэцэнтралізавана, што характарызуе тагачаснае становішча савецкай улады і яе ідэалогіі. З заканчэннем грамадзянскай вайны і пачаткам фармавання сталага дзяржаўнага апарату савецкіх рэспублік і структуры камуністычнай партыі ўзнікла патрэба ў цэнтралізацыі цэнзуры.

У стварэнні цэнтралізаваных органаў цэнзуры ўрад БССР кіраваўся досведам і прыкладам Расіі, дзе 6 чэрвеня 1922 г. «в целях объединения всех видов цензуры печатных произведений» пры Наркамаце асветы было створана Галоўнае кіраўніцтва ў справах літаратуры і выдавецтва — Галоўліт РСФСР. Дарма што афіцыйнае «Палажэнне аб Галоўным упраўленні ў справах літаратуры і выдавецтва» было зацверджана СНК БССР толькі 5 студзеня 1923 г., стварэнне Галоўліта БССР (Галоўлітбела) пачалося неўзабаве пасля стварэння Галоўліта РСФСР, паколькі першыя паседжанні калегіі Галоўлітбела адбыліся ў пачатку лістапада 1922 г. Першым старшынёй Галоўлітбела 21 кастрычніка 1922 г. прэзідыум Цэнтральнага Бюро (ЦБ) КП(б)Б прызначыў Радыёна Канстанцінавіча Шукевіча-Траццякова, які да гэтага працаваў у Галоўным упраўленні палітычна-асветнай работы (Галоўпалітпрасвеце).

«Палажэнне» аб Галоўлітбеле было скапіявана з расійскага, дарэчы, як і адпаведныя «Палажэнні» іншых савецкіх рэспублік — Украіны, Туркестана, Кіргізіі. Гэта сведчыла пра тое, што пытанні цэнзуры ва ўсіх савецкіх рэспубліках павінны былі вырашацца цэнтралізавана — на ўказанне ўраду РСФСР і ЦК ВКП(б). Цікава, што ў палажэнні аб Галоўлітбеле былі не вызначаны пытанні падпарадкавання гэтай установы — адзначалася толькі, што ён ствараецца пры Народным камісарыяце асветы (НКА), і старшыня яго прызначаецца калегіяй НКА. Хоць некаторыя даследчыкі і звяртаюць увагу на факт, што Галоўліт БССР (як і Галоўліты іншых рэспублік) уваходзіў у склад Наркамасветы і фармальна быў яе падначаленай установай, Галоўлітбел, фактычна, з самага пачатку ў сваёй цэнзурнай дзейнасці падпарадкоўваўся ЦБ, а затым ЦК КП(б)Б, а не НКА.

Напрыклад, у лютым 1923 г. калегія Галоўлітбела забараніла як «шавіністычную» школьную хрэстаматыю «Наша крыніца» Язэпа Лёсіка, якая ўжо была раней дазволена Наркамасветай БССР. Намеснік наркама асветы А. В. Баліцкі сваёй рэзалюцыяй па гэтай забароне зазначыў, што з прычыны недахопу навучальнай літаратуры ў школах хрэстаматыя Лёсіка часова можа быць дазволена для выкарыстання. Але Галоўлітбел на наступным паседжанні пацвердзіў сваю забарону (тым самым фактычна ігнаруючы рашэнне свайго кіраўніцтва!).

У пытаннях паўсядзённай працы Галоўлітбел звяртаўся не ў НКА, а наўпрост у аддзел прапаганды і агітацыі (АПА) ЦК КП(б)Б, а з 1925 г. — у аддзел друку ЦК КП(б)Б, які кантраляваў працу Галоўліта. Асабліва яскрава праявілася вяршэнства Галоўліта над НКА ў ідэалагічных пытаннях у выпадку з забаронай п’есы Янкі Купалы «Тутэйшыя» ў 1926 г. Гэтая п’еса была знята Галоўлітбелам са сцэны БДТ-1 адразу ж пасля першай пастаноўкі 16 лістапада 1926 г. без узгаднення з НКА, які запатрабаваў адмяніць забарону п’есы. Для вырашэння гэтай калізіі 19 лістапада 1926 г. адбылося пашыранае паседжанне калегіі аддзела друку ЦК КП(б)Б, на якім прадстаўнік НКА Шамардзіна заявіла, што Галоўлітбел ёсць камітэтам НКА і абавязаны яму падпарадкоўвацца. Аднак на калегіі аддзела друку было адзначана, што Наркамат асветы — установа выхаваўчая, у той час як Галоўліт — карная, орган дыктатуры, і што Галоўлітбел як орган ідэалагічнай барацьбы можа падпарадкоўвацца толькі ЦК КП(б)Б. 17 снежня 1926 г. бюро ЦК КП(б)Б сваёй пастановай прызнала, што «политическое руководство Главлитом непосредственно осуществляется отделом печати ЦК КПБ»  …

ЦАЛКАМ АРТЫКУЛ ВАСІЛЯ МАТОХА НАДРУКАВАНЫ Ў № 1-2 «ARCHE» ЗА 2009 ГОД.

Васіль Матох (нар. у 1981 у Менску) — гісторык-архівіст. У 2004 г. скончыў гістарычны факультэт БДУ, у 2005 г. скончыў поўны курс «Беларускага калегіюму», спэцыялізацыя «найноўшая гісторыя». Працуе ў Дзяржаўным архіве Менскай вобласьці вядучым навуковым супрацоўнікам. З 2007 г. навучаецца ў асьпірантуры Беларускага навукова-дасьледчага інстытуту дакумэнтазнаўства і архіўнай справы. Вывучае гісторыю Беларусі першай паловы XX ст. Аўтар больш як пяцідзесяці навуковых і публіцыстычных артыкулаў. Аўтарская назва артыкулу — «Дзейнасьць Галоўліту БССР у 1920-я гг.».